У трэндзе сучаснай адукацыі

- 11:38Адукацыйная прастора

Свет мяняецца, і адукацыя павінна аднавіцца. Якая яна — адукацыя ХХІ стагоддзя? Якіх навыкаў не хапае сучасным выпускнікам школ і УВА для таго, каб эфектыўна працаваць у высокатэхналагічных кампаніях? Як пабудаваць асяроддзе, у якім педагогі змогуць рэалізоўваць свой патэнцыял? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў круглага стала, які прайшоў у Парку высокіх тэхналогій. У размове прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка, прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута Мітчэл Рэзнік, адукацыйны тэхнолаг Талінскай Кесклінаскай Рускай гімназіі (ТКРГ) Людміла Раждзественская, педагогі-практыкі і прадстаўнікі ІТ-сферы. Некаторыя меркаванні ўдзельнікаў круглага стала прапануем вашай увазе.

Мітчэл Рэзнік, прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута:

— Я супраць таго, каб шукаць баланс паміж асваеннем ключавых навыкаў і развіццём крэатыўнасці. Думаю, што ўсе пагодзяцца, што ёсць ключавыя навыкі, якія неабходны для ўсіх. Для мяне галоўнае пытанне: як гэтыя ключавыя навыкі дзецям набываць? У многіх сістэмах адукацыі традыцыйны падыход у асваенні ключавых навыкаў — “вывучы матэрыял ад гэтуль да гэтуль, а потым табе ён спатрэбіцца для творчых праектаў”. І для некаторых вучняў гэта слушна. Яны ўважліва адносяцца да набыцця ключавых ведаў і са­праўды выкарыстоўва­юць засвоенае на практыцы. Але гэта спрацоўвае не з усімі школьнікамі. Многія падчас навучання страч­ваюць цікавасць і ў канчатковым выніку не набываюць патрэбныя веды. Неяк я зайшоў у клас, дзе дзіця стварала ў асяроддзі Scratch гульню і вельмі хацела зрабіць, каб аўтаматычна фіксаваўся яе лік. Я паказаў яму, як гэта зрабіць. Малому так спадабалася, што гэты падыход ён стаў выкарыстоўваць і ў іншых работах. І гэта пры тым, што ў школе ён ужо вывучаў пераменныя, але не засвоіў гэтую тэму. Таму, перакананы, нават ключавыя веды і навыкі можна набываць у працэсе работы над праектам. Вучні адразу бачаць вынік сваёй работы. З іншага боку, я ўсведамляю сур’ёзны выклік для настаўнікаў. Ім неабходна перагледзець свае падыходы да навучання.

Сяргей Цяплоў, дырэктар ТКРГ:

—         Праблема сучаснага грамадства ў тым, што людзей, якія ствараюць ідэі, можна пералічыць на пальцах, а людзей, якія рэалізоўваюць гэтыя ідэі, адзінкі. Амерыканцы і японцы ў сваіх мадэлях навучання настроены больш на тое, як рэалізаваць тую ці іншую ідэю, увасобіць яе ў жыццё і навучыць дзіця гэта зрабіць. Еўрапейская і расій­ская мадэлі арыентаваны на тое, каб стварыць ідэю. Сучасныя дзеці не павінны ўмець усё. Ёсць людзі, якія ствараюць ідэю, людзі, якія ­могуць увасобіць яе ў жыццё, людзі, якія могуць гэтую ідэю распаўсюдзіць. Навучыць дзяцей працаваць у групе, узаемадзейнічаць — гэта асноўная задача сучаснай адукацыі. Гэта тое, што рэальна патрабуецца сёння пры прыёме на работу ў высокатэхналагічныя кампаніі. Што тычыцца дылемы акадэмічных ведаў і крэатыўнасці, то сёння нікому не патрэбны чыста акадэмічныя веды, патрэбна іх практычная рэалізацыя. І таму зараз у нашай установе мы перастаём гаварыць пра прадметы, а гаворым пра інтэрдысцыплінарнасць адукацыі.

Людміла Раждзествен­ская, адукацыйны тэхнолаг ТКРГ:

— Як вядома, постсавецкія краіны па даследаванні  PISA аказаліся ў трэцяй, апошняй, групе краін па прыродазнаўча-матэматычнай дасведчанасці навучэнцаў. Пасля міфа аб лепшай у свеце савецкай адукацыі, гэта была даволі балючая сітуацыя. Але Эстонія змагла гэты бар’ер пераадолець.

Адна з прычын нашага поспеху не ў тым, што ў нас ёсць PISA-заданні, як мяркуюць некаторыя. Іх не існуе ў прынцыпе. У нас няма падручнікаў, якія рыхтуюць вучняў да гэтых заданняў. Сакрэт поспеху ў тым, што школа стала больш самастойнай, у тым ліку і ў выбары адукацыйных праграм, у іх змесце. Настаўнік можа сам выбіраць, якімі сродкамі яму дасягаць пастаўленай мэты. Так, праграму па інфарматыцы ўнутры школы мы разглядаем як канструктар. Можна заўважыць, што пэўная складанасць спускаецца ўніз і тое, што мы рабілі ў шостым класе, зараз мы робім у трэцім. Гэта адбываецца, мабыць, таму, што мы самі не ўмелі правільна вучыць, а зараз расцём разам з вучнямі.

Мы Google-школа, і з першага класа кожны вучань школы атрымлівае Google-акаўнт, які падключаны да школьнай сеткі. Зразумела, спачатку дзіця не ўмее чытаць і пі­саць. Важна, каб да другога паўгоддзя яно авалодала патрэбнымі навыкамі работы ў сетцы. Лозунг “Праграмаванне — другая пісьменнасць” Эстонія крыху перайначыла: “Праграмаванне — да чытання і пісьма”. Гэта не азначае, што першакласнік будзе пісаць скрыпты і настаўнік імкнецца навучыць яго гэтаму. Гэта азначае, што вучань зможа самавыяўляць сябе не толькі тэкстам, а з дапамогай вобразаў, паняццяў.

Нашу эстонскую рускамоўную школу з нядаўняга часу мы пазіцыянуем як STEAM-школу і ўкараняем сістэму атрымання ведаў праз праектнае навучанне.

Святлана Уклейка, начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі:

— Я заўсёды прыгадваю словы Эйнштэйна, які аднойчы заўважыў: “Адукацыя — гэта тое, што застаецца, калі забудзеш усё, чаму вучылі ў школе”. Калі хтосьці з нас пачне прыгадваць, што ён памятае са школы, то наўрад ці ўспомніць, колькі грудных пазванкоў у таго ці іншага млекакормячага. І так можна браць любы вучэбны прадмет. На стыку стагоддзяў быў вялікі бум наконт выкарыстання педагагічных тэхналогій у адукацыі. Зараз, гле­дзячы на гэта, я разумею, што асобныя тэхналогіі былі сапраўды вельмі эфектыўнымі, бо вучылі школьнікаў мысліць самастойна, працаваць у групе, супрацоўнічаць, дамаўляцца.

Мы крывім душой, калі гаворым, што, праходзячы праз даследаванне PISA, вучням не трэба ведаць формул. Мы не выканаем ніводнага задання, калі не будзем мець пэўных ведаў. Іншая справа — трэба ўмець прымяняць гэтыя веды на практыцы.

У нашых вучэбных праграмах прапісаны кампетэнцыі, якімі павінен авалодаць вучань. Аднак часта бывае так, што два настаўнікі, якія працуюць у класах адной паралелі, па адным і тым жа прадмеце, па адной вучэбнай праграме, дэманструюць розны вынік. У адным класе вучні з захапленнем, гуляючы, асвойваюць той ці іншы матэрыял, а ў другім, паглядваючы на гадзіннік, чакаюць завяршэння ўрока і са страхам уяўляюць, як будуць адказ­ваць на наступным уроку. Тут пытанне найперш у падрыхтоўцы настаўнікаў, у іх гатоўнасці прымяняць новыя тэхналогіі, новыя падыходы.

Зараз вельмі актыўна абмяркоўваецца пытанне наконт вучэбных праграм па інфарматыцы. Выкарыстанне кампетэнтнаснага падыходу патрабуе ўзмацнення ў выкладанні гэтага прадмета практычнага складніка. І меркаванні спецыялістаў самыя розныя. Адны лічаць, што ў вучэбнай праграме дакладна павінен быць прапісаны змест (па класах, тэмах з усімі кампетэнцыямі, якія неабходна сфарміраваць). Іншыя прапаноўва­юць зрабіць праграму больш гнуткай, мабільнай, прадаставіць больш свабоды настаўнікам. Мы гатовы пайсці на пэўны эксперымент па вучэбнай праграме. Аднак тут узнікаюць пытанні і з падручнікам па інфарматыцы. У якім ён выглядзе патрэбен? Якая інфармацыя павінна ў ім размяшчацца? Гэтыя пытанні пакуль застаюцца адкрытымі, мы іх абмяркоўваем, прыцягваючы ўсіх зацікаўленых.

Марына Савянок, дырэктар сярэдняй школы № 20 Барысава:

— Наша школа вельмі розная. Гэта школа, у якой цікава вучыцца дзецям і падабаецца працаваць настаўнікам. Мы працуем па звычайных стандартах і падручніках, але не трэба забываць, што кожны настаўнік на сваім уроку — дырыжор маленькага аркестра. Задача настаўніка — захапіць прадметам. І ў многіх педагогаў гэта добра атрымліваецца. Тут на дапамогу прыхо­дзяць розныя методыкі і тэхналогіі. Я сама працавала па развіццёвым навучанні, і мае навучэнцы былі вельмі нязручнымі для педагогаў у тым плане, што яны задавалі вельмі многа пытанняў, падвяргалі сумненню ісціну, якую ім імкнуўся даць настаўнік. На цяперашні момант яны самарэалізаваліся і сталі паспяховымі ў жыцці. Мы вельмі многа працуем з тэхналогіямі развіцця крытычнага мыслення, праблемнага навучання. Кожны вучань павінен умець выказацца, мець сваю думку і пры неабходнасці адстаяць яе.

Школа можа і хоча мяняцца. Мы ў сваёй установе аказваем шырокі спектр паслуг для таго, каб наша дзіця было канкурэнтаздольным і паспяховым. Больш за 50 працэнтаў дзяцей вывучаюць прадметы мастацка-эстэтычнай накіраванасці. Школьны STEAM-парк дзейнічае па такіх напрамках, як праграмаванне, робататэхніка, кіраванне лятальнымі апаратамі, медыялабараторыя. Усё гэта дазваляе вучням развіваць крэатыўнасць і творчыя здольнасці.

Я схіляюся да той думкі, што акадэмічныя веды важныя: спачатку важна навучыць дзіця чытаць, пісаць, лічыць, каб далей яно магло крэатывіць. Калі наша школа будзе рухацца наперад, выкарыстоўваючы тыя рэсурсы, якія ёсць, возьме тое лепшае, што ўжо створана, і адаптуе пад сябе, то вынікі не прыму­сяць сябе чакаць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

P.S. Сучасная школа павінна змяніцца — стаць школай супрацоўніцтва і адпавядаць сацыяльным і эканамічным патрэбам ХХІ стагоддзя. Перад ёй паў­стае няпростая задача: падрыхтаваць новых грамадзян да жыцця. Забяспечыць іх фундаментальнымі ведамі, якія дазво­ляць ім паспяхова жыць і працаваць ва ўмовах эканомікі, заснаванай на здольнасці прымяняць веды і ўменні, паспяхова дзейнічаць у межах практычнага вопыту пры рашэнні канкрэтных задач, супрацоўнічаць, працаваць у камандзе і валодаць камунікатыўнымі навыкамі. Галоўныя асаблівасці работы — індывідуальны падыход, выкарыстанне варыятыўных вучэбных матэрыялаў, якія дазволяць кожнаму вучню раскрыць свае ўнікальныя здольнасці, набыць вопыт самастойнага рашэння рэальных праблем калектыўнай даследчай дзейнасці, саманавучання. Для вырашэння гэтых задач неабходна новае адукацыйнае асяроддзе і педагог — мабільны і гнуткі, здольны мяняцца разам з сістэмай адукацыі.