Сістэма адукацыі Жлобінскага раёна — адна з самых буйных у Гомельскай вобласці. У раёне функцыянуе 39 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вучыцца і выхоўваецца 11 920 навучэнцаў, і 40 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведваюць 5375 выхаванцаў. Пра адметнасці адукацыйнай сеткі расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Ігар ВОЛКАЎ.
— Ігар Уладзіміравіч, не так даўно ў рэспубліцы і абласцях падвялі вынікі мінулага года, таму хочацца даведацца пра вынікі вашага рэгіёна ў разрэзе вобласці і рэспублікі.
— Мінулы год сведчыць аб стабільнай рабоце сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Пазітыўнай з’яўляецца дынаміка вынікаў абавязковых выпускных экзаменаў у 11 класе: 60% атрымалі адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню. У раёне выдадзена 41 пасведчанне з адзнакай, 12 выпускнікоў скончылі школу з залатым медалём, а 62% паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
У бягучым навучальным годзе ў нас адкрыта 14 профільных класаў. У асноўным гэта класы фізіка-матэматычныя, хіміка-біялагічныя, гуманітарныя. Працуем над тым, каб у новым навучальным годзе
адкрыць педагагічныя класы.
Дастаткова стабільна выступаюць навучэнцы раёна на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. На заключным этапе алімпіяды-2015 заваявана 13 дыпломаў (6 дыпломаў першай ступені). У 2015 годзе стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў сталі 14 нашых школьнікаў.
Якасць адукацыі выпускніка школы закладваецца яшчэ ў дзіцячым садку. Комплекс мер па развіцці дашкольнай адукацыі ў нас ажыццяўляецца па двух напрамках: павышэнне яе якасці і забеспячэнне даступнасці. Агульная колькасць дзяцей, ахопленых рознымі формамі дашкольнай адукацыі, складае 95%. Разам з тым складанай застаецца сітуацыя па ўладкаванні дзяцей у дашкольныя ўстановы. Праблему вырашаем за кошт вываду першых класаў, максімальна выкарыстоўваем існуючыя плошчы, гаспадарчым спосабам аднаўляем групы, якія раней выкарыстоўваліся для іншых мэт.
Вялікую падтрымку сістэме адукацыі раёна аказвае мясцовая выканаўчая ўлада. Не менш за два разы на месяц старшыня раённага выканаўчага камітэта І.А.Навуменка наведвае ўстановы адукацыі, каб ацаніць стан матэрыяльна-тэхнічнай базы і спланаваць выдаткі на правядзенне рамонтных работ пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Дзякуючы такой падтрымцы было набыта новае вучэбнае абсталяванне і электрыфікаваны ўсе кабінеты фізікі ў раёне, а ў 2015 годзе мы змаглі набыць вучэбнае абсталяванне ў кабінеты хіміі, біялогіі і геаграфіі на суму 1,2 млрд рублёў. Штогод лепшым навучэнцам і педагогам уручаюцца імянныя стыпендыі старшыні райвыканкама. -Штоквартальна І.А.Навуменка сустракаецца з кіраўнікамі ўстаноў, дзе абмяркоўваюцца надзённыя праблемы і прымаюцца неабходныя рашэнні.
— Як развіваеце інфарматызацыю ў сваіх установах адукацыі? Ці рэалізоўваецца ў вас праект “Электронная школа”?
— Цяпер ужо ніхто не аспрэчвае той факт, што выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій аказвае ўплыў на змест, формы і метады навучання. Ва ўстановах адукацыі раёна дзейнічае 57 камп’ютарных класаў, ёсць 42 мультымедыйныя праектары і 14 інтэрактыўных сістэм. Усе школьныя бібліятэкі маюць выхад у інтэрнэт, а ўсе ўстановы — шырокапалосны выхад у інтэрнэт, уласныя сайты.
У 31 установе адукацыі (80%) у рамках праекта “Электронная школа” выкарыстоўваецца сэрвіс “Электронны расклад”. Для эфектыўнага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у першую чаргу неабходны кадравы патэнцыял. Мы істотна павысілі ўзровень адукацыі ў сферы IT: 92% кіраўнікоў і намеснікаў устаноў, а таксама 56% настаўнікаў-прадметнікаў маюць сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій. Штомесяц IT-цьютары (іх у раёне 4) арганізоўваюць для педагогаў вучэбныя курсы па павышэнні кваліфікацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
У рамках Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” педагогі раёна прымаюць актыўны ўдзел у распрацоўцы электронных адукацыйных рэсурсаў. Лепшыя праекты ўносяцца ў раённы банк і шырока выкарыстоўваюцца ў рабоце (“Геаграфія Жлобінскага раёна”, “Краязнаўства Жлобіншчыны”, цэнтр патрыятычнага выхавання, віртуальны музей “Памяць”, дашкольны ўніверсітэт і іншыя).
Для аптымізацыі кіраўніцкай дзейнасці наладжана Skype-сувязь з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі. А для аптымізацыі работы з дакументамі выкарыстоўваюцца інтэграваныя сэрвісы інтэрнэт, арыентаваныя на арганізацыю сумеснай работы з тэкставымі, таблічнымі дакументамі, планіроўшчыкамі і іншымі карпаратыўнымі задачамі.
— А як ацэньваеце дзейнасць раённай метадычнай службы? Якія яна мае перспектывы развіцця менавіта ў рамках раёна?
— Лічу, што раённая метадычная служба патрэбна. Толькі яна валодае ўсімі магчымасцямі задавальняць індывідуальныя патрэбы педагогаў. Ніхто не ведае праблем педагогаў лепш, чым метадыст.
Метадычная служба нашага раёна мае стабільны кадравы склад, што дазваляе арганізаваць якасную работу метадычнай сеткі, якая штогод уключае ў сябе больш за 90 метадычных фарміраванняў. Работа будуецца на праблемна-дыягнастычнай аснове і носіць дыферэнцаваны характар. Абавязковая ўмова правядзення ўсіх раённых мерапрыемстваў — іх практычная накіраванасць (практыкумы, трэнінгі, распрацоўка памятак, рэкамендацый “У дапамогу педагогам”).
Многія ініцыіраваныя метадычным кабінетам мерапрыемствы сталі ў раёне традыцыйнымі. Так, да Міжнароднага дня псіхічнага здароўя штогод праходзіць раённая канферэнцыя спецыялістаў псіхолага-педагагічнай службы па актуальных тэмах захавання псіхічнага здароўя не толькі навучэнцаў, але і педагогаў, а настаўнікі-філолагі абмяркоўваюць праблемы і дэманструюць лепшы вопыт падчас штогадовага фестывалю педагагічных ідэй “Актуальныя праблемы выкладання”.
Актыўна выкарыстоўваюцца і дыстанцыйныя формы работы: арганізоўваюцца інтэрнэт-семінары і канферэнцыі для настаўнікаў-прадметнікаў па пытаннях арганізацыі выхаваўчай работы, створаны віртуальныя кабінеты англійскай мовы, аб’яднанні настаўнікаў фізікі і матэматыкі, настаўнікаў хіміі, біялогіі, геаграфіі.
Перспектывай развіцця метадычнай службы раёна з’яўляецца пашырэнне дыстанцыйных форм работы: стварэнне інтэрнэт-аб’яднанняў педагогаў, правядзенне анлайн-мерапрыемстваў, што дасць магчымасць ахапіць большую колькасць педагогаў метадычнай работай, павысіць яе практычны эфект.
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.