У сямейным альбоме тэхналагічнага каледжа

- 9:22Выбар прафесіі

Гэтая ўстанова мае рэдкі для каледжа пералік спецыяльнасцей, па дзвюх з якіх у Беларусі больш нідзе не рыхтуюць. Тут мяжуюць новыя тэхналогіі і культурныя традыцыі, поплеч вучацца “тэхнары” і “гуманітарыі”. Знаёмцеся: філіял БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”.

Штогод у верасні каледж збірае пад сваім дахам больш за тысячу навучэнцаў. На працягу года колькасць маладых людзей мяняецца — з-за розных тэрмінаў навучання выпуск спецыялістаў адбываецца ў розны час. Выпускнікі атрымліваюць дыпломы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, паколькі каледж уваходзіць у структуру гэтай установы.

Для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў каледжы ажыццяўляецца набор па васьмі спецыяльнасцях: “Лясная гаспадарка” (кваліфікацыя “тэхнік лясной гаспадаркі” — на аснове 9 класаў навучанне ажыццяўляецца на дзённай форме, на аснове 11 класаў — на завочнай форме), “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” (спецыялізацыя “тэхналогія і дызайн мэблі”, кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг” — на аснове 9 класаў), “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” (“тэхнік-механік”), “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” (“тэхнік-праграміст”) — на аснове 9 і 11 класаў, “Дакументазнаўства і дакуменцыйнае забеспячэнне кіравання” (“сакратар-рэферэнт” — на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі) і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (“мастак. Настаўнік”). Набор на спецыяльнасць “Правазнаўства” (кваліфікацыя “юрыст”) ажыццяўляецца на платную форму навучання на аснове 9 класаў. Усе абітурыенты, акрамя паступаючых на спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, будуць удзельнічаць у конкурсе па сярэднім бале атэстата. Будучыя мастакі павінны здаваць творчы экзамен.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя ў кале­джы прадстаўлена дзевяццю кваліфікацыямі. Па конкурсе сярэдняга бала атэстата будуць залічвацца абітурыенты, якія выбралі наступныя кваліфікацыі: “ляснік, вальшчык лесу, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”, “слесар па рамонце аўтамабіляў, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “сакратар” — пасля 11 класаў; “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, рамшчык, аператар ЭВМ”, “аператар ЭВМ, сакратар” — пасля 9 класаў.

Жадаючым атры­маць кваліфікацыю,  звяза­ную з творчасцю (“вырабляльнік мастацкіх вырабаў з керамікі, аператар камп’ютарнай графікі” — пасля 9 класаў; “выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ, вырабляльнік мастацкіх вырабаў з лазы”, “рэзчык па дрэве і бяросце, ювелір” — пасля 9 і 11 класаў; “ткач (ручное ткацтва), выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ” — пасля 11 класаў), акрамя ўдзелу ў конкурсе атэстатаў, давя­дзецца выканаць тэставае заданне.

— Наш каледж — ­адзін з лідараў у рэгіёне па колькасці спецыяльнасцей. Яго адметная рыса ў тым, што тут сябе знаходзяць і “тэхнары”, і “гуманітарыі”, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Дзевяцьярава. — У нас вучацца шмат сямейных дынастый. Бывае, дзесяцігоддзямі выпускаем прадстаўнікоў адной сям’і ці выхадцаў з пэўнага населенага пункта.

Геаграфія навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа не абмяжоўваецца Віцебшчынай: тут вучацца маладыя людзі з Гродзенскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей і Мінска. Па словах Людмілы Мікалаеўны, коль­касць юнакоў і дзяўчат у каледжы амаль аднолькавая. Адзінае, некаторыя спецыялізацыі мо­гуць быць больш “дзявочыя” (“сакратар-рэферэнт”), а іншыя больш “хлапечыя” (“тэхнік-механік”).

Тэрыторыю каледжа можна смела назваць горадам у горадзе: тут размешчаны два вучэбныя корпусы, вучэбна-вытворчыя лабараторыі, рэсурсны цэнтр, уласны магазін, басейн, сталовая і інш. Для таго каб пазнаёміцца з установай у поўнай ступені, трэба завітаць сюды неаднойчы. Таму пакуль больш падрабязна паглыбімся ў “творчыя” і “рэдкія” спецыяльнасці.

“Утаймавальнікі” драўніны

Нягледзячы на пазаўрочны час, у вучэбна-вытворчых лабараторыях кале­джа лунаюць разнастайныя пахі. У кожнай свой, адметны. Найбольш вялікая па аб’ёме тэрыторыя, якую займаюць лабараторыі і цэхі, належыць навучэнцам аддзялення лясной гаспадаркі і тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей. Тут пахне пілавіннем і металам. У двух цэхах па апрацоўцы драўніны (механічнай і ручной) сыравіна праходзіць увесь цыкл апрацоўкі праз розныя станкі. Гэта дазваляе наладзіць бесперапынны і безадходны вытворчы працэс. Так, у цэх паступае распілаванае дрэва, а выхо­дзяць адтуль брусы, дзвярныя і аконныя блокі і інш. На гэтых аб’ектах знаходзіцца найноўшае абсталяванне, што выкарыстоўваецца ў галіне, дзякуючы чаму навучэнцы мо­гуць праходзіць практыку непасрэдна на базе каледжа. Адной з жамчужын цэха з’яўляецца станок лазернай рэзкі і гравіроўкі, на якім можна працаваць з арганічным шклом, фанерай і пластыкам. Акрамя сваіх выхаванцаў, тут навучаюць моладзь і з іншых устаноў адукацыі — у межах нядаўна адкрытага на базе кале­джа рэсурснага цэнтра па падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў для дрэваапрацоўчых вытворчасцей.

У майстэрні ручной апрацоўкі драўніны нават улетку шчыруе Уладзіслаў Цімафееў — сёлетні выпускнік і цяпер ужо супрацоўнік установы.

— Пасля школы я планаваў пасту­паць ва ўніверсітэт, таму каледж, можна сказаць, выбіраў спантанна. Яго мне параіў дзядзька — ён некалі вучыўся тут на маёй спецыяльнасці (“Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”). Спачатку я думаў, што ў каледжы надоўга не затрымаюся, але пасля ўліўся і вырашыў атрымаць яшчэ і прафесійна-тэхнічную адукацыю, — расказвае Улад. — Мяне зачапіла работа з абсталяваннем. Калі я працую з дрэвам — адпачываю. У такія моманты разумею, што нічога б не мяняў, займаўся б гэтым і далей.

Малады чалавек рыхтуецца чарговы раз прадставіць каледж на WorldSkills International (пройдзе ў 2022 годзе) па кампетэнцыі “Цяслярская справа. Яго гісторыя ў конкурсе прафесійнага майстэрства пачалася з прапановы майстра па вытворчым навучанні паспрабаваць свае сілы. Да гэтага хлопец больш займаўся сталярнай справай, але да конкурсу трэба было асвоіць цяслярства.

— Для пачатку трэба было навучыцца добра чытаць чарцяжы і рабіць мацаванні, а пасля толькі пераходзіць да канкрэтных вырабаў, — тлумачыць малады чалавек, трымаючы ў руках высокую драўляную піраміду. — Для ўдзелу ў абласным этапе я зрабіў 30 такіх, не лічачы таго, што перарабляў асобныя дэталі.

Па словах Улада, самым складаным у набыцці новых ведаў было асвоіць чарцяжы і прывыкнуць да вялікіх фізічных нагрузак. Паўгода хлопец заседжваўся ў майстэрні пасля заняткаў: не мог думаць ні пра што, акрамя вырабу дэталей. Чым больш ён знаёміўся з тонкасцямі цяслярскай работы, тым больш хацелася паглыбляцца ў яе. Праз паўгода юнак асвоіўся, і справа пайшла шпарчэй. Вынікам уседлівасці і працаздольнасці Улада стала 2-е месца на WorldSkils Belarus 2020. Акрамя яго, каледж прадстаўлялі Дзмітрый Баброў (1-е месца ў кампетэнцыі “Сталярная справа”) і Ва­дзім Стрыжонак (3-е месца ў кампетэнцыі “Мэблевыя работы”).

Завяршае ўладанні аддзялення лясной гаспадаркі і тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей цэх апрацоўкі адвесных пліт — месца, дзе нараджаецца мэбля. Каб навучэнцы маглі ажыццяў­ляць зборку мэблі рознай складанасці, іх спачатку вучаць чытаць чарцяжы, расшыфроўваць і пісаць інструкцыі па эксплуатацыі вырабаў, ствараць дэталі патрэбных памераў і злучаць іх. Час авалодвання такімі навыкамі розны: усё залежыць ад асаблівасцей і здольнасцей канкрэтнага навучэнца.

— Пры падрыхтоўцы кадраў па спецыяльнасцях “Лясная гаспадарка” і “Эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” мы стараемся быць у курсе перадавых напрацовак і часта абменьваемся вопытам. Што да спецыяльнасцей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тут ухіл робіцца на захаванне традыцый, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Алена Мераславаўна Сяліцкая.

Керамісты “пякуць бліны”

Знаёмства з напрамкам “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” пачынаецца з майстэрні ганчарнай керамікі. Тут нара­джаюцца прадметы, без якіх нельга ўявіць традыцыйны беларускі побыт, — глечыкі, спарышы, талеркі. Але гэта далёка не ўсё: на насценных паліцах таксама красуюцца гаршчочкі, загатоўкі для керамічных упрыгажэнняў, сувеніры розных відаў і афарбовак.

Уздоўж сцен абжыліся асноўныя інструменты керамістаў — ганчарныя колы і сталы з пэндзлікамі, трубкамі і іншымі дапаможнымі сродкамі. Тут таксама пануе свой пах, які час ад часу мяняецца. Часам тут пахне лазой, а часам — блінамі. Калі вакол майстэрні разліваецца пах малака, усе ведаюць, што студэнты апрацоўваюць вырабы з дапамогай дымнага малачэння (тэхніка абпальвання кірамікі пасля акунання ў малако). У каледжы нават ёсць свой жарт: “Керамісты “пякуць бліны”. Яны апрацоўваюць сырыя вырабы з гліны на керамічнай “кухні” — у пакоі з печчу ў чалавечы рост.

smart

Інструменты ў майстэрні ручной лепкі падобныя да тых, якімі працуюць з цестам, — качалкі, дошкі, шпаталі. На пачатковых этапах перад навучэнцамі ставяць невялікія задачы, паступова павышаючы ўзровень іх складанасці.

— Каб ствараць нешта ўнікальнае, трэба дакладна ведаць, на што здатны канкрэтны матэрыял. Тады з ім не прыйдзецца змагацца, а толькі выкарыстоўваць для рэалізацыі сваіх ідэй, — расказвае Алена Сяліцкая.

Мастакі па дрэве

Далей апынаемся ва ўладаннях рэзчыкаў па дрэве. У цэнтры майстэрні размяшчаецца вялізны стол, на якім з дапамогай разьбярных інструментаў, уседлівых навучэнцаў і вопытнага майстра вытворчага навучання з драўляных загатовак ажываюць жывёлы, птушкі і кветкі. Абітурыентаў гэтага напрамку заўважаюць падчас прыёмнай кампаніі, калі яны праходзяць творчае тэсціраванне (комплекс заданняў, якія дазваляюць меркаваць пра патэнцыял маладых людзей).

— Часта ў нас пытаюцца, ці трэба абітурыентам мець абавязковую мастацкую адукацыю. Зусім неабавязкова. Да нас паступаюць выпускнікі не толькі гарадскіх, але і сельскіх школ: не ў кожнага дзіцяці ёсць магчымасці вучыцца дадаткова. Важна, каб абітурыент меў адчуванне такіх базавых рэчаў, як цень, колеравы тон, каб меў фантазію. Усяму астатняму можна навучыць. Наша задача — на пачатковым этапе  выявіць здольных дзяцей і развіць тое, што ў іх закладзена, — гаворыць Алена Мераславаўна.

Прафесія “пра заўтра”

Майстэрня ткачоў — як машына часу. Трапіўшы сюды, госць бачыць ручныя ткацкія станкі, нарыхтоўкі і безліч дываноў і габеленаў. Навучэнцы гэтага на­прамку вывучаюць тэхнікі стварэння народных ручнікоў і так званых шпалер (ці інакш — габеленаў). Падобных спецыялістаў у Беларусі выпускаюць толькі ў Віцебскім каледжы.

Залогам якасці ткацкіх вырабаў з’яўляецца майстэрства. Прафесійныя сакрэты моладзі раскрывае майстар вытворчага навучання з 25-гадовым стажам Алена Іванова. Педагог расказвае, што самае складанае ў дзейнасці ткача — запраўка станка ніткамі: працэс працаёмкі і крапатлівы, паколькі выконваецца ўручную. Падрыхтоўка абсталявання можа займаць да некалькіх дзён.

Для таго каб дапамагчы школьнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, у каледжы праводзяць прафарыентацыйныя суботы. У гэтыя дні для старшакласнікаў ладзяць майстар-класы і сустрэчы з прадстаўнікамі пэўных прафесій, ім даюць паспрабаваць сябе ў якасці спецыялістаў, якіх рыхтуюць ва ўстанове. Калі школьнік першапачаткова вырашыў, што хоча вучыцца ў каледжы, але не ведае, на якой спецыяльнасці, пасля такіх сустрэч ён канчаткова вызначаецца з выбарам. Акрамя таго, уліцца ў атмасферу каледжа могуць некаторыя віцебскія старшакласнікі: установа ўзаемадзейнічае з шэрагам школ у межах прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (навучанне па прафесіях фатограф, сакратар і аператар ЭВМ).

— Спачатку работа на станку здаецца дзецям нечым з вобласці фантастыкі. Асабліва калі хлопцы і дзяўчаты бачаць, як доўга ён запраўляецца. Аднак пасля першых заняткаў страх прападае, з’яўляецца азарт. Вельмі важна прывіць ім любоў да працэсу. Я люблю гэта сама, таму хочацца перадаць свае адносіны дзецям. Хлопцы і дзяўчаты, у якіх азарт перарасце ў любоў да справы, ніколі не забудуць тое, чаму іх вучылі, — заўважае Алена Раманаўна. — Часта нам задаюць пытанне, дзе можна выкарыстоўваць габелены сёння. Ды ўсюды! Мы стараемся звярнуць увагу ўсіх на тое, што гэтае мастацтва не пра ўчора, а пра заўтра.

“Залатыя” рукі — чорныя

— У людзей ёсць стэрэатып, што ювелір — гэта чалавек у белым, які працуе з залатымі ўпрыгажэннямі ля вітрыны. І мала хто ведае, што ў спецыяліста, які працуе з золатам, рукі заўсёды чорнага колеру, — гаворыць Алена Мераславаўна, знаёмячы з ювелірнай майстэрняй.

Рабочыя месцы будучых ювеліраў (іх, дарэчы, таксама рыхтуе толькі Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж) займаюць невялікую тэрыторыю. Найбольшую плошчу займае варштат, дзе спецыяліст апрацоўвае вырабы, і месца размяшчэння прылад, дзе плавяць метал. Тут моладзь працуе з латунню — матэрыялам, які з-за фізічных уласцівасцей і даступнасці выкарыстоўваюць замест ювелірных сплаваў.

Пасля выпуску маладыя людзі валодаюць майстэрствам апрацоўкі ўпрыгажэнняў, пачынаючы ад стварэння, заканчваючы іх рамонтам. Рамонт вырабаў — самы складаны складнік рамяства, таму навыкі ў гэтым будучыя ювеліры атрымліваюць напрыканцы навучання. Маладыя людзі часта размяркоўваюцца ў прыватныя ювелірныя кампаніі, паколькі гэтыя заказчыкі кадраў зацікаўлены ў прафесіяналах, якія валодаюць любымі аперацыямі па апрацоўцы вырабаў.

У апошняй “творчай” майстэрні “жывуць” вырабы з лазы, кары і саломкі. Большасць з іх — аўтарскія работы майстра вытворчага навучання Жанны Арэхво. Тут можна ўбачыць як традыцыйныя рэчы з побыту беларусаў — капелюшы, лапці, кошыкі, так і аксесуары, якія ўпішуцца ў сучасны модны вобраз — заплечнікі, клатчы, упрыгажэнні. Калегі Жанны Сяргееўны заўважаюць, што паглядзеўшы, як лёгка яна ўпраўляецца з саломкай, немагчыма не ўлюбіцца ў гэтую справу.


Творчасць пануе ў каледжы не толькі на занятках. У вольны час хлопцы і дзяўчаты могуць рэалізаваць сябе ў гуртках і студыях, значнае месца ў якіх адводзіцца тэатральнаму майстэрству, харэаграфіі і вакалу.

— Многія навучэнцы чулі пра нашы творчыя аб’яднанні яшчэ да паступлення. Найбольш яны цікавяцца тэатральным напрамкам. Некаторыя дзеці, прыйшоўшы сюды на 1 курсе, займаюцца да выпуску. Нашы студыі шмат выступаюць, удзельнічаюць у конкурсах, — расказвае  намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Дзевяцьярава. — Бывае, жыхары горада, якія любяць нашу творчасць, жартам пытаюцца: “А вы дакладна не рыхтуеце артыстаў?”

Творчасць маладых людзей прыносіць ім не толькі задавальненне, але і прызнанне: апошнім дасягненнем навучэнцаў сталі ўзнагароды на рэспубліканскім  конкурсе “АРТ-вакацыі” (сёлета каледж быў адзначаны ў намінацыях “Тэатральны калектыў” і “Група сучасных музычных стыляў”).

Таксама хлопцы і дзяўчаты знахо­дзяць сябе ў спартыўных секцыях па сямі напрамках: валейболе, баскетболе, настольным тэнісе, плаванні, міні-футболе, лёгкай атлетыцы і мнагаборстве. Узнагароды за дасягненні маладых людзей даўно ўжо не ўмяшчаюцца ў адным  кабінеце.

Летапіс творчасці каледжа

Завітаўшы ў каледж, немагчыма абмінуць музей. Яго можна ўпэўнена назваць летапісам развіцця рамёстваў ва ўстанове: тут захоўваюцца работы навучэнцаў і педагогаў. У асяроддзі выкладчыкаў музей называюць “сямейным альбомам”. Расказваючы пра экспанаты наведвальнікам, Алена Мераславаўна прыгадвае юнака ці дзяўчыну, якія стаяць за кожнай работай, расказвае гісторыі, якія звязаны са стварэннем таго ці іншага аб’екта. З адкрыццём музея з’явілася магчымасць выстаў­ляць работы, якія раней не маглі дайсці да гледача. Нярэдка старшакласнікі, прагульваючыся каля вытачаных з дрэва гадзіннікаў і скульптур, вытканых ручнікоў і дываноў, вырабаў з лазы і керамікі, прымаюць рашэнне стаць часткай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Хто ведае, магчыма, некалі ў “сямейным альбоме” з’явяцца і іх імёны. 

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва каледжа.