У стварэнні пазітыўнага іміджу

12 снежня прайшло сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў адукацыі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у якім прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.Я.Кухараў, міністр адукацыі І.В.Карпенка, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі А.А.Церахаў, кіраўнікі галін адукацыі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіянальнага ўзроўню, прадстаўнікі аблвыканкамаў, упраўленняў па адукацыі, кіраўнікі навучальных устаноў і арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Перад пленарным пасяджэннем адбылася экскурсія ўдзельнікаў пасяджэння калегій па ўстановах адукацыі, дзе адбываецца падрыхтоўка кадраў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашай краіны. Госці наведалі Дзяржаўны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “Жылкам”, хіміка-тэхналагічную лабараторыю ачышчальнай водаправоднай станцыі “Мінскводаканал”, філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Індустрыяльна-педагагічны каледж”.

Пленарнае пасяджэнне пачаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі А.А.Церахаў.

— Мы разглядаем сёння пытанне ўдасканалення работы кадравага забеспячэння жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сучасным этапе і на перспектыву, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. — Гэтаму пытанню ў нашай краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага, паколькі сфера ЖКГ, як ні адна іншая, тычыцца кожнага з нас. Мы ўсе з’яўляемся спажыўцамі жыллёва-камунальных паслуг, і ад таго, наколькі якасна і своечасова яны будуць прадастаўлены, будзе залежаць узровень нашай жыццядзейнасці і ўвогуле наш настрой.

Міністр адзначыў, што аб’яднанае пасяджэнне дзвюх калегій пацвярджае значнасць кадравага забеспячэння галіны ЖКГ, якое немагчыма вырашыць без адукацыйнай галіны нашай краіны.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка падтрымаў кіраўніка галіновага міністэрства і пацвердзіў, што толькі ў цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў можна сфарміраваць кадравы патэнцыял кожнай галіны, таму трэба ўзаемадзейнічаць на кожным этапе навучання, улічваючы актуальнасць практыканакіраванасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Міністр адукацыі адзначыў, што сістэма адукацыі штогод выпускае каля 1,5 тысячы спецыялістаў з вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй для арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. Па праграмах дадатковай адукацыі дарослых штогод навучаецца каля 260 чаловек. Для павышэння якасці падрыхтоўкі і магчымасці вывучэння новых тэхналогій на базе ўстаноў адукацыі Кобрына, Гродна, Мінска функцыянуюць 3 рэсурсныя цэнтры для арганізацыі вытворчага навучання і практыкі навучэнцаў па абслугоўванні санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання.

Аб асноўных кірунках кадравай палітыкі ў сістэме ЖКГ паведаміў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Г.А.Трубіла. Ён адзначыў праблемы недаўкамплектавання галіны кваліфікаванымі кадрамі, існуючую цякучасць работнікаў сферы, адсутнасць прафесійнага росту рабочых кадраў і спецыялістаў. Слаба забяспечваецца практычнае навучанне на базе прадпрыемстваў і арганізацый ЖКГ, прысутнічае безуважнасць да прафесійнай падрыхтоўкі саміх заказчыкаў кадраў, няўзгодненасць дзеянняў паміж адпаведнымі структурамі.

Як адзначыў Генадзь Аляксеевіч, у падрыхтоўцы кадраў для сістэмы ЖКГ задзейнічаны не толькі тры ўзроўні асноўнай адукацыі — прафесійна-тэхнічны, сярэдні спецыяльны, вышэйшы, але і дадатковая адукацыя дарослых. Немалая роля ў адукацыйным працэсе адведзена вучэбным цэнтрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія аператыўна рэагуюць на запыты галіны. Павышэнне кваліфікацыі персаналу ЖКГ з’яўляецца найважнейшым інструментам для павышэння прафесійнага ўзроўню работнікаў. У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праходзяць павышэнне кваліфікацыі прадстаўнікі кіруючага складу ўсіх узроўняў ЖКГ. Работнікі галіны пастаянна праходзяць атэстацыю.

Нядаўна была прынята Канцэпцыя ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года, скіраваная ў тым ліку на стварэнне пазітыўнага іміджу і прэстыжнасці работы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Пазітыўны імідж павінны ствараць падрыхтаваныя кадры, прафесійныя навыкі і веды якіх забяспечваюць якаснае і своечасовае прадастаўленне спажыўцам цэлага комплексу жыллёва-камунальных паслуг, — адзначыў Г.А.Трубіла. — Нам трэба фарміраваць пазітыўны імідж нашай галіны, і ў гэтым першараднай задачай з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.

У кожным рэгіёне краіны функцыянуюць установы прафесійнай адукацыі, якія рыхтуюць рабочыя кадры для сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У сферы вышэйшай адукацыі падрыхтоўкай такіх спецыялістаў займаюцца каля 10 універсітэтаў.

Аб дзейнасці БНТУ ў сферы падрыхтоўкі кадраў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі паведаміў рэктар універсітэта С.В.Харытончык. Ён адзначыў, што ў падрыхтоўцы кадраў установа цесна ўзаемадзейнічае з шэрагам арганізацый ЖКГ. У мэтах узмацнення практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі спецыялістаў універсітэт стварае ў арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі філіялы кафедраў. Так, у прыватнасці, вельмі эфектыўна працуюць філіялы кафедраў БНТУ “Водазабеспячэнне і водаадвядзенне” ва УП “Мінскводаканал” і “Будаўнічыя і дарожныя машыны” ў ААТ “Белліфт”. У апошнім з іх праводзяцца лекцыйныя і лабараторныя заняткі, у прыватнасці, па дысцыплінах “Электрапрывод і электрааўтаматыка ліфтавых прылад”, “Ліфты і пад’ёмнікі”. Акрамя таго, ААТ “Белліфт” з’яўляецца базай вытворчых практык (эксплуатацыйнай, канструктарска-тэхналагічнай, пераддыпломнай). Рэктар адзначыў, што УП “Мінскводаканал” аказвае істотную дапамогу ў развіцці матэрыяльнай базы кафедры “Водазабеспячэнне і водаадвядзенне”, прадаставіўшы камп’ютарную тэхніку, праектары, аказваючы дапамогу ў рамонце памяшканняў.
На думку рэктара, істотна актывізуе і павысіць якасць падрыхтоўкі кадраў стварэнне на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі галіновых лабараторый, якія забяспечаць актуальную тэматыку работ па заказах рэальнага сектара эканомікі, паспрыяюць нараджэнню новых матэрыялаў і тэхналогій, дазволяць больш шырока далучыць студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў да актуальных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак. Акрамя таго, са стварэннем такіх лабараторый павышаецца магчымасць арганізацыі новых экспартна-арыентаваных інавацыйных вытворчасцей.

Рэктар БНТУ абазначыў асноўныя праблемныя пытанні, якія існуюць сёння ў сістэме падрыхтоўкі кадраў для сферы ЖКГ. Сяргей Васільевіч засяродзіў увагу на патрэбнасці ў прагнозе працоўных рэсурсаў.

— Неабходны заказ на кадры з боку сферы ЖКГ на найбліжэйшы набор і больш працяглую перспектыву, — адзначыў рэктар БНТУ. — Сама па сабе навучальная ўстанова не можа сфарміраваць план прыёму, пакуль у гэта не ўключыцца заказчык кадраў. Разам з патрэбай у спецыялістах з вышэйшай адукацыяй Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі мэтазгодна сфарміраваць таксама і патрэбу галіны ў кадрах вышэйшай кваліфікацыі.

Рэктар адзначыў, што трэба больш актыўна далучаць прадстаўнікоў галіны да адукацыйнага працэсу, у тым ліку да работы ў дзяржаўных экзаменацыйных камісіях, да вызначэння тэматык курсавых і дыпломных праектаў, арганізацыі і правядзення практык. Было б мэтазгодным далучыць прадстаўнікоў ЖКГ да вучэбна-метадычнага і навуковага суправаджэння вучэбнага працэсу, сумесна вырашаць актуальныя навукаёмістыя задачы сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З гэтай мэтай, па меркаванні рэктара ўніверсітэта, неабходна стварыць праграму навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічную праграму, накіраваныя на вырашэнне актуальных задач галіны. Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт гатовы выступіць галоўнай арганізацыяй па гэтых напрамках, паколькі асноўны склад кадраў вышэйшай кваліфікацыі сканцэнтраваны ў БНТУ.

Вельмі важным з’яўляецца пытанне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў для галіны ЖКГ. Як ужо адзначалася, з гэтай мэтай у падпарадкаванні Міністэрства ЖКГ знаходзіцца Дзяржаўны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “Жылкам”.

Павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў для ЖКГ ажыццяўляюць таксама рэгіянальныя ўстановы адукацыі. Міністэрства адукацыі разам з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі забяспечылі распрацоўку і зацвярджэнне вучэбна-праграмнай дакументацыі для гэтага кірунку. У сваю чаргу ўстановы вышэйшай адукацыі гатовы праз свае інстытуты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аказваць адпаведную дапамогу жыллёва-камунальнай галіне па тых напрамках, якія для яе актуальны, і пры наяўнасці адпаведных выкладчыцкіх кадраў і вучэбнай базы.

Аналіз стану спраў у падрыхтоўцы кадраў для ЖКГ пацвярджае неабходнасць падрыхтоўкі задачніка ад ЖКГ. Калі гэты задачнік будзе змяшчаць звесткі аб арганізацыі-спажыўцу, крыніцы фінансавання і шэраг іншай інфармацыі, то гэта дасць магчымасць больш актыўна вырашаць пастаўленыя задачы, — адзначыў рэктар БНТУ.

Падводзячы вынікі размовы на сумесным пасяджэнні дзвюх калегій, віцэ-прэм’ер краіны У.Я.Кухараў адзначыў, што пытанне падрыхтоўкі кадраў для сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі вельмі злабадзённае.

— Жыллёва-камунальная гаспадарка — гэта тая галіна, якая тычыцца кожнага з нас, — адзначыў віцэ-прэм’ер. — І ёй трэба адпавядаць і па запытах, і па патрэбнасцях нашага грамадства. Таму наша задача — забяспечыць нашых грамадзян высакаякаснымі паслугамі, а без адпаведнай падрыхтоўкі кадраў у гэтым не абысціся.
Аналіз паказвае, што сёння ў сістэме ЖКГ не выбудавана стройная сістэма па падрыхтоўцы кадраў, па іх перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі, а таксама па навуковым суправаджэнні, заявіў віцэ-прэм’ер.

— У нас павінна быць выпрацавана такая сістэма падрыхтоўкі кадраў, каб кожнае звяно яе працавала, як дакладны механізм, — падкрэсліў Уладзімір Яўгенавіч. — На кожным узроўні адукацыі, пачынаючы ад прафесійна-тэхнічнага і заканчваючы вышэйшым, трэба рыхтаваць кадры толькі з улікам патрэб заказчыкаў кадраў, як у якасным, так і ў колькасным складзе. Акрамя таго, некаторыя спецыяльнасці трэба зрабіць інтэграванымі, каб адзін спецыяліст мог валодаць не адным прафесійным кірункам дзейнасці, а шэрагам, напрыклад, пры абслугоўванні жыллёвага фонду.

Ёсць праблемы сёння ў падрыхтоўцы кадраў сярэдняга звяна, асабліва для кіраўніцкага складу. Перш-наперш, трэба сфарміраваць патрабаванні да такіх спецыялістаў, а потым вызначыцца, дзе і як іх рыхтаваць, адзначыў Уладзімір Яўгенавіч.

— Кіраўнікоў сярэдняга звяна не хапае ў галіне, таму трэба тэрмінова вырашаць гэтую задачу, — зазначыў У.Я.Кухараў. — У гэтым трэба выкарыстоўваць установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі адукацыйнай галіны, а таксама ўстановы ЖКГ, якія займаюцца павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Уладзімір Яўгенавіч засяродзіў увагу і на тым, што трэба павялічыць практыкаскіраванасць падрыхтоўкі кадраў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У гэтым павінны больш актыўна ўдзельнічаць, а не адмяжоўвацца, самі прадпрыемствы і арганізацыі ЖКГ і прадастаўляць рабочыя месцы навучэнцам, якія прыходзяць на практыку. Было б мэтазгодным прыдаць прадпрыемствам і арганізацыям ЖКГ статус базавых. Такі крок дазволіў бы наладзіць больш цесныя адносіны з навучальнымі ўстановамі і паспрыяў бы павышэнню якасці падрыхтоўкі кадраў.

— Нам трэба стварыць сімбіёз навучальнай установы і прадпрыемства ў павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі, у выніку чаго маладыя рабочыя і спецыялісты будуць прыходзіць на работу ў ЖКГ добра падрыхтаванымі, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Выступоўца закрануў важнасць прафарыентацыйнай работы ў вызначэнні прафесійнага выбару. Па меркаванні віцэ-прэм’ера, у гэтым павінны ўдзельнічаць не толькі самі навучальныя ўстановы, але і прадпрыемствы і арганізацыі ЖКГ, каб знаёміць нашу моладзь з прафесіямі гэтай сферы непасрэдна на рэальным рабочым месцы.
Віцэ-прэм’ер закрануў пытанне прагназавання патрэбнасці кадраў для сферы ЖКГ.

— Сёння няма дакладнага прагнозу, колькі кадраў трэба для галіны нават на найбліжэйшы час. А што гаварыць пра далейшую перспектыву? — адзначыў віцэ-прэм’ер. — І гэта пры тым, што ў сферы ЖКГ існуе недахоп кадраў па шэрагу прафесій, прысутнічае цякучасць кадраў. Таму трэба тэрмінова падключацца да прагназавання кадравай палітыкі ў гэтай сферы.

Улічваючы тое, што сёння галіны нашай эканомікі скіроўваюцца на высокатэхналагічнасць, укараняюць сучаснае абсталяванне, прымяняюць ІТ, сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна таксама не адставаць і ўключацца ў гэты працэс, адзначыў У.Я.Кухараў. На яго думку, неабходна цесна працаваць з навукоўцамі, укараняць новыя распрацоўкі і тым самым выходзіць на новы ўзровень развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Безумоўна, трэба імкнуцца для высокатэхналагічнасці галіны, укараняць новую сучасную тэхніку і абсталяванне, супрацоўнічаць з айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, укараняць сучасныя распрацоўкі для больш дакладнай работы ў сферы жыллёва-камунальных паслуг. Усе гэтыя напрамкі прыцягваюць адпаведнае навучанне прафесійных кадраў, якія маглі б працаваць у новых умовах.

Усе прапановы, якія прагучалі ў час пасяджэння калегій двух міністэрстваў, унесены ў адпаведную пастанову і будуць прыняты для рэалізацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.