У цэнтры ўвагі — праектная і даследчая дзейнасць школьнікаў

- 12:34Адукацыйная прастора
Багдан Звяжынскі разам з Ю.Г. Міханавай

Ад праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў – да навукова-даследчай работы” – менавіта пад такой назвай на мінулым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Яна сабрала айчынных і замежных вучоных, спецыялістаў сістэмы адукацыі, педагогаў-практыкаў. Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі таксама школьнікі, юныя даследчыкі, фіналісты конкурсу навукова-даследчых работ “Суквецце талентаў”.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Міністэрства адукацыі Беларусі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі разам з Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Развіццёвае навучанне” і грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”. Яны паклапаціліся аб тым, каб у яе ўдзельнікаў была магчымасць не толькі паслухаць выступленні вучоных на пленарных пасяджэннях, але і каб педагогі-практыкі маглі прэзентаваць свае напрацоўкі, падзяліцца вопытам, абмеркаваць актуальныя праблемы на секцыях, атрымаць новыя карысныя веды на майстар-класах і пазнаёміцца з даследчымі работамі фіналістаў конкурсу “Суквецце талентаў”.

Багдан Звяжынскі разам з Ю.Г. МіханавайЗ прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся рэктар АПА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Андрэй Пятровіч Манастырны, які расказаў пра ўдасканаленне сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў, што працуюць з адоранымі навучэнцамі.
Праектная і даследчая дзейнасць навучэнцаў з’яўляецца паказчыкам якасці адукацыі любой установы адукацыі. Менавіта таму ў нашай краіне школьнікі, якія дасягаюць значных поспехаў, становяцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу даследчых работ і міжнародных канферэнцый, як і навуковыя школьныя таварыствы, атрымліваюць дзяржаўныя падтрымку і заахвочванне. Як паведаміла Юлія Ульянаўна Пашкевіч, галоўны спецыяліст упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі, сакратар спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, у нашай краіне створана сістэма дзяржаўнай падтрымкі адоранай моладзі, аналагаў якой няма ні ў адной краіне постсавецкай прасторы. Адным з найважнейшых элементаў сістэмы дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў з’яўляецца спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. За 17 гадоў існавання фонду былі вынесены рашэнні аб прысуджэнні 26 277 заахвочванняў адораным навучэнцам і студэнтам. Аказана фінансавая падтрымка 42 інтэлектуальным і творчым аб’яднанням навучэнцаў. 2358 педагагічных работнікаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў, заахвочаны фондам.
Вялікую ўвагу ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікала выступленне Т.М.Кавалёвай, прафесара кафедры педагогікі Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, кіраўніка магістарскай праграмы “Цьютарства ў сферы адукацыі”, вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі дыдактыкі Інстытута тэорыі і гісторыі педагогікі Расійскай акадэміі адукацыі, доктара педагагічных навук, прафесара. Таццяна Міхайлаўна расказала пра цьютарскае суправаджэнне даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў. Гаворку пра работу цьютараў у школе, пра тое, як педагог можа стаць цьютарам, прафесар Кавалёва працягнула і на сваім майстар-класе на другі дзень. Сярод беларускіх педагогаў з’явілася нямала жадаючых атрымаць веды па цьютарскай дзейнасці. Такой падрыхтоўкай у нашай краіне зараз ніхто не займаецца, але педагогі могуць паспрабаваць сябе ў ролі цьютараў у межах інавацыйнага праекта. У расійскіх школах цьютары з’явіліся не так даўно, у 2008 годзе, і ў асноўным у прыватных установах, установах новага тыпу. Таццяна Міхайлаўна займаецца пытаннем цьютараў больш за 20 гадоў. Але гэта зусім не яе вынаходства — першыя цьютары з’явіліся ў Англіі яшчэ ў ХІІ стагоддзі. Уся сістэма работы Оксфарда і Кембрыджа пабудавана на цьютарстве. Цьютар — гэта педагог, які дапамагае школьніку ці студэнту стварыць уласную адукацыйную праграму і які затым пры неабходнасці яго кансультуе. Цьютарства — гэта асяроддзевая педагогіка. Самае галоўнае для цьютара — стварыць празмернае (багатае) асяроддзе. Т.М.Кавалёва расказала пра работу цьютарскай асацыяцыі і прадставіла выданні, падрыхтаваныя яе членамі.

Падчас работы шасці секцый быў абмеркаваны шэраг пытанняў, у тым ліку такія, як тэарэтычныя асновы праектнай і даследчай дзейнасці; сістэма кіравання праектнай і даследчай дзейнасцю навучэнцаў; інтэлектуальна-творчае развіццё асобы навучэнцаў падчас праектнай і даследчай дзейнасці; спецыфіка арганізацыі і зместу праектнай дзейнасці на першай, другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі і механізмы развіцця праектнай і даследчай культуры педагагічных работнікаў. Як расказалі кіраўнікі секцый у канцы работы канферэнцыі, педагогі працавалі плённа і прадукцыйна, нярэдка ўзнікалі дыскусіі. Адметна, што для беларускіх настаўнікаў арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці з навучэнцамі — гэта не даніна модзе, а ўнутраная патрэба, захапленне, якім яны зараджаюць сваіх выхаванцаў. Яны разумеюць, што праз далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці яны вырашаюць шэраг адукацыйных праблем, звязаных з індывідуальным падыходам, стварэннем станоўчай вучэбнай матывацыі, развіццём пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў, іх здольнасцей. Ды і сам педагог мяняецца, ператвараецца ў арганізатара і каардынатара пазнавальнай, даследчай дзейнасці сваіх вучняў.
Даследчая і праектная дзейнасць, перакананы ўдзельнікі канферэнцыі, — гэта ад зін з эфектыўных спосабаў развіцця асобы дзіцяці. Выконваючы ўласнае даследаванне, яно не толькі набывае новыя веды, але і засвойвае новыя спосабы дзейнасці, развівае інтэлект, здольнасць да творчасці, становіцца больш самастойным, адказным, мэтанакіраваным.
На секцыях выступалі якраз тыя педагогі, якія працуюць у гэтым кірунку даўно і маю ць унікальны вопыт. Менавіта таму іх прамовы выклікалі жывую цікавасць.
Больш як 37 гадоў дзейнічае ў мёрскай сярэдняй школе № 3 археолага-краязнаўчы гурток “Арганаўты мінулага”, які ўзначальвае Вітольд Антонавіч Ермалёнак, настаўнік гісторыі. Як заўважае Вітольд Антонавіч, адметнасць арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці ў іх школе ў тым, што дзеці працуюць не па матэрыялах дзяржаўных архіваў і музеяў, як навучэнцы сталічных і абласных устаноў, а на матэрыялах школьных музеяў. У трэцяй мёрскай школе дзейнічаюць два музеі: гістарычны (яму, як і гуртку, ужо амаль 40 гадоў, у ім захоўваецца 30 тысяч экспанатаў) і кнігі і друку (дзе ёсць арыгінальныя выданні ХVII—XVIII стагоддзяў). Як падкрэсліў педагог, ён працуе з дзецьмі не дзеля пэўнага конкурсу даследчых работ альбо канферэнцыі, а мэтанакіравана, сістэмна, пачынаючы з малодшых класаў, з урокаў, на якіх ставяцца праблемныя пытанні і ладзяцца дыскусіі. Асноўныя кірункі тэм для даследавання, якія выбіраюць выхаванцы Вітольда Антонавіча, звязаны з гісторыяй роднага краю. Гэта дазваляе школьнікам не толькі паглыбіць веды па гісторыі Беларусі, але і стаць першаадкрывальнікамі невядомых старонак гісторыі сваёй краіны. Перш за ўсё навучэнцы павінны атрымаць задавальненне ад працэсу даследчай дзейнасці, ад поспехаў у адкрыцці невядомага, перакананы педагог. Для падрыхтоўкі апошняга даследавання “Вайна 1812 года: паўночны напрамак” Вітольд Антонавіч разам са сваімі навучэнцамі праехаў на веласіпедзе больш за 320 кіламетраў па чатырох раёнах.
Даследчай дзейнасцю настаўніца фізікі Лапіцкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці С.С.Хіўрэнка займаецца каля 10 гадоў. За гэты час яе юныя даследчыкі станавіліся пераможцамі як раённых, так і абласных канферэнцый і прымалі ўдзел у рэспубліканскай, і гэта Святлана Сяргееўна лічыць вялікім дасягненнем для вясковых школьнікаў. Настаўніца пераканана: для таго, каб паспяхова займацца з дзецьмі даследчай дзейнасцю, неабходна каб яны валодалі некаторымі кампетэнцыямі, такімі як акадэмічныя, сацыяльна-асобасныя і прадметныя. Ды і сам навуковы кіраўнік (настаўнік) павінен валодаць шэгарам кампетэнцый, мець вопыт навукова-даследчай дзейнасці, пастаянна займацца самаадукацыяй, цікавіцца апошнімі дасягненнямі навукі, умець наладжваць дзелавыя зносіны з навучэнцамі, дыягнаставаць іх творчыя здольнасці ў пэўнай галіне. Кампетэнцыі навучэнца і настаўніка ўвесь час удасканальваюцца і фарміруюцца падчас правядзення даследавання, падкрэсліла Святлана Сяргееўна. Настаўніца ладзіць майстар-класы для сваіх калег з Асіповіцкага раёна па тэме арганізацыі і правядзення даследчай дзейнасці з навучэнцамі на пазакласных занятках па фізіцы. У сельскіх школьнікаў няма магчымасці супрацоўнічаць з навуковымі інстытутамі, таму падчас сваіх даследаванняў яны выкарыстоўваюць самае простае абсталяванне. Напрыклад, для апошняй навуковай работы “Віхравыя з’явы ў вадзе” вучні С.С.Хіўрэнка выкарыстоўвалі акварыум, ваду, чарнілы і піпетку. Школьнікі даследавалі малавывучаны працэс расцякання вадкасці па вадкасці.
Як падзяліўся А.І.Іванец, загадчык лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, старшыня савета маладых вучоных НАН Беларусі, кандыдат хімічных навук, які прыняў удзел у работах секцый канферэнцыі, ён пранікся той работай, якую праводзяць у сваіх установах педагогі рэспублікі. Супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук зацікаўлены ў тым, каб да іх прыходзілі маладыя людзі, здольныя і гатовыя займацца даследчай работай, паведаміў Андрэй Іванавіч. Акадэмія навук адкрыта для любых відаў супрацоўніцтва са школамі і педагогамі. У сценах інстытутаў НАН юныя даследчыкі і іх школьныя кансультанты могуць пазнаёміцца з навуковымі дасягненнямі беларускай эксперыментальнай і прыкладной навукі, яе сучаснымі кірункамі даследавання. Школьнікі, якія праяўляюць цікавасць да даследчай дзейнасці, могуць займацца ў навуковых гуртках, што дзейнічаюць пры інстытутах акадэміі, у прыватнасці інстытута фізіялогіі і гісторыі. Для маладых вучоных НАНБ праводзіць шэраг канферэнцый і мерапрыемстваў, і сярод іх такія, як “Першы крок у навуку” і “Моладзь у навуцы”. Школы могуць запрашаць супрацоўнікаў Акадэміі навук для чытання асобных лекцый, кансультавання праектаў. Асноўная мэта даследчай і праектнай работы з навучэнцамі, па меркаванні Андрэя Іванавіча, — даць магчымасць навучэнцам думаць варыятыўна. Варта, каб людзі, якія мараць стаць вучонымі, выпрацоўвалі ў сабе ўменне ставіць усё пад сумненне. Менавіта гэтае ўменне рухае навуку наперад, не дае спыняцца на дасягнутым.

Падчас канферэнцыі адбылося 8 майстар-класаў, якія правялі расійскія і беларускія навукоўцы, у асноўным работнікі АПА. Так, у прыватнасці, Таццяна Сяргееўна Праліска, начальнік Цэнтра інавацыйнага развіцця адукацыйнай практыкі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, прэзентавала вопыт работы па правядзенні факультатыву “Юны даследчык” (аўтарамі якога з’яўляецца Л.Я.Асіпенка і Т.С.Праліска). Удзельнікі майстар-класа пазнаёміліся з праграмай і методыкай правядзення факультатыву, паглядзелі відэазапіс работы з навучэнцамі, паўдзельнічалі ў імправізаваных занятках па тэме “Гіпотэза і яе роля ў стварэнні фізічнай тэорыі”. Таццяна Сяргееўна падзялілася вопытам падрыхтоўкі навучэнцаў да выступлення на конкурсах даследчых работ, звярнула ўвагу на вучэбна-метадычны дапаможнік да факультатыву “Даследчая дзейнасць вучняў па фізіцы” (аўтары — А.І.Слабадзянюк, Л.Я.Асіпенка і Т.С.Праліска).
Па словах Т.С.Праліска, вынікі работы па праграме факультатыву дазваляюць гаварыць аб эфектыўнасці курса. Так, анкетаванне 246 навучэнцаў, якія наведвалі факультатыў “Юны даследчык”, паказала, што для 96% з іх вучоба стала больш цікавай, 86% сталі больш актыўнымі, 83% — больш упэўненымі ў сабе, 88% — больш самастойнымі.
Конкурс навукова-даследчых работ “Суквецце талентаў” упершыню праводзіўся ў нашай краіне па ініцыятыве аддзела творчых методык навучання моладзі АПА. З усіх абласцей і сталіцы на суд журы конкурсу, якое ўзначальвала Г.М.Валачко, загадчыца лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, прафесар кафедры лінгвістычнай адукацыі АПА, доктар педагагічных навук, дацэнт па спецыяльнасці “Педагогіка”, было даслана 60 работ школьнікаў (па 10 з кожнай вобласці і сталіцы). Для ўдзелу ў фінале, які адбыўся якраз на канферэнцыі, былі запрошаны 24 навучэнцы. Юныя даследчыкі на стэндах прадстаўлялі свае работы, таму кожны ўдзельнік канферэнцыі мог з імі пазнаёміцца, абарона работ адбывалася па трох секцыях. У канцы мерапрыемства былі названы пераможцы, якія атрымалі кубкі і памятныя падарункі, спонсарамі якіх сталі ўдзельнікі канферэнцыі і грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”. Адметна, што падарункамі арганізатары конкурсу заахвоцілі ўсіх фіналістаў конкурсу, а іх тэзісы ўвайшлі ў электронны зборнік работ канферэнцыі. Педагогі і вучоныя сышліся ў меркаванні, што работа юных вучоных заслугоўвае высокай ацэнкі. Так, дыпломамі І ступені былі адзначаны наступныя навучэнцы: Лізавета Сабалеўская з гімназіі № 1 Віцебска (“Прыметнік як сродак адлюстравання рэчаіснасці ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”); Вікторыя Чыжова і Павел Краўчанка з сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава (“Рэлігійнасць сучасных навучэнцаў ва ўмовах поліканфесійнасці Рагачоўскага раёна”) і Багдан Звяжынскі з гімназіі № 22 Мінска (“Дынаміка кліматычных разбурэнняў будаўнічых матэрыялаў”). Як расказала настаўнік фізікі гімназіі № 22 Мінска навуковы кіраўнік хлопца Юлія Генадзьеўна Міханава, асноўную работу па даследаванні яны з Багданам праводзілі на базе фізічнага факультэта БДУ, дзе вялікую дапамогу ім аказаў дацэнт кафедры паўправаднікоў і нанаэлектронікі БДУ кандыдат фізіка-матэматычных навук М.І.Гарбачук.
Багдан вельмі цікаўны хлопец. Ён займаецца навуковымі даследаваннямі, удзельнічае ў алімпіядзе і ўсюды дасягае поспеху. Цяпер хлопец рыхтуецца да заключнага этапу алімпіяды па фізіцы, дзе ён, васьмікласнік, будзе выступаць за 9 клас. Даследчую работу па будаўнічых матэрыялах Багдан задумаў пасля таго, як яго бацькі закончылі будаваць дачу і засталося шмат будаўнічых адходаў. Хлопец зацікавіўся, як хутка пад уздзеяннем перападу тэмператур яны будуць разбурацца. Тэма аказалася вельмі актуальнай у наш час актыўнага будаўніцтва ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Вынікі такога даследавання можна выкарыстоўваць для ацэнкі ступені разбурэння будаўнічага матэрыялу і ацэнкі часу, на працягу якога гэты матэрыял можна яшчэ выкарыстоўваць.
Па выніках канферэнцыі падрыхтаваны электронны зборнік, дзе змешчаны матэрыялы замежных і беларускіх навукоўцаў, якія адлюстроўваюць навукова-тэарэтычныя асновы праектнай і даследчай дзейнасці, а таксама матэрыялы з вопыту работы педагогаў-практыкаў.
Пазнаёміцца з рэзалюцыяй канферэнцыі можна на сайце АПА.

Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.