У цэнтры свята — маладзёжная пляцоўка

- 10:41Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Маладзёжная пляцоўка на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое праходзіць у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 9—10 ліпеня, прадставіць творчасць маладых і аўтарскую песню ля вогнішча.

Маладзёжная пляцоўка стане фіналам экскурсійнага маршруту “Александрыйская вандроўка”. Тут разгорнуцца павільёны з сувенірнай прадукцыяй устаноў адукацыі і сацыяльнай абароны Магілёўскай вобласці, а таксама будзе праходзіць абласны этап рэспубліканскага маладзёжнага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”. Акрамя таго, будуць дэманстравацца элементы міжнароднага музычна-спартыўнага свята “Вялікая бард-рыбалка”.

Цэнтрам пляцоўкі стане перасовачная сцэна з сімвалічным вогнішчам. На ёй будуць выступаць удзельнікі бард-рыбалкі — вядомыя беларускія аўтары-выканаўцы і музыканты. Партнёр бард-рыбалкі аграсядзіба “Ёлки-палки” будзе частаваць гасцей сапраўднай юшкай і дранікамі, а побач разгорне работу міні-лазневы двор “Александрыя” з арганізацыяй работы мабільных лазняў, майстар-класамі па масажы, вязанні венікаў, рэалізацыяй натуральнай касметычнай прадукцыі і мыла ручной работы.

Дзяцей і дарослых на маладзёжнай пляцоўцы чакаюць і розныя забавы. Так, будуць працаваць вясёлыя міні-атракцыёны, у тым ліку і “Рыбалоўны дартс”. Спрытныя, кемлівыя і меткія атрымаюць сувеніры і прызы.

Асноўнай культурнай падзеяй свята (9 ліпеня) стане гала-канцэрт “Купальская казка” з удзелам зорак беларускай і замежнай эстрады. Плануюцца паказальныя коннаспартыўныя выступленні, дэманстрацыйныя палёты самалётаў ДТСААФ, работа дзіцячых атракцыёнаў, запальванне купальскіх вогнішчаў, святочны феерверк і лазернае шоу.

Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую. У мінулым годзе Александрыя сабрала амаль 70 тысяч гасцей. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведае каля 100 тысяч чалавек.