У “Тэатральным куфры” сёлета ўпершыню прымуць удзел дзіцячыя тэатры

- 10:53Культура

ХІІІ Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар. БДУ — 2016” урачыста адкрыецца сёння ўвечары ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Для тых, хто да гэтага не наведваў “ТК”, варта нагадаць, што “Тэатральны куфар” — гэта адзіны ў Беларусі міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў, адзін з самых уплывовых тэатральных форумаў ва Усходняй Еўропе і транснацыянальная платформа, якая аб’ядноўвае крэатыўную моладзь з усяго свету.

Гэта не пустыя словы. За імі стаяць падзеі, факты, людзі, а перадусім — галоўная ўстанова вышэйшай адукацыі нашай краіны — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Менавіта намаганнямі супрацоўнікаў упраўлення па справах культуры БДУ сёлета ўдалося сабраць на “Тэатральны куфар” ажно 23 калектывы з 14 краін. Вось далёка не поўны іх пералік: тэатр-студыя “На філфаку” (Беларусь, Мінск, “Патрабуецца мадэль” К.Тананайка), тэатр-студыя “7 паверх” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Беларусь, Мінск, “А заўтра была вайна” Б.Васільева), тэатральная майстэрня “Сляды” (Беларусь, Гомель, “Самая прыгожая жанчына ў горадзе” па матывах Ч.Букоўскі), тэатр “Панацэя” Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (Беларусь, Мінск, “Запалярная праўда” Ю.Клаўдзіева), тэатральная група акцёрскай школы “Гудман” (Ізраіль, Беэр-Шэва, “Вечны плакальшчык” Х.Левіна), Teatro dell Ombre (Італія, Рым, “Гамлет” У.Шэкспіра), тэатральная група Socoot (Іран, Тэгеран, “Шэкспір, каханне 2001” па матывах “Рамэа і Джульеты” У.Шэкспіра), тэатр Home Хунаньскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта (Кітай, Чаньша, “Ноч на Галактычнай чыгунцы” К.Міядзава), Вільнюскі камерны тэатр (Літва, Вільнюс, “Англійскае забойства С.Хэйра), тэатр Funtasia Нацыянальнай школы бізнесу і менеджменту (Марока, Касабланка, “Падарожжа 2015” Ануара Хасані), тэатр Remont Сілезскага тэхнічнага ўніверсітэта (Польшча, Познань, “Амок — мая дзіцячая гульня” Т.Фрэера), Маскоўскі адкрыты студэнцкі тэатр (Расія, Масква, “Дарагі Бог!” па матывах “Аскара і Ружовай дамы” Э.-Э.Шміта), тэатр-студыя “Калаж” Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія, Саратаў, “Хто ты?” па матывах “Алісы ў краіне цудаў” Л.Кэрала), “Тэатр 054” (Харватыя, Асіек, “Маленькі прынц” А. дэ Сент-Экзюперы)… Як можна заўважыць, геаграфічная палітра сёлетніх удзельнікаў “Тэатральнага куфра” дастаткова шырокая. Назвы заяўленых спектакляў сведчаць, што і палітра тэатральных школ будзе таксама разнастайнай.

Безумоўна, сёлетні “ТК” не забудзецца пра свае фірменныя фішкі, дзякуючы якім ён асабліва палюбіўся айчынным тэатрафілам. У прыватнасці, адной з самых відовішчных дзей форуму па традыцыі стане праект “Куфар-in-Motion” — інакш кажучы, “Куфар” у руху, калі артысты розных тэатральных студый за 5 дзён работы фестывалю будуць разам працаваць над пастаноўкай спектакля, які пакажуць на цырымоніі закрыцця “ТК”. Штодня, з 25 па 30 лістапада, будуць працаваць дыскусійныя пляцоўкі форуму, ладзіцца майстар-класы, паказальныя выступленні сяброў журы… І будзе навінка-іскрынка гэтага сезона — упершыню ў гісторыі “Тэатральнага куфра” ў форуме прымуць удзел дзіцячыя тэатры з Беларусі, Расіі і Кітая. Асобны дзіцячы конкурс пройдзе 26 і 27 лістапада ў Маладзёжным тэатры эстрады.

Нягледзячы на ўсе забабоны, звязаныя з лічбай “13”, сёлетні, 13-ы па ліку, “Тэатральны куфар” абяцае быць свежым, цікавым і мнагазначным. Як, у прынцыпе, і заўсёды.

Па ўсіх тэатральных паняццях, ён сёння пачнецца з вешалкі…

Скончыцца дзесьці ў душы.

І невядома калі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.