У супрацоўніцтве з вучнямі

Зіма з цяжкасцю аддае свае правы, а ў невялікім вучэбным кабінеце на трэцім паверсе вучэбна-педагагічнага комплексу № 42 Магілёва светла і ўтульна. Навучэнцы 5 “А” класа захоплены ўрокам англійскай мовы. Кожны вучань уважліва слухае настаўніка. А настаўнік — Вольга Анатольеўна Гарэлава — стараецца падтрымаць цікавасць дзяцей і накіраваць яе ў патрэбнае рэчышча, бо, на яе думку, гэта адзін з важных фактараў паспяховага навучання.

Cтруктуру заняткаў В.А.Гарэлава выбудоўвае як архітэктар, скрупулёзна падбіраючы элементы розных адукацыйных метадаў і тэхналогій, арганічна спалучаючы іх паміж сабой. Настаўніца ўмела аб’ядноўвае вучняў у каманду, дзе ў кожнага свая роля, свая задача і свая вучэбная вяршыня.

— Але значна больш залежыць ад самога педагога, ад таго, наколькі ён любіць сваю справу. Настаўнікам нельга стац­ь спантанна. Гэтую прафесію трэба выбіраць па поклічы сэрца. У мяне так і вый­шла. У педагогіку са­праўды ішла мэтанакіравана. Напэўна, пашанцавала з настаўнікамі. Перад вачыма заўсёды быў добры прыклад. Асабліва паўплывала на мяне школьная настаўніца англійскай мовы Ірына Васільеўна Шурмілава. Яе ўрокі памятаю і цяпер. Яны былі неверагодна займальнымі, — падзялілася Вольга Анатольеўна.

Стаўшы выпускніцай школы, В.А.Гарэлава свядома працягнула адукацыю на факультэце замежных моў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Вучыцца было цікава, таму і гады студэнцтва праляцелі непрыметна.

— Маладым спецыялістам я трапіла ў сярэднюю школу № 34 Магілёва. Менавіта там і адбылася як педагог. Успамінаю час работы там з цеплынёй, але жыццёвыя абставіны склаліся так, што вось ужо дзесяць гадоў я — частка педагагічнага калектыву сорак другога гарадскога вучэбна-педагагічнага комплексу, — расказала Вольга Анатольеўна.

За плячыма В.А.Гарэлавай больш за пятнаццаць гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. За гэты час яна выпрацавала ўласныя эфектыўныя прыёмы навучання.

На сваіх уроках Вольга Анатольеўна выкарыстоўвае розныя методыкі, працуючы з усім класам, але пры гэтым ніводнага вучня не пакідае без увагі. Структуру заняткаў яна выбудоўвае як архітэктар, скрупулёзна падбіраючы элементы розных адукацыйных метадаў і тэхналогій, арганічна спалучаючы іх паміж сабой. Гэта робіць урокі вельмі функцыянальнымі. А яшчэ педагог па-майстэрску прэпаруе тэксты з падручніка, ператвараючы іх у займальныя заданні рознага ўзроўню складанасці. Яна ўмела аб’ядноўвае вучняў у каманду, дзе ў кожнага свая роля, свая задача і свая вучэбная вяршыня.

Адметна, што любую сітуацыю на ўроку В.А.Гарэлава ператварае ў дыялогавую, імкнучыся максімальна ўключыць дзяцей у гутарку, бо настаўніца пераканана, што толькі размаўляючы можна вывучыць замежную мову.

— Вывучэнне замежнай мовы — гэта крэпасць, узяць якую атрымаецца толькі штурмам з усіх бакоў. Урокі павінны быць пабудаваны ў лагічнай паслядоўнасці, на балансе тэорыі і практыкі. Жывыя зносіны таксама надзвычай важныя. Толькі пры выкананні гэтых умоў навучанне будзе паспяховым, — упэўнена Вольга Анатольеўна.

Падчас сваіх заняткаў В.А.Гарэлава робіць акцэнт на фарміраванні камунікатыўных кампетэнцый і развіцці крэатыўнага мыслення навучэнцаў. Яна лічыц­ь, што дзеці павінны не толькі ведаць розныя моўныя формы, але і ўмець прымяняць іх у рэальным жыцці.

— Здольнасць да ўзаемадзеяння і камунікацыі, творчы падыход да справы, матывацыя да далейшай адукацыі — тыя каштоўныя якасці, якія так неабходны пакаленню сучасных дзяцей. І без развіцця крэатыўнага мыслення тут не абысціся. За час работы я сутыкнулася з некаторымі супярэчнасцямі. З аднаго боку, навучэнцы ўсведамляюць важнасць вывучэння замежнай мовы, зыходзячы з жадання мець зносіны з замежнымі аднагодкамі, падарожнічаць, мець высокааплатную работу ў будучыні. З другога — ім даво­дзіцца засвойваць складаныя граматычныя структуры і моўныя з’явы, вялікі аб’ём лексікі. Да таго ж, многія навучэнцы арыентаваны на авалоданне граматыкай для паспяховай здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання, а сучасныя тэндэнцыі навучання патрабуюць карыстання замежнай мовай, а не назапашвання багажу граматычных правіл і лексікі. Авалоданне замежнай мовай як сродкам міжкультурнай камунікацыі заключаецца ва ўменні творча выказваць свае думкі, пачуцці і ўступац­ь у дыялог культур. Зыходзячы з гэтых супярэчнасцей, я вырашыла выкарыстоўваць заданні для фарміравання крэатыўнага мыслення, якія развіваюць не толькі камунікатыўную кампетэнцыю, але і адпаведныя кагнітыўныя ўменні, неабходныя ва ўсіх аспектах жыцця, — патлумачыла педагог.

Распрацаваныя В.А.Гарэлавай заданні дапамагаюць зацікавіць, захапіць вучняў, ажывіць стандартны вучэбны матэрыял. Напрыклад, на арганізацыйна-матывацыйным этапе ўрока настаўніца часта выкарыстоўвае “эфект цуду” або “яркую пляму”.

— Крэатыўнасць не ўзнікае ў вакууме. Заўсёды павінна быць нешта, што прастымулюе і ляжа ў аснову фарміравання арыгінальнага дзіцячага мыслення. У сваёй дзейнасці прымяняю розныя варыянты заданняў з апорай на візуалізацыю. Для гэтага можна выкарыстоўваць карцінку, фатаграфію, мадэль, рэбус, загадку, — расказала В.А.Гарэлава.

Так, да падручніка “Англійская мова. 5 клас” Вольга Анатольеўна распрацавала і апрабавала серыю заданняў па прыёмах “Загаловак” і “Рэбус/Загадка”. Заданні выконваюцца ў асноўным у парах і групах, што развівае камунікатыўныя навыкі і фантазію навучэнцаў. Пры навучанні розным відам чытання ў 7 класе настаўніца прапануе заданні на аснове прыёмаў Stripe story і “Галаваломка”. Гэтыя прыёмы не толькі дапамагаюць навучыць чытанню. Яны вучаць дзяцей здабываць патрэбную інфармацыю, аналізаваць і прымяняць атрыманыя веды для вырашэння новых камунікатыўных задач.

— На сваіх уроках я ўбачыла эфект ад выкарыстання прыёму “Кругі па вадзе”. На аснове гэтага прыёму былі створаны заданні для вучняў 5 класа па тэме “Канікулы”, для 6 класа па тэме “Рэспубліка Беларусь і краіны вывучаемай мовы”, для 8 — па тэме “Музыка”. На апошнім этапе заняткаў заў­сёды звяртаюся да такіх прыёмаў, як “Аповед па плане”, “Калаж”, “Дурная дыктоўка”, — паведаміла В.А.Гарэлава.

Аўтарскія заданні Вольгі Анатольеўны спрыяюц­ь развіццю ў вучняў здольнасцей ставіць мэты, выбіраць шляхі іх дасягнення, уменняў аргументаваць свой пункт гледжання, спрачацца і адстойваць сваю пазіцыю. Дарэчы, усе напрацоўкі гэтага неардынарнага педагога знаходзяцца ў свабодным доступе. А ў перспектыве В.А.Гарэлава плануе працягваць распрацоўку заданняў, якія будуць адводзіць ад банальных ідэй і рабіць працэс навучання эфектыўным і займальным.

Характэрна, што сярод галоўных прафесійных прынцыпаў Вольгі Анатольеўны — дзейсны падыход і тэхналогія супрацоўніцтва. Настаўніца пераканана: асоба дзіцяці фарміруецца толькі ў дзеянні, таму на ўроках яна актыўна ўзаемадзейнічае з навучэнцамі.

— Стараюся заўсёды быць у дыялогу, у саюзе з вучнямі. Але пры гэтым захоўваю сваю ролевую дыстанцыю як настаўніка. Лічу, што важна ўлічваць індывідуальныя здольнасці навучэнцаў, змены ў мікра­клімаце класа і да кожнага вучня шукаць свой падыход. Вучацца ж не проста дзеці, а канкрэтна Саша, Аня, Данік… І кожны з іх засвойвае вучэбны матэрыял па-свойму. Таму дыферэнцыяцыя мае асаблівае значэнне. Гэты метад дапамагае мне рабіць урокі выніковымі: дзеці атрымліваюць задавальненне ад заняткаў і здабываюць штосьці карыснае для сябе, не імгненнае, а тыя веды, якія застануцца з імі ў далейшым, — адзначыла В.А.Гарэлава.

Вольга Анатольеўна імкнецца быць у пастаянным кантакце з навучэнцамі. Яна займаецца класным кіраўніцтвам, часта сустракаецца з дзецьмі ў пазаўрочны час.

— Класным кіраўніком я стала ў гэтым навучальным годзе. Толькі цяпер зразумела, што гатовая да гэтай адказнай працы. З навучэнцамі мы разам арганізоўваем уласныя мерапрыемствы, удзельнічаем у тых, што праводзяцца ва ўстанове. Наш клас вельмі згуртаваны. Навучэнцы не раз станавіліся пераможцамі розных школьных конкурсаў, — расказала В.А.Гарэлава.

Вучні даволі часта радуюць Вольгу Анатольеўну. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, конкурсах даследчых работ і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах. Выпускнікі паспяхова спраўляюцца з цэнтралізаваным тэсціраваннем, паступаюць на далейшае навучанне ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Прычым многія выбіраюць прафесію з акцэнтам на замежную мову.

Сёння В.А.Гарэлава дасведчаны, прафесійны педагог. Але пры гэтым яна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, нястомна ўдасканальвае сваё педагагічнае майстэрства. Вольга Анатольеўна наведвае разнастайныя адукацыйныя курсы, канферэнцыі, паспяхова ўдзельнічае ў прафесійных конкурсах.

— Свет навокал пастаянна мяняецца, і педагог павінен мяняцца разам з ім. На мой погляд, сучасны настаўнік — гэта энергічны, пазітыўны чалавек, які знаходзіцца ў пастаянным развіцці, — падкрэсліла В.А.Гарэлава.

Каб атрымаць чарговы штуршок да прафесійнага развіцця, Вольга Анатольеўна ішла і на рэспублікан­скі конкурс “Настаўнік года — 2020”, дзе на заключным этапе стала лаўрэатам у намінацыі “Замежная мова”.

— Конкурс — гэта ўнікальны шлях. Ён стаў пачаткам своеасаблівай новай эры ў маёй педагагічнай дзейнасці. Гэта і каласальнае развіццё прафесійнай кампетэнцыі, і вялікі асобасны рост. З’явілася жаданне тварыць, незвычайнае пачуццё палёту, бо зараз у мяне ёсць “жураўліныя крылы”, — расказала В.А.Гарэлава.

…Кожную раніцу Вольга Анатольеўна з задавальненнем ідзе на работу. Яна пастаянна думае над тым, як зрабіць свае ўрокі яшчэ больш захапляючымі. Яна заўсёды падтрымлівае дзяцей ва ўсіх пачынаннях, а потым бязмежна радуецца іх вучэбным поспехам. У яе найбліжэйшых планах — працягваць вучыцца, развівацца і прафесійна ўдасканальвацца, каб станавіцца яшчэ лепшай для сваіх вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.