У сярэдняй школе № 10 Мазыра дзейнічае ўнікальны музей Вялікай Айчыннай вайны – у ім больш за 700 экспанатаў

- 16:06Гомельская область, Индекс успеха, Новости

У сярэдняй школе № 10 Мазыра дзейнічае ўнікальны музей Вялікай Айчыннай вайны. Тут налічваецца больш за 700 экспанатаў, першы запіс у кнізе водгукаў датуецца 9 мая 1985 года. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У музеі Вялікай Айчыннай вайны пануе дзіўная атмасфера, якая літаральна пераносіць цябе на некалькі дзясяткаў гадоў назад. Кожны гістарычны прадмет, які беражліва тут захоўваецца, нагадвае наведвальнікам аб каштоўнасці жыцця і аб тым, як важна мець мірнае неба над галавой.

Па словах кіраўніка музея настаўніцы рускай мовы і літара­туры Таццяны Кузьміч, першапачаткова музей быў прысвечаны 55-й Мазырскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, якая вызваляла горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З цягам часу з’явіліся экспазіцыі, якія адлюстроўваюць увесь ход ваенных дзеянняў. Школьнікам тут расказваюць аб эвакуацыі насельніцтва, бітвах на полі бою, генацыдзе беларускага народа і аб карэнным пераломе ў вайне, які адбыўся ў 1943 годзе, калі Чырвоная Армія пачала вызваляць тэрыторыі.

— Музей быў адкрыты 8 мая 1985 года дзякуючы першаму дырэктару школы Юрыю Мікалаевічу Мельнікаву, які прайшоў дарогамі вайны, вярнуўся на малую радзіму і прыклаў усе намаганні для стварэння гэтага ўнікальнага музея, — расказвае Таццяна Адамаўна. — Зараз экспазіцыі знаходзяцца ў асобным двухпавярховым будынку, пад шклом змешчаны дакументы, падзякі людзям, якія былі ўдастоены званняў за адвагу, праяўленую ў баях, а таксама асабістыя прадметы. Напрыклад, ёсць рэчы ветэрана — генерал-маёра авіяцыі Уладзіміра Яўціхіевіча Нядзелькі, які сам перадаў іх у дар музею. А яшчэ прадстаўлена падрабязная карта руху савецкіх войскаў па тэрыторыі нашай краіны, пералічаны ўсе вайсковыя фарміраванні і злучэнні, якія ўдзельнічалі ў вызваленні, на стэндах прадстаўлены імёны і фатаграфіі герояў, якія цаной уласнага жыцця абаранялі Радзіму. Усяго сабрана больш за 700 экспанатаў.

Музей Вялікай Айчыннай вайны ў некалькіх экспазіцыях расказвае пра асноўныя перыяды ваеннага часу: пачынаючы з чэрвеня 1941 года і заканчваючы Днём Перамогі.

— Першы дырэктар школы стварыў пошукавы атрад, у які ўваходзілі як навучэнцы, так і настаўнікі, на месцах баявой славы ім удалося знайсці першыя экспанаты — патроны, гільзы, элементы снарадаў, якія зараз захоўваюцца ў музеі, — працягвае аповед кіраўнік музея. — Пра гэта сведчаць альбомы, у якіх зафіксаваны маршруты пошукавых аперацый.

Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаюць прадметы побыту савецкага салдата, а самымі ўнікальнымі лічацца менавіта тыя экспанаты, якія былі знойдзены: штык-нажы, каскі, на якіх відаць скразныя дзіркі ад куль, пляшкі. Увагу прыцягваюць прас, элементы ваеннага адзення. Калі падчас экскурсій у дзяцей пытаюцца, навошта ўладальнікі пляшак пазначалі на іх год, прозвішча і ініцыя­лы, іх адказы даюць зразумець, што сучасныя дзеці разумеюць і ведаюць, якой крывавай і бязлітаснай была барацьба з ворагам.

— Школьнікі заўсёды ўважліва слухаюць экскурсавода і ў канцы экскурсіі актыўна праяўляюць сябе ў інтэрактыўнай гульні “Зорка”, у якой можна адсканіраваць QR-коды і самастойна праверыць свае веды, — працягвае знаёміць з асаблівасцямі музея Таццяна Адамаўна. — А яшчэ тут з 1985 года захоўваецца ўнікальная капсула, у якой знаходзіцца святая зямля. У нашым музеі пабывалі 177 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія прывезлі са сваёй малой радзімы крыху зямлі. Яе ссыпалі ў двары школы і на месцы ўзгорка ўзвялі стэлу ў гонар воінаў 55-й Мазырскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі.

Яшчэ адна асаблівасць музея — уласны дызайн-праект “І няхай пакаленні ведаюць”, які знаёміць моладзь з героямі Вялікай Айчыннай вайны, чыімі імёнамі названы вуліцы Мазырскага раёна. Зараз абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб на фасадах дамоў з’явіліся муралы з выявамі герояў. Дарэчы, 18 вуліц носяць імёны Герояў Савецкага Саюза.

Музейная гісторыя стала багацейшай са з’яўленнем на першым паверсе будынка шматфункцыянальнага інтэрактыўнага адукацыйнага комплексу “Цягнік-экспрэс “Мазыршчына памятае”. Тут праводзяцца экскурсіі, урокі гісторыі як для школьнікаў, так і для выхаванцаў дзіцячых садоў. У 11 імправізаваных вагонах, кожны з якіх адлюстроўвае адну са старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, можна даведацца пра герояў таго часу, ключавыя ваенныя аперацыі, нават паслу­хаць песні ваенных гадоў ці паглядзець гістарычную кінастужку.

У Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці навучэнцам асабліва падабаецца наведваць музей: на тэрыторыі школы госці могуць пакаштаваць сапраўдную салдац­кую кашу і духмяную гарбату. Дзеці ў захапленні ад гэтай традыцыі, якая ўжо шмат гадоў аб’ядноўвае школьнікаў, педагогаў і прадстаўнікоў воінскіх часцей.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара