У цэнтры ўвагі — прафесійны рост настаўніка

Талачынскі раён — сельскі регіён Віцебскай вобласці, што, безумоўна, накладвае свой адбітак на арганізацыю сістэмы адукацыі. Але тут змаглі стварыць цэласную і эфектыўную мадэль рэгіянальнай адукацыі. Сёння ў цэнтры ўвагі гэтай мадэлі — прафесійны рост настаўніка. Сваімі планамі на гэты конт дзеліцца начальнік аддзела па адукацыі Талачынскага райвыканкама Анатоль Анатольевіч БЕЛАГУРАЎ.

— Анатоль Анатольевіч, што ў прыярытэце для сістэмы адукацыі вашага раёна ў новым навучальным го­дзе?

— Для нас у прыярытэце на 2019/2020 навучальны год — стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці, павышэнне якасці адукацыі, фарміраванне кадравага патэнцыялу, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, прафесійная арыентацыя вучняў. Раённы вучэбна-метадычны кабінет працуе на аказанне ўсебаковай падтрымкі і дапамогу для павышэння кваліфікацыі педагогаў, стварэнне ўмоў для прафесійнага росту кожнага педагога.

Асаблівая ўвага адводзіцца вырошчванню ва ўстановах адукацыі настаўнікаў-метадыстаў з ліку вопытных педагогаў, якія могуць перадаваць свае веды, выступаць у ролі арганізатараў і ініцыятараў інавацый, трансліраваць эфектыўны педагагічны вопыт у практыку работы. У раёне пакуль няма настаўніка-метадыста. Зроблены першыя крокі да ліквідацыі праблемы, аказана метадычная падтрымка і праведзены вучэбны семінар “Атэстацыя педагагічных кадраў” на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Мы абмеркавалі, што неабходна, каб усе кампаненты спрацавалі на вынік для атэстацыі і здачы экзамену: удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, публікацыя матэрыялаў з вопыту работы, правядзенне майстар-класаў, работа ў метадычным фарміраванні і іншае.

Не першы год у шэрагу ўстаноў адукацыі ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйных праектаў са статусам інавацыйных пляцовак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У мінулым годзе да гарадскіх устаноў адукацыі далучыліся дзве сельскія сярэднія школы. У сярэдняй школе № 2 Талачына і Славенскай сярэдняй школе імя П.А.Галецкага Талачынскага раёна рэалізуецца праект “Укараненне сацыяльна-кіраўнічага механізма ў працэс мадэлявання адукацыйнай прасторы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”.

У Коханаўскай сярэдняй школе імя І.П.Кожара Талачынскага раёна працуюць у рамках праекта “Укараненне мадэлі фарміравання лічбавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу”, у Забалоцкай сярэдняй школе Талачынскага раёна — “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.

— Як вашы выпускнікі закончылі школы? Якія ўстановы яны выбіраюць для далейшага навучання?

— Пасля завяршэння 2018/2019 навучальнага года атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём атрымалі 11 выпускнікоў: з сярэдняй школы № 1 Талачына (2), сярэдняй школы № 2 Талачына (2), Славенскай сярэдняй школы імя П.А.Галецкага Талачынскага раёна (2), Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Талачынскага раёна (5). Значна вырас працэнт паступлення ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і крыху — працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— Наколькі паспяхова прайшла падрыхтоўка да новага навучальнага года?

— Была праведзена значная работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Зроблены бягучыя рамонты на суму больш за 550 тысяч рублёў, набыты камп’ютары, мультыборды, тэлевізары і іншая аргтэхніка на суму 90 тысяч рублёў, тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне на 80 тысяч рублёў, спартыўны інвентар на 50 тысяч рублёў, а таксама 2 школьныя автобусы. Вынікі сумеснай дзейнасці пацвярджаюць, што мы рухаемся ў правільным кірунку: праз павышэнне эканамічнай эфектыўнасці працуем над якасцю адукацыі.

Пры правядзенні рамонтных работ у шасці ўстановах адукацыі Талачынскага раёна асвоена 22 000 рублёў, выдзеленых упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Талачынскага райвыканкама на арганізацыю летняй занятасці навучэнцаў і моладзі. Ад прадпрыемстваў-шэфаў, спонсараў, а таксама папячыцельскіх саветаў на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі прыцягнута каля 4000 рублёў.

Пачынаючы з 2015 года ў раёне рэалізуецца праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” з прыцягненнем пазыкі Сусветнага банка. У ходзе гэтага праекта быў зроблены маштабны рамонт дзвюх гарадскіх школ. У 2020 годзе ў рамках гэтага праекта плануецца правядзенне капітальнага рамонту Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара і аснашчэння яе вучэбным абсталяваннем для забеспячэння якасных умоў навучання.

— Пытанне па арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў: ці ёсць у вас педкласы, агракласы (або іншай накіраванасці)? Як арганізуеце дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у гэтым навучальным годзе?

— У адукацыйны працэс актыўна ўкараняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, развіваецца робататэхніка, праграмаванне ў асяроддзі Scratch. Развіваецца профільнае навучанне, павялічваецца колькасць класаў і груп аграрнай накіраванасці. Ужо ў шасці ўстановах адукацыі адкрыты профільныя класы (групы) аграрнай накіраванасці, якія ўносяць важкі ўклад у папулярызацыю прафесій, неабходных Талачын­скаму раёну. Першыя выпускнікі гэтых класаў у гэтым годзе, мы спадзяёмся, стануць студэнтамі сельскагаспадарчых універсітэтаў нашай рэспублікі.

Ва ўсіх сярэдніх школах таксама арганізавана работа профільных класаў па розных прадметах, улічваючы жаданні вучняў і іх законных прадстаўнікоў. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў, якія займаюцца на базавым узроўні. На базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы атрымліваюць падрыхтоўку па прафесіях швачка, сталяр.

— А што больш за ўсё турбуе начальніка аддзела адукацыі?

— Талачынскі раён — сельскі, і, на жаль, колькасць навучэнцаў з кожным годам памяншаецца. А гэта можа прывесці да закрыцця ўстаноў адукацыі, чаго вельмі не хацелася б. Мы нацэлены на павышэнне якасці адукацыі, неабходна дабіцца больш высокіх вынікаў у рэспубліканскай алімпія­дзе па вучэбных прадметах.

Турбуюць нестабільныя балы па цэнтралізаваным тэсціраванні. Не ўсе выпускнікі вызначыліся з будучай прафесіяй. Як кожнаму настаўніку, кіраўніку хочацца, каб не было траўмаў, няшчасных выпадкаў. Каб дзеці менш часу праводзілі за камп’ютарамі, выйшлі на спартыўныя пляцоўкі, тым больш што ўсе ўмовы для заняткаў спортам у Талачынскім раёне ёсць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.