У трэндзе — змешанае навучанне

У шэрагу педагагічных крыніц і матэрыялах міжнародных навукова-практычных канферэнцый, якія праходзілі на працягу апошніх пяці гадоў, усё часцей інавацыйны патэнцыял будучай адукацыі звязваецца з тэрмінам “змешанае навучанне” (blended learning). Сёння сваімі думкамі на гэты конт дзеліцца кандыдат педагагічных навук, дацэнт БДЭУ, адзін з ідэолагаў змешанага навучання ў нашай краіне Леаніда Віктараўна Луцэвіч. Укараненне мадэляў змешанага навучання ў інавацыйныя адукацыйныя практыкі разглядаецца ёю ў якасці дыдактычнага трэнду новай парадыгмы адукацыі — Smart-адукацыі, у якой, у прыватнасці, прафарыентацыйнаму кампаненту будзе належаць адна з ключавых пазіцый.

— Леаніда Віктараўна, калі і дзе вы ўключыліся ў работу па вывучэнні праблемы змешанага навучання?

— Пачаткам вывучэння гэтай праблемы стаў удзел у фундаментальным навуковым даследаванні па распрацоўцы інавацыйнага патэнцыялу дадатковай педагагічнай адукацыі, якое праходзіла ў перыяд з 2011 па 2016 год на базе АПА.

Абапіраючыся на думку Джона Дзьюі (“мы пазбаўляем дзяцей будучыні, калі працягваем вучыць сёння так, як вучылі гэтаму ўчора”), я ў якасці інавацыйнага патэнцыялу дадатковай педагагічнай адукацыі прапанавала арганізацыю змешанага навучання як дыдактычнага трэнду школы будучыні. Адной з перадумоў змены парадыгмы адукацыі і змены ролі педагога з’яўляецца той факт, што прыкладна 58% ад усіх дадаткаў для смартфонаў і планшэтаў у свеце — для дашкольнікаў. Таму нядзіўна, што сённяшняга школьніка ўжо не задавальняюць толькі традыцыйныя формы навучання, яму мала звычайнага падручніка. Ён прад’яўляе новыя патрабаванні і да настаўнікаў, і да вучэбнай літаратуры, і нават да бацькоў.

Адным з інавацыйных сродкаў (форм, тэхналогій), якія дазваляюць вырашыць стратэгічныя задачы навучання ў ХХІ стагоддзі, якраз і можа стаць форма (тэхналогія) змешанага навучання. У даследаванні быў праведзены аналіз шляхоў і механізмаў выкарыстання змешанага навучання ў краінах блізкага і далёкага замежжа, асабліва адзначаны вытокі зараджэння “перавернутага навучання” як аднаго з самых папулярных форм змешанага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У кантэксце арганізацыі дадатковай педагагічнай адукацыі таксама абгрунтавана мэтазгоднасць выкарыстання метаду люстранога адбітку аўдыторыі як аднаго са шляхоў рэалізацыі мадэляў змешанага навучання, паказаны яго перавагі як для арганізацыі, так і для саміх слухачоў.

— Ці атрымалася рэалізаваць новаўвядзенні фундаментальнага даследавання? І які ў нас вопыт укаранення змешанага навучання ў адукацыйныя практыкі?

—У прынцыпе, можна сказаць што атрымалася. У першую чаргу гэта датычыцца ўкаранення асобных мадэляў змешанага навучання, якое разглядаецца намі ў якасці дыдактычнага трэнду новай парадыгмы адукацыі — Smart-адукацыі. Разумеючы, што для ўкаранення любой інавацыі ў практыку патрэбны матываваныя і падрыхтаваныя кадры, пры падтрымцы Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі і філіяла кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка ў рамках нефармальнага павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў, педагогаў, прафесарска-выкладчыцкага складу намі былі распрацаваны і арганізаваны тры адукацыйныя праграмы прафесійнай мабільнасці.

У далейшым удзел у такіх праграмах садзейнічаў паспяховай рэалізацыі тэхналогіі бенчмаркетынгу ў інавацыйных практыках устаноў адукацыі. Пры гэтым, мабыць, самым яркім прыкладам распаўсюджвання і ўкаранення інавацыйнага вопыту з’яўляецца глыбокая і прадуманая праца педагога пачатковай школы гімназіі № 1 Смаргоні Таццяны Аляксандраўны Якубоўскай па распрацоўцы і ўкараненні мадэлей “перавернутага навучання” і “змены рабочых зон” у практыцы работы з дзецьмі пачатковых класаў . Яе прафесійны рост у гэтым плане стаў падставай для правядзення майстар-класаў на рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, старонках часопіса “Народная асвета”, у школе Санкт-Пецярбурга, а таксама на пляцоўках абласных метадычных аб’яднанняў. Безумоўна, гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы дырэктара гімназіі Ірыны Анатольеўны Дурэйка і кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта, якія адправілі яшчэ некалькіх настаўнікаў старшых класаў на курсы павышэння кваліфікацыі ў АПА па ўкараненні мадэлі “перавернутага навучання”.

На базе гімназіі № 10 Мінска ўкараняецца інавацыйны праект “Фарміраванне ключавых кампетэнцый вучняў у працэсе навучання фізіцы і матэматыцы з дапамогай выкарыстання магчымасцей смарт-класа”. Дырэктар гімназіі Марына Аляксандраўна Ільіна заўважае, што стварэнне смарт-класа з’яўляецца важным этапам у развіцці сістэмы адукацыі гімназіі. Адбываецца гэта дзякуючы таму, што ўкараненне перадавых рашэнняў дазваляе не толькі зрабіць адукацыйны працэс больш эфектыўным і займальным, але і падрыхтаваць дзяцей да жыцця ва ўмовах тэхналагічна арыентаванага асяроддзя, а ўстанове адукацыі — ажыццявіць пераход да смарт-навучання.

Уласныя публікацыі на старонках часопіса “Народная асвета”, у зборніках матэрыялаў навукова-практычных канферэнцый, а таксама выступленні перад студэнтамі-практыкантамі БДПУ імя Максіма Танка дапаўняюць палітру распаўсюджвання і ўкаранення вопыту змешанага навучання ва ўстановах нацыянальнай сістэмы адукацыі. Уключэнне мадэлей “люстранога адбітку аўдыторыі” (“перавернутае навучанне” — тэрмін для агульнай сярэдняй адукацыі), “змены рабочых зон” і “асабістага выбару” ў мой курс па параўнальнай педагогіцы для прафесарска-выкладчыцкага складу эканамічных дысцыплін робіць яго больш гібкім, даступным і матываваным для слухачоў.

— А ў чым, па-вашаму, заключаюцца адрозненні, сутнасць і значнасць змешанага навучання?

— Пакуль змешанае навучанне не з’яўляецца ўстойлівым тэрмінам, як і методыка праектавання і падрыхтоўкі вучэбна-метадычных матэрыялаў для такой формы навучання. Мы змешанае навучанне разглядаем як адну з інавацыйных форм навучання. Пры гэтым у пэўных сітуацыях ставімся да яго і як да адукацыйнай тэхналогіі, і як да методыкі, таму, абапіраючыся на наяўныя педагагічныя крыніцы, у сваім даследаванні далі наступнае азначэнне гэтаму тэрміну.

Змешанае навучанне — гэта дыдактычная адзінка (форма, тэхналогія, методыка), якая знаходзіцца на стадыі фарміравання, змадэляваная на аснове інтэграцыі і ўзаемнага дапаўнення традыцыйнага, электроннага і мабільнага навучання; прадугледжвае замяшчэнне часткі традыцыйных вучэбных заняткаў рознымі відамі інтэрактыўнага ўзаема-дзеяння ў гібкім і даступным электронным і мабільным асяроддзі, адпавядае запытам і садзейнічае стымуляванню новага пакалення да самаадукацыі, павышэнню яго матывацыі і творчай актыўнасці.

З нашага пункту гледжання, у гэтым азначэнні дастаткова добра праглядаецца і сутнасць, і актуальнасць, і значнасць змешанага навучання для працэсу мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі. Дыдактычная сутнасць і адрозненне змешанага навучання ад традыцыйнага часцей за ўсё заключаецца ў змене форм дамашняй і класнай работы. Так, замест выканання дзясятка прыкладаў або рашэння дзясятка задач, калі пры ўсім жаданні рэдка ўдаецца атрымаць кансультацыю тут і цяпер, а прасцей спісаць раніцай у школе, вучням даецца доступ да электронных рэсурсаў. Галоўным чынам гэта вучэбнае відэа па тэме, зробленае самім настаўнікам або знойдзенае ў інтэрнэце.

Мабыць, самым значным пры змешаным навучанні з’яўляецца тое, што мяняецца характар узаемаадносін настаўніка і вучня. Хтосьці з заходніх настаўнікаў вельмі добра сказаў: “Я выкладала біялогію, а цяпер вучу дзяцей”. Па-англійску гэта гучыць так: “Before I taught biology, now I teach students”. У гэтым прынцыповая розніца паміж традыцыйным і змешаным навучаннем. Значыць, па-іншаму трэба планаваць, ацэньваць, працаваць з дзецьмі. Разам з тым пры ўсіх складанасцях пераходнага этапу самому настаўніку лягчэй захаваць сваю ўнутраную цэласнасць, псіхалагічны і эмацыянальны камфорт, бо ён працуе і дае справаздачу ў адной парадыгме, разумеючы і аналізуючы рэальныя метапрадметныя і асобасныя вынікі вучняў.

Крытыкі, безумоўна, могуць назваць мноства добрых якасцей і недахопаў як анлайн-, так і афлайн-адукацыі. Сёння тэхналогіі “перавернутага класа” і “змены рабочых зон”, пры якіх навучэнец становіцца актыўным удзельнікам вучэбнай дзейнасці, а настаўнік толькі паказвае яму кірунак, даказваюць, што зліццё класічнага (традыцыйнага) і інавацыйнага падыходаў здольна зрабіць навучанне не толькі якасным, але і цікавым.

— А чаму ў вашым азначэнні змешанага навучання адсутнічае спасылка на дыстанцыйнае навучанне, якое сёння дастаткова актыўна прапагандуецца асобнымі навукоўцамі і практыкамі?

— Справа ў тым, што прыведзенае азначэнне і абгрунтаванне сутнасці змешанага навучання прадугледжвае яго ў якасці кампанента электроннага навучання, у структуру якога разам з дыстанцыйным навучаннем уваходзяць вэбінары, тэле- і відэаканферэнцыі, форумы і інш. І наогул, не выключана, што ўжо ў найбліжэйшай будучыні наогул забудзецца сам факт мяжы паміж вочным, завочным, дыстанцыйным, электронным і мабільным навучаннем. Мы будзем гаварыць, абгрунтоўваць і ўкараняць ва ўсе адукацыйныя практыкі парадыгму “навучання без межаў”, якая таксама асацыіруецца са Smart-адукацыяй. Усё гэта рухае нас у напрамку развіцця сусветнай адукацыі і арыентуе новы адукацыйны стандарт на практыка-арыентаванае навучанне з уключанымі ў яго электроннымі і мабільнымі магчымасцямі.

— Леаніда Віктараўна, гаворачы пра змешанае навучанне, вы паралельна маштабіруеце яго і на такі кампанент сістэмы адукацыі, як прафарыентацыйная работа. З чым гэта звязана?

— Справа ў тым, што доўгія гады сярод недахопаў у арганізацыі прафарыентацыйнай работы ў першую чаргу адзначаўся нізкі ўзровень інфармацыі аб прафесіях і рынках працы. Другім немалаважным фактарам, які ўплывае на задаволенасць навучэнцаў падтрымкай і суправаджэннем прафесійнага самавызначэння, фіксавалася даволі частая адсутнасць гібкасці, даступнасці, індывідуалізацыі і персаналізацыі працэсу псіхолага-педагагічнага суправаджэння выбару прафесіі. Сёння можна з поўнай упэўненасцю гаварыць пра тое, што менавіта дзякуючы інтэграцыі традыцыйнага, электроннага і мабільнага навучання праз мадэлі змешанага навучання можна дасягнуць значнага павышэння ўзроўню задаволенасці навучэнцаў прафарыентацыйнай работай, профілем навучання і далейшым выбарам форм працаўладкавання або адукацыйных траекторый.

Дасягнуць гэтага можна, зменшыўшы час на засваенне дадатковых ведаў па прадметных галінах, прафарыентацыйнай інфармацыі, правядзенне дыягнастычных методык, трэнажорных і сімуляцыйных (гульнявых) працэдур прафесійнай накіраванасці за кошт гібкасці і даступнасці навучання і дыягностыкі ў рэжыме анлайн на базе адукацыйных платформ, якія прайшлі папярэднюю комплексную экспертызу або рэкамендаваных заканадаўчымі і нарматыўнымі дакументамі Міністэрства адукацыі, НІА, АПА.

Вельмі перспектыўнымі бачацца ініцыятывы фінскіх мадэрнізатараў адукацыі, якая лічыцца адной з лепшых у свеце. Фіны лічаць, што ў сучасных рэаліях для захавання якасці адукацыі і адукаванасці навучэнцаў, падрыхтоўкі іх да працоўнага жыцця неабходна, выкарыстоўваючы міждысцыплінарны падыход, праводзіць выкладанне прадметаў ва ўмовах рэалізацыі тэматычных прафарыентацыйных праектаў на працягу некалькіх тыдняў і не радзей чым адзін раз на год. Гэта дапаможа захаваць каштоўнасць і ўзаемасувязь прадметных галін з прафесіямі, павысіць матывацыю навучэнцаў да вывучэння прадметных галін, неабходных для выканання тых ці іншых прадметных дзеянняў, якія ўваходзяць у структуру прафесійнай дзейнасці, а таксама паказаць іх сацыяльную значнасць як для асабістага дабрабыту, так і для канкурэнтаздольнасці краіны ў цэлым.

Пры гэтым, як адзначае кіраўнік Дэпартамента адукацыі Фінляндыі Мар’ё Кіланен, настаўнік павінен перастаць быць цэнтрам класа і абсалютным правадніком ведаў. Ён павінен быць арганізатарам, цьютарам, навігатарам у працэсе творчай працы ў больш малых групах вучняў. Мар’ё Кіланен распрацавала канцэпцыю школы будучыні і яе ролі ў грамадстве і зараз займаецца яе рэалізацыяй у Хельсінкі. Новая рэформа, якая ставіць мэтай перадачу міждысцыплінарных ведаў, патрабуе ад кожнага настаўніка-прадметніка сумеснай працы з калегамі. У гэтай сістэме дыгіталізацыя адукацыі — адна з асноўных тэм праграмы мадэрнізацыі фінскай адукацыі, а прафарыентацыйнае тэматычнае планаванне на аснове змешанага навучання — яе стрыжнёвая стратэгія.

Тут варта заўважыць, што ў гэтым навучальным годзе на базе сярэдніх школ №№ 153 і 147 Мінска пры маім удзеле будзе рэалізоўвацца праграма факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” на аснове мадэлей змешанага навучання. Першыя заняткі гэтага факультатыву пачнуцца з праектавання партрэта настаўніка-2020 і настаўніка-2025 і школы будучыні, у якой, магчыма, будзе працаваць нехта з яе праекціроўшчыкаў. На занятках гэтага факультатыву, спланаваных у фармаце змешанага навучання (мадэлі “перавернутага ўрока”, “змены рабочых зон”, “асабістага выбару”), навучэнцы, дзякуючы вызваленаму часу, пры дапамозе праграмнага забеспячэння, размешчанага ў адкрытым доступе, змогуць навучыцца праектаваць для вучняў пачатковых класаў невялікія відэаролікі і відэакалекцыі для знаёмства з прафесіямі.
Падчас публічнай абароны сваіх прафесійных выбараў і адукацыйных траекторый удзельнікі факультатыву прадставяць канчатковую версію партрэта настаўніка-2020 і настаўніка-2025, а таксама школы будучыні (выкарыстоўваючы прэзентацыйныя магчымасці асвоеных праграм Prezy і Scarpol). У тэматычных прафарыентацыйных праектах, якія будуць рэалізоўвацца як на занятках, так і з навучэнцамі I і II ступені навучання, старшакласнікі будуць абапірацца і на выкарыстанне іншых Smart-тэхналогій, размешчаных у свабодным доступе.

— Што ж, поспехаў вам і вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.