У свеце дзіцячых фарбаў

У рамках Года малой радзімы і 1000-гадовага юбілею Брэста ў горадзе над Бугам прайшоў конкурс малюнкаў “Мая малая радзіма”, арганізаваны адміністрацыяй Маскоўскага раёна Брэста пры падтрымцы Брэсцкай міжраённай грамадскай арганізацыі майстроў выяўленчага мастацтва, мастацкіх промыслаў і рамёстваў, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Конкурс, у якім прынялі ўдзел усе ўстановы адукацыі раёна, праводзіўся з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых дзяцей, выхавання любові да Радзімы, беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. У фінал выйшлі 42 навучэнцы.

Вынікі конкурсу былі ўрачыста падведзены ў Брэсцкім абласным палацы культуры прафсаюзаў. У фае ажылі імгненні радасці і прыгажосці, утульнасці і цяпла. Усюды панавала атмасфера станоўчых эмоцый і добры настрой. Непаўторны свет фарбаў струменіў з кожнага дзіцячага малюнка. Карціны ўражвалі адметным светабачаннем. Дарослыя маглі пераканацца, што ўсе дзеці па-свойму таленавітыя і ад нараджэння надзелены вялікім патэнцыялам. Проста ва ўсіх розная палітра сродкаў для адлюстравання сваіх магчымасцей, думак і пачуццяў. Узбагачэнне гэтай палітры — асноўная задача педагогаў. Творчасці навучыць нельга, але даць ёй правільны кірунак, развіць здольнасці цалкам магчыма.

У кожнай карціне паўставала асоба дзіцяці з уласнай прасторай самавыяўлення. Арганізатары конкурсу імкнуліся пранікнуць у гэтую прастору, ацаніць і заўважыць.

Каля мальбертаў з пэндзлямі і фарбамі ў руках праводзілі майстар-класы мастакі Брэсцкай міжраённай грамадскай арганізацыі майстроў выяўленчага мастацтва, мастацкіх промыслаў і рамёстваў Святлана Прылуцкая, Тыгран Джавадзян, Наталля Алехна, Ірына Цюшкіна і іншыя. Так, Галіна Масюк расказвала дзецям пра пэчворк. Разам з майстрам яны выраблялі сувеніры. Вольга Сандрыкава паказвала тэкстыльныя лялькі. Ля стала Аляксандра Лазеркі вучні доўга тоўпіліся і не адыходзілі. Яго работы ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Дрэва ў руках майстра ажывала літаральна за хвіліну. Дзеці гарталі альбом з яго работамі, якія выстаўляліся за мяжой і, натхнёныя, бралі стамеску і з азартам працавалі.

Кіраўнік раённай адміністрацыі В.В.Дашкевіч павіншаваў пераможцаў конкурсу, адзначыўшы, што ён адкрыў цыкл сёлетніх мерапрыемстваў, прысвечаных 1000-годдзю Брэста. Вячаслаў Васільевіч спадзяецца, што творчае спаборніцтва стане добрай традыцыяй. У нашай краіне шмат таленавітых дзяцей, і дзяржава робіць усё магчымае для іх падтрымкі.

Пераможцамі конкурсу сталі Настасся Мязга з сярэдняй школы № 19, Ірына Матчан з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні і Ксенія Сварчэўская з гімназіі № 2. Дыпломы ІІ ступені атрымалі Паліна Горбач і Кацярына Бабурына з сярэдняй школы № 10, Яна Палуяновіч з сярэдняй школы № 24, дыпломы ІІІ ступені — Вадзім Кузняцоў з сярэдняй школы № 24, Таццяна Панкевіч з ясляў-сада № 3 і Настасся Ціманюк з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні. Падзячнымі лістамі былі адзначаны Настасся Старыкевіч з сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна, Яна Гамалюк з сярэдняй школы № 19 і Вікторыя Хілько з сярэдняй школы № 4.

Карціны, намаляваныя падчас майстар-класаў, былі перададзены ў падарунак дзіцячым дамам сямейнага тыпу ў Брэсце.

…Мастакі гавораць, што натхненне прыходзіць з водарам фарбаў. Конкурс выявіў шмат дзяцей, захопленых мастацтвам і здольных бачыць свет малой радзімы праз прызму яркіх колераў і адценняў.

Ніна ДРЫК,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.