У структуры падрыхтоўкі кадраў з’явяцца новыя спецыяльнасці

Для тых абітурыентаў, хто спыніў свой выбар на ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, будзе актуальным інтэрв’ю з кансультантам упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццянай Аляксандраўнай КАРАТКЕВІЧ.

— Таццяна Аляксандраўна, калі стартуе сёлетняя ўступная кампанія ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Колькі чалавек плануецца прыняць?

— Уступная кампанія гэтага года на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі стартуе з 20 ліпеня. Прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80.

Ажыццяўляць прыём бу­дуць 110 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледжаў, з іх 9 прыватнай формы ўласнасці, і 83 установы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Усяго запланавана пры­няць 39,97 тысячы чалавек, што на 1,2 працэнта менш, чым план прыёму 2019 года (40,44 тысячы чалавек), у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 25,57 тысячы чалавек, што на 0,7 працэнта перавышае план прыёму 2019 года (25,4 тысячы чалавек). Кантрольныя лічбы прыёму павялічаны ў дзённай форме атрымання адукацыi за кошт медыцынскіх і тэхнічных спецыяльнасцей.

— Наколькі ўдасканалена структура падрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з улікам патрэбнасці рынку працы?

— Прыём у 2020 годзе будзе ажыццяўляцца па 162 спецыяльнасцях, у тым ліку па 4 новых для гэтага ўзроўню адукацыі. Сярод іх — “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання” (у філіяле “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі), “Арганізацыя тэхнічнага сэрвісу транспартных сродкаў” (у філіяле “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі), “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі” (у філіяле “Мала­дзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж” Рэспуб­ліканскага інстытута прафесійнай адукацыі), “Арганізацыя гасцінічных паслуг” (у філіяле “Індустрыяльна-педагагічны каледж” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, у Навапольскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы).

— Формы атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі застануцца ранейшымі?

— Так, формы атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі застаюцца нязменнымі. Сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (дзённай) форме можна атрымаць на аснове агульнай базавай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, а ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме атрымання адукацыі — на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесiйна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй.

Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай базавай адукацыі, на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты (творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці спорту), паступаюць па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць два абавязковыя ўступныя іспыты па вучэбных прадметах у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання. Пры паступленнi на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту абітурыенты здаюць уступныя іспыты па мове (беларускай ці рускай) у форме цэнтралізаванага тэсціравання і ўступныя іспыты па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без прад’яўлення сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання), а на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і выніку ўступнага іспыту па спецыяльнасці.

Абітурыенты, якія паступа­юць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй у скарочаны тэрмін, здаюць толькі ўступны іспыт па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Звяртаем увагу абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй, што калі залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, то ў дакуменце аб адукацыі адзнака па вучэбным прадмеце агульнаадукацыйнага цыкла, які адпавядае профільнаму іспыту, павінна быць не ніжэй за 4 (чатыры) балы.

Пералік груп спецыяльнасцей (спецыяльнасцей, напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў, якія неабходна здаваць у форме цэнтралізаванага тэсціравання, устаноўлены пастановай Міністэрства адукацыі ад 29 чэрвеня 2015 г. № 71 “Аб уступных іспытах для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Якія ўмовы для паступлення прадастаўляюцца для абітурыентаў з асаблівасцямі ў развіцці?

— Да ведама абітурыентаў з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату, якія плануюць паступленне на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, у выпадку прадастаўлення імі ў прыёмную камісію ўстановы адукацыі заключэння дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі або даведкі аб засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці) яны могуць здаваць уступныя іспыты ва ўстанове адукацыі (без прад’яўлення сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання). Форма правядзення ўступных іспытаў вызначаецца прыёмнай камісіяй з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця абітурыента.

— Як будзе ажыццёўлена інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў?

— Прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі будуць інфарма­ваць абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў на інтэрнэт-рэсурсе, папяровым носьбіце, а пры наяўнасці неабходных рэсурсаў і на электронным тэрмінале.

Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны дзень не радзей за ­адзін раз на 3 (тры) гадзіны работы прыёмнай камісіі (12.00, 15.00, 18.00). У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў спыняецца ў 15.00.

Падрабязную інфармацыю пра магчымасці атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна атрымаць са “Зборніка для тых, хто паступае ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у 2020 годзе”, які размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі http://edu.gov.by/ (Галоўная старонка → Абітурыенту 2020. Уступная кампанія. → Тым, хто паступае ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі). На сайце галіновага міністэрства таксама размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі.

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў Міністэрстве адукацыі ў перыяд уступнай кампаніі будзе арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон — 8 (017) 222-43-12).

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.