У цэнтры ўвагі — асоба дзіцяці

- 12:30Дашкольная адукацыя

Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Наталля Міхайлаўна Кляус штодня прысвячае сябе дзецям. Яна бясконца любіць сваіх выхаванцаў, а на работу заўсёды ідзе з радасцю.

У аснове педагагічнай дзейнасці Н.М.Кляус — асобасна арыентаваны падыход, рэалізоўваць яго ёй вельмі дапамагае выкарыс­танне адукацыйнай тэхналогіі Васкабовіча.

Прафесійны выбар Наталля Міхайлаўна рабіла свядома. Таму, напэўна, выбраная некалі справа стала для яе жыццёвым прызваннем.

— Першую адукацыю я атрымала ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным каледжы. Працаваць накіравалася ў дзіцячы сад № 59 абласнога цэнтра. Літаральна з першых дзён зразумела: прафесія выхавальніка — гэта тое, пра што я заўсёды марыла. Пасля была работа ў гарадскім санаторным яслях-садзе і паралельнае навучанне ў МДУ імя А.А.Куляшова. Менавіта падчас вучобы ва ўніверсітэце я ўпершыню сутыкнулася з загадчыкам нашага дашкольнага цэнтра — Таццянай Юр’еўнай Швяцовай. Яна чытала лекцыі студэнтам — будучым выхавальнікам. Ужо тады мне вельмі захацелася стаць часткай каманды такой перадавой дашкольнай установы, — паведаміла Н.М.Кляус.
Тое імкненне Наталля Міхайлаўна ажыццявіла. У педагагічнай камандзе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 яна працуе на працягу ўжо трох гадоў. Прычым перайшла сюды на працу з пасады намесніка загадчыка. Але пра сваё рашэнне Н.М.Кляус ні разу не пашкадавала, бо тут яна палепшыла сваё педагагічнае майстэрства і змагла ў значнай ступені рэалізаваць свой прафесійны патэнцыял.

— За тры гады работы Наталля Міхайлаўна зарэкамендавала сябе як творчы, ініцыятыўны педагог. Яна валодае рознымі формамі арганізацыі адукацыйнага працэсу і пастаянна імкнецца да пошуку новых ідэй у вырашэнні педагагічных задач. Гэта педагог-наватар, ініцыятар укаранення перадавога вопыту ў сістэму дашкольнай адукацыі, — так гаворыць пра сваю падначаленую загадчык дашкольнага цэнтра Т.Ю.Швяцова.

У сваёй справе Н.М.Кляус сапраўды прафесіянал. А яшчэ яна чулая і бязмежна ўважлівая да кожнага выхаванца, бо пераканана, што асоба дзіцяці заўсёды павінна быць у цэнтры ўвагі.
— Аснова маёй педагагічнай дзейнасці — выкарыстанне ў адукацыйным працэсе асобасна арыентаванага падыходу. Час не стаіць на месцы: мяняюцца адукацыйныя тэндэнцыі, мяняюцца дзеці, запыты бацькоў. Упэўнена, што сёння залог паспяховага навучання — узаемадзеянне педагога з дзецьмі, заснаванае на супрацоўніцтве, сумеснай камунікацыі. Таму імкнуся быць для дзяцей партнёрам, матываваць іх на пазнанне, самастойны творчы пошук інфармацыі, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Для дасягнення гэтых мэт Н.М.Кляус выкарыстоўвае ў навучанні адпаведныя адукацыйныя тэхналогіі. Часта ў аснове яе заняткаў ляжыць тэхналогія Васкабовіча “Казачныя лабірынты гульні”. На думку Наталлі Міхайлаўны, гэтая методыка дапамагае эфектыўна наладжваць узаемадзеянне дарослага і дзяцей, а таксама спрыяе паспяховай сацыялізацыі, моўнаму і мастацка-эстэтычнаму развіццю малых.

— Тэхналогія Васкабовіча ўтрымлівае цэлы комплекс развіццёвых гульняў, якія лагічна, лёгка і эфектыўна ўключаюцца ў звыклы адукацыйны працэс. Да таго ж усе гульні суправаджаюць казачныя персанажы. Усё гэта не толькі спрыяе развіццю дзіцячых здольнасцей, але і дазваляе раскрыцца самому педагогу. Развіццёвы эфект тэхналогіі заключаецца і ў новым спосабе атрымання дзецьмі ведаў, які дазваляе малышу самастойна, пад разумным кіраўніцтвам педагога ў гульнявой інтэграванай дзейнасці ствараць нейкі свой прадукт. У выніку дзіця становіцца творцам, аўтарам, здольным да самастойнага прыняцця рашэнняў, а педагог — партнёрам дзіцяці, які ў форме сяброўскай падтрымкі перадае яму свой вопыт, — расказала Н.М.Кляус.

Развіццёвыя гульні Васкабовіча Наталля Міхайлаўна падбірае зыходзячы з асноўнай тэмы кожных заняткаў, а таксама выкарыстоўвае пры індывідуальнай або франтальнай рабоце па замацаванні ў дзяцей неабходных ведаў, уменняў і навыкаў. На першым этапе сумеснай дзейнасці педагог максімальна набліжана да дзіцяці, на наступных этапах яна ўсё больш дыстанцыруецца, пашыраючы малышам прастору для самастойнага выканання пэўных дзеянняў.
Па словах Н.М.Кляус, развіццю самастойнасці і пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў вельмі спрыяе і выкарыстанне даследчага метаду і метаду праектаў.

— Даследчы метад — гэта шлях да ведаў, які дзеці праходзяць праз уласны творчы пошук. Тэмы для даследаванняў я вызначаю зыходзячы са зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Спосабы пазнання мы з дзецьмі выкарыстоўваем розныя: зварот да асабістага вопыту, вопыту дарослых, да кніг, ілюстрацый, назіранняў, відэаматэрыялаў. Значна, што падчас даследаванняў і эксперыментаў адбываецца развіццё крэатыўнасці дзіцяці. Малышы вельмі радуюцца ад пазнання ўласных магчымасцей, што надае ім упэўненнасці ў сваіх сілах і матывуе на новыя дасягненні, — расказала Наталля Міхайлаўна.

У сваю работу Н.М.Кляус даволі даўно ўкараніла і LEGO-тэхналогію. Па яе меркаванні, гэта патрабаванне часу, а таксама адказ на запыт баць­коў. Наталля Міхайлаўна выкарыстоўвае тэхналогію LEGO на занятках, а таксама з’яўляецца кіраўніком гуртка “Майстэрня тэхнічнага канструявання”.

— Гурток дзейнічае на базе LEGO-цэнтра, створанага ў нашай навучальнай установе. Зараз яго наведваюць 95 хлопчыкаў і дзяўчынак. Важна, што дзеці не проста вучацца канструяванню — яны пагружаюцца ў асяроддзе інжынерыі, даследуюць, эксперыментуюць, раскрываючы тым самым свой творчы патэнцыял. У выхаванцаў развіваецца дробная маторыка рук, прасторавае і алгарытмічнае мысленне. Выкарыстанне гэтай тэхналогіі важнае і для педагогаў, бо яна дазваляе па-іншаму зірнуць на сваю працу, зразумець, што ў сучасных рэаліях асаб­лівую значнасць мае пастаяннае прафесійнае ўдасканаленне, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.

Н.М.Кляус прымае актыўны ўдзел у разнастайных вучэбных курсах, семінарах, канферэнцыях, дзе пашырае свае прафесійныя гарызонты. Яна актыўны ўдзельнік інавацыйных і эксперыментальных праектаў, якія рэалізуюцца ў дашкольным цэнтры. Сваім эфектыўным педагагічным вопытам Наталля Міхайлаўна дзеліцца з калегамі. Яе станоўчыя напрацоўкі па тэме “Пазнавальнае развіццё дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне логіка-матэматычных гульняў” рэкамендаваны для ўкаранення выхавальнікам дашкольных устаноў адукацыі.
Сёння ў прафесійнай скарбонцы Н.М.Кляус не адна значная ўзнагарода. Яна прызёр міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных устаноў СНД “Майстэрства без меж”. Яе плённая праца адзначалася ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, а сёлета Наталля Міхайлаўна стала пераможцай абласнога конкурсу “Лепшы па прафесіі”.

Асабістыя працоўныя дасягненні для яе важныя, але не менш педагог ганарыцца поспехамі сваіх выхаванцаў. Яны часта заваёўваюць прызавыя дыпломы на розных конкурсах, у тым ліку і міжнародных. Н.М.Кляус упэўнена: гэта вынік індывідуальнага падыходу, стварэння сітуацыі пос­пеху для кожнага дзіцяці.

— Самае важнае ў нашай працы — усё ж любоў і клопат. Трэба не толькі заахвочваць ініцыятыву і творчасць дзяцей, але і з разуменнем ставіцца да іх патрэб і інтарэсаў, цікавіцца іх лёсам, — лічыць Наталля Міхайлаўна.

Для яе гэта не проста словы, а галоўны прафесійны арыенцір, якому яна імкнецца адпавядаць, штодзень напаўняючы жыццё сваіх выхаванцаў радаснымі, шчаслівымі падзеямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.