У цэнтры ўвагі — моладзь

- 17:11Актуальна, На парадку дня

Пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь разглядаліся на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі.

У ёй прымалі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццяна Шэндзік; прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, адказныя за рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, і інш.

Адкрываючы пасяджэнне, міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў: “Дзяржаўная мала­дзёжная палітыка накіравана на аказанне падтрымкі і стварэнне спрыяльных умоў для катэгорый грамадзян ва ўзросце ад 14 да 31 года. Сёння да ліку моладзі адносяцца больш за 1,69 млн чалавек. Гэта фактычна кожны пяты жыхар краіны. Большая частка з іх (1,392 млн чалавек) пражывае ў гарадскіх населеных пунктах, на сяле — 305 тысяч. Структурна фактычна палова прадстаўнікоў маладога пакалення адносіцца да ліку працоўнай моладзі. На гэтым варта асабліва засяро­дзіць увагу, таму што менавіта зыхо­дзячы з асаблівасцей узроставай структуры і занятасці нашых маладых людзей мяняюцца падыходы, формы і метады рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, а самае галоўнае — вынікі эфектыўнасці яе правядзення”.

Па словах міністра, нягле­дзячы на паспяховае выка­нанне ў бягучым годзе даручэнняў пратакола калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2021 года, застаюцца нявырашанымі некаторыя пытанні. Прынамсі, пытанні кадравага ўмацавання вертыкалі па рабоце з моладдзю на мясцовым узроўні. Так, на большасці прадпрыемстваў спецыялісты, якім дэлегаваны абавязкі па рабоце з моладдзю, працуюць на грамадскіх пачатках. 

“Адным са спосабаў вырашэння кадравага “голаду” на месцах мы бачым у працягу работы па ўвя­дзенні на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе працуе звыш тысячы маладых супрацоўнікаў, пасады спецыяліста па рабоце з моладдзю”, — сказаў Андрэй Іванавіч.

На базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па названым профілі з пры­сваеннем дыплома пасля двухгадовага навучання. Кваліфікацыя “спецыяліст па рабоце з моладдзю” ўжо прысвоена больш як 180 спецыялістам. У Міністэрстве адукацыі ўпэўнены, што наяў­насць такога спецыяліста ў працоўных калектывах паспрыяе аператыўнаму вырашэнню многіх пытанняў.

Асаблівая ўвага падчас пасяджэння была ўдзелена актуальнаму пытанню замацаванасці маладых спецыялістаў на месцах пасля адпрацоўкі па размеркаванні.

Міністр таксама акцэнтаваў увагу на зацікаўленасці мола­дзі рознымі формамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання, нягледзячы на тое, што за 6 месяцаў бягучага года ў кожным рэгіёне праведзена больш чым 1500 мерапрыемстваў адпаведнай накіраванасці: “Узнікае пытанне, наколькі гэтыя 1500 мерапрыемстваў адпавядаюць тым мэтам, якія мы ставім перад сабой, ці сапраўды яны ахопліваюць увесь пласт моладзі і ці можам мы правесці такую колькасць мерапрыемстваў на якасным узроўні. У большасці выпадкаў гэтыя мерапрыемствы арыентаваны на адных і тых жа актыўных і ініцыятыўных маладых людзей: у адным мерапрыемстве такі актыўны лідар удзельнічае як валанцёр, а праз тыдзень прадстаўляе каманду рэгіёна на турыстычным злёце. Велізарны пласт моладзі не задзейнічаны, у першую чаргу — працоўная моладзь, а гэта палова нашай мэтавай аўдыторыі. Вырашэнне сітуацыі бачым ва ўдасканаленні планавання работы спецыялістамі на месцах, дакладным вызначэнні пераліку прыярытэтных мерапрыемстваў, праектаў, акцый, наладжванні міжведамаснага ўзаемадзеяння пры ацэнцы вынікаў праведзенай работы”.

Асаблівая ўвага падчас пасяджэння была ўдзелена актуальнаму пытанню замацаванасці маладых спецыялістаў на месцах пасля адпрацоўкі па размеркаванні.

“Неабходна забяспечыць індывідуальны падыход да такіх работнікаў: распрацаваць пад кожнага з іх “дарожную карту” адаптацыі і замацавання на месцы, а наймальнікам — прадугледзець дадатковыя стымулюючыя меры, каб пасля заканчэння тэрміну размеркавання маладыя энергічныя кадры заставаліся працаваць у дзяржсектары”, — адзначыў міністр. 

У якасці дзейсных мер сацыяльнай падтрымкі агуч­валіся: прадастаўленне маладым спецыялістам (рабочым, служачым) арэнднага жылля; падтрымка маладых сем’яў і маладзёжнага прадпрымальніцтва.

У ходзе пасяджэння таксама былі разгледжаны пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэгіёнах, заслуханы даклады аб сістэме падбору кадраў па рабоце з моладдзю на прадпрыемствах і ў арганізацыях, аб асаблівасцях арганізацыі работы з маладзёжнай аўдыторыяй у сетцы інтэрнэт і шляхоў павышэння яе эфектыўнасці.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА