У свеце хвастатай экзотыкі

16-гадовы Кірыл СКІРКОЎСКІ сёлета заканчвае ліцэй № 1 Мінска і збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Гэта ўжо само па сабе павінна абазначыць яго будні: заняткі, падрыхтоўка да выпускных і ўступных экзаменаў і максімальная вызваленасць ад любых пабочных спраў. Насамрэч Кірыл знаходзіць час не толькі на вучобу, падрыхтоўку да экзаменаў, зносіны з сям’ёй і сябрамі, але і на сваё самае вялікае захапленне — жывёл. У яго ёсць калекцыя рэптылій, ён вядзе анлайн-кансультацыі па іх доглядзе і лячэнні для соцень людзей, акрамя таго, валанцёрыць у адзіным у Беларусі рэабілітацыйным Цэнтры дапамогі дзікім жывёлам “Сірын”.

— Кірыл, як у тваім жыцці з’явілася цікавасць да рэптылій?

— Я нарадзіўся і да пераезду ў Мінск рос у Рудзенску, што ў Пухавіцкім раёне. А там менш загазаванасці, транспарту і, наадварот, шмат лясоў, рознай жыўнасці. Асабліва шмат рэптылій, бо яны жывуць толькі там, дзе чыстае паветра. І ўсю іх разнастайнасць я з задавальненнем вывучаў. Было мне тады гадоў 8—10. Найбольш мяне цікавілі амфібіі і рэптыліі. Гэта розныя яшчаркі, змеі, жабы і інш. Я іх лавіў, часта прыносіў дадому, разглядваў, назіраў за імі і вяртаў туды, дзе ўзяў, выпускаў. Часта прыносіў і ў школу: нагодай быў ледзь не кожны ўрок біялогіі. Як сёння памятаю, мы на ўроках біялогіі вывучалі мясцовую фаўну, я назбіраў у каробкі з-пад абутку рэптылій і амфібій і прынёс як наглядны матэрыял. Мае аднакласнікі на ўсіх перапынках ад іх не адыходзілі, разглядвалі, а пасля ўрокаў, калі нам трэба было ўступіць клас другой змене, адна каробка, дзе была яшчарка, аказалася пустой. Я спадзяваўся, што яшчарка выбегла праз акно (у нас быў першы паверх), але ўсё высветлілася пазней: калі настаўніца другой змены звыкла паставіла на падаконнік ваду ў шклянцы, каб час ад часу яе піць, яшчарка звалілася ў шклянку. Відаць, яна прытаілася побач на расліне і ад спякоты вырашыла ратавацца ў вадзе. Канечне, тады быў скандал.

— Як ты вырашыў завесці рэптылій дома? Бацькоў не шкада было?

— У мяне заўсёды была розная жыўнасць: то мурашкі, то павукі. Я спадзяваўся, што бацькі былі падрыхтаванымі. Але, прызнаюся, калі 2,5 года назад з’явілася першая мая рэптылія, барадатая агама, у іх быў шок. Зашкальвалі эмоцыі ў іх і пасля другой, трэцяй і чацвёртай яшчаркі. А потым прывыклі і цяпер не заўважаюць новенькіх. Праўда, калі я не забываю закрыць тэрарыум ці яны самі не знойдуць магчымасць выбрацца. (Смяецца.)

— Якія ў цябе самыя цікавыя жывёлы?

— Цяпер у мяне 8 розных рэптылій, у асноўным — яшчаркі. Мне асабліва падабаюцца вогненны сцынк — жвавая і цікаўная яшчарка — і вушасты бананаед, які мяняе сваю афарбоўку і падстройваецца пад навакольнае асяроддзе. За імі цікава назіраць. Ёсць у мяне і гікон токі. Сам па сабе ён не рэдкасць, але ў мяне ўладальнік рэдкага характару. Звычайна яны агрэсіўныя, імкнуцца пакусаць, у мяне ж ён вельмі добры, спакойны, ручны. Сёння вечарам я  еду на выставу ў Маскву (я часта там бываю) і забяру адтуль яшчэ 6 новых: 4 рэптыліі і 2 амфібіі. Гэта сцынкавы гікон, дрэвалаз і іншыя. Іх для мяне прывязуць у Маскву з Кітая. Магчыма, я не абмяжуюся тымі, пра каго ўжо дамовіўся, бо чакаецца, што ўдзельнікаў і прапаноў рэптылій будзе шмат, таму не выключана, што магу спакусіцца і купіць яшчэ каго-небудзь.

— А як атрымалася, што ты стаў весці кансультацыі для гаспадароў рэптылій і іншых экзатычных жывёл?

— Калі стаў сур’ёзна захапляцца рэптыліямі, то шукаў інфармацыю пра іх. Знайшоў двух урачоў-герпетолагаў, і яны шмат чаму мяне навучылі. Знаёмы я і з расійскімі спецыялістамі. Яны мне таксама дапамагалі разбірацца, давалі першакрыніцы інфармацыі па розных хваробах, падыходах да лячэння і інш. Некаторыя начытвалі мне цэлыя лекцыі ў галасавых паведамленнях, а я ўсё канспектаваў. Вывучаў і замежныя крыніцы, чытаў шмат кніг. Карысным быў вопыт зносін з заводчыкамі ў сацсетках. Напрыклад, ва “УКантакце” знайшоў групу “Барадатая агама” і па вопыце ўладальнікаў рэптылій пачаў вывучаць гэтых жывёл. Потым, калі ўжо мог сам нечым падзяліцца, завёў сваю агаму і ад пытанняў перайшоў да адказаў. На той момант у Беларусі я ведаў толькі адну заводчыцу, і мне давялося ажно 4 месяцы чакаць, пакуль у яе агамы вылупяцца маленькія яшчаркі. За гэты час я ўжо шмат ведаў і нават стаў адміністратарам гэтай групы. Цяпер у мяне шмат сваіх груп у сацсетках з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Напрыклад, у “Барадатай агаме” больш за 5,5 тысячы.

— З якімі праблемамі да цябе найчасцей звяртаюцца заводчыкі?

— У 9 з 10 выпадкаў праблемы звязаны з няправільнымі ўмовамі ўтрымання. Што да хвароб, то бываюць прыватныя выпадкі, але найчасцей гэта розныя віды інвазіўных заражэнняў і гіпер- ці гіпавітамінозы, рахіты. Бываюць і бранхіты, пнеўманіі.

Я часта бачу хворых рэптылій у сацсетках. Прычым калі ў Расіі кірунак развядзення рэптылій у цэлым больш развіты, больш урачоў-герпетолагаў, то ў Беларусі сітуацыя горшая. У нас не развіты выставы рэптылій, цяжка купіць абсталяванне, спецыфічныя лекі, корм. А праблемай найчасцей становіцца якраз няправільны рацыён, адсутнасць важных дабавак, а ў выпадку з рэптыліямі і амфібіямі яшчэ і тэмпературны рэжым — для іх гэта жыццёва важна. Таксама павінна быць добрае абсталяванне, сучасныя мікраскопы, бо без гэтага вельмі складана зразумець, што адбываецца. Напрыклад, у сітуацыі з інвазіяй немагчыма дакладна вызначыць дыягназ, адпаведна — вылечыць.

У тых жа змей праблем з харчаваннем амаль не ўзнікае, бо ўсе неабходныя вітаміны ёсць у іх корме (звычайна гэта мяса ці жывыя дробныя жывёлы), але ёсць нюансы з утрыманнем: адным відам неабходна тэмпература ўтрымання 32 градусы, іншым падаграванне не патрэбна, некаму неабходна толькі верхняе праграванне, некаму — адметныя лямпачкі і іншае. Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з яшчаркамі, якім часта трэба вельмі дакладныя тэмпературы для кожнага віду, ультрафіялетавыя лямпы, лямпы прагрэву і інш. Не менш нюансаў з вільготнасцю — яна павінна быць на такім узроўні, каб стварыць максімальна падобныя кліматычныя ўмовы, у якіх жыве гэты канкрэтны від у прыродзе.

І асаблівая бяда, калі захворванне не звязана са створанымі ўмовамі. Як правіла, дыягназ свайго гадаванца людзі шукаюць у інтэрнэце. І якраз гэта галоўная праблема, бо дыягназаў і варыянтаў лячэння там можна знайсці столькі (прычым кардынальна розных), што людзям даводзіцца міжвольна ставіць на жывёлах эксперыменты. Кожны выпадак індывідуальны, і не заўсёды лячэнне можа быць універсальным.

— Ці шмат у Беларусі людзей, якія маюць рэптылій? І як вам удаецца ім дапамагаць?

— Толькі да мяне з рознымі пытаннямі звярталася каля 200 беларусаў. Думаю, заводчыкаў намнога больш. Шмат іх у Расіі і Украіне. Гэта мая асноўная аўдыторыя. У большасці выпадкаў яны просяць анлайн-кансультацыю, і я па фота хворых жывёл, выніках аналізаў і аповедах гаспадароў стаўлю дыягназы і рэкамендую лячэнне. А беларусы, асабліва мінчане, калі відавочна, што праблема больш складаная, чым падаецца, самі прывозяць да мяне сваіх гадаванцаў, ды і я часам выя­з­джаю на месца.

— Калі б я гутарыла з дарослым чалавекам, прафесійным ветэрынарам, то зразумела б. А як знайсці час не толькі на кансультацыі, але і на выезды школьніку, тым больш амаль выпускніку?

— Калі адкінуць усё няважнае (тыя ж камп’ютарныя гульні), навучыцца аптымізоўваць свой графік, то і часу застаецца шмат. Напрыклад, у мяне ёсць час цікавіцца яшчэ і птушкамі, кажанамі. Я таксама займаюся іх лячэннем, бо, як нядзіўна, практыка работы з птушкамі і рэптыліямі вельмі блізкая. Я знайшоў добрых урачоў, якія ахвотна вучаць мяне гэтай справе.

— Ведаю, што якраз птушкі і жаданне ім дапама­гаць і прывялі цябе ў Цэнтр выратавання дзікіх жывёл “Сірын”. Раскажы, як ты стаў валанцёрам.

— Так, туды мяне прывялі птушкі. Там іх шмат, і ўсім ім неабходна дапамога. А знаходзіць кожнай птушцы ўрача няма ні часавай, ні фінансавай магчымасці. Таму я прыйшоў туды і застаўся, дапамагаю чым магу, лячу, раблю перавязкі. Ды і іншая праца там заўсёды ёсць: каму новае жытло трэба пабудаваць, каму — старое ўцяпліць, з кім — проста пагуляць. Там, акрамя птушак, шмат і жывёл. Часам іх агульная колькасць даходзіць да 60. Знаходзіцца ў акружэнні жывёл і птушак, вельмі прыемных і добрых валанцёраў, дырэктара цэнтра мне падабаецца, таму я бываю там часта.

— Як птушкі і жывёлы трапляюць у “Сірын”?

— Па-рознаму. Птушкі часта б’юцца аб шкляныя вітрыны і ламаюць крылы. І птушак, і жывёл часам збіваюць машыны, на іх нападаюць драпежнікі і, на жаль, нават людзі. Нядаўна з кантактнага заапарка нам прывезлі з паўтара дзясятка жывёл: янотападобных сабак, насух, янотаў, пясца і інш. Гэты цэнтр існуе выключна на ахвяраванні нераўнадушных лю­дзей, і фінансаванне вельмі абмежаванае. Мы імкнёмся як мага хутчэй выхадзіць жывёл. Асабліва складана правесці рэабілітацыю і падрыхтоўку да выпуску ў прыроду птушак. Каб паляваць, ім трэба зноў навучыцца лятаць, а каб ля­таць, птушцы неабходна нарасціць мышачную масу, адпаведна, трэба даць ёй шмат трэніровак. Каб было дзе трэніравацца, мы будуем вялікія разлётачныя вальеры. Але шмат у нас і тых, хто ў прыродзе ўжо не выжыве. Такія жывёлы застаюцца ў нас назаўсёды.

— У прытулку для жывёл у цябе ёсць любімчыкі?

— Канечне. Гэта якраз нашы “старычкі”, бо яны жывуць доўга. Мой любімчык асаед. Я з ім стаў працаваць, як толькі яго да нас прывезлі. У пачатку лета адпусціў усіх на адпачынак і два тыдні працаваў там адзін. І тады ў нас з’явілася казляня Норак. Яму было ўсяго 4 месяцы, і яно баялася ўсіх. Калі мяне не было побач, пачынала крычаць, баялася нават нашага дабрака сабаку. Я пабудаваў для казляняці прасторны вальер, каб яно магло гуляць на траўцы пад сонейкам. Ёсць падораныя жывёлы: поні, в’етнамская свіння і іншыя.

— Падчас усёй нашай гутаркі мне не даюць спакою твае прафесійныя планы. Чаму пры такім сур’ёзным захапленні лячэннем і рэабілітацыяй жывёл раптам БДУІР? Чаму ты выбраў для сябе не ветэрынарыю, а праграмаванне?

— Я вельмі хацеў бы атрымаць прафесійную адукацыю, але не па ветэрынарыі ўвогуле, а менавіта па лячэнні рэптылій і птушак. На жаль, у беларускіх ветэрынарных УВА профіль — свойскія жывёлы. Мне гэта не цікава, і да майго захаплення не мае ніякага дачынення. Ёсць патрэбны мне кірунак у адным з універсітэтаў Санкт-Пецярбурга, але я не хачу жыць па-за Беларуссю нават у гады вучобы. Аднак не выключаю, што гэта будзе маёй другой спецыяльнасцю пасля праграмавання.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Кірыла СКІРКОЎСКАГА і з яго архіва.