У супрацоўніцтве з майстрамі алімпіяднага руху

- 12:29Рознае, Якасць адукацыі

Педагог увесь час знаходзіцца пад прэсінгам адказнасці: ад яго ў значнай ступені залежаць псіхалагічны клімат у класе, эмацыянальны камфорт і поспехі дзіцяці ў той ці іншай дзейнасці. Асаблівая праблема — развіццё творчай, адоранай асобы. Геніі нараджаюцца раз у сто гадоў, але таленавітых і здольных дзяцей шмат, і нельга ўпусціць магчымасці іх развіцця. Для такіх дзяцей навучанне павінна быць адмысловае, індывідуальнае, накіраванае на развіццё іх патэнцыялу. Яно не павінна абмяжоўваць магчымасці іх развіцця. Менавіта такое меркаванне стала галоўным пасылам рэспубліканскага семінара-практыкуму “Сучасныя метады і формы работы па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд”, які нядаўна прайшоў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

І калі ў мінулыя гады ён праводзіўся па схеме “тэорыя — практыка”, то апошнім часам такі семінар стаў праводзіцца выключна ў практычным кірунку. Як адзначылі ў аддзеле творчых методык навучання моладзі АПА, супрацоўнікі якога з’яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемства, такая форма работы найбольш запатрабавана сярод педагогаў, якія працуюць з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Яна дае магчымасць настаўнікам узяць неабходныя для іх веды, уменні і навыкі, якіх, нягледзячы на вопыт, усё роўна не хапае, бо прыходзіць новае, на першы погляд, звычайнае дзіця, якое ламае выбудаваную і ўжо, здавалася б, адпрацаваную сістэму педагога. Таму развіццё асобы адоранага навучэнца вызначаецца прафесійнымі і асобаснымі якасцямі педагога, які арганізуе адукацыйны працэс.
Да Алены Віктараўны Самаль, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта кафедры псіхалогіі і канфлікталогіі філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта, прыйшлі настаўнікі хіміі, біялогіі, матэматыкі. І ў працэсе знаёмства высветлілася, што хоць у большасці сваёй усе яны дастаткова вопытныя, але работа з адоранымі ўсё роўна выклікае пытанні. Каб выпрацаваць уласную сістэму работы з такімі дзецьмі, неабходна працаваць з імі не адзін год. Больш за тое, такая педагагічная дзейнасць патрабуе абавязковага супрацоўніцтва з псіхолагам, чым нашы навучальныя ўстановы пахваліцца не могуць. Псіхолаг патрэбен і падчас падрыхтоўкі абласной каманды да рэспубліканскіх алімпіяд, чаго таксама катастрафічна не хапае. У сувязі з гэтым заняткі з псіхолагам становяцца своеасаблівым маяком для настаўнікаў, якія спалучаюць у сабе і педагога, і псіхолага.
Да кожнага дзіцяці трэба шукаць падыход, але з адоранымі працаваць складаней. Яны больш ранімыя, эмацыянальныя ці, наадварот, вельмі стрыманыя ў эмоцыях, вялікія максімалісты, часта не ўмеюць прайграваць. Такім дзецям патрэбны далікатныя адносіны дарослых, бо, здараецца, на іх вешаюць зусім іншыя ярлыкі (сказваецца недахоп псіхалагічнай дапамогі). І настаўнікі, якія змаглі знайсці агульную мову з адоранымі вучнямі, не проста высокакваліфікаваныя спецыялісты, яны яшчэ даволі смелыя педагогі, бо яны спрабуюць успрымаць і прымаць адоранае дзіця з усімі яго годнасцямі і недахопамі.
Аб тым, што адораныя вучні патрабуюць асаблівых адносін, сведчылі і прыклады, якія прыводзілі настаўнікі. Адна настаўніца не можа арганізаваць вочныя падрыхтоўчыя заняткі з вучнем. Не, ён не адмаўляецца рыхтавацца да алімпіяды. Ён згодны, але толькі пры ўмове самастойнай работы па схеме: настаўнік дае заданні, а ён іх выконвае дома. Другая настаўніца сутыкнулася з іншым выпадкам. Ёй выпала працаваць з вельмі таленавітай вучаніцай, але гэтая дзяўчына, як кажуць псіхолагі, эмацыянальна не стабільная. Яна можа не прыйсці на падрыхтоўчыя заняткі ці расплакацца на саміх занятках. Да таго ж яна перажывае няпросты пубертатны перыяд і актыўна шукае сябе, таму некаторым яе знешні выгляд можа падацца занадта нетрывіяльным для алімпіядніцы-выдатніцы. І такіх прыкладаў многа.
Алена Віктараўна мае багаты вопыт работы з адоранымі дзецьмі, таму заняткі з настаўнікамі пабудавала на практычным кампаненце. Спачатку педагогі рабілі аналіз адоранасці, а затым працавалі над удасканаленнем сваіх псіхалагічных уменняў і навыкаў.
Астатнія заняткі семінара-практыкуму насілі прадметны характар. З настаўнікамі працавалі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прызнаныя майстры алімпіяднага руху школьнікаў. Заняткі па інфарматыцы правёў Павел Аляксандравіч Іржаўскі (у недалёкім мінулым сам быў алімпіяднікам), на занятках па біялогіі з настаўнікамі працавалі Юрый Іосіфавіч Кажура і Уладзімір Уладзіміравіч Чэрнік. Як дабіцца поспеху на алімпіядзе па фізіцы, ведае Анатоль Іванавіч Слабадзянюк, а па хіміі — Віктар Мікалаевіч Хвалюк. Сакрэтамі паспяховых рашэнняў алімпіядных задач па матэматыцы дзяліўся Ігар Іванавіч Варановіч, а з настаўнікамі геаграфіі працаваў выкладчык з Магілёва Дзмітрый Уладзіміравіч Паджыгераў. У пары з Аленай Віктараўнай Самаль працавала псіхолаг Святлана Сямёнаўна Ладзісюк.
Як заўважыў Анатоль Іванавіч Слабадзянюк, самая галоўная праблема нашых алімпіяднікаў заключаецца ў тым, што яны не ўмеюць рашаць ураўненні. “Нашы школьнікі развучыліся думаць, разважаць, таму асноўная цяжкасць, з якой яны сутыкаюцца, — гэта зразумець сутнасць задачы. Мы сутыкаемся з тым, што алімпіядныя задачы рашаюцца па схеме тэставых на ЦТ. Неабходна, напрыклад, знайсці супраціўленне, яны пішуць формулу — і ўсё. А спачатку трэба скласці ўраўненне, разабрацца з тым, што адбываецца ў задачы. Дарэчы, гэая праблема тычыцца і алімпіяды па матэматыцы, дзе таксама самымі складнымі аказаліся лінейныя і квадратныя ўраўненні”, — адзначыў Анатоль Іванавіч.
А, напрыклад, з біялогіяй усё не так дрэнна. Пра гэта гаварылі Ю.І.Кажура і У.У.Чэрнік. Уладзімір Уладзіміравіч у прыватнасці адзначыў, што інтэлектуальны ўзровень сённяшніх алімпіяднікаў значна вышэйшы. Заняткі з настаўнікамі насілі выключна практычны характар, таму педагогі разбіралі праблемныя моманты задач.
Алімпіяднаму руху старт быў дадзены ў кастрычніку. Ён традыцыйна пачаўся са школьнага этапу. Другі этап — раённы — пройдзе ў лістападзе, трэці этап рэспубліканскай алімпіяды будзе праходзіць з 12 па 16 студзеня 2015 года, чацвёрты (заключны) этап — з 23 па 27 сакавіка 2015 года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.