“У такім месцы разумееш каштоўнасць міру”

Дзясяткі нацысцкіх канцлагераў былі створаны ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Самы буйны — “Трасцянец”. Толькі па афіцыйных звестках тут было знішчана 206,5 тысячы чалавек. Цяпер на месцы лагера смерці мемарыяльны комплекс, дзе кожны год 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, праходзяць жалобныя мітынгі, экскурсіі, у тым ліку для навучэнцаў. Як данесці школьнікам праўду вайны? Як расказаць пра яе жахі, улічваючы ўзрост экскурсантаў? Пра гэта пагутарым з педагогам дадатковай адукацыі Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” Мінска Любоўю Канстанцінаўнай МАЛАШ.

“Галоўны пасыл экскурсіі — каб жахі вайны не паўтарыліся. Калі, як не ў школьныя часы, закладваць разуменне гэтага”.

Адукацыйныя экскурсіі бываюць рознымі: па краязнаўчым музеі і экалагічнай сцяжыне, па старых брукаваных вулачках і шыкоўных пакоях замкаў і палацаў. Цікавыя і захапляльныя, такія экскурсіі рэдка пакідаюць абыякавымі навучэнцаў, асабліва калі іх праводзіць апантаны, улюбёны ў края­знаўства педагог. Экскурсіі па тэрыторыі былых фашысцкіх канцлагераў таксама па-свойму цікавыя, аднак праводзяцца з асаблівым настроем. Калі, скажам, у краязнаўчым музеі цікавасць і захапленне наведвальнікаў (асабліва падчас інтэрактыву) раўназначны радаснаму настрою і ўсмешкам, то на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” атмасфера экскурсіі зусім іншая. Камяк у горле і нават слёзы нярэдка з’яўляюцца ў юных экскурсантаў, калі яны слухаюць эмацыянальны аповед Любові Канстанцінаўны.

На думку педагога, экскурсіі па такіх месцах абавязкова павінны арганізоўвацца з улікам узросту навучэнцаў. “Для вучняў пачатковых класаў я не праводзіла б экскурсіі па Трасцянцы. Дзеці ў гэтым узросце вельмі ўражлівыя. Усю праўду пра тое, што адбывалася ў канцлагеры, пачынала б раска­зваць навучэнцам падлеткавага ўзросту, — падзялілася педагог. — Тут і дарослым няпроста слухаць пра лёс вязняў канцлагера. А што ўжо гаварыць пра ўражлівую дзіцячую натуру?” Любоў Канстанцінаўна ўзгадала выпадак, калі адна жанчына, якая ў вайну была дзіцем, пасля вызвалення Трасцянца разам з сяброўкамі бегала глядзець месца калгаснага свірана, у якім акупанты спалілі целы 6,5 тысячы расстраляных імі людзей. Дзіцяці на ўсё жыццё запомнілася жахлівая карціна з чорнымі абгарэлымі целамі. Таму агучваць такія ўспаміны падчас экскурсіі трэба вельмі асцярожна, абавязкова ацэньваць узрост аўдыторыі, яе настрой. Напярэдадні экскурсіі важна правесці з вучнямі тлумачальную гутарку, хаця б коратка расказаць, у якое месца яны адпраўляюцца. Наогул, на думку Любові Канстанцінаўны, такія месцы, як мемарыял “Трасцянец”, варта наведаць кожнаму падлетку, бо галоўны пасыл экскурсіі — каб жахі вайны не паўтарыліся. Калі, як не ў школьныя часы, закладваць разуменне гэтага.

Помнік-манумент “Брама памяці”.

“Напярэдадні экскурсіі важна правесці з вучнямі тлумачальную гутарку, хаця б коратка распавесці, у якое месца яны адпраўляюцца”.

“У мінулым годзе 22 чэрвеня для выхаванцаў летніка на базе “Арыёна” мы вырашылі правесці экскурсію па Трасцянцы. Дзве дзяўчынкі абурыліся: “А чаго мы туды пой­дзем? Мы ж побач жывём, усё ведаем”. Каб іх зацікавіць, адразу спытала: “Вось скажыце, у якім годзе тут адбываліся трагічныя падзеі?” Маўчаць. Задаю яшчэ адно пытанне. Зноў маўчаць. “Дык вы ж кажаце, што ўсё ведаеце”. Каб вучні адправіліся на экскурсію, іх трэба зацікавіць і матываваць. Асабліва запомнілася адна экскурсія для цяжкіх падлеткаў. Іх выхавальнікі адразу папярэдзілі мяне, што ў навучэнцаў могуць быць праблемы з паводзінамі, яны могуць задаваць правакацыйныя пытанні. Што вы! Усе стаялі і ўважліва слухалі. Наогул, навучэнцы любяць задаваць пытанні. Аднак гэтыя пытанні часта па-дзіцячы наіўныя, кшталту, а чаму вязні не схаваліся, чаму не ўцякалі. Я правяла экскурсію і пайшла, а два хлопчыкі мяне дагналі і сказалі: “Вялікі дзякуй! Мы не думалі, што тут такое месца, хоць і жывём побач, у Шабанах”, — падзялілася Любоў Канстанцінаўна.

А.А.Цыбуля.

З розным эмацыянальным узроўнем успрымаецца экскурсантамі інфармацыя. А­дзін ветэран, які прыехаў у Трасцянец аж з Сібіры, расчулены абняў Любоў Канстанцінаўну і сказаў: “Няма табе, дзіцятка, чым аддзячыць. Можа медаль свой падарыць?” Пра гэты выпадак з усмешкай узгадала педагог. Многія гады Любоў Канстанцінаўна супрацоўнічае з Гістарычнай майстэрняй у Мінску, якая рэгулярна запрашае ў Беларусь замежныя дэлегацыі. У склад дэлегацый увахо­дзяць і навучэнцы. “Мне вельмі падабаецца, як слухаюць экскурсію немцы, аўстрыйцы. А для мяне вельмі важна, каб уважліва слухалі, каб я бачыла ў вачах экскурсантаў зацікаўленасць. Люблю, калі не толькі слухаюць, але і задаюць пытанні. Ад немцаў часам можна пачуць такое: “Чаму вы думаеце, што ва ўрочышчы Благаўшчына знішчалі яўрэяў менавіта з Германіі, дакументаў жа не захавалася?” — расказвае Любоў Канстанцінаўна. — Адказ такі: у вёсцы Малы Трасцянец жывуць людзі, якія бачылі гэтых яўрэяў, прыносілі ім ежу, размаўлялі з імі”.

Лагер смерці “Трасцянец” — самы буйны на тэрыторыі Беларусі. Аднак асаблівасць вывучэння яго гісторыі ў тым, што з больш чым 200 тысяч знішчаных тут людзей устаноўлены імёны толькі некалькіх соцень. “У Масюкоў­шчыне, напрыклад, праводзіліся раскопкі, і па медальёнах ваеннапалонных даведваліся імя. А тут і спісаў няма, і асабістых рэчаў не засталося. Таму ўстанаўліваліся імёны ў асноўным шляхам апытання людзей, чые родзічы загінулі ў Трасцянцы, або па сведчаннях саміх вязняў. У 2017 годзе Гістарычная майстэрня аб’явіла конкурс работ пра малавядомых ахвяр Другой сусветнай вайны. Разам з вучнямі мы вырашылі напісаць эсэ пра нашу зямлячку з вёскі Клімавічы Мінскага раёна Ларысу Уладзіміраўну Каранеўскую. Работа, дарэчы, перамагла на конкурсе, і ўзнагародай стала адукацыйная паездка ў Берлін. Каб напісаць работу, мы і ў вёску з’ездзілі, і знайшлі пляменніцу, якая жыве ў Мінску. Помню, званю пляменніцы, сказала, хто я, адкуль і па якой прычыне тэлефаную, а яна мне ў адказ: “Вы гаворыце з Ларысай Уладзіміраўнай Каранеўскай”. Я вельмі здзівілася. Аказваецца, пляменніца з’яўляецца поўнай цёзкай 19-гадовай дзяўчыны, якая загінула ў Трасцянцы ў 1944 годзе. Яны нават і знешне падобныя”, — падзялілася педагог.

Вось некалькі гісторый, запісаных на аснове ўспамінаў вязняў Трасцянца, якія можна пачуць і падчас экскурсіі. Мікалай Іванавіч Валахановіч быў арыштаваны за сувязь з партызанамі і прывезены на расстрэл у Трасцянец. Вязняў сагналі да свірна і адкрылі агонь. Куля трапіла Мікалаю Іванавічу ў галаву і выйшла пад левым вокам. Паранены, ён ляжаў завалены трупамі амаль двое сутак, пакуль небяспека не мінула, а потым удалося ўцячы. У апошнія дні чэрвеня 1944 года ў лагер смерці разам з іншымі вязнямі мінскай турмы быў прывезены партызанскі разведчык атрада імя Калініна Георгій Захаравіч Бягун. Тут, у бараку, сустрэўся са сваімі баявымі таварышамі, якія загінулі ў той жа дзень. Георгію Захаравічу запомнілася сустрэча з настаўнікам з Барысава, які пайшоў на смерць, не скарыўшыся ворагу. Яму Георгій Захаравіч першаму прачытаў свой верш “Вольная птушка”, напісаны ў бараку. Дарэчы, гэты верш абавязкова зачытваецца вучнямі падчас экскурсіі ля сцяны памяці ў Трасцянецкай сярэдняй школе, надае экскурсіі эмацыянальную афарбоўку. Па словах Любові Канстанцінаўны, успаміны людзей хоць і каштоўныя, аднак не заўсёды з’яўляюцца надзейнай крыніцай, у іх часта сустракаюцца гістарычныя недакладнасці, нестыкоўкі.

“Для вучняў пачатковых класаў я не право­дзіла б экскурсіі па Трасцянцы. Дзеці ў гэтым узросце вельмі ўражлівыя. Усю праўду пра тое, што адбывалася ў канцлагеры, пачынала б расказваць навучэнцам падлеткавага ўзросту”.

Педагогам распрацавана некалькі экскурсій па Трасцянцы, як аглядавых, так і па асобных аб’ектах мемарыяльнага комплексу, пра лёсы вязняў канцлагера. Распрацавана таксама і віртуальная экскурсія “Каб жыць — трэба помніць!”. Экскурсіі ўключаюць наведванне ўсіх аб’ектаў. Гэта і помнік-манумент “Брама памяці”, і “Дарога смерці”, і поле пахавання, і помнік на месцы крэмацыйнай ямы-печы. Асабліва памятная экскурсія па ўрочышчы Благаўшчына. Тут нельга не звярнуць увагу на папяровыя шыльды жоўтага і белага колераў, прымацаваныя да дрэў. На жоўтых пазначаны імёны забітых прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва, на белых — беларусаў. Белыя шыльды разам з вучнямі (удзельнікамі аб’яднання па інтарэсах “Мой край” палаца “Арыён” і юнымі края­знаўцамі Трасцянецкай сярэдняй школы) змясцілі Любоў Канстанцінаўна і настаўніца англійскай мовы Трасцянецкай сярэдняй школы Галіна Генадзьеўна Піляева. Дарэчы, менавіта на аснове сістэматызаванага Галінай Генадзьеўнай краязнаўчага матэрыялу па гісторыі Трасцянца і былі распрацаваны экскурсіі па мемарыяльным комплексе. Гэты краязнаўчы матэрыял з былога музея ў Трасцянецкай школе, які збіраўся яшчэ ў 70—80-я гады піянерважатай Нэлай Пятроўнай Ажар. У тыя часы, дарэчы, Любоў Канстанцінаўна і пачынала рыхтаваць юных экскурсаводаў. З 2014 года работу па складанні экскурсій і вывучэнні гісторыі Трасцянца наша гераіня працягвае разам з метадыстам “Арыёна” Алай Аляксандраўнай Цыбуляй. Імі быў рэалізаваны шэраг праектаў, напісаны даследчыя работы, якія станавіліся пераможцамі конкурсаў рознага ўзроўню. Напрыклад, у мінулым годзе работа “Фарміраванне грамадзянскіх кампетэнцый вучняў праз экскурсійную дзейнасць” на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі атрымала дыплом І ступені Міністэрства адукацыі.

“Трасцянец… Што мы ведаем пра яго? Ці баліць наша сэрца, калі мы чуем гэтае слова?” Так пачынае экскурсію па мемарыяльным комплексе Любоў Канстанцінаўна Малаш. Кожны з нас можа далучыцца да экс­курсіі як рэальна, так і віртуальна.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.