На працягу многіх стагоддзяў шахматы захаплялі розумы людзей рознага ўзросту, у розных краінах. І сёння сотні тысяч дзяцей і дарослых штодзень спаборнічаюць на шахматных палях, каб сказаць саперніку “Шах і мат”. На Міншчыне апантаных гэтым цудоўным заняткам сабраў разам абласны спартыўна-масавы фестываль “Шахматныя надзеі”.
Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці вялікае значэнне надаецца развіццю і папулярызацыі шахмат сярод дзяцей і моладзі. У мінулым навучальным годзе быў распрацаваны абласны план мерапрыемстваў па папулярызацыі гэтай гульні, упершыню прайшоў маштабны шахматны марафон, у рамках якога ладзілася безліч разнастайных мерапрыемстваў, што абуджалі цікавасць дзяцей да гэтага віду спорту. І сёння ва ўсіх установах адукацыі вобласці арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў па шахматах. Работа ў гэтым кірунку працягваецца. Пацвярджэнне таго фестываль “Шахматныя надзеі”, які прайшоў на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Свiтанак” Пухавіцкага раёна. На мерапрыемства сабраліся педагогі з усіх раёнаў вобласці, якія вядуць заняткі па шахматах.
Адкрыў фестываль паказ моды: навучэнцы ўстаноў адукацыі Пухавіч падрыхтавалі дэфіле ў касцюмах, на стварэнне якіх натхнілі шахматы. У рамках фестывалю прайшлі бліцтурнір па шахматах і сеансы адначасовай гульні, у якіх бралі ўдзел дзеці. Педагогі ж дзяліліся ўласнымі напрацоўкамі, абмяркоўвалі актуальныя пытанні, якія дапамогуць павысіць якасць работы па развіцці і папулярызацыі гэтай гульні ва ўстановах адукацыі вобласці. Для ўдзельнікаў мерапрыемства працавала інтэрактыўная пляцоўка “Шахматны ўсенавуч у пачатковай школе”, адбылася прэзентацыя вопыту работы педагога дадатковай адукацыі ЦТДіМ “Свiтанак” Максіма Леанідавіча Падвінскага, які расказаў пра шахматы як эфектыўны сродак павышэння матывацыі вучняў да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам.
Цікавыя ідэі для работы можна было ўбачыць на майстар-класах, што правялі намеснік дырэктара Мар’інагорскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталля Мікалаеўна Голубева і педагог дадатковай адукацыі ЦТДіМ “Свiтанак” Канстанцін Антонавіч Балахоўскі.
Завяршыўся фестываль уручэннем падарункаў. Мерапрыемства паказала, наколькі рознабаковы і непрадказальны свет шахмат і колькі разнастайных вучэбных і выхаваўчых задач можна вырашаць пры дапамозе гэтага інтэлектуальнага занятку.
Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.