У суладдзі з пачуццямі

- 13:32Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

У дашкольным узросце актыўна развіваецца эмацыянальна­валявая сфера. 

Гэта вельмі важна, бо эмацыянальны дабрабыт станоўча ўплывае на асобу дзіцяці, фарміруе станоўчыя якасці, добразычлівыя адносіны да іншых, павышае самаацэнку, арыентуе на поспех і дасягненне мэт, стварае псіхалагічны камфорт. А вось празмерная пачуццёвая ўзбуджаль­насць і частая змена настрою, неадэкватнае выказванне эмоцый негатыўна ўздзейнічаюць на зносіны з равеснікамі і дарослымі. Таму неабходна своечасова выяўляць парушэнні ў эмацыянальна-валявой сферы дашкольнікаў, асабліва з АПФР, і праводзіць іх карэкцыю. 

Работу па развіцці эмацыянальна-валявой сферы ў старэйшых дашкольнікаў з АПФР пачала з падбору і адаптацыі комплексу дыдактычных гульняў і практыкаванняў, накіраваных на развіццё ўменняў адрозніваць і называць эмоцыі. Распрацаваны комплекс паспяхова выкарыстоўваю ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці.

Вельмі важна навучыць асаб­лівых дзяцей пазнаваць і перадаваць пачуцці. Так, з дапамогай дыдактычнай гульні “Здагадайся, што за эмоцыя” дашкольнікі вучацца па схеме пазна­ваць пачуцці і настрой, паказваць іх мімікай, пантамімікай і галасавымі інтанацыямі. Спачатку даводзіцца падказваць выхаванцам магчымыя сітуацыі, але затым яны самі прыдумляюць сітуацыі, у якіх узнікаюць пэўныя эмоцыі. 

Дзякуючы дыдактычнай гульні “Як ты сябе сёння адчуваеш?”, фармірую ў дзяцей уменне вызначаць свой настрой, выкарыстоўваючы карткі з рознымі яго адценнямі. А вось перадаваць свой настрой на аркушы, падбіраючы розныя адценні фарбаў, дапамагае дыдактычнае практыкаванне “Малюем настрой”: дзеці малююць уласныя пачуцці, што адпавядаюць унутранаму стану, а пасля абмяркоўваюць работы адно аднаго і вызначаюць, які настрой хацеў
перадаць кожны выхаванец на сваім малюнку. 

Вялікую цікавасць у многіх дзяцей выклікае дыдактычная гульня “Люстэрка”, дзе яны перадаюць настрой адно аднаго з дапамогай мімікі, адлюстроўваючы эмацыянальны стан, як у люстэрку. 

Калі дзеці навучыліся адрозніваць і называць эмоцыі, прапаноўваю гульні і практыкаванні на развіццё эмпатыі. Так, практыкаванне “Давайце павітаемся” фарміруе ў дашкольнікаў уяўленне пра розныя спосабы прывітання, у тым ліку жартаўлівыя. Спачатку прапаную дзецям павітацца, дакрануўшыся плячом, спінай, рукой і носам, а потым самім прыду­маць нязвыклы спосаб прывітання і павітацца такім чынам. 

Практыкаванне “Рукі знаё­мяцца, рукі сварацца, рукі мірацца” развівае ўменне выяўляць свае пачуцці і разумець пачуцці іншых праз дотыкі. 

Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю камунікацыйных здольнасцей. На гэта накіраваны дыдактычныя гульні “Сляпы і павадыр”, “Чароўны букет кветак” і “Падарунак на ўсіх”, а таксама гульні-сітуацыі. Асаблівую ціка­васць выклікае гульня “Сляпы і павадыр”: дзеці разбіваюцца на пары “сляпы — павадыр”, адзін заплюшчвае вочы, а другі во­дзіць яго па групе, дазваляючы дакрануцца да розных прадметаў і дапамагаючы пазбегнуць сутыкненняў з іншымі парамі. Затым выхаванцы мяняюцца ролямі. Такім чынам кожны з іх прахо­дзіць своеасаблівую школу даверу. Пасля гульні пытаюся, хто адчуваў сябе надзейна і ўпэўнена і мог цалкам даверыцца таварышу і чаму.  

Выкарыстоўваючы гульні-сітуацыі, развіваю ўменні пачынаць і падтрымліваць размову, абменьвацца пачуццямі, перажываннямі, эмацыянальна і змястоўна выказваць думкі з дапамогай мімікі і пантамімікі. Прапаную дзецям разыграць шэраг сітуацый: “Ты вельмі пакрыўдзіў сябра. Папрасі яго дараваць табе, памірыся з ім”, “Табе вельмі хочацца пагуляць у тую ж настольна-друкаваную гульню, у якую гуляе хтосьці з тваёй групы. Папрасі яго даць табе пагуляць”.  

Напрыканцы работы над развіццём эмацыянальна-валявой сферы звяртаюся да эцюдаў і практыкаванняў па псіхагімнастыцы. Дзякуючы ім замацоўваюцца ўменні разумець свае і чужыя эмоцыі, выказваць іх. 

Працяглая мэтанакіраваная работа па развіцці эмацыянальна-валявой сферы з дапамогай дыдактычных гульняў і практыкаванняў прыносіць плён, назіраецца станоўчая дынаміка. Выхаванцы авалодваюць уяўленнямі пра розныя віды эмоцый і спосабы прывітання, разумеюць эмацыянальны стан равеснікаў у гульнявой дзейнасці. У дзяцей з’яўляецца ўпэўненасць у сабе і сваіх таварышах, умацоўваецца самарэгуляцыя ўчынкаў, фарміруюцца адносіны, заснаваныя на супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе.

Марыя КАЛАСЕЙ,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 3 Драгічына.