У трэндзе—адказнасць за навучанне

Метад актыўнай ацэнкі ўсё больш захоплівае беларускіх педагогаў. Актыўная ацэнка становіцца ключавой як на ўроках, так і на экзаменах на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі. А некаторым яна дапамагла стаць і настаўнікам-метадыстам. У чым жа сакрэт яе прыцягальнасці і паспяховасці? Некалі адна настаўніца ў размове адзначыла, што гэты метад усе педагагічныя веды і ўменні прыводзіць у сістэму. “Кожны элемент гэтага метаду штохвілінна падтрымлівае цікавасць у кожнага навучэнца ў класе”, — заўважыла яна тады. Пасля іншы педагог заўважыў, што актыўную ацэнку ў беларускіх рэаліях не прыменіш на 100 працэнтаў. Але нядаўна 70 настаўнікаў атрымалі сертыфікаты міжнароднага ўзору і цяпер свабодна карыстаюцца новым метадам. Да таго ж могуць вучыць іншых.
Да руху педагогаў, якія пажадалі перагледзець свае метады навучання і звярнуліся да актыўнай ацэнкі, далучыўся Мікалай Іванавіч ЗАПРУДСКІ, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Мікалай Іванавіч — асоба вядомая і аўтарытэтная ў педагагічным асяроддзі нашай краіны. На яго метадычных стратэгіях выхавалася не адно пакаленне настаўнікаў, таму мы і звярнуліся да яго за тлумачэннямі наконт новай методыкі.

— Мікалай Іванавіч, у чым жа сакрэт такой паспяховасці метаду актыўнай ацэнкі сярод нашых настаўнікаў?
— Калісьці Эйнштэйн казаў, што ў атмасферы праблем і цяжкасцей заўсёды ёсць шанс на развіццё. Калі б у нашай адукацыі ўсё было так добра і гладка, то ніхто нічога не хацеў бы мяняць. Я апошнім часам узгадваю момант з ужо далёкага мінулага. 1969 год: у класе сядзіць настаўнік, побач — вучань гадоў адзінаццаці і яго бацькі. Бацька ў руцэ трымае дзённік з двойкамі і сварыцца на свайго сына за дрэнныя адзнакі. І тут жа ўсплываюць іншыя ўспаміны, але ўжо з цяперашняга часу: зноў сядзіць настаўніца, побач — двое бацькоў і іх дзіця. Бацькі сварацца на настаўніцу за тое, што паставіла дрэнныя адзнакі іх сыну, які ў гэты час смяецца.
Сёння ні ў дзяцей, ні ў іх бацькоў няма адказнасці за навучанне. За ўсё адказвае настаўнік. А патэнцыял метаду актыўнай ацэнкі дазваляе зрабіць так, што дзеці становяцца адказнымі за сваё навучанне. Ды і бацькі таксама далучаюцца да гэтага працэсу.
Яшчэ адзін момант. У нашых школах адзнака — гэта, па сутнасці, фетыш. Калі дзіця прыходзіць са школы, то першае, пра што ў яго пытаюцца: “Што сёння атрымаў?” Калі мы праводзілі апытанне дзяцей “Навошта ты ходзіш у школу?”, то школьнікі адразу адказвалі: “За адзнакамі”. Сёння дадатковы бал можна атрымаць, напрыклад, за высокія паказчыкі ў зборы макулатуры, таму адзнака выступае ў ролі своеасаблівай валюты.
А актыўная ацэнка як бы перафармаціруе адносіны дзяцей да навучання, а настаўнікаў — да выкладання. Акрамя таго, яна не пярэчыць той нарматыўнай базе, якая сёння дзейнічае ў нашай краіне. Калі яе ўмела прымяняць, то будзеш знаходзіцца ў кантэксце адпаведнага інструктыўна-метадычнага пісьма Мінадукацыі.

— Гэты метад цяпер — сусветны трэнд?
— Аўстралійскі даследчык прафесар Джон Хэці ўстанавіў фактары, якія ўплываюць на якасць адукацыі. Ён даследаваў адмоўныя і станоўчыя фактары. Актыўная ацэнка трапіла ў тройку лідараў станоўчых фактараў.
А яшчэ ёсць даследаванні РІSА. Мы, дарэчы, пакуль адзіная ў Еўропе краіна, якая не ўдзельнічае ў гэтых даследаваннях. Але можна звярнуцца да расійскіх вынікаў, дзе апошняе даследаванне датуецца 2012 годам. Яго вынікі наступныя: па чытальніцкай пісьменнасці Расія заняла 41 месца, па матэматычнай адукацыі — 34, па прыродазнаўчых дысцыплінах — 38 месца. Паколькі мы з Расіяй, як гаворыцца, з той жа пясочніцы, то можна меркаваць, што прыкладна такая ж сітуацыя і ў нас. Першымі ў Еўропе па даследаваннях РІSА з’яўляюцца Фінляндыя, Галандыя, Ліхтэнштэйн, Польшча, Эстонія. У гэтых краінах метад актыўнай ацэнкі выкарыстоўваецца шырока. Даволі актыўна ён распаўсюджваецца і ў Амерыцы.

— А які механізм атрымання навыкаў для работы па актыўнай ацэнцы існуе ў нашай краіне?
— Метад актыўнай ацэнкі ў нашай краіне распаўсюджваецца з 2009 года. У Расіі, дарэчы, гэты метад называюць фарміруючай ацэнкай. Цяпер у 10 установах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца інавацыйны праект па актыўнай ацэнцы, кансультантамі якога з’яўляюцца супрацоўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яшчэ ў нас праводзяцца семінары, трэнінгі па гэтай тэхналогіі. Акрамя таго, у мяне ёсць аўтарскія курсы па актыўнай ацэнцы.
Навыкі карыстання актыўнай ацэнкай нашы педагогі атрымліваюць і праз дыстанцыйнае навучанне і стажыроўкі. Курс дыстанцыйнага навучання арганізуецца ТБШ. Ён разлічаны на 6 месяцаў і заснаваны на прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Курс практыка-арыентаваны, з невялікай тэарэтычнай часткай. Навучэнцы курса праз пэўны прамежак часу атрымліваюць невялікі дыдактычны матэрыял, напрыклад, па вызначэнні зваротнай сувязі паміж вучнем і настаўнікам, і заданне, якое неабходна выканаць у сваім класе. Па выніках настаўнікі пішуць невялікія справаздачы. А ўжо затым у работу ўключаюцца ментары (педагогі, якія ўжо засвоілі метад актыўнай ацэнкі), якія з дапамогай актыўнай ацэкі каменціруюць выкананыя заданні. За заданні балы не ставяцца. Тут галоўны вынік — набыццё практычных уменняў і навыкаў.
Дарэчы, 5 красавіка мы якраз падвялі вынікі другога такога курса. Яго скончылі 70 настаўнікаў. У канцы навучання яны запаўнялі анкету, дзе выказаліся адносна гэтай стратэгіі навучання. Акрамя таго, падчас выканання настаўнікамі заданняў па сямі модулях (па асноўных напрамках актыўнай ацэнкі) дыстанцыйнага курса, ментары маглі карэкціраваць і ўдасканальваць дзейнасць сваіх “вучняў” у межах спецыяльнай платформы ў інтэрнэце ў выглядзе адкрытых каментарыяў на форумах.

— Наколькі актыўная ацэнка ўпісваецца ў рэаліі і магчымасці нашых настаўнікаў?
— Удзельнікі курса — настаўнікі самых розных прадметаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Зразумела, што ўсе яны па-рознаму засвоілі курс. У першую чаргу гэта звязана з псіхалогіяй традыцый, якіх прытрымліваюцца нашы педагогі. Нашых настаўнікаў трымаюць стэрэатыпы, і ім цяжка адмовіцца ад сваіх звычак. Тым не менш сярод удзельнікаў курса не было такіх, якія б расчараваліся. Наадварот, усе яны адзначалі, што актыўная ацэнка дапамагла памяняць акцэнты ў сваёй педагагічнай дзейнасці. А некаторыя зазначалі, што, калі б не актыўная ацэнка, яны ўвогуле сышлі б са школы.
Але ёсць і адваротны бок медаля. Актыўная ацэнка ― гэта не фармальнае прымяненне пэўных метадаў. Гэта разуменне філасофіі, прыняцце сваёй іншай прафесійнай пазіцыі і ролі на ўроку. Акрамя таго, гэта разуменне іншай, самастойнай пазіцыі вучня, яго магчымасцей і ўмення выказваць сваё меркаванне. Актыўная ацэнка — гэта шлях да змен, як унутры сябе, так і вакол.
Што мы назіраем цяпер? Ёсць настаўнікі, якія выдатна валодаюць актыўнай ацэнкай, праводзяць адпаведныя майстар-класы. Як, напрыклад, Эла Якубоўская з Жодзіна, якая, дарэчы, адна з першых стала настаўнікам-метадыстам і бліскуча абараніла свой вопыт, які быў звязаны менавіта з актыўнай ацэнкай. Потым яе запрасілі ў першую гімназію Гродна, дзе яна дзялілася сваімі здабыткамі ў галіне актыўнай ацэнкі. Яе выступленне стала настолькі моцным, што ў многіх настаўнікаў адбылася пераацэнка каштоўнасцей сваёй прафесійнай пазіцыі. Тое самае было ў Асіповіцкім раёне, Віцебску, Столінскім раёне, дзе праводзіліся майстар-класы іншых педагогаў.
Актыўная ацэнка становіцца ўсё больш папулярнай. Многія настаўнікі імкнуцца ўкараняць яе ў адукацыйны працэс. Часцей уводзяцца асобныя прыёмы і сродкі гэтай тэхналогіі. Гэта нармальна, калі яны арганічна ўпісваюцца ў сістэму работы педагога, калі яго сістэма становіцца больш эфектыўнай.
Тут да месца перасцерагчы настаўнікаў ад паспешлівых заяў, што яны працуюць па актыўнай ацэнцы. Не спяшайцеся гаварыць гэта і пісаць пра гэта падчас дэманстрацыі свайго вопыту на кваліфікацыйных экзаменах, на конкурсах, пры правядзенні адкрытых урокаў. Для таго каб прыняць філасофію актыўнай ацэнкі і сфарміраваць на яе аснове сваю сістэму работы, патрэбен не адзін год удумлівай працы.

— Тады трэба яшчэ раз агучыць сутнасць гэтага метаду.
— Ядром актыўнай ацэнкі з’яўляецца зваротная сувязь. Можна сказаць, што актыўная ацэнка — гэта ўзаемнае навучанне, калі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу (дзеці, настаўнікі, бацькі) бачаць, як ідзе навучанне. Замест адзнакі настаўнік каменціруе дзейнасць навучэнца на занятках. Добры водгук — гэта майстэрства, і ён заўсёды павінен уключаць чатыры элементы: акцэнт на добрых элементах вучнёўскай дзейнасці; адзначэнне таго, што павінна быць выпраўлена ці над чым трэба папрацаваць дадаткова; падказкі, як гэта можна зрабіць; парады наконт далейшых напрамкаў дзейнасці навучэнца. Зваротная сувязь павінна быць цесна звязана з ранейвызначанымі крытэрыямі ацэнкі.
А ў нас на ўроках можна назіраць такую традыцыйную сітуацыю. Прайшла праверачная работа. На наступным уроку настаўнік робіць “разбор палётаў” і гаворыць пра тыповыя памылкі, якія тычацца ўсяго класа. А вучні ж хочуць, каб настаўнік разабраў кожную работу асобна і кожнаму вучню ўказаў менавіта на яго поспехі і няўдачы.
Адзін сямікласнік, які ўпершыню за гады вучобы атрымаў падрабязны каментарый настаўніка адносна сваёй работы, ад радасці аж падскочыў. А як жа! Настаўнік напісаў цэлае пасланне яму аднаму! Канечне, такая работа патрабуе дадатковых педагагічных рэсурсаў, але і тут ёсць магчымасці для яе скарачэння. Такія каментарыі ў першую чаргу патрэбны сярэднім і слабым вучням, якім вера педагога проста неабходна. Акрамя таго, такі падыход фарміруе адказнае стаўленне вучня да навучання.
Усё навучанне ў межах актыўнай ацэнкі пранізана зваротнай сувяззю: ад настаўнка да вучня, ад настаўніка да бацькоў, ад вучня да другога вучня, ад вучня да бацькоў. Зваротная сувязь мае магутны патэнцыял, бо дазваляе карэкціраваць і паляпшаць навучанне. Яна з’яўляецца асновай мабільнасці ўсіх удзельнікаў працэсу.

— Акрамя таго, вы гаварылі пра павышэнне адказнасці вучняў да навучання.
— Так, дзеці ўцягваюцца ў працэс мэтавызначэння, увесь час параўноўваючы свае набытыя веды і ўменні з тым, што мелі раней. Пры актыўнай ацэнцы практыкуецца метад узаема- і самаацэнкі. Вучні на аснове вызначаных крытэрыяў ацэнкі ўзаемна праглядаюць работы адно аднаго і даюць парады па іх паляпшэнні. Гэта мае двайное значэнне: з аднаго боку, вучань добра разумее аднакласніка, бо сам рашаў тую ж задачу, а з другога боку, вучыцца ў яго. Самаацэнка дазваляе навучэнцам знайсці адказы на пытанні: “Што я ўжо ведаю?”, “Над чым яшчэ павінен папрацаваць?”, “Што варта змяніць у сваім спосабе навучання?”, “Якія рашэнні мне давядзецца прыняць у будучыні?”
Увогуле метад актыўнай ацэнкі павінен арганічна ўпісвацца ва ўжо існуючы педагагічны кантэкст настаўніцкай дзейнасці. Нават калі педагог бярэ на ўзбраенне толькі некаторыя складнікі, у прыватнасці, дыягнастычную пастаноўку мэты ўрока, выкарыстанне крытэрыяў ацэнкі або каментарый работы вучня. Але, паўтаруся, гэта толькі асобныя прыёмы, зварот да якіх яшчэ не азначае, што вы карыстаецеся актыўнай ацэнкай. Актыўная ацэнка — гэта сістэма навучання з новым светапоглядам. Каб авалодаць ёй, трэба пераадолець шлях барацьбы, і ў першую чаргу з сабой.

— Мікалай Іванавіч, сёння ў нашых школах настаўнікі працуюць у межах многіх методык і тэхналогій, якія час ад часу трансфармуюцца і мадыфікуюць у новыя формы. Актыўная ацэнка ― гэта метадычны прарыў ці модны павеў?
— Тэхналогіі, методыкі, сродкі навучання патрэбна выбіраць пад мэты навучання, каб яны былі ўсё ж адэкватныя мэце. Калі, напрыклад, мэтай з’яўляецца данясенне інфармацыі, то дапаможа тлумачальна-ілюстрацыйны метад, калі мэта звязана з развіццём камунікатыўных здольнасцей, — то работа ў парах і групах.
Актыўная ацэнка адпавядае сучасным метадам адукацыі. У 91 артыкуле Кодэкса аб адукацыі пералічаны патрабаванні да адукацыйнага працэсу. І там, у прыватнасці, ёсць патрабаванне выкарыстоўваць кампетэнтнасны падыход. А гэта азначае, што вучні павінны валодаць не толькі ведамі пра саляную кіслату ці Закон Ома, але і ключавымі кампетэнцыямі. Актыўная ацэнка якраз на іх фарміраванне і працуе. У выніку ў вучняў узнікаюць кампетэнцыі адказнасці, узаемадзеяння, самастойнасці.
Кампетэнтнасны падыход з’яўляецца сучаснай тэндэнцыяй у адукацыі ўсяго свету і ўяўляе сабой сістэму мэт, форм, метадаў і сродкаў навучання, якія накіраваны на авалоданне дзецьмі ключавымі кампетэнцыямі, тымі характарыстыкамі, якія неабходны ў сучасным грамадстве (як, напрыклад, уменне працаваць у камандзе ці ўмець сябе адэкватна ацэньваць).
Зыходзячы з таго, што тэхналогія навучання падбіраецца пад мэту, а мэта адукацыі — гэта не толькі веды, уменні і навыкі, то актыўная ацэнка для нас — вельмі перспектыўная тэхналогія. Пацвярджаюць гэтую перспектыву і тыя краіны, дзе яна атрымала шырокае распаўсюджанне. Акрамя таго, асноўнай ідэяй актыўнай ацэнкі з’яўляецца дэманстрацыя вялікіх жаданняў ад вучня, вера ў яго поспех, нават калі на цяперашні момант ён не паказвае станоўчых вынікаў.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

 

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *