У свеце дзяцінства

- 11:03Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Бадай, у жыцці кожнага чалавека ёсць свой выхавальнік, які пасля маці адыгрывае важную ролю ў фарміраванні і станаўленні асобы.  

Жыццёвай мудрасцю, душэўнай шчырасцю і глыбокімі ведамі ён дапамагае дзецям пазна­ваць і абагачаць уласны ўнутраны свет, маленькімі крокамі набліжацца да будучыні.

Хлопчыкам і дзяўчынкам з дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста пашчасціла сустрэць у пачатку жыццёвага шляху Жанну Васільеўну Сухавараву, якая сваімі перакананнямі, светапоглядам і каштоўным вопытам паўплывала не на адно пакаленне любімых выхаванцаў. Жанчына з тых педагогаў, якія дораць дзецям любоў, умеюць зацікавіць творчасцю, да­юць трывалыя веды… 

У Жанны Васільеўны залатыя рукі. Ніхто з калег не можа зраўняцца з ёй у стварэнні адмысловых вырабаў з тканіны. Выхавальніца шые цудоўных лялек і цацкі, якія дапамагаюць вучыць і выхоўваць. Дзеці з вялікай цікавасцю назіраюць за работай педагога, за тым, як паступова ў яе руках ажываюць і напаўняюцца зместам звычайныя прадметы, у тым ліку
праз тэхніку пап’е-машэ. 

— Мая прафесія дазваляе бясконца жыць у свеце дзяцінства, казак і фантазіі, — прызнаецца Ж.В.Сухаварава. — Асабліва адчуваеш яе знач­насць, калі бачыш зацікаўленыя і дапытлівыя вочы дзяцей, якія імкнуцца злавіць кожнае маё слова і погляд. Калі знаходзіш такія вочы, адразу разумееш, што ты патрэбны ім, што менавіта ты для іх цэлы свет, напоўнены новымі адкрыццямі, ідэямі і марамі. Кожнаму дзіцяці неабходны любоў і разуменне яго індывідуальнасці. Калі ўлічваеш гэта ў рабоце, то бачыш у вачах выхаванцаў давер, павагу і вялікую ўдзячнасць.

Галоўныя памочнікі Жанны Васіль­еўны — бацькі выхаванцаў. З імі яна ўмее нала­дзіць зносіны, заснаваныя на даверы, узаемаразуменні і падтрымцы. Мамы і таты актыўна ўдзельнічаюць у жыцці групы, ахвотна далучаюцца да творчых праектаў. 

Калегі ганарацца тым, што побач з імі працуе нераўнадушны педагог, які ўласным прыкладам натхняе на пошук новага і цікавага, заклікае да пастаяннага самаўдасканалення і прафесійнага росту. А гэта пад сілу толькі тым, хто па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу, разумее, любіць і паважае іншых.  

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.