У стартапах не толькі хлопцы

Бізнес-інкубатар Парка высокіх тэхналогій сумесна з эканамічным факультэтам БДУ чарговы раз сабраў у сваіх сценах таленавітых юнакоў і дзяўчат. Гэты раз з нагоды правядзення І Усебеларускага маладзёжнага конкурсу стартапаў StartUp Heart.

За перамогу змагаліся распрацоўшчыкі 28 праектаў. Аўтарамі ідэй сталі маладыя людзі з Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, якія прадстаўлялі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і іншыя ўстановы адукацыі. Вынаходнікі-фіналісты на працягу месяца працавалі з ментарамі, наведвалі майстар-класы вядомых прадпрымальнікаў і спасцігалі асновы стварэння паспяховага стартапа, пошуку ідэй і фарміравання каманды.

StartUp Heart стаў канчатковай кропкай комплексу мерапрыемстваў, дзе ў стартап-сутычцы моладзь прэзентавала праекты з дэталёва распрацаванымі планамі іх рэалізацыі. Абарона ініцыятыў адбылася перад ментарамі з розных галін ІТ і эканомікі, якія ацэньвалі актуальнасць і эфектыўнасць стартапаў. Тут, як адзначылі вядучыя мерапрыемства, журы “не па-бацькоўску дакарала, а звяртала ўвагу на разнастайныя перавагі і недахопы кожнага праекта”.

Першая распрацоўка — “Агрэгатар стрымаў” (стрым — гэта прамая трансляцыя) — электронны дадатак, які дазваляе стварыць давер паміж вытворцам і пакупніком. На пляцоўцы будуць змяшчацца стрымы пэўных арганізацый, у якіх будзе адлюстраваны працэс стварэння прадукцыі. Гэта, на думку распрацоўшчыка, павысіць попыт спажыўца.

Пра праект University the delivery расказалі студэнты Дзяніс Пятровіч і Іван Штанюк. Хлопцы прапанавалі ініцыя­тыву, якую можна прымяніць у любой установе вышэйшай адукацыі, — дастаўку паслугі да дзвярэй аўдыторыі. Патрэба ў праекце, па словах аўтараў, выклікана тым, што на перапынку студэнту, як правіла, патрэбна нешта раздрука­ваць, выпіць кубак кавы і пад’есці, але праз чэргі ў капіравальных цэнтрах і буфетах гэта амаль немагчыма. Юнакі прапанавалі выра­шыць праблему праз мабільны дадатак і службу дастаўкі. Так, пры дапамозе дадатку кліент зможа выбраць набор патрэбных паслуг, аплаціць іх, пазначыць аўдыторыю і час, да якога патрэбна выканаць заказ, і на перапынку атрымаць яго ад кур’ера. А на час канікул, каб праект не прастойваў, алгарытм дастаўкі прапануецца пераносіць у горад.

UAVmon Івана Саечнікава і яго аднадумцаў вырашае пытанне хаатычнага руху беспілотнікаў у паветранай прасторы. Хлопец прэзентаваў ідэю сэрвісу ідэнтыфікацыі пошуку і су­праваджэння дронаў. На думку Івана, агульная пляцоўка для назірання і кіравання дронамі запатрабавана ўжо сёння.

Што такое аквапоніка і чым яна можа быць карыснай, па­тлумачыў Аляксандр Уласевіч. Студэнт прадставіў ­праект “Аквапоніка” — высокатэхналагічны сучасны спосаб вя­дзен­ня сельскай гаспадаркі. Гэты падыход спалучае ў сабе вырошчванне рыб і раслін без грунту. У аснову метаду па­кладзена выкарыстанне адходаў жыццядзейнасці рыб і крэветак у якасці пажыўнага асяроддзя для сельскагаспадарчых культур.

Сяргей Кулакоў пазнаёміў прысутных з робатам-гідам “Аватарам”, пра запатрабаванасць якога на пачатковым этапе яго развіцця сведчаць два заказы на распрацоўку. Дзейнасць “Аватара” заключаецца ў суправаджэнні замежных гасцей з пункта А ў пункт Б па пэўным культурным месцы горада ці краіны. Акрамя таго, да яго можна будзе падключыцца, каб віртуальна наведаць музей ці выставу (такі варыянт падыходзіць для тых, хто не можа знайсці час для паездкі, і людзей, якія не выходзяць з дому па стане здароўя). Юнак расказаў, што ў далейшым, пры распрацоўцы мімікі робата, яго можна будзе задзейнічаць у арганізацыі дзіцячых свят. 

Да гістарычных каранёў чалавека ў праекце “Радавод.бел” звярнуўся Уладзімір Бычкоў-Мікалаеўскі. Паводле слоў фіналіста, многім людзям няпроста шукаць, класіфікаваць, афармляць і захоўваць інфармацыю пра сваякоў з розных пакаленняў. Гарады, імёны, даты, падзеі — тое, што нерэальна запомніць. Таму сайт з адпаведнай назвай, які ўключае функцыі cтварэння радавых дрэў, запаўнення і вядзення календароў падзей, адсочвання месцаў пражывання ці пахавання, — найлепшае вырашэнне праблемы.

Сярод праектаў вылучылася таксама распрацоўка, ­звязаная з прафарыентацыяй у віртуальнай рэальнасці “Праф VR”. Яна ўяўляе сабой віртуальнае мадэляванне прафесійнага асяроддзя, дзе кожны жадаючы можа прыме­раць на сябе ролі спецыялістаў розных сфер. Сваю ідэю на суд журы прадставіў магістрант Дзмітрый Дубінін.

Студэнткі БДУКМ Ганна Мірашнічэнка, Настасся Салаўёва і Юлія Пырх ламаюць стэрэатыпы пра тое, што стартапы — справа хлапечая. Дзяўчаты расказалі пра ідэю шоу-рума па пашыве адзення без адходаў Zerrowaste. Так што ў стартапах не толькі моцная палова студэнцтва. Ідэя, па словах дзяўчат, нарадзілася ў іх праз заклапочанасць экалагічнай сітуацыяй у свеце і ў Беларусі ў прыватнасці.

— Падобныя праекты з часам пачынаюць ажыццяўляцца ўсё больш: актывізуюцца блогі, узнімаюцца праблемы, праводзяцца акцыі. Назіраючы за гэтым у сацыяльных сетках, удзельнічаючы ў экалагічных праектах універсітэта, ты не можаш не дзейнічаць, — дзеляцца студэнткі. — Мы зразумелі, што зацікаўлены ў гэтым не толькі мы, але і дарослыя. Тут жа прыйшло ўсведамленне, што пры вытворчасці адзення застаецца шмат непатрэбнай тканіны. У сувязі з тым, што ў большасці вядомых модных дамоў існуе трэнд на хуткую моду (калекцыі абнаўляюцца раз у два тыдні), рэчы, якія не даходзяць да пакупніка, становяцца нікому не патрэбнымі. Такая ж сітуацыя з вырабам тканін.

Дзяўчаты прапануюць стварэнне мінімальнай колькасці экзэмпляраў пэўнага касцюма: некалькіх узораў для рэкламы. Ідэя ў тым, каб астатнія экзэмпляры шыць пад патрэбы канкрэтнага чалавека з мінімальнымі рэшткамі тканіны, якая ў выніку стане экалагічнай упакоўкай. Перавагамі ідэі з’яўляецца выкарыстанне натуральных тканін беларускіх вытворцаў, супрацоўніцтва з вядомымі экалагічнымі брэндамі і рэцыркуляцыя матэрыялу.

Дзяўчаты смяюцца, што раней многія з іх асяроддзя не ўнікалі ў глабальныя праблемы экалогіі, а зараз усе перайшлі на палатняныя торбачкі для пакупак.

Па выніках стартапа пераможцам стаў праект ­ABSTERGO, падрыхтаваны на базе інавацыйнай студыі “Матрыца”, створанай у 2017 годзе. Праект арыентаваны на работу з аўтыс­тамі ў віртуальным асяроддзі і мае на ўвазе стварэнне апаратна-праграмнага комплексу для ранняй дыягностыкі і псіхапраекцыі хворых на аўтызм і расстройства сенсорнай інтэграцыі. Такі комплекс дапаможа людзям з падобнымі праблемамі камфортна ўзаемадзейнічаць з навакольнымі і, дзякуючы гэтаму, тармазіць развіццё хваробы.

З агульнай масы прадстаўленых стартапаў журы вылучыла праекты University the delivery, шоу-рум Zerrowaste, “Аватар”, “Абілімпікс” (ініцыятыва па стварэнні ўстойлівай шматузроўневай сістэмы спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве з рэалізацыяй інавацыйных праграм інклюзіўнай прафадукацыі), “Шчаслівая сям’я” (экасістэма лічбавых сэрвісаў, якія дапамагаюць эканоміць грошы і час, выбіраць простыя рэцэпты і г.д.) і Parsers (сэрвіс вымання структураваных даных з сайтаў і іх візуалізацыя без праграмавання).

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.