У тандэме тэорыі і практыкі

Вілейскі дзяржаўны каледж уяўляе ўдалае спалучэнне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў. Гэта з’яўляецца асноўным прынцыпам дзейнасці ўстановы, што вядзе да ўдасканалення вучэбнага працэсу і павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі.

Дырэктар каледжа Ігар Сямёнавіч Кіцікаў.

Безумоўна, гэта прыцягвае выпускнікоў школ да паступлення менавіта ў гэтую ўстанову. Як паведаміў дырэктар каледжа Ігар Сямёнавіч Кіцікаў, ужо ў першыя дні вучобы навучэнцы могуць паспрабаваць свае сілы ў будучай прафесіі. На базе каледжа паспяхова працуе вучэбная цырульня “Лада”, кафэ “Пары”, швейнае атэлье “Галена”, гасцініца, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, мыйня аўтамабіляў. Менавіта тут можна ўбачыць станоўчы вопыт тандэма майстра вытворчага навучання і навучэнца. Ужо некалькі гадоў у рамках правядзення дапрафесійнай падрыхтоўкі ў каледжы арганізаваны заняткі са школьнікамі 8-х, 9-х класаў уста­ноў агульнай сярэдняй адукацыі Вілей­скага і Мядзельскага раёнаў.

Немалаважную ролю ў станаўленні будучых спецыялістаў адыгрывае і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі. На базе рэсурснага цэнтра вытворчага навучання працуе станцыя тэхнічнага абслугоўвання, дзе навучэнцы засвойваюць методыку правядзення камп’ютарнай дыягностыкі аўтамабіляў. Для якаснай падрыхтоўкі будучых слесараў па рамонце аўтамабіляў у бягучым навучальным годзе набыта праграма сэрвіснага забеспячэння дыягнастычнага комплексу BOSСH FSА — 740. Вучэбная швейная майстэрня папоўнілася новым сучасным абсталяваннем, сярод якога — вышывальная машына Brother, здольная паскорыць працэс стварэння малюнка і надаць любой рэчы эксклюзіў­насць і прывабнасць. Навучэнцы каледжа паспяхова асвоілі новую тэхніку і ўжо сёння радуюць заказчыкаў арыгінальнымі, моднымі ручнікамі, сурвэткамі, футболкамі з вышыўкай. Не за гарамі і выпуск новай калекцыі адзення з вышыўкай у новых паказах мадэлей навучэнцаў каледжа.

Як расказаў Ігар Сямёнавіч, у гэтым навучальным го­дзе будучыя швачкі паспяхова прадставілі новую калекцыю Battle of tastes, якая была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені на Міжнародным фестывалі мастацтваў Open Molo Fantasy і дыпломам ІІІ ступені на абласным фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “ПрафАрт” у намінацыі “Тэатр моды”. Навучэнцы каледжа пастаянна прымаюць удзел у абласным конкурсе мадэльераў-кан­структараў, дызайнераў, творчых калектываў “Модны сілуэт”, які праводзіць упраўленне бытавога абслугоўвання Мінскай вобласці.

Ва ўмовах мадэрнізацыі прафесійнай адукацыі ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства спрыяе выкарыстанню тэарэтычных і практычных ведаў навучэнцаў пры вырашэнні сацыяльных і прафесійных задач, фарміраванню практычнага вопыту і авалоданню інавацыйнымі спосабамі прафесійнай дзейнасці. Вынікам мэтанакіраванай работы педагагічнага калектыву па развіцці прафесійных кампетэнцый навучэнцаў стала паспяховае выступленне прадстаўнікоў каледжа на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Так, Анжэла Фядзюшкіна і Дзіяна Рабкоўская, навучэнкі каледжа, узнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені па прафесійных кампетэнцыях “Тэхналогія моды” і “Цырульніцкае мастацтва”. Навучэнец Павел Балыш стаў абсалютным пераможцам у кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі”, а значыць, і ўдзельнікам рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020.

Ала КЛЮЙКО.