У цэнтры ўвагі — моладзь

- 10:46Актуально, Апошнія запісы

Нацыянальны студэнцкі форум “У аб’ектыве — моладзь!” адбыўся ў Оршы

Прынцып работы — адкрыты дыялог з лідарамі, лейтматыў самы сучасны — сацыяльныя сеткі, блогасфера і інтэрнэт: з розных куткоў краіны ў маладзёжную сталіцу Беларусі — 2019 з’ехаліся 170 удзельнікаў форуму, які праходзіў на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.

— Такія мерапрыемствы вельмі важныя. У мінулым годзе ўзялі за аснову гэтую форму работы, правялі форум па валанцёр­скай тэматыцы і адкрыты дыялог са студэнцкім актывам, — акцэнтаваў увагу ў гутарцы з журналістамі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. — Праз нацыянальныя студэнцкія форумы маладыя людзі маюць магчымасць данесці сваю пазіцыю адносна развіцця сістэмы адукацыі, яе ўтры­мання і падрыхтоўкі спецыялістаў. Сістэмны дыялог у падобным фармаце адпавядае сучасным тэндэнцыям. Сёння немагчыма падрыхтаваць канкурэнтнага спецыяліста, калі студэнт не з’яўляецца актыўным суб’ектам адукацыйнага працэсу. Органы студэнцкага самакіравання з’яўляюцца акумулятарамі розных меркаванняў, моладзь іх аналізуе і мае магчы­масць праз такія пляцоўкі даносіць сваю пазіцыю адносна зместу і далейшага развіцця сістэмы адукацыі. Наогул трэба сказаць, што студэнцкае самакіраванне — не сучасная вынаходка. Мы маем багаты вопыт яшчэ з савецкіх часоў, калі з’явілася норма, што ў склад вучоных саветаў універсітэтаў павінна ўключацца не менш за 25 працэнтаў студэнтаў, у нас яна таксама дзейнічае. А вучоны савет вызначае практычна ўсю жыццядзейнасць УВА: пер­спектывы і праграму развіцця, асноўныя напрамкі фінансавання, вучэбныя праграмы і пералік прадметаў, якія бу­дуць фарміраваць падрыхтоўку па спецыяльнасці. Актыўны ўдзел студэнтаў не толькі ў выхаваўчых працэсах, але і вучэбных дае пазітыўны эфект стварэння спрыяльнай атмасферы паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Гэта вельмі важна з пункту гледжання вырашэння тых задач і мэт, якія вызначае сёння вышэйшая школа.

Мы жывём у эпоху інфарматызацыі і лічбавізацыі. Аб’ём кантэнту, прадастаўленага ўвазе сучасніка, практычна невычарпальны. Студэнты — галоўныя драйверы ў трансфармацыі інфармавання і камунікацый, прадстаўнікі маладога пакалення першымі падхопліваюць трэнды інтэрнэт-асяроддзя і пачынаюць актыўна выкары­стоўваць іх у жыцці. Таму слоган форуму — “У аб’ектыве — моладзь!”, а галоўная ідэя — вывучэнне асаблівасцей маладзёжнага інфармавання ў інтэрнэце. Ініцыятыву стварэння маладзёжнага YouTube-канала падтрымала Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Для рэалізацыі праекта праведзены Першы адкрыты конкурс блогераў “Блогасфера 1.0”. Для ўдзелу было пада­дзена 184 заяўкі ад маладых людзей ва ўзрос­це ад 15 да 30 гадоў. Яны дасылалі відэа па сямі намінацыях, уключаючы навукова-папулярны і адукацыйны кантэнт, а таксама ролікі на тэмы падарожжаў, здароўя і прыгажосці. Адгукнуліся нават дзеці — яшчэ 26 заявак паступіла ад удзельнікаў 8—14 гадоў. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму Ігар Карпенка ўручыў узнагароды самым актыўным студэнтам краіны за ўдзел у рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў і сацыяльных праектаў, у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, развіцці валанцёрскага руху, за выдатную вучобу і плённую грамадскую дзейнасць. Падзякай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны Уладзіслаў Шышко (Гро­дзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), Вольга Русілка (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), Аляксандр Давыдоўскі (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама пераможцы конкурсу “Блогасфера 1.0”. Разам з імі — будучымі вядучымі блогерамі партала — міністр даў афіцыйны старт першаму айчыннаму маладзёжнаму YouTube-каналу. 

— Сімвалічна, што нацыянальны студэнцкі форум праводзіцца ў маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — За гэты год у Оршы адбылося мноства маладзёжных мерапрыемстваў, культурных і спартыўных падзей, рэалізаваны сур’ёзныя праекты. Горад, па сутнасці, стаў платформай для падтрымкі і развіцця маладзёжных ініцыятыў. Сёння важнае месца адводзіцца патрыятычнаму выхаванню моладзі, захаванню лепшых культурных і духоўных традыцый нашага народа. 2019 год праходзіў у нашай краіне пад знакам Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша моладзь стала ініцыятарам шырокамаштабных патрыятычных акцый, былі запісаны сотні ўспамінаў ветэранаў і відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш, створаны тэматычныя інтэрнэт-парталы, прадстаўлены серыі прэзентацый і біяграфічных нарысаў, разгорнута маштабная работа па рэканструкцыі помнікаў і месцаў пахавання загінуўшых воінаў, створаны цыклы тэлеперадач, напісаны дзясяткі кніг, вучэбных дапаможнікаў пра вайну, праведзены навуковыя канферэнцыі і шэраг іншых мерапрыемстваў. Несумненна, уся гэтая дзейнасць з’яўляецца яркім праяўленнем патрыятызму і непарыўнай сувязі пакаленняў. Валанцёрскі рух набыў асаблівы статус. Знакавай падзеяй для Беларусі сталі ІІ Еўрапейскія гульні. Больш за 8 тысяч студэнтаў прыняло ў іх удзел у якасці валанцёраў. Літаральна ўчора ў Студэнцкай вёсцы быў адкрыты Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр — ваша інтэрактыўная пляцоўка, якая будзе садзейнічаць стварэнню ўмоў для далейшага развіцця валанцёрскага руху і ў першую чаргу падтрымае вашы валанцёрскія ініцыятывы.

Кіраўнік ведамства падзякаваў моладзі за актыўны ўдзел у сёлетнім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі (Санкт-Пецярбург) і выказаў упэўненасць, што ўдзельнікі форуму ў Оршы далучацца да абмеркавання праекта стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі да 2030 года, канцэптуальныя падыходы якой могуць быць уключаны і ў стратэгію маладзёжнай інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, якая распрацоўваецца зараз, а таксама згадаў праект “Цягнік памяці і славы”, ініцыіраваны беларускай моладдзю. З пачатку новага года пачнецца інтэрнэт-адбор яго ўдзельнікаў — гэта каля 200 чалавек з Беларусі і Расіі. Цягнік пройдзе па маршруце першага цягніка з пераможцамі, што вярнуўся  25 чэрвеня 1945 года ў Маскву, і далей — да Уладзівастока.

— Сёння многа ідзе розных фэйкавых навін адносна інтэграцыйных працэсаў, — пракаменціраваў міністр. — Моладзі трэба разумець, што ніхто не збіраецца зда­ваць незалежнасць Беларусі, рабіць замах на яе суверэннае развіццё — кіраўнік дзяржавы не раз аб гэтым гаварыў. Але сёння інтэграцыя з’яўляецца асновай для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у першую чаргу гандлёва-эканамічнага, зняцця пэўных бар’ераў і перашкод, што замінаюць людзям і гандляваць, і ўзаемадзейнічаць, і кантакта­ваць. Безумоўна, інтэграцыйныя працэсы патрабуюць пэўнага пераасэнсавання — гэта адбываецца зараз на ўзроўні прэзідэнта і ўрада. У сваю чаргу мы разам з расійскімі калегамі многа ўвагі ўдзяляем пытанням гарманізацыі заканадаўчых актаў у галіне адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Думаю, што рэальным укладам у развіццё Мэт устойлівага развіцця, сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі якраз і павінна стаць пляцоўка маладзёжнай інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, таму што ў перспектыве вы будзеце не толькі ўдзельнічаць у гэтых працэсах, але і кіраваць, а ў некаторых выпадках — закладваць перспектыву іх развіцця.

Двухдзённая праграма форуму ўключала таксама адкрыты дыялог з міністрам адукацыі, метадычныя семінары для прарэктараў “Прававыя асновы выкарыстання інтэрнэт-прасторы” і “Сучасныя тэхналогіі медыякамунікацыі”, пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, серыю тэматычных майстар-класаў, работу сцэнарнай групы, флэш-мобы, музычна-забаўляльныя мерапрыемствы, абмеркаванне канцэпцыі маладзёжнага YouTube-канала (першы яго выпуск выйдзе ў эфір у найбліжэйшы час і будзе прысвечаны падзеям форуму ў Оршы), прагляд відэа­ролікаў “У аб’ектыве — форум”.

У рамках рабочай паездкі на Віцебшчыну Ігар Карпенка таксама наведаў сярэднюю школу № 23 Оршы, азнаёміўся з вучэбна-метадычнай і матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі, пагутарыў з выкладчыкамі і навучэнцамі.

Таццяна Бондарава.
Фота аўтара.