У цэнтры ўвагі — маладзёжная палітыка

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Савет трох універсітэтаў Гродна пачаўся з урачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Дыпломы атрымалі не толькі студэнты, але і выкладчыкі ўніверсітэтаў. За асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў былі адзначаны прарэктар па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Фёдар Лявонаў і загадчык кафедры канстытуцыйнага права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Лілія Абрамчык.

У рабоце савета прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, кандыдыт медыцынскіх навук Віктар Лісковіч і начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. На савет былі вынесены пытанні маладзёжнай палітыкі. Адкрываючы пасяджэнне, Віктар Андрэевіч Лісковіч падкрэсліў важнасць і актуальнасць фарміравання агульных падыходаў ва ўніверсітэцкім асяроддзі да патрыятычна-грамадскага выхавання студэнтаў, звярнуў увагу на важнасць ведання запытаў і патрабаванняў моладзі, выяўленне і падтрымку актыўных студэнтаў. Менавіта праз прызму фарміравання асобы, спецыяліста, грамадзяніна можна выхаваць надзейнае пакаленне, якое не толькі будзе выконваць свой прафесійны абавязак, але і любіць сваю Радзіму.Час навучання ва ўніверсітэце — гэта час фарміравання грамадзянскасці маладога чалавека, час, калі ён актыўна ўваходзіць у сацыяльную сферу, таму грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы разглядаюць як прыярытэтны кірунак рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько.
Прарэктар па выхаваўчай рабоце аграрнага ўніверсітэта Фёдар Лявонаў прадставіў сістэму працоўнага выхавання і арганізацыю другаснай занятасці студэнтаў. На яго думку, працэс навучання і выхавання непадзельны, таму і працоўнае выхаванне трэба разглядаць як неад’емную частку падрыхтоўкі спецыяліста. Як паказала праведзенае сярод студэнтаў 4—5 курсаў аграрнага ўніверсітэта апытанне “Другасная занятасць”, каля 87 працэнтаў маладых людзей хочуць працаваць у студэнцкіх атрадах, 27 працэнтаў не супраць працаваць падчас вучобы. І гэты патэнцыял трэба выкарыстоўваць, трэба забяспечыць работай усіх студэнтаў, якія хочуць працаваць, уключыўся ў размову Віктар Андрэевіч Лісковіч.
Аб сацыяльнай падтрымцы студэнтаў і аб іх праектнай дзейнасці расказаў прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Багдановіч.
— Мы імкнёмся атрымліваць зваротную сувязь ад нашых студэнтаў і, дарэчы, пры апошнім анкетаванні, якое ахапіла больш за 500 студэнтаў усіх факультэтаў, у адказ на адкрытае пытанне аб пажаданнях арганізатарам у 47,7% выпадкаў мы выяўлялі фразы: “Больш анкет”, “Спадабалася, супер”. Гэта паказвае, што студэнты хочуць, каб іх меркаваннем цікавіліся, каб яны ведалі, што іх адказ сёння прынясе аналіз і вынік заўтра. Вынікі любога анкетавання ў медыцынскім універсітэце абмяркоўваюцца з двух бакоў — і кіраўніцтвам ВНУ, і самімі студэнтамі, — адзначыў Ігар Пятровіч.
Па выніках пасяджэння былі прыняты сумесныя рашэнні. Улічваючы важнасць работы куратараў, прапанавана стварыць сумесную рабочую групу з прадстаўнікоў усіх універсітэтаў па распрацоўцы і апрабацыі ў 2016 годзе электроннага журнала куратара студэнцкай групы. Вырашана правесці сумесны метадычны семінар па абмене вопытам арганізацыі будатрадаўскага руху і другаснай занятасці студэнтаў. Прапанавана таксама замацаваць за студэнтамі, якія занесены ў банк даных адоранай і таленавітай моладзі, у якасці куратараў вопытных выкладчыкаў — кіраўнікоў студэнцкіх навуковых работ. Будзе вывучана пытанне стварэння на базе Універсітэт-ТБ Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта студэнцкага інтэрнэт-ТБ трох універсітэтаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.