У супрацоўніцтве з федэрацыямі па відах спорту

- 9:58Інфармацыйная гадзіна

Міністэрству спорту і турызму неабходна больш цесна супрацоўнічаць з федэрацыямі па відах спорту. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў, падводзячы вынікі пасяджэння калегіі спартыўнага ведамства.

На думку Максіма Рыжанкова, спартыўным грамадскім аб’яднанням (федэрацыям, асацыяцыям) добра ўдаецца аб’ядноўваць і прыцягваць людзей для заняткаў відамі спорту. “Мінспорту пры арганізацыі розных мерапрыемстваў неабходна абапірацца на федэрацыі. Яны могуць і павінны дапамагаць як у падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, так і пры правядзенні маштабных фізкультурных акцый. Напрыклад, мінскі паўмарафон не адбыўся б і не атрымаў бы такой папулярнасці без удзелу федэрацыі лёгкай атлетыкі”, — адзначыў ён.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта звярнуў увагу таксама на выбудоўванне спартыўнай вертыкалі на раённым узроўні, гэтая праблема закраналася ў ходзе пасяджэння калегіі. “Калі мы не выбудуем спартыўную структуру ў раёнах сёння, заўтра не будзе на каго абаперціся”, — падкрэсліў ён. Таксама ён заклікаў звярнуць павышаную ўвагу на падрыхтоўку трэнерскіх кадраў у спартыўных дзіцяча-юнацкіх школах.

Асаблівую ўвагу Максім Рыжанкоў заклікаў удзяліць арганізацыі Еўрапейскіх гульняў 2019 года. На яго думку, няправільна думаць, што аргкамітэт Еўрапейскіх гульняў будзе несці асноўную нагрузку па іх падрыхтоўцы. “Уся спартыўная галіна будзе задзейнічана ў гэтым маштабным мерапрыемстве. Супрацоўнікам галіны неабходна вывучаць замежныя мовы, павінна быць павышана інфарматызацыя спартыўных аб’ектаў, якія будуць выкарыстаны ў ходзе Еўрагульняў”, — падкрэсліў ён.

Шмат пытанняў, паводле яго слоў, у спартыўнай сферы выклікае стан спраў у медыцыне і навуцы. “Трэнеры і атлеты павінны прасіць дапамогі і карыстацца распрацоўкамі беларускіх вучоных”, — канстатаваў першы віцэ-прэзідэнт НАК.