Выстава-прэзентацыя “Вайна. Перамога. Памяць” прайшла ў рамках Усебеларускага патрыятычнага форуму “Адзінства народа ў памяці пакаленняў”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сёстры Хатыні

Чатыры гады ў Навагрудскім дзяржаўным каледжы тэхналогій і бяспекі працуе медыяцэнтр.
— Гэта лічбавая пляцоўка, на якой мы акумуліруем з калегамі вынікі работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Кожная з 19 груп каледжа працуе над пэўным напрамкам. Адна выбрала тэму “Незабытыя сёстры Хатыні”, іншая — “Чытаем салдацкія лісты”. Так, у рамках праекта, прысвечанага спаленым вёскам, педагогі і навучэнцы праводзяць пошукавыя экспедыцыі, вывучаюць дакументальныя матэрыялы, запісваюць успаміны відавочцаў і іх нашчадкаў аб трагічных падзеях. На сённяшні момант сабрана інфармацыя пра 16 вёсак, а ўсяго, па звестках раённай пракуратуры, нацысты спалілі 44 населеныя пункты Навагрудчыны, таму пошукавая работа працягваецца, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Букрэй.
Сабраная інфармацыя змешчана на сайце медыяцэнтра. Тут можна прачытаць і салдацкія лісты. Ідэя адпаведнага праекта ўзнікла невыпадкова. Па словах Людмілы Антонаўны, у сем’ях многіх навучэнцаў захоўваюцца лісты ваеннага часу, таму і вырашылі даследаваць старонкі ваеннай гісторыі менавіта праз гісторыю сям’і. Вялася актыўная работа пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара каледжа Анатоля Мікалаевіча Лінніка. У выніку створаны медыяфайлы, якія таксама можна ўбачыць на партале медыяцэнтра. На аснове салдацкіх лістоў нават паставілі некалькі тэатралізаваных паказаў.
Песні, абпаленыя вайной

Актыўна інсцэніроўкай ваеннага мінулага займаецца з вучнямі і настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 16 Мазыра Уладзімір Гімбут. Пра Уладзіміра Віктаравіча журналісты “Настаўніцкай” пішуць рэгулярна і з вялікім задавальненнем. Гэта невыпадкова — ён лепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ў краіне. Таму і прадстаўляў свой вопыт работы на Усебеларускім патрыятычным форуме. Падчас прэзентацыі педагог зрабіў акцэнт на кіна-, фотапраектах, тэатралізаваных пастаноўках.
— Апошні наш маштабны праект — “Песні, абпаленыя вайной”, а вось пастаноўка “А золкі тут ціхія…” у рамках праекта “У вайны не жаночае аблічча” выйшла на новы тэматычны ўзровень — фотапраект. У нас дзейнічае свая школьная студыя “ТВ-16”, якой кіруе педагог дадатковай адукацыі Віктар Аляксандравіч Цырулік. Разам з ім вучні і бацькі экранізавалі песню Валянціны Талкуновай “Калі б не было вайны”. Здымкі праходзілі ў старой частцы горада і сталі яго своеасаблівым відэалетапісам, паколькі зафіксавалі будынкі ХІХ стагоддзя, некаторыя з якіх, на жаль, можна ўбачыць толькі на знятых намі кадрах, — расказвае Уладзімір Віктаравіч.
Адну з галоўных роляў у тэатралізаванай пастаноўцы па знакамітай аповесці Барыса Васільева выконвае вучаніца 10 класа Дар’я Грынеўская. Яна прызналася, што на сцэне быццам пражывае частку жыцця сваёй гераіні Рыты Асянінай.
— Квест, гульні на мясцовасці… Дзякуючы рабоце аб’яднання па інтарэсах “Пошук”, мы набылі карысныя навыкі арыентавання і работы з тапаграфічнымі картамі. Працавалі ў архіве. Уяўляеце, я трымала ў руках дакументы, даведкі, загады ваеннага часу, за якімі лёсы людзей, удзельнічала ў ваенна-гістарычных рэканструкцыях і раскопках у Калінкавіцкім раёне, — падзялілася яркімі ўражаннямі Дар’я.
Ад прадзедаў…

Праз вывучэнне гісторыі сям’і даследуе з вучнямі ваеннае мінулае роднага краю і кіраўнік музея Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Марыя Леўкавец. На форум педагог была запрошана разам з юнымі пошукаўцамі ў якасці пераможцаў конкурсу “Яны вызвалялі Радзіму” рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 80!”.
— Карысным для нас стаў удзел у дыскусійнай пляцоўцы форуму. Было цікава паслухаць выступленні калег, вызначыць для сябе новыя кірункі пошукавай работы, даведацца меркаванні адносна тых ці іншых аспектаў пошукавай дзейнасці. Асабліва важнай была сустрэча з ваеннаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Яны далі карысныя парады адносна работы з першаснымі пахаваннямі, правядзення архіўнай даследчай работы. Для нас гэта асабліва актуальна, паколькі пачалі рэалізацыю музейнага праекта “Фарміраванне даследчых кампетэнцый навучэнцаў праз вывучэнне алічбаваных архіўных дакументаў”.
Пераканана, што ў першую чаргу кожнаму пошукаўцу трэба ведаць баявы шлях сваіх прадзедаў. З гэтага і будзе паспяхова фарміравацца любоў да мінулага. Напрыклад, вучаніца Алеся Іванова зняла 7 відэаролікаў, зафіксавала кранальныя гісторыі вызвалення Міханавіч, а таксама расказала пра жорсткія баі па ліквідацыі Мінскага катла. Дзяўчына напісала біяграфічны партрэт тых, хто ляжыць у брацкай магіле нашага аграгарадка, — паведаміла Марыя Мікалаеўна.
Сапраўдны брэнд

“Мая зямля Прыдняпроўе” — праект з такой назвай добра вядомы не толькі на Магілёўшчыне. Вопыт Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці па арганізацыі конкурсаў маштабнага доўгатэрміновага праекта рэгулярна пераймаюць педагогі з розных куткоў краіны. Такая цудоўная магчымасць у іх была і падчас форуму.
— У гэтым творчым праекце разам з педагогамі ўдзельнічаюць навучэнцы ўсіх узроўняў — ад дашкольнікаў да студэнтаў. Напрыклад, мы стварылі своеасаблівы працяг знакамітай кнігі “Ніколі не забудзем…”. Сённяшнія навучэнцы бралі інтэрв’ю ў сваіх бабуль і дзядуляў, запісвалі іх успаміны пра лёс родных у гады вайны. Кожны раён прадставіў эсэ пра тыя трагічныя падзеі. Створаны намі і лэпбукі, каб расказаць гісторыю для самых маленькіх. Тут рэбусы, крыжаванкі, розныя цікавыя заданні. Такія творчыя інтэрактыўныя формы дапамагаюць вучням лепш даведацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Стральцова.
Сярод багатай палітры лэпбукаў, конкурсных работ, прадстаўленых на стэндзе Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, асаблівую ўвагу звярнула на сябе выданне пад арыгінальнай скураной выкладкай з наступным надпісам: “Дзеці, якія перажылі вайну. 1944—1950”. Па словах Наталлі Мікалаеўны, у альбоме памяці сабраны некаторыя вынікі работы ўстаноў адукацыі вобласці па даследаванні лёсу дзяцей у першыя пасляваенныя гады — тэмы, дарэчы, малавывучанай. Як вялося навучанне ў лясных школах, як праходзілі першыя турыстычныя паходы ў пасляваенны час — пра ўсё гэта і расказваюць унікальныя ўспаміны, сабраныя пад не менш унікальнай вокладкай.
— Пры распрацоўцы палажэнняў конкурсаў разам з нашымі партнёрамі (бібліятэкамі, прадпрыемствамі вобласці, пракуратурай) мы стараемся прапаноўваць педагогам малавывучаныя тэмы. Лёс дзяцей у пасляваенны час — яскравы прыклад, — адзначыла Наталля Стральцова.

Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прадставіў на выставе маштабны адукацыйны экскурсійна-краязнаўчы праект “Мая любімая Брэстчына”. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Наталлі Дворавай, праект рэалізуецца на працягу трох гадоў. За гэты час педагогі і навучэнцы ўстановы склалі маршруты, звязаныя з месцамі подзвігу, славы, генацыду беларускага народа. У выніку створана карта, па якой з дапамогай QR-кодаў можна здзейсніць цікавае завочнае падарожжа, наведаць мясціны, якія потым абавязкова захочацца ўбачыць на свае вочы.

Сапраўдным брэндам сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны з’яўляюцца зорныя паходы. Найбольш маштабна, ярка на працягу ўжо 60 гадоў яны праводзяцца ў БДПУ. За гэты час тысячы будучых педагогаў прайшлі дарогамі баявой і працоўнай славы беларускага народа. Сярод іх і сённяшнія студэнткі факультэта пачатковай адукацыі Марыя Брокар, Лізавета Дзямешка, Соф’я Ляўковіч.
— Мы з’яўляемся ўдзельніцамі гэтай традыцыі з 1 курса. Падчас Зорнага паходу наведваем розныя раёны Беларусі, помнікі, мемарыялы, сустракаемся са школьнікамі, расказваем ім пра гісторыю краіны, ездзім з патрыятычнай канцэртнай праграмай, сустракаемся са сведкамі вайны, ветэранамі педагагічнай працы. У гэтым годзе наведвалі Ваўкавыскі раён, мемарыял на месцы вогненнай вёскі Шаўлічы. Месца вельмі ўражвае, прымушае задумацца пра тую цану, якую заплаціў наш народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, — дапаўняючы адна адну, паведамілі дзяўчаты.
Сустрэча з працягам
Яркім момантам урачыстага сходу ў Цэнтральным доме афіцэраў стала ўзнагароджанне ўстаноў адукацыі, дзе актыўна вядзецца работа па захаванні гістарычнай памяці. Наша выданне далучаецца да віншаванняў, а своеасаблівым дапаўненнем да дыпломаў стануць матэрыялы ў “Настаўніцкай газеце”, дзе мы будзем расказваць пра неабыякавых педагогаў, захаванне імі гістарычнай памяці.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





