У сугуччы з грамадскай думкай

- 11:55Актуально, Апошнія запісы

У рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” прайшла прамая лінія з удзелам намесніка міністра адукацыі Віктара Віктаравіча ЯКЖЫКА. Нашых чытачоў цікавілі пытанні як агульнага характару, якія тычацца развіцця сістэмы адукацыі ў цэлым, так і прыватнага. Але адной важнай рысай, якая аб’ядноўвала тэматыку гэтай размовы, стала шчырая зацікаўленасць нашага грамадства ў развіцці айчыннай адукацыйнай галіны, імкненне паўдзельнічаць у ім і выказаць свае меркаванні і заўвагі. Сёння мы прапаноўваем частку тэлефоннай гутаркі Віктара Віктаравіча з нашымі чытачамі. Астатняя будзе апублікавана ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”.

— Наша краіна знаходзіцца амаль у адным кроку ад уваходжання ў Балонскі працэс. Наколькі адпавядае балонскай мадэлі студэнцкае самакіраванне, якое сёння сфарміравана ў нашых установах вышэйшай адукацыі?
— У 2011 годзе Беларусь наведала спецыяльная дэлегацыя Савета Еўропы, у склад якой уваходзілі спецыялісты і эксперты па пытаннях студэнцкага самакіравання. Яны вывучалі ўзровень студэнцкага самакіравання ва УВА Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на адпаведнасць Балонскай мадэлі. Адзначу, што перад прыездам у нашу краіну прадстаўнікі Савета Еўропы мелі інфармацыю аб развіцці студэнцкага самакіравання ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі. Пасля дэталёвага вывучэння стану спраў у гэтым кірунку эксперты прыйшлі да высновы, што сістэма студэнцкага самакіравання практычна ва ўсіх УВА Беларусі сфарміравана, структуравана і станоўча ўплывае на вучэбны працэс, жыццядзейнасць установы і студэнцтва. Трэба сказаць, што сёння літаральна ва ўсіх універсітэтах нашай краіны створаны каардынацыйныя структуры студэнцкіх саветаў, якія аб’ядноўваюць розныя сегменты органаў студэнцкага самакіравання. У ліку іх можна назваць старастат, асноўнай мэтай якога з’яўляецца арганізацыя вучэбнага працэсу, студэнцкі савет інтэрната, які адказвае за выхаваўчую і сацыяльную работу па месцы пражывання студэнтаў, а таксама студэнцкія навукова-даследчыя таварыствы. Усе яны аб’яднаны адзінай мэтай — вырашаць пытанні развіцця навучальнай установы і задавольваць інтарэсы студэнцкай моладзі.
Студэнцкія саветы ўваходзяць у склад вучоных саветаў УВА і ўплываюць на якасць адукацыйнага працэсу. Гэты кірунак атрымаў новы імпульс, калі ва УВА была ўкаранёна сістэма мененджменту якасці ІSО 9001. Па сутнасці, студэнцкае самакіраванне стала добрай традыцыяй у дзейнасці кожнай з нашых беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі, якое прыкметна ўплывае на яе функцыянаванне, актыўна рэагуе на існуючыя праблемы, імкнецца ўплываць на арганізацыю вучэбнага працэсу, на павышэнне якасці адукацыі. Відавочна, што ў такія студэнцкія саветы павінна ўваходзіць актыўная, ініцыятыўная частка студэнцтва, якой вядомы пытанні развіцця навучальнай установы.
Сёння студэнцкае самакіраванне пачало развівацца з яшчэ большым энтузіязмам з боку студэнтаў, і яго значнасць, безумоўна, будзе ўзрастаць і далей. Калі наша сістэма вышэйшай адукацыі імкліва развіваецца з улікам еўрапейскіх стандартаў, ва УВА адбываецца трасфармацыя адукацыйнага працэсу. Ва ўніверсітэтах вядзецца двухступеньчатая падрыхтоўка, і важна вызначыць, які багаж ведаў неабходна мець для таго, каб атрымаць дыплом бакалаўра або дыплом спецыяліста, якім будзе гуманітарны цыкл навучання ў тэхнічных УВА, колькі патрэбна адвесці гадзін на самападрыхтоўку студэнтаў, на іх практыку, як арганізаваць вучэбны працэс на кафедрах УВА, створаных на прадпрыемствах, і шмат іншых пытанняў, у вырашэнні якіх, безумоўна, будуць прымаць самы актыўны ўд зел і студэнцкія саветы як у сённяшнім фармаце, так і, магчыма, у больш пашыраным з улікам уваходжання ў Балонскі працэс.
Нават нашы апаненты прызнаюць, што нацыянальная сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі не мае ніякіх прынцыповых разыходжанняў з сістэмай вышэйшай адукацыі Балонскага працэсу. Будаваць з нуля нам нічога не трэба, у тым ліку і ў такой частцы функцыянавання вышэйшай школы, як студэнцкае самакіраванне. З уваходам у Балонскі працэс студэнцкае самакіраванне набудзе новы змест і будзе больш практычна скіраваным. У парадак дня студэнцкіх саветаў увойдуць новыя пытанні, сярод якіх студэнцкія стажыроўкі ў іншых УВА, у тым ліку замежных. Гэты кірунак неабходна развіваць і адшліфоўваць пасля ўваходжання у Балонскі працэс, як і іншыя, якія тычацца паспяховага развіцця айчыннай вышэйшай школы.

— Як вядома, была прынята новая рэдакцыя Канцэпцыі развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі. Ці ўключаны ў яе нормы, якія тычацца прафесійнай арыентацыі дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і вызначэння іх далейшага працоўнага шляху?
— У новай рэдакцыі Канцэпцыі развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі прадстаўлены кірункі прафарыентацыі ў інклюзіўнай адукацыі і вызначаны тыя механізмы, якія дазваляюць іх рэалізаваць. Гэта тычыцца максімальнага доступу такой катэгорыі дзяцей і моладзі да дыстанцыйнай адукацыі і выкарыстання інфармацыйных і спецыялізаваных тэхналогій прафарыентацыі. Важным аспектам прафарыентацыі з’яўляецца ўвядзенне ў адукацыйны працэс школьных праграм інклюзіўнай адукацыі, якое мае на ўвазе развіццё іх ва ўзаемасувязі з праграмамі іншых узроўняў адукацыі — прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай. Адным з найважнейшых напрамкаў новай рэдакцыі канцэпцыі з’яўляецца вызначэнне пераліку прафесій, якія б былі прыярытэтнымі для прафарыентацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёння існуе адпаведны набор прафесій для дзяцей і моладзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі, які доўгі час застаецца нязменным і ўжо не задавальняе патрэбнасці як саміх дзяцей і падлеткаў такой катэгорыі, так і работадаўцаў. Таму новая рэдакцыя канцэпцыі прадугледжвае пашырэнне пераліку прафесій згодна з патрабаваннямі работадаўцаў, канкрэтных заявак прадпрыемстваў і арганізацый, узмацненне ўзаемадзеяння з заказчыкамі ў прафесійнай арыентацыі і далейшым працаўладкаванні дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пакуль у нас такога вопыту мала, але мы можам выкарыстаць міжнародны, які падказвае, што сёння ёсць шмат галін вытворчасці і сацыяльнай сферы, дзе можна выкарыстоўваць прафесійную падрыхтоўку такіх людзей. Усе гэтыя крокі, якія прадстаўлены ў канцэпцыі, дазволяць такой катэгорыі лепш адаптавацца ў рэчаіснасці і знайсці сваё месца ў працоўным калектыве.

— Маладзёжная палітыка з’яўляецца сёння адным з вядучых напрамкаў дзейнасці нашай краіны. Цікава, а як падыходзяць да яе рэалізацыі ў краінах Садружнасці?
— Маладзёжная палітыка ў краінах СНД з’яўляецца тым кірункам, які аб’ядноўвае ўсе краіны Садружнасці. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца стварэнне Савета па справах моладзі краін СНД, пасяджэнні якога праходзяць некалькі разоў у год. У 2014 годзе Беларусь старшынствавала ў гэтым савеце. У адрозненне ад некаторых краін мы захавалі і сёння актыўна развіваем тыя багатыя традыцыі, якія склаліся яшчэ ў бытнасць Савецкага Саюза. Канкрэтным прыкладам стала існаванне ў нашай краіне трывалай структуры арганізацыі вольнага часу непаўналетніх, іх прафесійная арыентацыя. У нас захавалася і эфектыўна развіваецца сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і навучэнскай моладзі, сетка школ мастацтваў, спартыўных школ, грамадскіх аб’яднанняў, якія набываюць усё большую папулярнасць. Другі не менш важны кірунак маладзёжнай палітыкі — гэта сацыяльная падтрымка моладзі і арганізацыя яе занятасці. У нас не існуе такой праблемы, як беспрацоўе сярод моладзі. Пытанне размеркавання, працаўладкавання, забеспячэння першага рабочага месца для маладых кадраў вырашана на дзяржаўным узроўні.
Яшчэ адно пытанне, якое з’яўляецца вельмі злабадзённым для маладзёжнай палітыкі краін СНД, — гэта пошук новых эфектыўных шляхоў у процідзеянні негатыўным залежнасцям моладзі. Ужыванне тытуню, алкаголю, наркотыкаў, на жаль, пранікла ў маладзёжнае асяроддзе ўсіх краін СНД, сталі хваробай і нашага грамадства. Таму, натуральна, ідэя папулярызацыі здаровага ладу жыцця ляжыць у аснове выхавання маладога пакалення. Безумоўна, адным з надзейных бар’ераў у пераадоленні негатыўных звычак павінна стаць арганізацыя вольнага часу, цікавая праца, удзел у мерапрыемствах і ўвогуле актыўны лад жыцця, дзе не будзе месца і часу на дрэнныя звычкі. У гэтым мы павінны аб’яднацца з іншымі краінамі СНД, праводзіць сумесныя сустрэчы, акцыі, іншыя мерапрыемствы, больш цесна ўзаемадзейнічаць з маладзёжнымі арганізацыямі краін Садружнасці.
У кожнай краіне СНД створаны структуры, якія займаюцца даследаваннем праблем моладзі. У мінулым годзе на Савеце па справах моладзі краін Садружнасці было прынята рашэнне аб аб’яднанні гэтых структур у адзіную сетку для сумесных даследаванняў у вывучэнні маладзёжных праблем. З гэтай мэтай туды ўвойдзе Цэнтр сацыяльных і палітычных даследаванняў БДУ, і ў хуткім часе будуць выпрацаваны шляхі па рэалізацыі сумесных праектаў.
Даволі актуальным для нашай краіны і для краін Садружнасці з’яўляецца развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва, якое можа стаць у тым ліку эфектыўным сродкам пераадолення сацыяльных праблем і беспрацоўя моладзі за кошт павышэння яе актыўнасці, ініцыятывы, развіцця самастойнасці, адказнасці, асабістай заклапочанасці за сваю будучыню і ўвогуле фарміравання асобы з актыўнай пазіцыяй. Для развіцця прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі ў рамках савета па справах моладзі краін СНД прынята рашэнне аб стварэнні базавай арганізацыі. У гэтым напрамку мы ўжо маем багаты вопыт, і такі праект, як “100 ідэй для Беларусі”, ухвальна ўспрыняты іншымі краінамі СНД. Пацвярджэннем гэтага стала прыняцце рашэння аб правядзенні ў 2016 годзе конкурсу “100 ідэй для СНД”, фінал якога пройдзе ў Беларусі.
Самая знамянальная і ганаровая падзея, якая адбудзецца хутка ў жыцці нашых краін, — гэта святкаванне 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтая дата аб’ядноўвае ў адзіную плынь нашу гісторыю, нашы народы, якія дзялілі паміж сабой ваеннае ліхалецце і перамаглі ў гэтай вайне. З гэтай мэтай праводзяцца канферэнцыі, спартакіяды, турніры, фестывалі патрыятычнай песні.

— Ці правамерна патрабаванне кіраўніка школы прымушаць бацькоў рэгулярна пісаць тлумачальныя запіскі на конт прычыны адсутнасці дзіцяці ў шосты школьны дзень або можна абысціся папярэджваннем толькі класнага кіраўніка?
— Такія сітуацыі раз-пораз узнікаюць у школах. Хачу адзначыць, што такія патрабаванні з боку кіраўнікоў устаноў абсалютна неабгрунтаваныя. Сёння няма і не будзе такіх нарматываў, якія б абавязвалі бацькоў рэгулярна дакладваць кіраўніцтву школы, дзе знаходзіцца іх дзіця, тым больш калі яно рэгулярна ў суботу наведвае заняткі ў музычнай школе або ў іншай установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Паведамляць аб гэтым дастаткова адзін раз у паўгоддзе класнаму кіраўніку. У яго павінен быць спіс дзяцей, дзе ўносяцца звесткі аб знаходжанні іх у шосты дзень, калі яны не прыйшлі ў школу. Асобныя пісьмовыя абавязацельствы на гэты конт з боку бацькоў не прадугледжаны.
У канцы навучальнага года будзе канчаткова адкарэкціравана нарматыўная прававая база па арганізацыі шостага школьнага дня, дзе гэтая норма будзе замацавана.

— Хто павінен адказваць за бяспеку дзіцяці па-за межамі школы? Якія функцыі выхаваўчай работы ўскладваюцца на сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў? Як адмежаваць класнага кіраўніка ад выканання неўласцівых яму функцый?
— У Адміністратыўным кодэксе замацавана норма, якая прадугледжвае, што за жыццё і здароўе дзіцяці, якое знаходзіцца па-за межамі навучальнай установы і пасля заканчэння вучэбнага працэсу, адказваюць яго бацькі або законныя прадстаўнікі. Але нельга адмежаваць школу і педагагічны калектыў ад таго, што адбываецца з іх выхаванцамі па-за навучальнай установай, тым больш што кожны з такіх выпадкаў унікальны. У вачах грамадскасці школа была і застаецца цэнтрам адукацыі і выхавання нашых дзяцей, таму выхаваўчы працэс павінен быць святой справай для ўсяго педагагічнага калектыву і стаць перадумовай бяспекі дзяцей у навакольным асяроддзі.
Каб засцерагчы вучняў ад негатыўных з’яў, прадухіліць няшчасныя выпадкі, якія могуць здарыцца з імі за межамі школы, на кіраўніцтва, педагагічны калектыў кожнай навучальнай установы ўскладзена задача прэвентыўнай работы з навучэнцамі. У гэтым павінны быць задзейнічаны сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі. Па сутнасці, яны не нясуць прамой адказнасці за жыццё і здароўе дзяцей па-за межамі навучальнай установы, але яны павінны прадухіляць негатыўныя сітуацыі, у якіх могуць апынуцца іх выхаванцы. Пры гэтым павінны быць выкарыстаны як сучасныя методыкі, так і рэальныя зносіны з навучэнцамі, жывая размова з кожным з іх, дзе можна выявіць, у якім псіхалагічным стане знаходзіцца вучань, што яго трывожыць, якія праблемы ў яго існуюць, як жыве яго сям’я. Такі падыход можа істотна паўплываць на агульны духоўны стан вучня, замацаваць у яго разуменне таго, што ён не адзін, што ён патрэбен, і такім чынам зберагчы дзіця ад небяспечных выпадкаў.
Сёння мы чуем шмат нараканняў з боку педагогаў і асабліва класных кіраўнікоў аб тым, што ім даводзіцца выконваць неўласцівыя для іх асноўных абавязкаў функцыі. Напрыклад, ёсць выпадкі, калі кіраўніцтва школы абавязвае класнага кіраўніка наведваць нядобранадзейныя сем’і, дзе жывуць іх вучні. На гэты конт зазначу, што ў адпаведнай інструкцыі Міністэрства адукацыі не існуе нормы аб тым, што класны кіраўнік сам павінен займацца гэтай работай. Нядобранадзейныя сем’і знаходзяцца пад наглядам міжведамасных камісій, куды ўваходзяць прадстаўнікі камісій па справах непаўналетніх раённых аддзелаў МУС, медыцынскія, сацыяльныя работнікі, у яе можа ўваходзіць і прадстаўнік педагагічнай грамадскасці. Згодна з нашымі рэкамендацыямі, менавіта сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг павінны ўдзельнічаць у рэйдах па наведванні нядобранадзейных сем’яў, каб больш дакладна вывучаць стан сваіх выхаванцаў не толькі ў межах школы, але і па-за яе межамі, непасрэдна ў сям’і. Акрамя таго, сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг павінны цесна супрацоўнічаць з класным кіраўніком, дапамагаць яму фарміраваць станоўчы псіхаэмацыянальны настрой як кожнага навучэнца, так і ўсяго калектыву класа. Абавязковай умовай паспяховасці гэтага працэсу з’яўляецца цеснае прадукцыйнае супрацоўніцтва з бацькамі, якія павінны прымаць самы актыўны ўдзел у выхаванні сваіх дзяцей. Магчыма, трэба шукаць новыя, больш эфектыўныя формы работы з сям’ёй, далучаць яе да жыцця школы, праводзіць цікавыя мерапрыемствы, якія б дазволілі павысіць актыўнасць бацькоў і выключылі б абыякавасць некаторых з іх. Супрацоўніцтва паміж школай і сям’ёй павінна быць у прыярытэце і прыносіць толькі станоўчы вынік у нашай рабоце. Менавіта ўсе гэтыя напрамкі выхаваўчай работы павінен улічваць кіраўнік навучальнай установы і дакладна размяжоўваць абавязкі паміж педагогамі, каб кожны з іх працаваў згодна са сваімі функцыямі і з поўнай аддачай.

— У гэтым годзе ўвялі добраахвотнае псіхасацыяльнае анкетаванне школьнікаў на схільнасць да ўжывання наркатычных сродкаў. У Салігорску, напрыклад, прайшло эксперыментальнае анкетаванне па вызначэнні схільнасці ў дзяцей да ўжывання алкаголю, наркатычных і псіхатропных рэчываў. Ці дапаможа яно знізіць колькасць нарказлачынстваў у маладзёжным асяроддзі?
— Сёння ў грамадстве склалася неадназначнае стаўленне да добраахвотнага псіхасацыяльнага анкетавання школьнікаў на схільнасць да ўжывання наркатычных сродкаў. Меркаванні на гэты конт прама процілеглыя. Адны з бацькоў, калі сутыкаюцца ўжо з фактам наркатычнай залежнасці свайго дзіцяці, абвінавачваюць педагогаў, што яны раней гэтага не выявілі, іншыя пры ўвядзенні анкетавання для школьнікаў на схільнасць да наркотыкаў папракаюць ва ўшчамленні правоў дзіцяці. Галоўная бяда, што ўсведамленне неабходнасці такіх мер прыходзіць да нашых бацькоў, калі ўжо позна нешта рабіць. Таму прэвентыўныя меры, у тым ліку і гэтае анкетаванне, вельмі неабходны, якія б меркаванні на гэты конт ні гучалі.
З дапамогай анкетавання нам неабходна максімальна аб’ектыўна адлюстраваць сітуацыю з ужываннем наркотыкаў сярод падлеткаў, інакш няма сэнсу ў яго правядзенні. Вельмі важна, каб спецыялісты, сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі вызначылі ўсе магчымыя недахопы пробнага анкетавання, у тым ліку ў яго арганізацыі, валіднасці методык, выкаранілі іх і зрабілі механізмы анкетавання больш дасканаламі.
Лічыцца, што добраахвотнае анкетаванне самае зберагальнае для падлеткаў з усіх, якія можна сёння праводзіць. Пры гэтым, сутыкнуўшыся з небяспекай ужывання спайсаў, многія краіны перайшлі да абавязковага медыцынскага тэсціравання, якое дазваляе на ранняй стадыі выяўляць схільнасці падлеткаў да ўжывання наркатычных сродкаў. У некаторых краінах такое тэсціраванне праводзіцца нават без згоды бацькоў.
Увогуле, добраахвотнае анкетаванне нашых школьнікаў на схільнасць да ўжывання наркатычных сродкаў лічыцца карысным сацыяльна-псіхалагічным мерапрыемствам, якое дазваляе пры правільнай арганізацыі і неабходных методыках выявіць згубную схільнасць школьніка яшчэ да пачатку спажывання наркатычных сродкаў, а таксама вызначыць, ужываў ён наркотык шматразова або паспрабаваў толькі адзін раз. Уся інфармацыя, якая будзе атрымана пасля такога анкетавання, канфідэнцыяльная і выключае публічнае абвяшчэнне вынікаў. З бацькамі будзе праведзена так званая кропкавая работа, якая будзе тычыцца толькі канкрэтнага навучэнца.

— Сёння паміж школамі і ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўзнікае нейкае саперніцтва ў арганізацыі гуртковай работы і ў далучэнні дзяцей да тэхнічнай і мастацкай творчасці. Ці магчыма аб’яднанне іх інтарэсаў?
— Чарговае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, якое адбудзецца ў красавіку, будзе прысвечана павышэнню эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іх інтэграцыі са школамі. Пасля прыняцця рашэння будзе распрацавана адпаведная нарматыўная база, якая будзе ўвязваць арганізацыю вольнага часу дзяцей у гэтых установах і непасрэдна шостага школьнага дня. Пытанне, якое сёння прагучала, яшчэ раз пацвярджае, што мы думаем ва ўнісон з нашай грамадскасцю, таму ідзём правільным шляхам.
Заўважу, што варта па-новаму зірнуць на арганізацыю шостага школьнага дня і прыняць належныя меры па актывізацыі гэтай работы з улікам патрабаванняў Міністэрства адукацыі.
Так, у прыватнасці, важным складнікам суботняга дня павінна стаць фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа. Органам кіравання адукацыяй неабходна ўзяць пад кантроль вывучэнне эфектыўнасці яе арганізацыі ў пазавучэбны час, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Акрамя таго, неабходна наладзіць такое ўзаемадзеянне школы і сям’і, каб бацькоўская грамадскасць уключылася ў арганізацыю шостага школьнага дня, у тым ліку прыцягваць бацькоў да дзейнасці спартыўных залаў, школьных стадыёнаў, спартыўных секцый, аб’яднанняў па інтарэсах, правядзенню фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў.
Прыкметна павысіць якасць зместу і арганізацыі шостага школьнага дня можна праз цеснае ўзаемадзеянне з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Напрыклад, арганізаваць у сельскіх раёнах на базе такіх устаноў так званыя занальныя цэнтры па правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня для навучэнцаў школ у сельскай мясцовасці і пры неабходнасці арганізаваць падвоз.
Як ужо прагучала, сёння вельмі актуальным напрамкам з’яўляецца арганізацыя дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў шосты школьны дзень у цесным кантакце з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, забяспечыўшы работу аб’яднанняў па інтарэсах у шосты школьны дзень не менш за 80%.
У гэтым годзе на базе НДЦ “Зубраня” запланавана правядзенне V Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, што яшчэ раз пацвярджае яго значнасць і эфектыўнасць. Відавочна, дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца важным сегментам адукацыйнай галіны і накіравана на развіццё асобы выхаванца, фарміраванне і развіццё яго творчых здольнасцей, задавальненне яго індывідуальных патрэб у інтэлектуальным, маральным, фізічным удасканаленні, адаптацыю да жыцця ў грамадстве, арганізацыю вольнага часу, прафесійную арыентацыю.
Сёння ўстановы дадатковай адукацыі працуюць як адкрытыя адукацыйныя сістэмы ў сацыякультурнай прасторы сваіх рэгіёнаў. Педагагічныя калектывы гэтых устаноў па праве ганарацца сваімі дасягненнямі. Кожны рэгіён краіны мае свае адметнасці і шырока выкарыстоўвае іх у рабоце з навучэнцамі. Разлічваем, што на традыцыйнай XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках Года моладзі і святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, правядзенне якой запланавана на канец красавіка, поўнамаштабна і яскрава будуць прадэманстраваны дасягненні сістэмы дадатковай адукацыі

— Пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь створана Нацыянальная камісія па правах дзіцяці, у склад якой вы ўваходзіце. Якія пытанні вы абмяркоўваеце на пасяджэннях гэтай камісіі?
— Нацыянальная камісія па правах дзіцяці стваралася пры Савеце Міністраў нашай краіны з мэтай ажыццяўляць і ўдасканальваць дзяржаўную палітыку па забеспячэнні абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх — адна з асноўных задач, якія стаяць перад дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі нашай краіны. Дзеці найбольш уражлівыя перад небяспекай, найменш абароненыя перад рэчаіснасцю, мала адаптаваныя ў навакольным асяроддзі. Дарослыя, і ў першую чаргу бацькі, педагогі, павінны забяспечыць дзецям гарманічны свет, каб яны маглі расці і развівацца ў самых спрыяльных умовах. Таму ўсе пасяджэнні камісіі прысвечаны тэматыцы стварэння бяспечнага асяроддзя для нашых дзяцей.
Магу расказаць аб адным з такіх пасяджэнняў, якое нядаўна было праведзена. У парадак дня было ўнесена пытанне аб правапрымяняльнай практыцы ў дачыненні да бацькоў, якія дапусцілі парушэнні правоў дзіцяці. Маецца на ўвазе невыкананне бацькоўскіх абавязкаў, у тым ліку адмова ад медыцынскай дапамогі, недастатковы кантроль за месцазнаходжаннем дзіцяці, жорсткае абыходжанне з дзецьмі, якія прывялі да страты здароўя, атрымання цяжкіх траўм або смерцi дзяцей. Акрамя таго, на разгляд членаў камісіі было вынесена пытанне аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 і ўдасканаленні яго палажэнняў з улікам практыкі прымянення. У канструктыўнай размове прынялі ўдзел прадстаўнікі сістэмы адукацыі, органаў унутраных спраў, аховы здароўя, аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры, Міністэрства юстыцыі. Па выніках пасяджэння Нацыянальнай камісіі быў прыняты шэраг канцэптуальных рашэнняў па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Сёння ў Мінску пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі, у абласцях арганізаваны прыёмныя Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці па разглядзе зваротаў і прыёме непаўналетніх, іх законных прадстаўнікоў і іншых грамадзян па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Па кожнай такой прыёмнай назначаны ўпаўнаважаны Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці.

— Як вядома, распрацавана Канцэпцыя развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі. Безумоўна, яна сёння вельмі актуальная, бо прафарыентацыйная работа з кожным годам набывае ўсё большую значнасць. Але трэба прызнаць, што формы яе правядзення, па сутнасці, не мяняюцца і, як паказваюць вынікі, не вельмі эфектыўныя. Ці ёсць надзея, што сітуацыю зменіць новая рэдакцыя канцэпцыі, у якой выкладзены больш сучасныя формы работы ў прафарыентацыі? Якая роля ў гэтым адведзена інфармацыйным тэхналогіям?
— Не магу не пагадзіцца з тым, якое вялікае значэнне надаецца сёння прафарыентацыйнай рабоце. Але таксама варта ўлічваць, што гэтая работа павінна быць планамернай, сістэмнай, накіраванай — толькі тады можна разлічваць на вынік.
Пры ўсіх заўвагах, якія гучаць у гэтым пытанні, трэба адзначыць, што формы прафарыентацыі паступова мяняюцца. Узяць хаця б сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе навучальныя ўстановы з кожным годам разнастайваюць прафарыентацыйную работу, імкнуцца больш эфектыўна ўплываць на прафесійны выбар выпускнікоў школ. Разам з існуючымі формамі прафарыентацыі атрымалі развіццё і набылі папулярнасць сярод моладзі правядзенне акцый — тэатралізаваных шэсцяў навучэнцаў па прафесіях (швачкі, будаўнікі, электраманцёры, машынабудаўнікі) па вуліцах гарадоў, трансляцыя відэаролікаў аб установах прафтэхадукацыі і прафесіях на святах гарадоў, у транспарце, дзе ўстаноўлены маніторы, а таксама аб’явы і бягучы радок аб прыёме ва ўстановы прафтэхадукацыі ў метро і іншых відах транспартных сродкаў. Акрамя таго, рэгулярна сталі выходзіць перадачы на мясцовым тэлебачанні з удзелам прадстаўнікоў сістэмы адукацыі і базавых арганізацый, дзе прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб установах адукацыі, прафесіях, месцах працаўладкавання, заробку і сацыяльных гарантыях маладым рабочым. Не менш папулярнымі сталі выступленні агітбрыгад з канцэртамі і прэзентацыямі ўстаноў прафтэхадукацыі перад буйнымі гандлёвымі цэнтрамі.
Адной з новых форм павышэння іміджу прафесійнай адукацыі, развіцця ў моладзі інтарэсу да рабочых прафесій стала далучэнне навучэнскай моладзі да алімпіяднага руху ў сферы прафесійнага майстэрства пад эгідай Міжнароднага спаборніцтва WorldSkills. У 2014 годзе Рэспубліка Беларусь стала членам Міжнароднай арганізацыі WorldSkills International і правяла Першы нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus. Цяпер вядзецца падрыхтоўка нацыянальнай каманды да спаборніцтваў WorldSkills СНД, а ў далейшым да WorldSkills, які адбудзецца ў Бразіліі.
Улічваючы інавацыйны характар сучаснай вытворчасці, з кожным годам узрастаюць патрабаванні прадпрыемстваў да прафесійнага ўзроўню кадраў, што, безумоўна, уплывае на арганізацыю прафарыентацыйнай работы сярод моладзі, спрыяе пошуку сучасных падыходаў да фарміравання іміджу, сацыяльна-псіхалагічнага вобраза рабочага і спецыяліста, здольнага да асобаснага і прафесійнага самавызначэння, прафесійнага росту і развіцця.
Распрацоўка і прыняцце новай рэдакцыі Канцэпцыі прафесійнай арыентацыі моладзі ў Рэспубліцы Беларусь абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення работы па прывядзенні ў адпаведнасць аб’ёмаў і структуры прафесійнай падрыхтоўкі рабочай сілы патрэбам рынку працы, недастатковым удзелам галіновых міністэрстваў, органаў мясцовага кіравання, гаспадарчых суб’ектаў і грамадскіх арганізацый у вырашэнні пытанняў прафарыентацыі, якія патрабуюць сумесных намаганняў усіх бакоў.
У мэтах выпрацоўкі цэласнага падыходу да фарміравання і ажыццяўлення прафарыентацыйнай работы ва ўмовах структурнай перабудовы эканомікі і неабходнасці фарміравання прэстыжу рабочай прафесіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі, Міністэрства адукацыі прынялі сумесную пастанову. Згодна з ёй, найважнейшымі напрамкамі прафарыентацыі моладзі павінны стаць: аказанне падтрымкі ў своечасовым выбары прафесіі; атрыманне дыягнастычных даных аб перавагах, схільнасцях і магчымасцях грамадзян для ўсвядомленага вызначэння будучай прафесійнай дзейнасці; фарміраванне ў навучэнцаў i выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі матывацыйнай асновы для атрымання прафесійнай адукацыі; забеспячэнне выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі неабходнай інфармацыяй пра прафесіі і магчымасці прафесійнага росту; павышэнне прывабнасці рабочых прафесій сярод навучэнцаў i выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, іх законных прадстаўнікоў і педагагічных работнікаў, іншых катэгорый насельніцтва; фарміраванне інфармацыйнага асяроддзя прафарыентацыі; выпрацоўка гнуткай сістэмы ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства ў арганізацыі сістэмы прафарыентацыйнага развіцця і станаўлення.
Хачу адзначыць, што згодна з палажэннямі прынятай канцэпцыі ў развіцці сістэмы прафарыентацыі моладзі сёння асаблівае значэнне набываюць скаардынаваныя дзеянні базавых звёнаў гэтай сістэмы: устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзяржаўных органаў адукацыі, аховы здароўя, па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, тэрытарыяльных цэнтраў прафарыентацыі, устаноў і арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, сям’і, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый і іншых сацыяльных інстытутаў, адказных за выхаванне, адукацыю, прафесійнае навучанне і працаўладкаванне моладзі. Менавіта гэтым і вызначаецца актуальнасць гэтай канцэпцыі. Усе этапы прафарыентацыі павінны быць накіраваны на актывізацыю моладзі, фарміраванне ў яе імкнення да самастойнага выбару жыццёвай траекторыі з улікам атрыманых ведаў аб прафесіях, перспектывах прафесійнага шляху.
У прафарыентацыйнай рабоце ўжо сёння шырока выкарыстоўваюцца магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў. На сайтах устаноў адукацыі размешчана падрабязная інфармацыя для абітурыентаў аб спецыяльнасцях, умовах навучання, далейшага працаўладкавання. Установамі адукацыі створаны відэаролікі аб навучальных установах і прафесіях, якія размешчаны на сайтах і перададзены ў школы для правядзення прафарыентацыі.

— Вядома, што выпускнікі школ не вельмі хочуць паступаць ва УВА педагагічнага профілю. Я сама настаўніца беларускай мовы, і на мой выбар прафесіі ў асноўным паўплывала тое, што я вучылася ў педагагічным класе гімназіі. З 10 класа мы былі на сесіях у педагагічным універсітэце, потым у нас былі сумешчаныя выпускныя і ўступныя экзамены. Мне здаецца, гэта выдатны спосаб прыцягнуць маладых людзей у педагогіку. Можа, варта вярнуцца да гэтай практыкі?
— Па гэтым шляху мы сёння і ідзём. З новага навучальнага года на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца профільнае навучанне, галоўная асаблівасць якога — гэта яго прафесійна арыентаваная накіраванасць.
Навучэнцы 10—11 класаў будуць мець магчымасць вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, а ў рамках факультатыўных заняткаў (у тым ліку і міжшкольных) будзе прадугледжана правядзенне прафесійна арыентаваных курсаў (напрыклад, “Уводзіны ў прафесію” або “Прафесія педагог”) для арыентацыі іх на атрыманне педагагічных, ваенных і іншых спецыяльнасцей (так званыя педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, прававыя класы і інш.).
Акрамя таго, адным з даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дадзеных пры наведванні Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, з’яўляецца падрыхтоўка прапаноў аб увядзенні асаблівага парадку прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі для атрымання адукацыі па педагагічных спецыяльнасцях тых асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных класах педагагічнага кірунку (педагагічных класах).

— Сёння шмат гаворыцца пра важнасць працоўнага выхавання моладзі. Але пры гэтым закрываюцца вучэбна-вытворчыя камбінаты, якія былі для школьнікаў добрай прафарыентацыйнай школай і дзе можна было асвоіць першыя навыкі рабочых прафесій. Ці існуе альтэрнатыва закрытым ВВК?
— Сапраўды, у рамках аптымізацыі сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адбылося скарачэнне колькасці мiжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі (МВВК). Частка з іх закрыта, іншыя далучаны ў якасці структурных падраздзяленняў да ўстаноў агульнай сярэдняй або прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Неабходна адзначыць, што матэрыяльна-тэхнічная база МВВК максімальна захавана.
У той жа час нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць арганізацыю і правядзенне прафесійнай і дапрафесійнай падрыхтоўкі з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, не змяніліся. Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі” і Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі (пастанова Міністэрства адукацыі ад 20.12.2011 № 283) прадугледжана правядзенне дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі з навучэнцамі. На гэтыя мэты запланавана адвесці наступную колькасць вучэбных гадзін: не больш за 2 вучэбныя гадзіны ў тыдзень для навучэнцаў
8-х класаў; не больш за 4 вучэбныя гадзіны ў тыдзень для навучэнцаў 9-х класаў; не больш за 6 вучэбных гадзін у тыдзень для навучэнцаў 10-х—11-х (12)-х класаў.
У мэтах выкарыстання матэрыяльнай базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Міністэрства адукацыі рэкамендавала праводзіць дапрафесійную і прафесійную падрыхтоўку вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на дагаворных умовах на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі вучняў па найбольш запатрабаваных у рэгіёнах і сярод навучэнцаў прафесіях (ва ўмовах увядзення профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі).

— Якія перспектывы ёсць у нашых УВА наконт стажыровак за мяжой, праграм абмену паміж студэнтамі розных краін, валанцёрскіх праграм?
— У цяперашні час у нашай краіне створана дастатковая нарматыўная прававая база для накіравання студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў на навучанне за мяжой, прычым фінансаванне для гэтых мэт ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Парадак накіравання нашых грамадзян на навучанне ва ўстановы адукацыі замежных краін у рамках атрымання вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца палажэннем, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2011 г. № 1617.
Акрамя таго, практычна ў кожнай установе вышэйшай адукацыі нашай краіны рэалізоўваюцца рабочыя праграмы акадэмічнай мабільнасці ў рамках міжуніверсітэцкіх праграм абмену, удзел у якіх дае магчымасць навучэнцам прайсці стажыроўку, перападрыхтоўку або ўключанае навучанне.
Штогод каля 3,5 тысячы навукоўцаў і 3 тысяч студэнтаў Рэспублікі Беларусь удзельнічаюць у міжнароднай дзейнасці за мяжой (канферэнцыі, семінары, стажыроўка, навучанне і вытворчая практыка).
Акадэмічная мабільнасць рэалізоўваецца таксама шляхам удзелу ў праектах Міжнароднай інтэграванай праграмы Erasmus +. У нашай краіне дзейнічаюць таксама і валанцёрскія праграмы моўнай падрыхтоўкі.

— Сёння, як вядома, ніводная УВА не мае стапрацэнтнай забяспечанасці інтэрнатамі. А як будзе вырашацца гэтая праблема ў далейшым?
— Міністэрства адукацыі пастаянна ўдзяляе вялікую ўвагу вырашэнню праблем студэнцкіх інтэрнатаў. Выдзяленне жылой плошчы іншагароднім студэнтам ва ўстановах вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб інтэрнатах, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 красавіка 2013 года № 269. На падставе вышэйназванага дакумента ва ўстановах вышэйшай адукацыі распрацоўваюцца лакальныя нарматыўныя прававыя акты: Палажэнне аб інтэрнаце, Палажэнне аб парадку ўліку жадаючых атрымаць інтэрнат і прадастаўленні жылой плошчы ў інтэрнатах і засяленні студэнтаў, Правілы ўнутранага распарадку інтэрната ўстановы адукацыі і іншыя дакументы, што зацвярджаюцца рэктарам па ўзгадненні з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў.
Работа сістэмы адукацыі ў цэлым накіравана на задавальненне патрэбы іншагародніх студэнтаў у месцах пражывання ў інтэрнатах. У шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны працэнт забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах складае больш за 93% ад колькасці тых навучэнцаў, якія маюць у гэтым патрэбу. Напрыклад, гэта Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі і інш.
Але, канечне, мы заклапочаны забеспячэннем навучэнскай моладзі месцамі ў інтэрнатах. Каб вырашыць гэтую праблему, толькі за некалькі апошніх гадоў уведзены ў эксплуатацыю інтэрнаты ў комплексе “Студэнцкая вёска”, пасля капітальнага рамонту ўведзены інтэрнаты № 9 БНТУ, № 3 БДУ, № 2 БДУІР, № 1 БДАТУ.
У найбліжэйшыя гады плануецца будаўніцтва інтэрнатаў для ўстаноў адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, “Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт”, “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.

— Раскажыце аб самых значных праектах маладзёжных арганізацый РГА “БелАЮ”, асацыяцый скаўтаў і гайдаў, спартыўных аб’яднанняў. Ці ствараюцца новыя арганізацыі?
— Паводле інфармацыі Міністэрства юстыцыі, на 1 студзеня 2015 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 2596 грамадскіх арганізацый, у тым ліку па напрамках дзейнасці: фізкультурна-спартыўныя, дабрачынныя, асветніцкія, культурна-забаўляльныя, выхаваўчыя і іншыя. Сярод іх зарэгістравана 270 маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку 27 дзіцячых. У цэлым па краіне колькасць зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў на працягу 2014 года павялічылася на 2,9%.
Пералічаныя грамадскія аб’яднанні з’яўляюцца арганізатарамі і выканаўцамі шэрага грамадска значных праграм, праектаў, мерапрыемстваў па напрамках іх статутнай дзейнасці. Так, у прыватнасці, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА працуе па 4 асноўных праграмах: культура свету, нефармальная адукацыя, здаровы лад жыцця, інфармацыя і камунікацыя. У складзе Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА больш за 50 клубаў ЮНЕСКА, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзіцячая грамадская арганізацыя “Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя” на працягу некалькіх гадоў рэалізоўвае праект сацыяльна-духоўнай экспедыцыі “Аксамiтныя шляхi Беларусi”, з’яўляецца арганізатарам традыцыйнага паходу на раку Ушу (у 2014 годзе ён быў прысвечаны 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), а таксама штогадовых скаўцкіх палатачных лагераў. Дзіцячае грамадскае аб’яднанне “Асацыяцыя беларускіх гайдаў” з’яўляецца ўдзельнікам і арганізатарам міжнароднага і рэспубліканскага гайдаўскіх лагераў, шэрага навучальных трэнінгаў для лідараў аб гайдаўскім руху, метадах і формах работы з дзецьмі.
І скаўты, і гайды Беларусі бяруць удзел у Сусветнай скаўцка-гайдаўскай хрысціянскай акцыі “Віфлеемскае святло свету” — эстафеце па перадачы ўсяму свету агню як сімвала дабра, спакою, любові, надзеі, які скаўты і гайды імкнуцца данесці да кожнага верніка напярэдадні рэлігійных свят. Беларуская федэрацыя шатакан каратэ-до з’яўляецца арганізатарам вучэбна-трэніровачных збораў і спартыўна-аздараўленчых лагераў, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.

— Хто ў першую чаргу нясе адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў і спайсаў у школе?
— З 1 студзеня 2015 года ў сілу ўступіў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Дакумент зрабіў больш жорсткімі крымінальную адказнасць за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, а таксама ўзмацніў меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя са спажываннем наркотыкаў.
Адным з важных змяненняў з’яўляецца зніжэнне ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.
Магу запэўніць, што адказнасць за распаўсюджванне наркатычных сродкаў не можа зняць з сябе ні кіраўнік установы адукацыі, ні педагог, ні бацькі. Гэта агульная справа, ад якой нельга нікому адмежавацца.
Так, сапраўды, у адпаведнасці са службовымі абавязкамі кіраўнік установы адукацыі забяспечвае сістэмную адукацыйную (вучэбна-выхаваўчую) работу, сацыяльную абарону навучэнцаў, стварае неабходныя ўмовы для навучання і выхавання. Акрамя таго, кіраўнік нясе адказнасць за жыццё і здароўе, захаванне правоў і свабод навучэнцаў i работнiкаў установы адукацыi ў час адукацыйнага працэсу ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку. Хочацца чарговы раз звярнуцца да бацькоў, якія па сутнасці з’яўляюцца самымі зацікаўленымі ў тым, каб іх дзеці выраслі здаровымі і шчаслівымі. Але для іх шчасця мала апрануць і накарміць дзяцей, трэба іх зберагчы ад бяды, якая хаваецца ў навакольным асяроддзі, а гэта значыць, трымаць іх на пастаянным кантролі.

— Ідзе Год моладзі. Якой бачыцца роля маладых педагогаў, сярод якіх шмат лідараў, у рэалізацыі новых падыходаў маладзёжнай палітыкі?
— У мэтах каардынацыі дзейнасці асноўных суб’ектаў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне, а таксама павышэння эфектыўнасці прымаемых рашэнняў па пытаннях маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі выступіла з ініцыятывай стварэння калегіяльнага дарадчага і кансультатыўнага органа — Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры галіновым міністэрстве.У склад савета запрошаны маладыя педагогі, якія з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, ініцыятыўнымі, энергічнымі людзьмі. Іх крэатыўнасць, безумоўна, паўплывае на развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.