У цэнтры ўвагі — дзіця і яго інтарэсы

- 11:00Планёрка ў рэгіёне

Большасць школ Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці маюць сёння статус малакамплектных, што і вызначае ў цэлым перспектыву іх развіцця. Якімі ж былі вынікі мінулага навучальнага года ў раёне? Наколькі паспяховыя школьнікі Нараўляншчыны?
Ці забяспечваецца даступнасць дзецям дашкольнай адукацыі? Якія змяненні чакаюцца ў сістэме адукацыі раёна ў найбліжэйшы час? Аб гэтым расказвае начальнік аддзела адукацыі Нараўлянскага раёна Алена Іванаўна Кірганава.

— Алена Іванаўна, раскажыце, якія пытанні і прыярытэты сёння ў цэнтры ўвагі спецыялістаў аддзела адукацыі Нараўлянскага раёна.
— За апошнія 5 гадоў насельніцтва раёна скарацілася на 523 чалавекі, у 2014 годзе яго колькасць складала 10 815 чалавек. Дзяцей таксама стала менш. Школьнікаў, якія пражываюць у гарадской мясцовасці, зараз налічваецца 2203 (84,9% ад усёй колькасці), у сельскай — 421 дзіця (16%). Адпаведна праводзім рэарганізацыю ўстаноў адукацыі: да новага навучальнага года рэарганізаваны Вярбовіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа: у складзе школы зараз будуць функцыянаваць толькі 1—9 класы. З кожным годам павялічваецца ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 6 гадоў. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту ў садах актыўна рыхтуюцца да школы. Арганізаваны і падвоз выхаванцаў у дашкольныя ўстановы. Узровень захворванняў нашых дашкольнікаў ніжэйшы ў параўнанні з агульнаабласным.
Прыярытэтнымі кірункамі развіцця дашкольнай адукацыі з’яўляюцца: аснашчэнне ўстаноў сучасным тэхнічным і вучэбна-наглядным абсталяваннем, выкарыстанне разнастайных праграм ранняга развіцця дзяцей з улікам патрэб сям’і.
Па-ранейшаму хвалюе недастатковы прафесійны ўзровень педагогаў, якія працуюць у дзіцячых садах. Вышэйшую адукацыю маюць толькі 65% з іх, вышэйшую і першую катэгорыю — 49%. Спецыяльная дашкольная адукацыя толькі ў 30% педагогаў.
У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі традыцыйна галоўнымі мэтамі з’яўляюцца паспяховасць навучання і якасць ведаў. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2015 годзе Нараўлянскі раён узняўся на 3-ю пазіцыю ў рэйтынгавай табліцы вобласці. Нулявых вынікаў падчас іспытаў увогуле не было, на 20% знізілася колькасць выпускнікоў, якія набралі мінімальныя здавальняючыя адзнакі, лепшай, чым у сярэднім па вобласці, стала прадметная падрыхтоўка выпускнікоў раёна па матэматыцы, нямецкай мове, грамадазнаўстве.
Па даных уступнай кампаніі 2015 года, больш за 63% учарашніх школьнікаў сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, 23% выпускнікоў працягнуць адукацыю ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Стабільна высокая выніковасць раённых каманд алімпіяднікаў на абласным этапе спаборніцтваў. У скарбонцы перамог нашых школьнікаў у мінулым навучальным годзе 25 дыпломаў рэспубліканскага і абласнога этапаў інтэлектуальных выпрабаванняў.
У 2015/2016 навучальным годзе ў сярэдняй школе № 3 Нароўлі ўводзіцца профільнае навучанне. Група навучэнцаў 10 класа на павышаным узроўні будзе вывучаць рускую мову і матэматыку.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца педагогамі раёна інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?
— Ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі раёна ёсць камп’ютары, мультымедыйныя праектары, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці абсталяваны камп’ютарны клас. У школах стала нормай суправаджэнне вучэбных і пазакласных мерапрыемстваў камп’ютарнымі прэзентацыямі. Педагогі шырока практыкуюць камп’ютарнае тэсціраванне, выкарыстоўваюць электронныя праграмы, інтэрактыўныя даведнікі, інтэрнэт. У кожнай установе адкрыты і абслугоўваюцца вэб-сайты.
Больш за 74% педагогаў прымяняюць у адукацыйным працэсе інфармацыйныя тэхналогіі. Укараненню электронных сродкаў навучання спрыяе належная аснашчанасць прадметных кабінетаў нашых школ камп’ютарнай тэхнікай, павялічваецца колькасць і праекцыйнай тэхнікі — інтэрактыўных дошак і мультымедыйных праектараў. Вопыт па выкарыстанні ІКТ ва ўстановах адукацыі нашага раёна ўключаны ў зборнік матэрыялаў рэспубліканскай
e-mail-канферэнцыі, якая праводзіцца ў АПА. Да таго ж навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 3 Нароўлі сумесна з Нацыянальным адукацыйным інтэрнэт-парталам выступілі ініцыятарамі акцыі “Нестандартны варыянт”, прапанаваўшы сваё адметнае прачытанне класічнай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”.

— У цэнтры ўвагі педагогаў заўсёды знаходзіцца дзіця з яго законнымі правамі і інтарэсамі. Ці зніжаецца ў вашым раёне колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў? Якія праблемы застаюцца нявырашанымі?
— Радуе, што дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, становіцца ўсё менш: на сёння іх 66. Ні адно дзіця не было накіравана ў інтэрнатныя ўстановы, ні адно не перамешчана з адной прыёмнай сям’і ў іншую. Аднак у раёне пражывае 125 непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прымаем усе меры для стварэння спрыяльных умоў для навучання, працы і адпачынку вучняў, але пакуль, на жаль, не ўдаецца пазбегнуць некаторых сацыяльна негатыўных з’яў з боку навучэнцаў. Мінулы год стаў несуцяшальным па гэтых паказчыках. На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх 8 нашых навучэнцаў. Асноўныя прычыны пастаноўкі на ўлік — распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, дробнае хуліганства. Дзейнасць адміністрацыі школ горада па папярэджанні правапарушэнняў пакуль не дае належных вынікаў. Дэталёва прапрацоўваем усе аспекты праблемы.

Надзея ЦЕРАХАВА.