У “тэатр на фартуху”

Удзел у VI з’езде настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД, які праходзіў у Душанбэ, стаў галоўнай падзеяй прафесійнага жыцця ў гэтым годзе для Вікторыі Гяч — намесніка загадчыка ясляў-сада № 19 Слуцка, пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Вікторыя Пятроўна правяла майстар-клас для замежных калег, дзе расказала пра адукацыйныя магчымасці “тэатра на фартуху” для малодшых дашкольнікаў. Яе выступленне атрымала высокую ацэнку. 

Выхоўваць актыўных і камунікабельных 

— Неабходна выхоўваць дзяцей не пасіўнымі слухачамі, а здольнымі ўспрымаць інфармацыю, актыўна на яе рэагаваць, абмяркоўваць, выказваць сваё агрументаванае меркаванне. У гэтым дапамагае тэатральная дзейнасць, — адзначае педагог. — У нашым садзе з верасня 2021 года рэалізуецца раённы педагагічны праект па фарміраванні камунікатыўных уменняў у дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення сродкамі тэатра. 

Мастацкі цэнтр садаўскай групы, дзе займаюцца малодшыя дзеці, напоўнены рознымі відамі тэатраў. Педагогі штодня выкарыстоўваюць іх у рабоце. Тут прадстаўлены тэатр на фланелеграфе, ценявы, пальчыкавы, пальчаткавы, тэатр рукавічак, плоскасны, настольны, тэатр кубкаў, бі-ба-бо, тэатры на талерках і шпульках. Каб абыграць музычныя дыдактычныя гульні, казкі і пастаноўкі, а таксама вершы, песні і папеўкі, падабраны касцюмы, маскі, музычныя інструменты (металафоны, драўляныя лыжкі, бубен, маракасы і г.д.). У якасці дэкарацыі — зборна-разборная канструкцыя з пад’ёмным механізмам. Яна служыць і “жывой сцяной” для размяшчэння дзіцячых творчых работ, і сцэнай для пастановак выхаванцаў. 

— У пэўны момант нам захацелася разнастаіць тэатральныя атрыбуты, — адзначыла Вікторыя Пятроўна. — Так мы прыйшлі да ідэі стварэння “тэатра на фартуху”. Цяжка аднесці яго да пэўнага віду тэатра, бо гэта сінтэз розных відаў тэатра. У ім злучыліся элементы пальчыкавага і пальчаткавага тэатраў, бі-ба-бо, тэатра на фланелеграфе і інш. 

Мабільны і ўніверсальны тэатр

Аснова тэатра, які прэзентуе Вікторыя Гяч, — звычайны фартух з бавоўны або атласу. Дэкарацыі і персанажы для яго выраблены з фетру. Усе дэталі можна знімаць, бо прымацаваны яны клейкай стужкай. Такая асаблівасць робіць фартух мабільным і ўніверсальным у выкарыстанні. У розных частках фартуха знаходзяцца патаемныя кішэнькі. Персанаж можа схавацца ў траве, доміку, кустах. 

Як выкарыстоўваць адукацыйныя магчымасці “тэатра на фартуху”? Работу можна пачынаць з дзецьмі малодшага дашкольнага ўзросту. Вядома, гэта яшчэ не сапраўдныя артысты: яны самі не паставяць спектакль, не выканаюць ролі і не інсцэніруюць казку. Іх трэба вучыць весці дыялог, браць на сябе ролю і дзейнічаць.

— Апрануўшы “тэатр-фартух”, я адразу магу пачаць аповед, заняткі, размову, спектакль ці неяк па-іншаму разнастаіць працэс. Прычым дзеючыя героі нікуды не знікаюць, усе навідавоку, — працягвае Вікторыя Пятроўна. — Дэкарацыі таксама рухаюцца разам з акцёрамі-персанажамі, хутка мяняюцца. Можна маніпуляваць лялькамі, прымацоўваючы іх на фартух або хаваючы ў спецыяльную кішэньку. Удала дапаўняць гэты працэс мімікай, жэстамі, сродкамі маўленчай выразнасці. Разыграем, напрыклад, сюжэт казкі “Зайкава хатка”. На фартух прымацоўваем дзве хаткі — лубяную і ледзяную. На даху хатак, на дрэвах і траве — белы снег. Надышла вясна і белы снег растаў (знімаем дэталі (снег) і хаваем у кішэньку).

“Тэатр на фартуху” дазваляе вырашаць праграмныя задачы ўсіх адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Педагог падбірае адпаведныя прыёмы работы ў залежнасці ад мэты. Гэта можа быць развіццё маўлення, элементарных матэматычных уяўленняў, азнаямленне з творамі дзіцячай мастацкай літаратуры і фальклору. Так, педагог мадэлюе разнастайныя камунікатыўна-гульнявыя сітуацыі для таго, каб садзейнічаць развіццю дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Выхаванцы разыгрываюць ролі, засвойваюць стратэгіі і тактыкі камунікатыўных паводзін. Кожны стварае свой вобраз з дапамогай вербальных і невербальных сродкаў выразнасці ў прадугледжаных сюжэтам сітуацыях.

Хто ў доміку жыве?

— Работу з “тэатрам на фартуху” пачынаем з казак. Чытаем і расказваем іх, прымацоўваючы на фартух персанажаў па сюжэце. Выхаванцы слухаюць, знаёмяцца з героямі, адказваюць на пытанні. Так дзеці вучацца слухаць і эмацыянальна ўспрымаць літаратурныя творы, сачыць за развіццём сюжэту ў іх, — адзначае Вікторыя Пятроўна. — Далей больш дэталёва знаёмім іх з кожным з персанажаў, асаблівасцямі яго знешняга выгляду, звычкамі, ладам жыцця. Выкарыстоўваем гульнявыя практыкаванні, суправаджаючы дзеянні вершамі. Так, расказваючы пра зайчыка, імітуем яго рухі. Скачам, падкурчыўшы лапкі, калоцімся ад страху, калі ўбачылі ваўка, імітуем эмоцыі з дапамогай мімікі. Звяртаем увагу на тое, што зімой зайчык белы і не так прыкметны ваўку. Лісічка-сястрычка, рудая махлярка, хітрая прыгажуня, ходзіць важна, упэўнена, любуецца сабой. Мішка касалапы, наадварот, ідзе цяжка, рыкае. 

Калі дзеці азнаёміліся з казкай, яе героямі, умеюць яе расказваць, мы прыдумваем выдуманую гісторыю пра патрэбы і клопаты розных гульнявых персанажаў і падахвочваем дзяцей дапамагчы ім. Напрыклад, Мышцы з казкі “Церамок” трэба пабудаваць новы дом і падрыхтавацца да сустрэчы гасцей, якія прыйдуць да яе з лесу. Персанажы “тэатра на фартуху” адначасова з’яўляюцца персанажамі пальчыкавага і пальчаткавага тэатра, таму і выхаванцы могуць выконваць пэўную ролю. Калі апрануць на ручку дзіцяці персанажа пальчаткавага тэатра Вожыка, мы даведаемся, што здарылася ў яго, чаму ён сёння сумны або вясёлы, як мы можам яму дапамагчы. Усе дзеці з цікавасцю чакаюць сустрэчы з героем тэатра, разам з ім развучваюць дыялогі, прыдумваюць пачатак ці канец дыялогаў, удзельнічаюць у складанні творчых апавяданняў. 

У гэтую работу паступова ўключаюцца малаактыўныя і сарамлівыя дзеці. Спачатку проста назіраюць за тым, што адбываецца. Затым, апрануўшы на пальчык персанажа пальчыкавага або пальчаткавага тэатра (Зайку або Мышку), амаль маўкліва выконваюць ролю. Але паступова пачынаюць адказваць на пытанні выхавальніка або іншага дзіцяці, гаварыць простымі сказамі. Кожны герой “тэатра на фартуху” сутыкаецца і з праблемнай сітуацыяй. Тады дзейнасць дзяцей накіроўваецца на яе вырашэнне. Уявім: дзеці прыйшлі на птушыны двор, дзе стаіць домік. Хто ж у ім жыве? Чаму ніхто не сустракае гасцей? Што магло адбыцца? Малыя выказваюць свае здагадкі. Аказваецца, у доміку жыве Пеўнік. 

Дзіцячая журналістыка — гэта рэальнасць 

“Адукацыйныя магчымасці дзіцячай журналістыкі ў развіцці выхаванцаў” — так гучыць тэма яшчэ аднаго майстар-класа Вікторыі Пятроўны Гяч, які яна праводзіць для калег. У яслях-садзе № 19 Слуцка рэалізуецца абласны педагагічны праект “Развіццё звязнага маўлення выхаванцаў дашкольнага ўзросту сродкамі дзіцячай журналістыкі”.

— Як падтрымаць ініцыятыву дзяцей? Шукаючы адказ на гэтае пытанне, мы звярнуліся да дзіцячай журналістыкі, палічыўшы яе да таго ж эфектыўным сродкам развіцця маўлення, — гаворыць Вікторыя Пятроўна. — Дзіцячая журналістыка — гэта рэальнасць, якую кожны педагог можа ўвасобіць у сваёй практыцы. Якія адукацыйныя галіны вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі можна рэалізаваць, займаючыся дзіцячай журналістыкай? Найперш гэта галіна “Дзіця і грамадства”. Тут у журналістыкі шырокія магчымасці для пазнавальнага і асобаснага развіцця выхаванцаў. Што тычыцца адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, то максімальныя магчымасці для яе рэалізацыі існуюць на этапе стварэння дзецьмі інфармацыйнага прадукту: нататак, інтэрв’ю, што развівае іх дыялагічнае і маналагічнае маўленне і г.д. З чаго пачынаецца стварэнне інфармацыйнага прадукту? З выбару тэмы і збору інфармацыі па ёй. Далей ідзе асэнсаванне і аналіз інфармацыі, стварэнне тэксту.

Пры выбары тэмы журналісцкага матэрыялу вырашаюцца такія задачы па развіцці маўлення, як уменне выкарыстоўваць элементы разважання, тлумачэння. Дзеці вучацца выконваць правілы вядзення дыялогу. Калі ідзе збор інфармацыі, вырашаюцца такія задачы, як уменне задаваць пытанні, цікавіцца меркаваннем іншых, распытваць суразмоўніка пра падзеі яго жыцця. Зноў жа дзеці вучацца выконваць асноўныя правілы маўленчага этыкету пры прывітанні, развітанні, знаёмстве.

Выхаванцы сада пры дапамозе дарослых ствараюць апісанні, апавяданні, развагі, інтэрв’ю, вершаваныя тэксты і іншае для садаўскіх газет, часопісаў, выпускаў навін, відэарэпартажаў, відэаблогаў. Ва ўстанове была арганізавана выстава “Мой любімы часопіс”, дзе кожны з выхаванцаў прэзентаваў свой любімы часопіс, расказваючы пра яго змест, герояў і рубрыкі. Азнаёміўшыся з разнастайнай дзіцячай друкаванай прадукцыяй, выхаванцы вырашылі стварыць часопіс сваёй групы. Назвалі яго “Бярозка”. Зразумела, для збору інфармацыі патрэбны “сапраўдныя” атрыбуты журналіста. Узброіўшыся імі, дзеці адправіліся на пошук цікавых навін. 

З выхаванцамі праходзілі майстар-класы па вырабе атрыбутаў для журналісцкай дзейнасці: мікрафонаў, нататнікаў журналіста, камер, бэйджыкаў па прафесіях, ноўтбукаў. Арганізаваны выпуск штотыднёвай рубрыкі “Гавораць дзеці”, якая, дарэчы, трансліруецца на мясцовым тэлеканале “Слуцк ТБ”.

Хто ведае, ці стануць нашы выхаванцы сапраўднымі артыстамі ці журналістамі? Упэўнена, што яны будуць дапытлівымі, таварыскімі і паспяховымі ў жыцці.

Надзея ЦЕРАХАВА.