У трэндзе вучнёўскіх запытаў

Мая сённяшня гераіня вельмі падабаецца сваім вучням. І не дзіва: прыгожая, сучасная, цікавая. За час работы ў рэдакцыі газеты многа разоў даводзілася чуць, што настаўнік павінен быць эталонам для дзяцей, прычым як знешне, так і ўнутрана. Мне падабаецца гэтая думка, таму ўсіх педагогаў, якіх сустракаю ў жыцці і падчас прафесійнай дзейнасці, прымерваю да эталона. Бывае, сыходзіцца, а іншым разам здараецца наадварот. Тут можа ўзнікнуць пытанне: а што такое эталон у дачыненні да настаўніка?

Адкажу на прыкладзе сваёй гераіні. На цяперашні момант яна настаўніца ў трэндзе.

Настасся Алегаўна Курацёва выкладае гісторыю і мастацтва ў гімназіі № 6 Мінска. Выкладае шосты год, таму са статусу “малады спецыяліст” перайшла ў катэгорыю сталых настаўнікаў. З’яўляецца кіраўніком міжраённага аб’яднання настаўнікаў вучэбнага прадмета “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” Савецкага, Першамайскага і Партызанскага раёнаў сталіцы. Настасся Алегаўна — распрацоўшчыца відэаўрокаў па гісторыі, вяла адукацыйны відэаблог на канале YouTube, цяпер стварае ўласны адукацыйны сайт.

Зразумела, мае вышэйшую адукацыю: скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, гістарычны факультэт па спецыяльнасці “Гісторык. Палітолаг. Выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплін”. Атрымала ступень магістра палітычных навук (вучылася ў магістратуры юрыдычнага факультэта БДУ). Цяпер вучыцца ў аспірантуры на факультэце міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці “Палітычныя інстытуты, працэсы і тэхналогіі” і вельмі хутка стане кандыдатам палітычных навук. Мае вялікі спіс публікацый у навуковых і педагагічных выданнях.

Настасся Алегаўна — педагог-інаватар. З 2016 года з’яўляецца ўдзельніцай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. І, дарэчы, актыўная інавацыйная дзейнасць прывяла настаўніцу да атрымання ў мінулым годзе прэміі Мінгарвыканкама.

Навучэнцы — настаўніцы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў даследчых работ. Ды і сама яна паспявае паўдзельнічаць (і выйграць) у конкурсах, прыняць удзел у міжнародных канферэнцыях. У прыватнасці, Настасся Алегаўна ўдзельнічала ў гарадскім адкрытым вочна-дыстанцыйным конкурсе педагагічных ідэй “IT-марафон” у катэгорыі “IT-урок” (1-е месца), гарадскім вочна-дыстанцыйным конкурсе “Адукацыйныя інтэрнэт-гарызонты” (перамога ў завочным этапе), Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Яшчэ мая суразмоўніца — класны кіраўнік, які не проста імкнецца да аб’яднання класа ў сапраўдную каманду, але і паспяхова вырашае выхаваўчыя задачы. Літаральна напярэдадні нашай сустрэчы вадзіла сваіх вучняў у Купалаўскі тэатр. Класнае кіраўніцтва, па яе меркаванні, справа хоць і клопатная, але вельмі важная, бо дае адказы на самыя актуальныя пытанні адносна дзіцяці, напрыклад, чаму ў яго сёння дрэнны настрой і няма жадання вучыцца. Нефармальныя адносіны, якія забяспечвае класнае кіраўніцтва, збліжаюць педагога з вучнямі, дапамагаюць знаходзіць агульную мову.

* * *

На маё пытанне “Як так сталася, што вы выбралі педагагічны шлях?” Настасся Алегаўна адзначыла, што педагогіка выбрала яе. А пачалося ўсё з вялікай цікавасці да гісторыі, якая яшчэ са школьных гадоў займала ўсе думкі і сэрца маёй гераіні. Але мне здаецца, што на выбар стаць настаўніцай паўплываў не толькі лёс ці збег акалічнасцей. Справа ў тым, што Настасся Алегаўна — з педагагічнай сям’і.

Яе маці — Вольга Уладзіміраўна Шарашэўская — настаўніца рускай мовы і літаратуры, працуе метадыстам у гімназіі № 6 Мінска. Бацька — Алег Рыгоравіч Шарашэўскі — працуе настаўнікам інфарматыкі ў сталічнай гімназіі № 22, прычым мае практычна такі ж педагагічны стаж, як і дачка (педагогам з’яўляецца 7 гадоў). Муж Настассі Алегаўны таксама настаўнік гісторыі — выкладае ў гімназіі № 11 Мінска. У сям’і мужа, дарэчы, таксама ёсць настаўнікі. Атрымліваецца вялікая педагагічная сям’я Курацёвых-Шарашэўскіх, што сведчыць пра педагагічны лад жыцця не аднаго пакалення.

Напэўна, гэта стала адной з прычын, па якіх Настасся Алегаўна не панікавала напярэдадні ўрокаў і не баялася пераступаць парог класа. Свае першыя ўрокі ўспамінае з усмешкай і заўважае, што страху ніякага не адчувала. “Напэўна, мае каленкі аддрыжалі падчас педагагічнай практыкі на гістарычным факультэце БДУ. Такая практыка за час навучання была двойчы. Таму калі прыйшла працаваць, то ніякага стрэсу не адчула. Наадварот, мне падалося, што я гэтым займаюся даўно, раблю тое, чым павінна займацца. Адзінае — пачала шукаць сваю методыку”, — адзначыла настаўніца.

А калі мы загаварылі пра ўрокі з акцэнтам на тэхналогіі перавернутага навучання, то Настасся Алегаўна зноў заўважыла, што гэта не яна выбрала такую тэхналогію, а тэхналогія — яе: “На той момант я шмат чула пра перавернуты ўрок, мне спадабалася ідэя, я ўжо думала пра спосабы яе прымянення на сваіх занятках, як даведалася, што наша гімназія падключаецца да інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі “Перавернуты ўрок”. Гэты факт надаў яшчэ большай упэўненасці, што гэта мая методыка”, — заўважыла Настасся Алегаўна.
Тэхналогія перавернутага навучання цікавая і складаная адначасова, але настаўніцу гісторыі цяжкасці не пужаюць, а ключавым для яе з’яўляецца тое, што яна цікавая і сучасная. Дзякуючы перавернутаму навучанню, у педагога з’явіўся свой відэаблог, які зрабіў яе педагагічную дзейнасць вельмі актуальнай для вучняў.

“Свае перавернутыя ўрокі суправаджаю ўласным відэа. Гэта неабходна асабліва на гісторыі Беларусі. Калі па сусветнай гісторыі пэўнае відэа можна знайсці ў інтэрнэце, то па гісторыі Беларусі яго практычна няма. Канечне, настаўніку неабавязкова здымаць уласнае відэа. Можна знайсці матэрыял у інтэрнэце і пасля прапанаваць для прагляду, але ён не заўсёды адпавядае нашай вучэбнай праграме.

На здымку відэа трэба шмат часу. З некалькіх этапаў складаецца і падрыхтоўкі да здымак. Спачатку падбіраю матэрыял, які павінен адпавядаць праграме, падручніку і каляндарна-тэматычнаму планаванню. Разам з тым матэрыял павінен крыху выходзіць за вызначаныя межы і змяшчаць некаторыя факты, якіх не знойдзеш у падручніку. З другога боку, прадстаўлены мной матэрыял не павінен быць занадта складаным. Знайсці патрэбны баланс, каб зацікавіць вучняў і ўтрымаць іх увагу, заўсёды няпроста. Тут на дапамогу прыходзіць вялікая хатняя гістарычная бібліятэка, аб’яднаная з уласных кніг і збору мужа.

Пасля падбору матэрыялу адбываецца непасрэдна здымка, што таксама хвалююча. Першыя разы рабілася некалькі дубляў, бо ў кадры гаварыць складана. У выніку 5—7-хвіліннае відэа магло здымацца адну-дзве гадзіны. Каб гаворка была свабоднай і нязмушанай, давялося шмат працаваць над сабой. Ды і цяпер бываю не заўсёды задаволенай, бо ўжываю словы-паразіты ці “окаю” (“акаю”) у паўзах. Пастаянна працую над сабой, бо не чытаю з лістка, а проста расказваю, а жывая гаворка, як вы ведаеце, можа быць рознай (роўнай, эмацыянальнай, з паўзамі, замінкамі і г.д.).

Наступным этапам з’яўляецца мантаж знятых кадраў. Тут таксама неабходна быць уважлівым, бо правільна выбудаваць відэа няпроста. Акрамя таго, да майго аповеду ў відэа трэба падабраць адпаведныя ілюстрацыі, музыку. Дабавіць тэкст (даты, тэрміны), схемы, заданні, каб атрымаць цэлы комплекс. Заданні раблю розных відаў, каб яны вучням не надакучвалі.

Якімі могуць быць заданні? Гэта могуць быць пытанні, адказы на якія вучні пішуць у каментарыях. Тэсты, якія, як правіла, раблю ў Google-формах, хаця імкнуся выкарыстоўваць і іншыя тэхнічныя магчымасці. Яшчэ магу прапаноўваць творчыя заданні, якія дзеці выконваюць самастойна, інтэлект-карты, якія пасля вучні прыносяць у клас і абараняюць. Дарэчы, інтэлект-карты даюць магчымасць наладзіць выдатную работу па павышэнні чытацкай дасведчанасці, умення знайсці неабходную інфармацыю і прадставіць яе ў выглядзе схемы.

— Апошні этап — работа з відэа на ўроку. Тут таксама ёсць свае нюансы, бо трэба падабраць заданні, якія спалучаліся б з гэтым відэа. На ўроку арганізоўваецца інтэлектуальная і творчая работа, якая можа быць і групавой, і парнай, і франтальнай. Асноўнай складанасцю гэтага этапу з’яўляецца пастаянная работа з заданнямі. Калі падчас традыцыйнага ўрока настаўнік пэўны адрэзак часу прысвячае таму, што нешта расказвае сам, то на перавернутым уроку ўвесь час аддадзены на практычную самастой-ную дзейнасць вучняў. Каб утрымаць на працягу 45 хвілін увагу навучэнцаў, заданні павінны быць разнастайнымі”, ― расказала Настасся Алегаўна.

* * *

Цяпер настаўніца працуе ў 6 і 7 класах. Яе сямікласнікі па тэхналогіі перавернутага навучання працуюць з 5 класа. Падабаецца і дзецям, і бацькам, якія разам са сваімі сынамі і дочкамі глядзяць відэа Настассі Алегаўны. Па словах настаўніцы, не ўсе тэмы можна вывучаць з прымяненнем гэтай тэхналогіі. Напрыклад, цяпер з шасцікласнікамі педагог вывучае Англію і Скандынавію. Тэмы вельмі аб’ёмныя, факталагічна насычаныя, таму іх лепш даваць у форме традыцыйнага ўрока. “Атрымаецца больш якасна”, — заўважае настаўніца. — А вось пры вывучэнні Рэфармацыі ў 7 класе вучні звярталіся да відэа Настассі Алегаўны. Гістарычныя з’явы, па меркаванні педагога, лепш раскрываюцца праз перавернуты ўрок.

Як ужо адзначалася вышэй, усе свае відэа мая гераіня размяшчае на сваім канале ў YouTube. Ён называецца “Пятля часу”. Цяпер Наталля Алегаўна працуе над стварэннем уласнага сайта, але свае новыя відэа па-ранейшаму выкладвае на “Пятлі часу”. Сайт дасць магчымасць размяшчаць не толькі відэа, але і цэлыя вучэбныя комплексы, стане платформай для актыўнага ўзаемадзеяння паміж настаўніцай і вучнямі. У планах — запусціць блог для навучэнцаў, дзе б яны вучыліся пісаць тэксты, у тым ліку навуковага плана, для будучай даследчай дзейнасці.

* * *

Калі Настасся Алегаўна працавала ў старшых класах, то яе вучні даволі паспяхова займаліся даследчай дзейнасцю. Атрымаўшы вучоную ступень кандыдата палітычных навук, яна зможа выбудаваць уласную сістэму работы па развіцці гімназічнай навукі. Ужо цяпер настаўніца натхняе сваіх вучняў на невялікія адкрыцці, паказвае шлях да самаўдасканалення.

“Удзел у конкурсе навукова-даследчых работ — карысны занятак нават для шасці- і сямікласнікаў, бо задавальняе іх пазнавальную цікавасць на 100%. У кожным класе ёсць дзеці, якія любяць дакапацца да ісціны, задаюць шмат пытанняў. Даследчая дзейнасць якраз для такіх. Разам з тым тут вельмі важна зыходзіць з уласных інтарэсаў дзіцяці. Напрыклад, у мінулым годзе мы з адной шасцікласніцай паглыбіліся ў гісторыю макіяжу. Ёй гэтая тэма вельмі цікавая. Настолькі, што пасля заняткаў у гімназіі яна прыдумвала сабе проста неверагодныя вобразы! Хадзіла за інфармацыяй для свайго даследавання да прафесійнага грымёра, візажыста. У гэтымгодзе мы працягнем развівць выбраную тэму і звернемся да гісторыі касцюма. Дарэчы, разгледзець схільнасці гэтай дзяўчынкі мне дапамагло класнае кіраўніцтва”, — расказала настаўніца.

Паспяховы навуковец і настаўнік у адной асобе — гэта не проста ўдалае спалучэнне, гэта высокі прафесіяналізм. Гэта і ёсць сучасны эталонны настаўнік. Канечне, Настасся Алегаўна можа са мной не пагадзіцца, бо наперадзе шмат спраў, а шлях самаразвіцця і ўдасканалення толькі пачаўся. Ды і на сямейным педсавеце могуць пакрытыкаваць. Але яна рухаецца ў правільным напрамку, а падтрымка родных (нават калі гэта заўвагі) будзе толькі дапамагаць.

Напярэдадні свята хачу павіншаваць усіх прадстаўнікоў вялікай педагагічнай сям’і Курацёвых-Шарашэўскіх, якія не толькі паспяхова займаюцца любімай справай, але і натхняюць адно аднаго на пакарэнне новых педагагічных вяршынь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *