У сяброўстве з бяспекай

- 15:15Нам пішуць

Сёння ва ўсіх установах адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца навучанню бяспечнай жыццядзейнасці. У школе дзеці авалодваюць не толькі вучэбнымі прадметамі, але і здабываюць навыкі захавання здароўя і бяспекі ва ўмовах магчымых форс-мажораў.

Наша Навасёлкаўская базавая школа Гродзенскага раёна імкнецца стварыць умовы для эфектыўнага навучання правілам бяспечных паводзін. Канечне, асноўны акцэнт робіцца на заняткі АБЖ, якія ўключаны ў вучэбны план у кожным класе. Выкарыстоўваюцца па максімуме і рэсурсы класных і інфармацыйных гадзін. Класныя кіраўнікі як пачаткоўцаў, так і старшакласнікаў не стамляюцца даводзіць да сваіх выхаванцаў прапісныя ісціны. На занятках педагогі стааюцца адмовіцца ад лекцый і стамляльных павучанняў, а выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы — аўкцыёны ведаў, віктарыны, круглыя стаправіла,лы, прэзентацыі. Заўсёды прыцягваюцца інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі: інтэрнэт-тэсты, відэаролікі, віртуальныя падарожжы.

Найбольш дзейсным спосабам уздзеяння лічыцца аповед з першых вуснаў, таму ў школу запрашаюцца работнікі МНС. Так, запамінальнай стала нядаўняя сустрэча з інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага РАНС Маргарытай Аляксандраўнай Дакучаевай, якая нагадала аб мерах засцярогі пры няшчасных выпадках, правяла віктарыну, прадэманстравала кранальны тэматычны фільм, пазнаёміла з патрабаваннямі да абітурыентаў прафесійнай УВА. А якраз напярэдадні ўвесь калектыў школы ўдзельнічаў у дні грамадзянскай абароны і ўдала правёў вучэбную эвакуацыю.

Традыцыйным стаў удзел нашых вучняў у конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей”. Асабліва моцнымі яны сябе паказваюць як паэты, рэгулярна атрымліваючы дыпломы за ўласныя вершы. На ўрачыстай лінейцы пераможцы з гонарам ідуць па граматы і падарункі. Трэцякласнік Максім Талерчык аказаўся лепшым у раёне у сваёй узроставай групе ў конкурсе “Школа бяспекі” і годна выступіў на абласным этапе. У конкурсе фотаздымкаў “Ратавальнікі і малышы” наша настаўніца Людміла Валянцінаўна Дарашкевіч у вобласці заняла 2 месца. У выніку Мікіта Клыш — вучань другога класа, які пазіраваў на фота, атрымаў запрашэнне разам з усёй сваёй сям’ёй наведаць Цэнтр бяспекі ў горадзе Ліда. Гэты візіт пакінуў як у дарослых, так і ў дзяцей шмат незабыўных уражанняў. Малышы мелі магчымасць у гульнявой, але максімальна прыбліжанай да рэальнасці форме адчуць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі і прыняць неабходнае рашэнне. А нядаўна ўсе вучні здзейснілі экскурсію ў Гродна ў Музей гісторыі пажарнай службы. Музей адкрыты адносна нядаўна, але ўжо назапасіў багаты цікавы матэрыял, які прадставіў наведвальнікам.

У школе аформлена падпіска на часопіс “Юны ратавальнік”. На інфармацыйных гадзінах абмяркоўваюцца артыкулы з выдання, не застаюцца па-за ўвагай і крыжаванкі з рэбусамі. Рэгулярна абнаўляецца матэрыял на стэндах па ПДР, пажарнай бяспецы, “Газ у побыце”, у кутку АСВАД.

Клуб юных ратавальнікаў-пажарных — кіруючы орган школы, які курыруе пытанні бяспекі. У пачатку навучальнага года складаецца план мерапрыемстваў, размяркоўваюцца абавязкі. Члены клуба — самыя актыўныя ўдзельнікі шматлікіх акцый і конкурсаў.

Бяду лепш папярэдзіць, упэўнены калектыў нашай школы. Таму педагогі імкнуцца ўзброіць навучэнцаў неабходнымі ведамі, даючы трывалы арыенцір на бяспечную жыццядзейнасць.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 6 класа
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.