У святле “Ліхтарыка”

- 13:49Дашкольная адукацыя, Рознае

Яслі-сад № 565 Фрунзенскага раёна Мінска “Ліхтарык” адносіцца да тых дашкольных устаноў, у якіх дзецям прапаноўваецца шырокі спектр адукацыйных паслуг: група кароткачасовага наведвання, школа ранняга развіцця для малышоў, якія не наведваюць сад, “Маміна школа”. Ёсць і спецыяльныя групы для дзяцей з маўленчымі парушэннямі, у якіх выхаванцы атрымліваюць карэкцыйна педагагічную дапамогу. Па просьбе бацькоў былі адкрыты беларускамоўная група і група з комплексам дадатковых адукацыйных паслуг. Цікавым кірункам работы дашкольнай установы з’яўляецца экалогія і энергазберажэнне, які рэалізуецца ў супрацоўніцтве з айчыннымі і замежнымі арганізацыямі, у тым ліку з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ).

Эканомныя і беражлівыя

— Распаўсюджваннем ведаў па энергазберажэнні мы пачалі займацца яшчэ ў 2000 годзе, калі гэтым пытаннем яшчэ мала хто цікавіўся, — арганізоўвалі семінары на базе ўстановы, — расказвае загадчык сада Людміла Барысаўна Клімковіч. — Педагогі нашай установы прымалі ўдзел у мерапрыемствах Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Мінскім гарадскім упраўленнем па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем ПЭР, якія праводзіліся для работнікаў дашкольных устаноў раёна, горада і бацькоў. У сваю чаргу нашы педагогі дзяліліся вопытам з калегамі на ўзроўні раёна, горада і рэспублікі, часта прымалі ўдзел у міжнародных выставах і канферэнцыях, прысвечаных пытанням энергарэсурсазберажэння, а таксама ў акцыі “Мінус 60 Ват”.
Мне давялося паўдзельнічаць у рэспубліканскім семінары, які праводзіўся пад эгідай ААН “Экатурызм як рэсурс для развіцця рэгіёна і краіны і адзін з кірункаў у вырашэнні праблемы дэградацыі асяроддзя”, — працягвае Людміла Барысаўна, — а таксама ў рэспубліканскім семінары па праекце Сусветнага банка “Мадэрнізацыя інфраструктуры сацыяльнага сектара Рэспублікі Беларусь па пытаннях энергаэфектыўнасці”.
Увогуле, сярод праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры фінансаванні Сусветнага банка, важнае месца займаюць праекты па энергазберажэнні і павышэнні энерга-эфектыўнасці. Так, у ходзе выканання такога праекта ў нашай установе ў 2002 годзе памянялі звычайныя свяцільні на энергазберагальныя, а ў 2010 годзе адбылася замена аконных і вонкавых дзвярных блокаў.
Праз два гады пасля таго, як адбылася цепламадэрнізацыя будынка, установу наведаў вядучы спецыяліст аддзела развіцця прыватнага і фінансавага сектараў Сусветнага банка Грэгары Еджэічак, і мы зрабілі своеасаблівую справаздачу, азнаёмілі яго з паказчыкамі захваральнасці дзяцей. Калі ў 2006/2007 годзе яны былі на ўзроўні 19,3 дня, прапушчаных адным дзіцем па хваробе ў год, то ў 2011/2012 годзе складалі толькі 15,6 дня. І адзін са спрыяльных фактараў гэтага — больш камфортны мікраклімат, у памяшканнях сада стала цяплей.
На базе нашай установы былі зняты рэкламныя відэаролікі для тэлебачання, відэафільмы, прысвечаныя пытанням энергазберажэння ў дашкольнай установе. На III Мінскім міжнародным фестывалі экалагічнага кіно “Экафільм” быў прадстаўлены відэафільм “Камандзіроўка даўжынёю ў дваццаць гадоў”, у здымках якога прынялі ўдзел нашы выхаванцы. Фільм прысвячаўся 20- годдзю чарнобыльскай трагедыі. Па заказе ААН была знята і відэастужка “Я маю правы? Я маю правы!”.
І сёння працягваецца работа ў кірунку экалогіі і энергазберажэння, педагогі вучаць дзяцей эканомна расходаваць энергарэсурсы, выхоўваюць у іх беражлівыя адносіны да прыроды. Выхавальнік Алена Сцяпанаўна Бялько, якая працуе з адкрыцця сада, актыўна падтрымлівае ўсе новыя пачынанні, спрыяе замацаванню іх у калектыве і прыўносіць у кожнае штосьці адметнае, сваё. Алена Сцяпанаўна з’яўляецца суаўтарам метадычных дапаможнікаў “Мы сябруем з прыродай”, “Азбука Берагошы”. Педагог прымала ўдзел у конкурсе “Энергамарафон-2011”. Яна — уладальнік прэміі і гранта Мінгарвыканкама, суаўтар кнігі Н.С.Старжынскай і Д.М.Дубінінай “Вучым дзяцей расказваць”.
— Выхаванне пачынаецца ў сям’і, але працягваецца яно ў дзіцячым садзе, — гаворыць Алена Сцяпанаўна. — Лічу, што перш за ўсё педагог павінен выхоўваць у дзяцей беражлівыя адносіны да таго асяроддзя, у якім яны знаходзяцца. Пачынаць трэба з выхавання такіх адносін да цацкі, да кнігі, да ўсяго, што побач. У дзяцей дашкольнага ўзросту дамінуе наглядна-вобразнае мысленне, і таму трэба адштурхоўвацца ад вобраза — цацкі, яркіх наглядных дапаможнікаў, развіццёвых гульняў — таго, што актыўна стымулюе пазнавальны інтарэс дзіцяці. Для выхаванцаў я пашыла мяккія цацкі — Цяплошу, Электрошу і Каплюшу, якія дапамагаюць пры абыгрыванні розных сітуацый. Час ад часу прызначаю з ліку дзяцей дзяжурнага, які адказвае за захаванне цацак, кніг, за эканомію вады, святла ў групе і г.д. Калі хтосьці з выхаванцаў раптам пачынае “крыўдзіць” цацкі, то перад ім паўстае дзяжурны і прыкладае ўсе намаганні, каб сітуацыя выправілася.
Для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту Алена Сцяпанаўна змайстравала яшчэ адну цікавую плюшавую цацку — сонечнага зайчыка Юні-Юні, рэалізаваўшы тым самым сумесны з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) праект. Зайчык сёння — ад зін з сімвалаў дзіцячага фонду. Персанаж закліканы абвяшчаць і абараняць правы самых маленькіх жыхароў Зямлі. Дзеці ведаюць, што для таго, каб убачыць сонечнага зайчыка, дастаткова самага маленькага кавалачка люстэрка або проста бліскучага гузіка, а яшчэ ўсмешкі ці добрага ўчынку. Сонечны зайчык — гэта маленькі праменьчык сонейка, які адлюстроўваецца ў нашых сэрцах.
Сонечны зайчык прымяняецца пры тэатральнай дзейнасці, у сюжэтна-ролевых гульнях. Юні-Юні павінен вучыць дзяцей гуманнасці пры вырашэнні канфліктаў, уменню прытрымлівацца пры зносінах правільных маральных норм, лічыцца з правамі і інтарэсамі іншых дзяцей падчас гульняў, садзейнічаць выхаванню паважлівых адносін да блізкіх. Сонечны зайчык закліканы пазнаёміць дзяцей з іх правамі, у прыватнасці, з правам жыць у сваім доме, правам на адукацыю, ён садзейнічае фарміраванню адказных паводзін у побыце, а таксама выхаванню пачуцця ўласнай годнасці. Дзеці павінны навучыцца дыферэнцыраваць паняцці “права” і “жаданне”.
— Больш як 20 гадоў, з самага адкрыцця сада, мы сябруем з рэдакцыяй часопіса “Вясёлка” і яго рэдактарам Уладзімірам Сцяпанавічам Ліпскім, — адзначае Людміла Бырысаўна. — Дзеці і выхавальнікі наведваюць музей Васі Вясёлкіна, што знаходзіцца ў рэдакцыі. Нядаўна, напрыклад, у гэтым музеі выхаванцы пазнаёміліся з прадстаўніком ЮНІ СЕФ у Беларусі Юрыем Аксамітным. Нашы дзеці прымаюць удзел у конкурсах малюнкаў, якія друкуюцца на старонках часопісаў, а таксама ў розных творчых мерапрыемствах, якія арганізоўваюць часопісы “Вясёлка” і “Буся”.

Па запытах бацькоў

Па просьбах бацькоў у садзе прапаноўваюцца розныя адукацыйныя паслугі. У прыватнасці, дзейнічаюць тры спецыялізаваныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю, бо ў мікрараёне шмат дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе настаўніка-дэфектолага.
— У спецыялізаваных групах дзеці маю ць дыягназы АНМ, маторная алалія, дызартрыя, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Таццяна Анатольеўна Хамраева. — Акрамя таго, арганізаваны заняткі па маўленчым этыкеце ў гуртку, які наведваюць дзеці з масавых груп, якім трэба толькі падправіць асобныя гукі, папрацаваць над развіццём маўлення. На занятках развіваецца маторыка, як агульная, дробная, так і артыкуляцыйная, а таксама фанематычнае ўспрыманне, шмат часу адводзіцца развіццёвым гульням.
У дашкольнай установе па просьбах бацькоў ужо трэці год працуе беларускамоўная група. Асноўны матыў, якім кіраваліся бацькі ў сваёй просьбе, такі: чым раней дзеці набудуць добрыя веды па дзвюх мовах, тым лягчэй ім будзе пасля вучыцца ў школе.
Таксама ва ўстанове прапаноўваюцца і розныя дадатковыя паслугі: гурток па падрыхтоўцы дзяцей 5—6 гадоў да школы, гурток па выяўленчай дзейнасці, гурток інтэлектуальнага развіцця і аздараўленчага кірунку, харэаграфічны гурток. У “Ліхтарыку” праводзяцца індывідуальныя заняткі з настаўнікам-дэфектолагам “Маўленчы этыкет”, “Маміна школа”, а таксама ёсць адаптацыйная група.
— У нашым садку функцыянуюць 14 груп, свабодных памяшканняў у ім практычна няма, — падкрэслівае загадчыца сада Людміла Барысаўна Клімковіч. — А паколькі патрэба ў іх з часам узнікае, мы знайшлі выйсце — вырашылі аб’яднаць дзяцей прыблізна аднаго ўзросту ў адну групу для аказання ім дзвюх дадатковых паслуг. Калі казаць аб кошце паслуг, то найбольш папулярныя заняткі па інтэлектуальным развіцці і ў гуртку “Рух і здароўе” каштуюць сёння 150 тысяч рублёў у месяц, па маўленчым этыкеце — 320 тысяч рублёў — гэта самы дарагі гурток. Тыя грошы, якія плацяць бацькі за дадатковыя паслугі, часткова ідуць на зарплату выхавальнікам, а таксама на пакупку мэблі і наглядных дапаможнікаў.
Вельмі запатрабаваная сёння адаптацыйная група. У сакавіку ва ўстанове пачнецца новае яе камплектаванне з дзяцей, якія пасля прыйдуць у наш сад. На працягу 2—3 месяцаў малышы з мамамі будуць наведваць адаптацыйную групу. Заняткі будуць ісці па падгрупах. Дасведчаныя педагогі дапамогуць малышам сарыентавацца ў новым для іх асяроддзі: музычны кіраўнік пазнаёміць з чароўным светам музыкі; кіраўнік фізвыхавання навучыць разнастайным рухам і дынамічным практыкаванням; педагог-псіхолаг пракансультуе бацькоў па пытаннях выхавання дзяцей ранняга ўзросту. Самае галоўнае пры адаптацыі да дашкольнай установы — псіхалагічная гатоўнасць дзіцяці да знахо-джання ў калектыве. І педагогі ўстановы гатовы прафесійна параіць бацькам, як ім трэба паводзіць сябе з дзіцем, калі яно пачне наведваць дзіцячую ўстанову.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.