У сярэдняй школе № 21 Віцебска працаваў Герой Савецкага Саюза: як працягваюць яго справы нашчадкі?

- 15:18Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сярэдняя школа № 21 Віцебска носіць імя Героя Савецкага Саюза Васіля Дзямідава — земляка і абаронцы Айчыны, які ў пасляваенны час працаваў тут настаўнікам і намеснікам дырэктара. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Знаёмства з установай адукацыі і гісторыяй героя, чыё імя ўшанавана ў яе назве, мы пачынаем каля незвычайнага трыпціха. На карце-дыяраме адлюстраваны баявы шлях знішчальнага палка “Нармандыя — Нёман” ад расійскага Іванава праз Беларусь да Усходняй Прусіі. Побач размешчаны партрэты 96 пілотаў і авіятэхнікаў, а таксама выявы знішчальнікаў Як-1, Як-3 і Як-9, на якіх лётчыкі ваявалі з ворагам.

— Гэты трыпціх нам падарылі ў маі 2019 года па ініцыятыве французскай асацыяцыі “Мемарыял “Нармандыя — Нёман”, — паведаміў юны экскурсавод Марат Старыковіч. — У аснову экспазіцыі пакладзены фатаграфіі, архіўныя матэрыялы. “Нармандыя — Нёман” — унікальнае вайсковае падрадзяленне. У баі за Віцебск быў паранены французскі лётчык Марсель Ляфеўр, пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Падарунак невыпадкова перадалі менавіта нам. Справа ў тым, што ў суправаджэнні асаў з эскадрыллі “Нармандыя — Нёман” ажыццяўляў баявое заданне пад Кёнігсбергам лётчык-разведчык Васіль Дзямідаў. Ён у 60-я гады мінулага стагоддзя вёў у нашай школе ўрокі працоўнага навучання і быў намеснікам дырэктара. Між іншым потым высветлілася, што трыпціх звязаны з сямейнай гісторыяй майго сябра Арцёма Дзмітрыева. Мы з ім вучымся ў 8 “Б” класе, займаемся даследаваннямі і часта разам праводзім экскурсіі. Уяўляеце, Арцём пазнаў на фота свайго прадзядулю! Пётр Міхайлавіч Дзмітрыеў быў авіяцыйным інжынерам палка ў званні старшага лейтэнанта.

Герой

У 1940 годзе Васіль Дзямідаў адначасова скончыў школу і Віцебскі аэраклуб.

Юнак жыў марай пра неба і авіяцыю, таму стаў курсантам Барысаўскай школы пілотаў-бамбардзіроўшчыкаў. Праз год пачалася Вялікая Айчынная вайна.Падрыхтоўку лётчык завяршаў у Омску і Сасава Разанскай вобласці, затым атрымаў прызначэнне ў 10-ы асобны разведвальны авіяполк 1-й паветранай арміі. Экіпажы Пе-2 з велізарнай рызыкай збіралі разведданыя, у тым ліку ў глыбокім варожым тыле. Летам 1944 года камандзір звяна першай эскадрыллі Васіль Дзямідаў удзельнічаў у вызваленні Беларусі, неаднойчы быў у небе над родным Віцебскам. А ўжо восенню галоўнай мэтай стала інфармацыя пра варожыя ўмацаванні ва Усходняй Прусіі.

— Якраз тады паядналіся паветраныя шляхі Васіля Дзямідава і лётчыкаў палка “Нармандыя — Нёман”, — дапоўніў аповед кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігар Русін. — У разведвылеце 2 лістапада пры фатаграфаванні лініі нямецкай абароны экіпаж Васіля Дзямідава трапіў пад моцны абстрэл зенітак. Нягледзячы на цяжкае раненне ў галаву, пілот змог вярнуцца да сваіх на самалёце з прабітым бензабакам і часткова парушаным кіраваннем. Вынік — камандаванню дастаўлены найкаштоўнейшыя адзнятыя фотастужкі, тым самым выратаваны жыцці многіх байцоў на зямлі і яшчэ на крок набліжана Перамога.

За некалькі тыдняў да мая 1945 года кампалка маёр Аляксандр Родзін падпісаў узнагародны ліст, дзе сказана, што лётчык да 1 сакавіка “здзейсніў 226 баявых вылетаў. Сфатаграфаваў 24 150 квадратных кіламетраў тэрыторыі і абарончых рубяжоў, 165 аэрадромаў. Выявіў 1678 самалётаў праціўніка, 927 чыгуначных эшалонаў, 32 900 аўтамашын, 25 барж і цеплаходаў ворага. Удзель­нічаў у 16 паветраных баях, у якіх яго экіпажам збіты 2 варожыя знішчальнікі”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1945 года старшаму лейтэнанту В.А.Дзямідаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.

За мужнасць і гераізм Васіль Аляксандравіч таксама ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Айчыннай вайны ІІ ступені (двойчы), Багдана Хмяльніцкага ІІІ ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, шэрагам медалёў. Пасля вайны герой працягнуў служыць у ВПС Савецкага Саюза. Скончыў камандны факультэт Ваенна-паветранай акадэміі, перавучыўся на стратэгічны рэактыўны Ту-4, стаў кампалка далёкай авіяцыі; быў нават перыяд, калі кіраваў ракетнай часцю. Пасля завяршэння службы і звальнення ў запас у званні падпалкоўніка восенню 1961 года Васіль Дзямідаў вярнуўся ў Віцебск.

Памяць

А ўсё ж Васіль Дзямідаў не навучыўся жыць без самалётаў. Працоўны шлях ён завяршыў у Віцебскім авіяпорце, дзе некалькі гадоў — пакуль сілы дазвалялі — быў дыспетчарам службы руху. Хаця і пасля выхаду на пенсію не адасобіўся ад грамадскага жыцця, вёў вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. У 1974-м абласны цэнтр рыхтаваўся да адкрыцця манумента воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам Віцебшчыны.

Напярэдадні ў складзе дэлегацыі віцяблян Васіль Аляксандравіч адправіўся ў сталіцу з даверанай яму высокай місіяй. Там каля абеліска ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны ганаровы грамадзянін Мінска Герой Сацыялістычнай Працы Іван Жыжаль запаліў паходню ад Вечнага агню і ўручыў яе Васілю Дзямідаву. Глыбока сімвалічная эстафета завяршылася ў Віцебску, дзе той 30 чэрвеня перадаў жывую часцінку рэліквіі кіраўнікам вобласці. А яны, у сваю чаргу, запалілі Вечны агонь на плошчы Перамогі.

Cярод ганаровых удзельнікаў шматтысячнай урачыстасці былі славутыя военачальнікі, якія кіравалі вызваленнем Віцебшчыны, — Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнік Іван Люднікаў і двойчы Герой Савецкага Саюза генерал арміі Афанасій Белабародаў. Дарэчы, у набліжэнні 30-годдзя Перамогі наступнай вясной сам Васіль Аляксандравіч атрымаў чарговае воінскае званне палкоўніка. Працоўныя дасягненні героя адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Настаўнік

Баявы афіцэр, Герой Савецкага Саюза вырашыў прысвя­ціць сябе самай мірнай прафесіі. Спачатку Васіль Аляксандравіч уладкаваўся загадчыкам майстэрань у сярэднюю школу № 25. Праз год, калі ў Чыгуначным раёне горада адкрывалі новую сярэднюю школу № 21, прыняў прапанову перавесціся ў яе калектыў. Тут дадалося службовых спраў у педагагічным кірунку: настаўнік працы і намеснік дырэктара па патрыятычным выхаванні. У гэтай установе адукацыі потым вучыўся яго сын.

— Ветэраны педагагічнай працы і былыя вучні Васіля Дзямідава ўспамінаюць яго як чалавека спагадлівага, працавітага і сціплага, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Сазонава. — Разам з тым з моцным маральным стрыжнем, валявога, патрабавальнага і адказнага. Здзейсненыя подзвігі ён не лічыў геройствам, увогуле не любіў хваліцца слаўным баявым мінулым. Роспыты перапыняў кароткім: “Я проста выконваў свой абавязак”. Аднак жа пра вайну з дзецьмі гаварыў, бо разумеў, наколькі гэта важна для станаўлення асобы кожнага школьніка, выхавання патрыётаў. У нас, напрыклад, занатаваны словы выпускніка Юрыя Гарбунова. На першы погляд, педагог з крылатым мінулым вучыў яго з аднакласнікамі вельмі зямной справе, сталярнай ды слясарнай. Насамрэч усё далёка не так адназначна.

Нашчадкі

Кожны этап жыцця знакамітага земляка адлюстраваны ў матэрыялах, карпатліва сабраных навучэнцамі і педагогамі сярэдняй школы № 21 Віцебска імя Героя Савецкага Саюза В.А.Дзямідава.

Установа адукацыі невялікая па гарадскіх мерках: 572 навучэнцы і 24 класы-камплекты, па адной паралелі на трэцяй ступені навучання. Звыш паловы дзевяцікласнікаў штогод выбіраюць прафесійную адукацыю. Многія выпускнікі старшых класаў вучацца або скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Але галоўны прафарыентацыйны вектар нацэлены на педагагічныя спецыяльнасці і рэгіянальны ўніверсітэт. Як паведаміў дырэктар Генадзь Філіпенка, апошнім часам па выніках уступных кампаній студэнтамі розных факультэтаў ВДУ імя П.М.Машэрава становяцца ад 9 да 17 выпускнікоў, у тым ліку сёлета 8 паступілі па мэтавых дагаворах на падрыхтоўку спецыялістаў педагагічнага профілю. Вучні кіруюцца найперш прыкладам сваіх настаўнікаў.

— У нас дастаткова стабільны, дружны і дасведчаны педкалектыў, — расказаў Генадзь Аляксандравіч. — Прыемна адзначыць, што маладыя спецыялісты замацоўваюцца ў школе, ім тут камфортна. Другі год у нас настаўнічае Артур Марозаў. Ён захоплены вывучэннем гісторыі, асабліва цікавіцца мінулым роднага краю. Мы ўбачылі, што і вучні гэтай тэматыкай загарэліся, у пэўны момант іх сумесная актыў­насць выйшла за межы ўрокаў. Таму прапанавалі педагогу перавесці яе ў фармат новага аб’яднання па інтарэсах, і з восені ў нас займаюцца “Краязнаўцы”. Марына Сазонава, здаецца, зусім нядаўна студэнткай уладкавалася да нас на падпрацоўку, а сёння яна мой намеснік. Моладзь настаўляюць старэйшыя вопытныя калегі, у некаторых настаўнікаў адзін запіс у працоўнай кніжцы пра месца работы — наша школа.

Сярод прыярытэтаў у рабоце калектыву — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Івана Атрахімовіча школа рэалізуе абласны творчы (даследчы) праект “Праектная дзейнасць як умова фарміравання і развіцця грамадзянска-патрыятычных якасцей навучэнцаў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Ваенна-патрыятычны клас дзейнічае трэці год. Яго навучэнцы ўваходзяць у гарадскі ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”, па суботах заняткі ў іх прахо­дзяць на базе вайсковай часці 5524. Акрамя таго, карыстаюцца папулярнасцю школьныя аб’яднанні па інтарэсах “Гатовы Радзіме служыць!” і “Юныя пагранічнікі”, іх вядзе Ігар Русін. Пры садзейнічанні кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні наладжана плённае ўзаемадзеянне з абласной структурай ДТСААФ, 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай, ваенным камісарыятам Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў.

Побач са школай знаходзіцца памятны знак, устаноўлены ў памяць ахвяр Віцебскага гета. Падтрымліваць парадак на гэтай жалобнай тэрыторыі навучэнцы і педагогі лічаць сваім абавязкам. Тут праходзяць памятныя мерапрыемствы і па традыцыі адсюль у Дзень народнага адзінства стартуе школьны велапрабег па памятных мясцінах горада і Віцебскага раёна, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Старшакласнікі на працягу года наведваюць Стара-Сямёнаўскія могілкі ў Віцебску і даглядаюць месца пахавання Васіля Дзямідава. У планах школы на найбліжэйшую будучыню — адкрыццё новага музейнага пакоя і прысвечанай Васілю Аляксандравічу экспазіцыі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі