Педагогі сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны сумесна з расійскімі калегамі ўдзельнічаюць у даследчым праекце “Развіццё прадукцыйнай прафесійна-асобаснай пазіцыі класнага кіраўніка ў сучаснай сітуацыі выхавання школьнікаў”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
К.Д.Ушынскі сцвярджаў: “У выхаванні ўсё павінна грунтавацца на асобе выхавальніка, таму што выхаваўчая сіла выліваецца толькі з жывой крыніцы чалавечай асобы. Без асабістага ўплыву выхавальніка на дзіця сапраўднае выхаванне немагчыма”. Дакладна ўсведамляючы выключную ролю класнага кіраўніка ў выхаванні асобы школьніка, больш за 300 навукоўцаў і практыкаў з 17 рэгіёнаў Расіі аб’ядналі намаганні ў гэтым кірунку з беларускімі калегамі. Дарэчы, установы адукацыі Віцебскай вобласці сталі сапраўднымі эксперыментальнымі пляцоўкамі для навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці.
Прафесійныя далягляды
У сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны праектная дзейнасць у гэтым кірунку распачата з 2021 года і ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Пскоўскага абласнога ІПК работнікаў адукацыі і Віцебскага ІРА. Экспертную групу ўстановы адукацыі ўзначальвае яе дырэктар Ірына Рычардаўна Рымдзёнак, а ў склад творчай групы праекта ўваходзяць 8 класных кіраўнікоў. Агульнае кіраўніцтва ў рэалізацыі даследавання ажыццяўляе Таццяна Мікалаеўна Зубовіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Мэтай даследавання з’яўляецца распрацоўка тэарэтычных і тэхналагічных асноў развіцця прадуцыйнай прафесійна-асобаснай пазіцыі класнага кіраўніка.
— Фарміруючы асобу вучня, настаўніку неабходна абапірацца на сваю грамадзянскую пазіцыю, уласныя духоўна-маральныя каштоўнасці, педагагічныя ўстаноўкі, жыццёвыя інтарэсы і захапленні, — адзначыла Ірына Рымдзёнак.
Кіраўнік установы падкрэсліла ролю праектнага даследавання ў вызначэнні ключавых праблем выхавання ў святле новых сацыяльных выклікаў і “перазагрузкі” прафесійна-асобаснай пазіцыі класнага кіраўніка. На яе думку, сацыяльна адказная пазіцыя класнага кіраўніка шмат у чым вызначае яго зносіны з вучнямі, шляхі стварэння і развіцця выхаваўчай сістэмы класа.
Выхаваўчая работа ў сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны накіравана на духоўнае, маральнае, грамадзянскае станаўленне асобы дзіцяці. Падчас даследавання ўдзельнікі праекта вызначылі вядучы кампанент асобасна-прафесійнай пазіцыі класнага кіраўніка — каштоўнасна-сэнсавую сферу педагога. Як адзначыла кіраўнік установы, нельга выхаваць у дзецях тое, чаго ў цябе самога няма. І працаваць з каштоўнасцямі цяжка — яны не ляжаць на паверхні. Сапраўды, каштоўнасці — гэта глыбінная сутнасць, якая патрабуе і часу, і сіл, і ўнутранай устаноўкі на працу — удумлівую і шматбаковую працу, якая ўключае ў сябе ўплыў дарослых на духоўна-маральнае развіццё дзяцей, сумеснае паглыбленне ў каштоўнасна-сэнсавае асяроддзе і канструяванне сітуацый для засваення вучнямі сацыяльных установак і каштоўнасных арыенціраў.
Адным з эфектыўных рэсурсаў паспяховай дзейнасці класнага кіраўніка вызначана педагагічная крэатыўнасць. Класныя кіраўнікі і іх падапечныя дэманструюць сумесную творчую актыўнасць пры прадстаўленні мадэлей сваіх класных выхаваўчых сістэм, прыярытэтных кірункаў дзейнасці на школьных мерапрыемствах: святах “Пасвячэнне ў пяцікласнікі”, “Развітанне з букваром”, аглядах-конкурсах класных куткоў, фестывалі “Млын талентаў” і інш.
У няспынным развіцці
Асаблівая ўвага з боку класных кіраўнікоў удзяляецца вучнёўскаму самакіраванню. Яго выканаўчым органам з’яўляецца вучнёўскі савет старшакласнікаў, які ў адпаведнасці са зместам работы падзелены на сектары і цесна ўзаемадзейнічае з класнымі калектывамі. Пры падрыхтоўцы да пасяджэння савета вучні разам з класнымі кіраўнікамі аналізуюць і асэнсоўваюць сумесную дзейнасць, вызначаюць новыя вектары развіцця. Яны карпатліва працуюць над вылучэннем сацыяльнай ініцыятывы, якую прапаноўваюць школьнай супольнасці, знаходзяць партнёраў для яе рэалізацыі. Некаторыя ініцыятывы ператварыліся ў штогадовыя акцыі і праекты: дзень самакіравання, конкурсы “Містар і міс школы”, цыкл мерапрыемстваў “Навагодні серпанцін”, акцыя “Дзеці — дзецям”, турнір па валейболе сярод каманд вучняў і настаўнікаў і інш.
Сярод новых форм работы класных кіраўнікоў па выхаванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі школьнікаў — сацыямадэлюючыя гульні, накіраваныя на прывіццё навучэнцам умення ўключацца ў сацыяльна значныя справы, развіццё ініцыятывы і лідарскіх якасцей. Школьнікі займаюцца аналізам, планаваннем, арганізацыяй жыццядзейнасці як класнага калектыву, так і ўстановы, рэалізуюць творчыя задумы і праз дзейнасць школьных грамадскіх аб’яднанняў БРСМ, БРПА. Гэта становіцца залогам развіцця такіх асобасных якасцей, як самастойнасць, сацыяльная кампетэнтнасць і актыўнасць.
— Выхаваўчая сістэма нашай школы абапіраецца на тры мэтавыя арыенціры: фарміраванне грамадзяніна і патрыёта, цеснае ўзаемадзеянне з сям’ёй і стварэнне адзінай развіццёвай сацыякультурнай прасторы школы і соцыуму, — падкрэсліла Таццяна Зубовіч.
У класных калектывах ужо склаўся пэўны алгарытм рэалізацыі запланаваных спраў — праз класныя і агульнашкольныя бацькоўскія сходы, прыцягненне бацькоўскага актыву і самых розных сацыяльных партнёраў. Варта адзначыць прадукцыйную прафесійна-асобасную пазіцыю класнага кіраўніка 7 “Б” Марыны Хахолка. Яна стварыла магчымасці для асобаснага росту і самарэалізацыі дзяцей праз удзел у конкурсе “Моладзь Беларусі за жыццё, мараль і сямейныя каштоўнасці”, арганізаваным дабрачынным фондам падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Пакроў”. Творчую і сацыяльную актыўнасць дэманструюць класныя калектывы пад кіраўніцтвам Аксаны Бабоўскай, Святланы Пальшынай. Сёлета па выніках гістарычнай віктарыны ў рамках рэалізацыі грантавага праекта “Зямля крывічоў — тэрыторыя адзінства народаў Расіі і Беларусі”, рэспубліканскай анлайн-віктарыны “Дасягненнямі краіны — ганаруся” вучні Аксаны Бабоўскай атрымалі дыпломы I ступені. Абласны анлайн-марафон “Яркае лета”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прынёс вучням Святланы Пальшынай дыплом III ступені.
Марына Хахолка з вучнямі ў тэтральнай гасцёўні
Варта адзначыць ролю класных кіраўнікоў як у выніковасці выхаваўчай работы школы, так і ў павышэнні якасці адукацыі. Большасць дзяцей уцягнута ў дадатковую адукацыю. У 2022 годзе створаны ваенна-патрыятычны клуб “Авангард” (15 вучняў), у 2024 годзе — профільная група ваенна-патрыятычнай накіраванасці (10 вучняў). Аналіз сітуацыі з падлеткавымі правапарушэннямі за апошнія тры гады паказаў адсутнасць злачынстваў. Паляпшаюцца вынікі вучэбнай дзейнасці (у 2022/2023 навучальным годзе 7—10 балаў на ЦЭ атрымалі 88% вучняў 11 класа, у 2023/2024 — 94%). Узрастае колькасць выпускнікоў, якія выбіраюць запатрабаваныя ў раёне прафесіі і хочуць працаўладкавацца на малой радзіме.
Ад ідэі да пераканання
Праект завяршыцца летам 2025 года. На цяперашнім этапе яго ўдзельнікі абмяняліся вопытам на вэб-форуме, прадставіўшы эскіз тэарэтычных распрацовак “Самаразвіццё як вядучы напрамак фарміравання асобасна-прафесійнай пазіцыі класнага настаўніка” (настаўніца англійскай мовы класны кіраўнік І.Ф.Жыжыкіна), педагагічны нарыс “Сфарміраванасць непрадукцыйнай асобасна-прафесійнай пазіцыі класнага кіраўніка як вынік унутраных і знешніх абставін” (настаўніца беларускай мовы і літаратуры класны кіраўнік А.Д.Піланц), “Асобаснае і прафесійнае развіццё класнага кіраўніка як галоўны фактар фарміравання яго пазіцыі” (настаўнікі пачатковых класаў класныя кіраўнікі Т.П.Седзюкевіч, Н.М.Згірская). Педагогі прынялі ўдзел у дыстанцыйных курсах “Асобаснае і прафесійнае развіццё класнага кіраўніка”, арганізаваных Пскоўскім абласным ІПК. Удзельнікі праекта адзначылі навуковую навізну, тэарэтычную і практычную значнасць даследавання.
Можна зрабіць выснову, што праектная работа садзейнічае павышэнню эфектыўнасці выхавання школьнікаў. Але аб паказчыках сфарміраванасці прафесійна-асобаснай пазіцыі класнага кіраўніка можна будзе гаварыць пасля завяршэння даследавання ў 2025 годзе. Нельга не пагадзіцца з К.Д.Ушынскім, які лічыў методыку выхавання дзейснай, калі яна перайшла ў перакананне выхавальніка, інакш яна не будзе мець ніякай сілы ў рэчаіснасці. І сапраўды, у выхаванні ўсё павінна грунтавацца на асобе выхавальніка…
Людміла КУРЫЛЬЧЫК