У трэндзе лічбавай трансфармацыі

- 9:40Адукацыйная прастора

У Полацкім дзяржаўным універсітэце 20 верасня адкрылі навукова-практычную лабараторыю праграмуемых мабільных сістэм. Новая лабараторыя з’явілася на факультэце інфармацыйных тэхналогій ПДУ, яе асноўнае мэтавае прызначэнне — практычныя заняткі і праектная дзейнасць студэнтаў ІТ-спецыяльнасцей.

Па словах першага прарэктара ўніверсітэта, кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта Аксаны Голубевай, аб’ект задуманы як невялікая студэнцкая інавацыйная майстэрня, разлічаная на работу ў камандах колькасцю да пятнаццаці чалавек. На цяперашні момант створана базавая версія лабараторыі. У камплекце абсталявання — планшэты, наборы для канструявання праграмуемых міні-робатаў, мікракамп’ютары з падтрымкай Wi-Fi і Bluetooth, 3D-прынтар. Акрамя таго, прадугледжаны рэсурсныя наборы, якія складаюцца з датчыкаў руху, нахілу, тэмпературы, колеру, дотыку, перашкод, мультыплексараў, рухавікоў, серваматораў, лямпачак, шасі, адаптараў, кантролераў, плат пашырэнняў, LCD-дысплэяў, святлодыёдаў, пультаў кіравання, філаментаў. Праграмаваць смарт-сістэмы студэнты будуць на мовах C++, Node.js, Python і інш. У найбліжэйшай перспектыве лінейку абсталявання плануецца дапоўніць. Сабраныя комплексы і прылады будуць як выконваць зададзеныя функцыі, так і збіраць статыстычныя даныя з датчыкаў для наступнага аналізу і прыняцця рашэнняў.

— З дапамогай спецыялізаванага абсталявання студэнты змогуць канструяваць мабільныя смарт-сістэмы, робатызаваныя міні-комплексы, праграмна-апаратныя прадукты з прымяненнем тэхналогій індустрыяльнага інтэрнэту і інтэрнэту рэчаў, прататыпы высокадакладных вырабаў на аснове адытыўных тэхналогій, — расказала Аксана Валер’еўна. — Атрыманыя веды і навыкі дадуць магчымасць будучым інжынерам-праграмістам паспяхова ствараць новыя алгарытмы ўзаемадзеяння аўтаномных прылад паміж сабой, пракла­дваць сэнсарныя сеткі, распрацоўваць новыя чалавека-машынныя інтэрфейсы і нейракагнітыўныя тэхналогіі. Што, у сваю чаргу, з’яўляецца базавым элементам для пераводу ў рэжым “смарт” энергетыкі, транспарту, гарадской інфраструктуры, прамысловасці, аграрнага сектара. Сфарміраваныя кампетэнцыі дазво­ляць выпускнікам ісці ў нагу з сусветнымі трэндамі лічбавай трансфармацыі, працаваць па напрамках, адпаведных шостаму тэхналагічнаму ўкладу.

Лабараторнае абсталяванне набыта на сродкі СТАА “Сістэмныя тэхналогіі”. Кампанія — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій рэалізуе ўласныя праграмныя прадукты для аўтаматызацыі дзейнасці банкаў і прадпрыемстваў на ўнутраным рынку, а таксама для замежных партнёраў з 11 краін свету. Супрацоўніцтвам з ПДУ кампанія зацікавілася, кіруючыся стабільна высокай прафесійнай падрыхтоўкай прынятых на работу выпускнікоў універсітэта. Асобна было адзначана, што гэтыя маладыя спецыялісты грунтоўна ведаюць англійскую мову, валодаюць майстэрствам публічнага выступлення, дэманструюць камунікабельнасць, працавітасць, адказнасць, дысцыплінаванасць. Паміж універсітэтам і ІТ-кампаніяй быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае, у прыватнасці, партнёрства ў праектнай дзейнасці, арганізацыі вучэбных практык студэнтаў.

— IT-кампаніі Парка высокіх тэхналогій, у тым ліку і мы, імкнуцца падтрымліваць сістэму адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, — звярнуўся да студэнтаў у ходзе ўрачыстасці намеснік генеральнага дырэктара СТАА “Сістэмныя тэхналогіі” Аляксандр Жукоўскі. — Важнае значэнне надаём развіццю рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. Ва ўмовах пандэміі мы прыстасаваліся да работы ў гібрыдным рэжыме, што дазваляе набіраць персанал не толькі са сталіцы ці абласных цэнтраў, але і з усёй краіны. Сёння няма ніякіх бар’ераў, каб атрымліваць і рэалізоўваць на практыцы свае веды. Сучасны свет пераходзіць з індустрыяльнай эканомікі ў эканоміку ведаў. Для таго каб быць паспяховымі і канкурэнтнымі ў новых умовах, трэба навучыцца вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Усё ў вашых руках, усё залежыць толькі ад вас. Таму станавіцеся максімальна дасведчанымі, “пракачвайце” скілы — і чакаем у нашай кампаніі ў якасці работнікаў.

У ПДУ ажыццяўляецца падрыхтоўка па шырокім спектры ІТ-спецыяльнасцей. Як паведаміла першы прарэктар, у наступным годзе ўніверсітэт пачне набор на новую спецыяльнасць “Штучны інтэлект”. Раней з мэтай павышэння эфектыўнасці і якасці адукацыйнага працэсу тут ужо адкрылі сумесную з міжнароднай групай кампаній ICOL навукова-інавацыйную лабараторыю штучнага інтэлекту. Адкрыццё яшчэ адной навукова-інавацыйнай лабараторыі машыннага навучання і вялікіх даных, створанай пры спонсарскай падтрымцы кампаніі “Фабрыка інавацый і рашэнняў” і ў рамках рэалізацыі на факультэце міжнароднага праекта MACICT, запланавана на кастрычнік.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Паліны КАСАРЭЎСКАЙ.