У тэлефоне — як на далоні

- 14:59Адукацыйная прастора

Які цяпер урок? Што ў меню сталовай? Як быць, калі забыў дома падручнік? Адказ на гэтыя пытанні знайшоў Антон Варабей, навучэнец 11 “А” класа сярэдняй школы № 11 Наваполацка. Ён распрацаваў дадатак School TEX, які спрашчае жыццё і навучэнцаў, і настаўнікаў.

Першапачаткова з дапамогай утыліты можна было атрымаць доступ да электронных версій падручнікаў, раскладу ўрокаў і школьных навін. Зараз дадатак мадэрнізаваны ў School 11 і мае пашыраны функцыянал, новае інфармацыйнае напаўненне і стыльны дызайн. Праграма дзейнічае ў рамках сярэдняй школы № 11 Наваполацка і даступная дзецям, іх бацькам і педагогам. Акрамя пералічаных магчымасцей, у School 11 ёсць меню сталовай, укладка “Дасягненні” з заслугамі вучняў і настаўнікаў, раздзел “#Стопкавід”, дзе сабрана актуальная інфармацыя па каранавірусе, картатэка выкладчыкаў і многае іншае.

— Фішка праекта ў тым, што ён істотна эканоміць час кожнага, хто звязаны з нашай установай адукацыі. Навучэнцы ў два клікі даведваюцца, які ў іх урок, дзе ён пройдзе і хто яго будзе весці. У баць­коў ёсць магчы­масць дыстанцыйна фарміраваць рацыён свайго дзіцяці і быць у курсе апошніх падзей. Педагогі таксама ў плюсе, бо дзякуючы School 11 іх дасягненні не застануцца ў цені, — расказвае Антон.

Дарэчы, утыліта пастаянна мадэрнізуецца. У перспектыве для бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце вучню будзе дастаткова паказаць, што ён аўтарызаваны ў праграме. Таксама Антон пастаянна праводзіць гутаркі з навучэнцамі і педагогамі ўстановы адукацыі, каб даведацца, якія моманты трэба дапрацаваць.

— Пасля ўдзелу ў праекце 100 ідэй для Беларусі Антон прапанаваў запусціць праграму ў межах нашай школы. Пастаянна звяртаўся да адміністрацыі навучальнай установы, трымаў усе пытанні на кантролі і дапрацоўваў праект. Сумесна мы правялі анкетаванне сярод вучняў і педагогаў. Я, як настаўнік інфарматыкі, кансультаваў па пытаннях дызайну. Пасля маштабнай падрыхтоўкі мы паглядзелі, што School 11 можна запускаць: праграма сапраўды прыносіць карысць, — адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 11 Наваполацка Аляксандр Аляксандравіч Горскі.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Антона Вараб’я.