“У страха глаза велики”

Кожнаму чалавеку, незалежна ад характару і тэмпераменту, уласціва перажываць розныя эмоцыі, і страх у тым ліку. Нягледзячы на тое, што часта аб’ектыўнай прычыны для боязі няма, сам страх рэальны і фізічна адчувальны. Калі ж сітуацыі страху справакаваны відавочнай пагрозай, ён можа перайсці ў трывогу ці нават у панічную атаку.

У апошні час у сувязі з пандэміяй каранавіруса колькасць зваротаў да псіхолагаў з-за страху зах­варэць на COVID-19 павялічылася ў тры разы! Людзі баяцца не проста віруса, а адно аднаго. Ім страшна ездзіць у грамадскім транспарце, трымаць у руках грошы і нават размаўляць з тымі, хто на вуліцы звяртаецца па дапамогу. Ці апраўданы гэты страх і наколькі трэба быць асцярожным? Ці не прывядзе такая самаабарона да істэрычнасці, якую пасля трэба будзе лячыць медыкаментозна, і псіхалагічнага самазнішчэння?

Як працаваць з тымі, хто не можа кантраляваць свае эмоцыі? Ці можна самастойна перамагчы трывогу? Як перажыць пандэмію, а таксама самаізаляцыю з найменшымі для псіхікі наступствамі?

Пра гэта і іншае мы пагаварылі з крызісным псіхолагам, псіхолагам з вопытам работы з жанчынамі і дзецьмі, якія пакутуюць ад насілля, вядучай вучэбнага курса для псіхолагаў “Крызісная псіхатэрапія, заснаваная на перажыванні вопыту”, аўтарам методык па рабоце з крызіснымі станамі асобы “Вобразна-асацыятыўныя пазлы” і “Асколкі траўмы”, кіраўніком цэнтра крызіснай псіхалогіі “Проста жыць!” Наталляй Мікалаеўнай ДЗЯНІСЬЕВАЙ.

— Наталля Мікалаеўна, у чым розніца паміж страхам і трывогай, непакоем і панікай? Калі трывога перастае быць варыянтам нормы? Як адчуць тую мяжу, калі пара звяртацца да спецыяліста?

— Трывога — гэта эмацыянальны стан, які ўзнікае тады, калі канкрэтнай прычыны для гэтага няма. Трывога не мае аб’екта. Людзі мо­гуць гаварыць, што знаходзяцца ў трывожным стане, але растлумачыць чаму, што да гэтага падштурхнула, не мо­гуць. У адрозненне ад трывогі, страх заўсёды мае аб’ект. Калі чалавек гаворыць, што баіцца, напрыклад, пацукоў ці вышыні, у гэтым ёсць канкрэтны аб’ект. У трывожным стане такога няма, таму ён перажываецца цяжка, а значыць, мы не ведаем, як з ім пачаць працаваць. Прырода ўзнікнення страху невядомая.

Паніка — гэта трывога, даведзеная да піка. Прычым даведзеная да піка не толькі з эмацыянальнага пункту погляду, але і з фізіялагічнага: чалавек знаходзіцца ў пераўзбуджаным стане, цэнтральная нервовая сістэма працуе на ўсе 100%, як быццам у гэты момант існуе пэўная небяспека. Трывога ўзнікае як адказ на рэальную ці ўяўную небяспеку, але што іменна хавае ў сабе небяспеку? Гэтага асоба не разумее.

Што тычыцца моманту, калі трывога перастае быць варыянтам нормы, то тут усё лёгка зразумець. Мы можам непакоіцца, калі сутыкаемся з нечым новым, калі павінны прайсці праз дагэтуль невядомы вопыт. Неабавязкова гэта будзе нешта вельмі страшнае. Любы новы вопыт мозгам успрымаецца як трывога, таму што невядома, як на гэта рэагаваць.

Прывяду цікавы прыклад. У ЗША асобам без вызначанага месца жыхарства выдавалі пэўную суму грошай, гэтых людзей засялялі ў кватэры, каб сацыялізаваць іх. Але яны адчувалі моцны стрэс, пужаліся таго, што адбываецца, і збягалі назад на вуліцу. У выніку з 95 асоб толькі 1 чалавек застаўся жыць у новых умовах. Справа ў тым, што вопыту жыцця ў нармальных умовах у гэтых людзей даўно не было, яны выраслі на вуліцы.

Так і ў сітуацыі са страхам. Да спецыяліста трэба звяртацца, калі ўзровень трывогі не спадае, калі нічога такога, што б прымусіла трывожыцца, не адбываецца, а чалавеку ўсё роўна неспакойна.

— Ці можам гаварыць пра тое, што ўмераны страх — гэта адно з найважнейшых пачуццяў, накіраваных на самазахаванне?

— Гэта насамрэч так. Чалавецтва ўжо даўно вымерла б, каб не наш страх. Таму што страх — гэта тое, што нам часта дыктуе інстынкт самазахавання. Адсутнасць страху з’яўляецца сур’ёзнай паталогіяй. Нават ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць гэта.

Ёсць сітуацыі, калі стан трывогі апраўданы, напрыклад, калі наперадзе экзамены. На гэтым этапе трывога дапамагае мабілізаваць сілы арганізма і рухацца наперад. Калі трывога ўплывае на якасць жыцця чалавека, ён перастае выходзіць з дому, пазбягае пэўных паводзін (паездкі ў метро, таксі і г.д.), значыць, трэба звяртацца да спецыяліста. Трывога і панічныя атакі вельмі добра паддаюцца карэкцыі і іх можна вылечыць за адносна кароткі тэрмін.

— Эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце спрыяе таму, што ўсе і ўсюды гаво­раць пра каранавірус. Як успры­маць інфармацыю адэкватна? Ці магчыма не паддавацца паніцы і стаднаму інстынкту, бачачы, як людзі раскупляюць у аптэках сродкі асабістай аховы, прадукты? Ці можа на гэтым фоне ў асабліва недаверлівых развіцца панічная атака?

— Адназначна, на фоне сённяшняй сітуацыі можа развіцца панічная атака. У нас у цэнтры за апошнія тры тыдні ў тры разы павялічылася колькасць зваротаў, звязаных з перажываннямі за сваё здароўе, здароўе блізкіх. У сувязі з гэтым мы правялі бясплатны вэбінар, падчас якога расказалі, як трэба сябе паводзіць падчас пандэміі, каб захаваць фізічнае і псіхалагічнае здароўе.

У псіхалогіі існуе такое паняцце, як “сацыяльнае заражэнне”. Гэта калі людзі заражаюцца адно ад аднаго негатыўнымі эмоцыямі, у тым ліку панікай і страхам, а прыводзяць да гэтага эмацыянальныя ўсплёскі. Безумоўна, у аснове прыроды гэтай з’явы — стадныя інстынкты.

— Якія людзі часцей за ўсё падвержаны паніцы? Ці абавязкова гэта меланхолікі? І ці можа на з’яўленне панікі паўплываць траўматызацыя з мінулага, нават калі сёння чалавеку нічога не пагражае?

— Тып тэмпераменту тут ні пры чым, ад яго нічога не залежыць. Паніцы падвержаны тыя, хто меў вопыт траўматычных перажыванняў па прычыне наяўнасці нейкай небяспекі. Напрыклад, былі сітуацыі, якія вымушалі перажываць за тое, што мог загінуць сам чалавек ці яго блізкія.

Я вельмі многа працавала з ваеннымі, якія раней былі вымушаны працаваць у гарачых кропках. Гэтыя людзі доўгі час знаходзіліся ў напружанні, таму што гэтага патрабавала сітуацыя. Пасля таго, як ваенныя вярнуліся са службы, усё, здавалася б, павінна нармалізавацца.

Але самая нязначная правакацыя — узрыў петарды гэта ці яшчэ нейкі гук, падобны да выбуху, — і чалавек адчувае сябе ў небяспецы, у яго развіваецца страх і панічная атака. Відавочна, што адразу спрацоўвае ўстаноўка, што чалавек падвяргаецца небяспецы, у яго адбываюцца іншыя копінг-стратэгіі — стратэгіі саўладання са стрэсам. Падчас іх чалавек пачынае яшчэ больш сябе накручваць, гаварыць аб тым, што не перажыве той сітуацыі, якая адбываецца, хаваецца ад сваіх страхаў. У выніку ён шукае выйсце: бяжыць у магазін, пачынае скупляць прадукты, таму што трэба неяк выжыць. Ён ні з кім не кантактуе, замыкаецца ў сабе. А трывога тым часам толькі нарастае. Чалавек пайшоў у ізаляцыю, перастаў падтрымліваць зносіны з тымі, з кім раней кантактаваў. У гэты час у свядомасці ўсплываюць старыя траўматычныя карцінкі. Яны мо­гуць бачыцца падчас сну ў начных жахах, могуць з’яўляцца ў выглядзе ўспамінаў з мінулага. Ізаляцыя спрыяе з’яўленню ў галаве думак аб тым, што чалавека ўсе пакінулі. Як вынік, у адказ на гэта мо­гуць узнікаць пратэстныя рэакцыі. Гэта можна заўва­жыць у падлеткаў і пажылых лю­дзей, калі ім кажуць, што трэба застацца дома, але яны сцвяр­джаюць адно: я пайду і нічога са мной не будзе. Тут можа спрацаваць праграма, накіраваная на самазнішчэнне. У асобы, якая падвяргалася гвалту, калі гэтая сітуацыя не была вырашанай, спрацоўвае механізм, накіраваны на самазнішчэнне. У такі момант важна звярнуцца па псіхалагічную дапамогу.

— Асаблівага падыходу ў любой сітуацыі патра­буюць падлеткі, якія заўсёды адчуваюць сябе героямі і жы­вуць думкамі, што з імі нічога не здарыцца. Якімі павінны быць паводзіны бацькоў, каб не нашкодзіць, а дапамагчы дзіцяці і абараніць яго?

— У моманты, калі хочацца дапамагчы, бацькі могуць сутыкацца з агрэсіўнымі паводзінамі дзяцей. Чым больш пачынаеце патрабаваць ад падлетка, тым больш моцнай становіцца агрэсіўная ўспышка. Як вынік, трывожыцца пачы­наюць ужо бацькі: яны думаюць, што гэта не падлетак вінаваты, а што яны самі дрэнныя мама і тата, бо не могуць справіцца са сваім дзіцем, таму яно і не слухаецца. Бацькі трывогай разганяюць сябе: з ім што-небудзь здарыцца, а можа, ён загіне? У такім эмацыянальным стане вы дакладна не дапаможаце ні дзіцяці, ні сабе. Варта ўмець супакоіць саміх сябе і пагаварыць з дзецьмі. Калі не атрымліваецца канструктыўнага дыялогу, варта звярнуцца да псіхолага.

— Наталля Мікалаеўна, але ці магчыма самастойна стабілізаваць свой эмацыянальны стан і не загнаць сябе ў вугал, у псіхалагічную пастку?

— Безумоўна, усё магчыма. Вельмі важна ўмець слухаць сябе. Вельмі важна разабрацца, што ў сітуацыі, у якой вы чагосьці баіцеся, выступіла ў ролі трыгера — пускавога механізма. Трэба зразумець рацыянальную частку: што стала тым пускам, які прымусіў адчуваць страх? Вы павінны валодаць тэхнікамі самазаспакаення, каб сябе стабілізаваць.

Гармоны стрэсу, якія вы­дзяляюцца падчас адпаведнай сітуацыі, паніжаюць імунітэт. Мы ведаем, якімі могуць быць псіхалагічныя наступствы ад трывогі і панікі. Відавочна, што трэба навучыцца кантраля­ваць сваю трывогу. Кожны можа кантраляваць інтэнсіўнасць трывогі і пачуццяў, не даводзіць сітуацыю да панікі. Калі ў чалавека з’яўляецца паніка, яму здаецца, што кантраля­ваць яе ўжо немагчыма. Насам­рэч мы можам кантраляваць шмат чаго. У той час, калі розум не можа падказаць і прызнаць тое, што вы знаходзіцеся ў паніцы, цела здольна дапамагчы ў гэтым. Ваша задача звярнуць увагу на сігналы, якія падае арганізм. Напрыклад, у вас могуць спацець далоні, вы можаце па­чаць задыхацца, не бу­дзе хапаць паветра, пачне развівацца тахікардыя. Пры гэтым вы можаце сябе накручваць і разганяць трывогу да вялізных маштабаў шматлікімі думкамі.

Калі вы прымаеце рашэнне знізіць інтэнсіўнасць трывогі, трэба прымусіць сябе падумаць аб тым, што прымушае трывожыцца і знаходзіцца ў паніцы, якія думкі ства­раюць сітуацыі трывогі, страху і панікі.

Ёсць тры важныя правілы для эмацыянальнай стабілізацыі. Першае: мае эмоцыі — гэта вынік маіх думак. Калі пачынаем думаць, якая вакол пануе паніка, як страшна ха­дзіць па вуліцы і страшна заразіцца, трэба адразу ж звярнуцца да сябе і падумаць, што можаце зрабіць, каб засцерагчы сябе.

Другое правіла: мае думкі не ёсць факты. Не заўсёды тое, што мы думаем, гэта рэальнасць.

І трэці пастулат: нашы здагадкі могуць быць шкоднымі. Не трэба нешта выдум­ляць і разганяць думкі ў галаве кшталту: а калі…, то… Усё гэта тыя ўстаноўкі, побач з якімі ходзіць трывога.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.