У гімназіі № 50 Мінска з мінулага года функцыянуюць класы інжынернай накіраванасці. Установа заключыла дагаворы аб супрацоўніцтве з БНТУ і заводам «Атлант», а таксама з БДТУ. Навучэнцы названых класаў кожны месяц ездзяць на экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы краіны. Падрабязнасці высветліла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
– Сёння ў нас дзейнічаюць чатыры інжынерныя класы – два 10-я і два 11-я, дзе вучацца 98 дзяцей. Калі звярнуцца да вытокаў іх стварэння, то ўспомнім 1954 год, калі была адкрыта наша ўстанова, а ў ёй політэхнічныя класы з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі, – расказала дырэктар гімназіі Лола Пахомава. – Для падрыхтоўкі будучых інжынераў ёсць усе неабходныя матэрыяльна-тэхнічныя і кадравыя рэсурсы, а таксама «РОББО-лабараторыя». Раз на тыдзень юнакі і дзяўчаты наведваюць факультатыў «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію», а на працягу тыдня для іх праводзяцца 4 урокі фізікі і 6 урокаў матэматыкі.
Профільныя матэматыку і фізіку вядуць настаўнікі вышэйшай катэгорыі Вольга Багач, Святлана Няжурына, Ірына Мельнікава, Таццяна Шыманская. Двойчы на месяц гімназісты займаюцца з выкладчыкамі БНТУ або БДТУ. На базе інжынернага класа створана група хіміка-біялагічнага профілю. Адзінаццацікласніца Ксенія Цітова, якая вучыцца ў такой групе, сумесна з выкладчыкамі БДТУ і супрацоўнікамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства распрацоўвае праект па стварэнні ідэальных умоў для росту раслін з дапамогай гідрапоннага метаду (спосабу вырошчвання раслін у штучным асяроддзі, а не ў глебе). Расліны, а менавіта розныя віды салаты, змяшчаюць у кантэйнер, усталёўваюць датчыкі рэгуляцыі святла і падачы вады. На наступным этапе Ксенія з аднакласнікамі Міхаілам Свірыдавым і Максімам Міхалевічам плануюць аўтаматызаваць гідрапонную сістэму. Ягор Лапавухаў, Рычард Гаўрыленка і Павел Рыбчынскі распрацавалі праект «Разумны дом», які быў прадстаўлена на «ТІБО-2024». Леў Філіпчык і Канстанцін Траццяк працуюць над праектам «Стварэнне самаробнага азотнага лазера». Падобныя лазеры знаходзяць прымяненне ў дыстанцыйным зандзіраванні атмасферы і розных галінах медыцыны. Са сваімі ідэямі юнакі выступалі на фестывалі навук, арганізаваным Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Кожны месяц старшакласнікі адпраўляюцца на экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы краіны: «Атлант», «Гарызонт», «БелАЗ», «БелАЭС» і г.д. Нядаўна наведалі Экатэхнапарк «Волма» – міжгаліновы рэсурсны вучэбны цэнтр, які створаны з мэтай павышэння функцыянальнай і экалагічнай адукаванасці насельніцтва, а таксама для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці, экалогіі, прымянення і распаўсюджвання зялёных тэхналогій.
Дзеці наведалі вучэбныя лабараторыі, даведаліся пра прымяненне BIM-тэхналогій у будаўніцтве. Завяршылася мерапрыемства займальным квестам.
У рамках дагавору з ЗАТ «Атлант», які быў падпісаны сёлета, на базе прадпрыемства для вучняў інжынерных класаў будуць праводзіцца тэарэтычныя і практычныя заняткі, прафарыентацыйныя, навукова-адукацыйныя і культурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Старшакласнікаў запросяць да ўдзелу ў канферэнцыях, форумах, выставах, конкурсах.
Ужо сёння беларускія прадпрыемствы праяўляюць зацікаўленасць у гімназістах як у будучых спецыялістах. Напрыклад, «Мінгаз» гатовы заключыць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы з Аляксандрай Нехвядовіч. Увагу работадаўца прыцягнуў праект дзяўчыны «Выкарыстанне попелу ад спальвання торфу ў будаўнічых матэрыялах», які яна распрацавала ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, і ёй прапанавалі працягнуць сваё даследаванне.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы