У цэнтры ўвагі — студэнцкі спорт

На пасаду старшыні Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту зноў выбраны чэмпіён XXIX Алімпійскіх гульняў у Пекіне па веславанні на каноэ-двойцы Аляксандр Багдановіч.

Такое рашэнне было прынята 22 красавіка на справаздачна-выбарчым агульным сходзе БАСС, што прахо­дзіў на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У рабоце сходу прыняў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. У працэсе абмеркавання былі падведзены вынікі чатырохгадовага перыяду дзейнасці асацыяцыі, вызначаны асноўныя напрамкі і задачы яе далейшай работы.

— Пытанні развіцця студэнцкага спорту надзвычай актуальныя, таму сёння запатрабаваны не проста кваліфікаваныя кадры, а прафесіяналы высокай якасці, у тым ліку з моцным духоўным, маральным і фізічным здароўем, — адзначыў Ігар Карпенка. — Таму развіццё фізічнай культуры і спорту не толькі агульнанацыянальная задача, але і архіважная справа для сі­стэмы адукацыі. Студэнцкі спорт — неад’емны складнік адукацыйнага працэсу, у тым ліку ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца ў галіне спорту ў нашай краіне. Асноўную задачу мы бачым не столькі ў дасягненні высокіх спартыўных вынікаў, колькі ў захаванні і паляпшэнні здароўя, падтрымцы належнай фізічнай формы маладых людзей. У кожнага з іх наперадзе вялікае жыццё — і прафесійнае, і асабістае, і творчае, таму, безумоўна, фізічная культура павінна развівацца і культывавацца ва ўстановах адукацыі.

Кіраўнік ведамства праінфармаваў, што за апошнія гады наладжаная сумесная работа Міністэрства адукацыі і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, БАСС, нацыянальных федэрацый і асацыяцый па відах спорту, устаноў вышэйшай адукацыі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта забяспечыла станоўчую дынаміку развіцця студэнцкага спорту. Так, ва ўніверсітэтах павялічылася колькасць спартыўных вучэбных груп, ствараюцца спартклубы і клубы па фізічнай культуры і спорце як асобныя структурныя падраздзяленні, прыняты неабходныя меры па ўмацаванні спартыўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вядучае месца ў сістэме студэнцкага спорту працягвае зай­маць рэспубліканская ўніверсіяда, якая сёлета праходзіць па 35 відах спорту, уключаючы 26 алімпійскіх, пры гэтым коль­касць яе ўдзельнікаў павялічылася больш чым на трэць. Беларускія студэнты-спартсмены паспяхова выступаюць на міжнародных спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU) і Еўрапейскай асацыяцыі студэнцкага спорту (EUSA). БАСС уносіць сур’ёзны ўклад у развіццё нацыянальнага студэнцкага спорту. Штогод яна з’яўляецца арганізатарам рэспубліканскіх спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Як падкрэсліў Ігар Карпенка, у мэтах удасканалення дзейнасці асацыяцыі наспела неабходнасць выпрацоўкі і прыняцця шэрага рашэнняў, аптымальных для сістэмы адукацыі і БАСС. У прыватнасці, гэта тычыцца механізмаў заахвочвання і падтрымкі спартсменаў, у тым ліку пры непасрэдным удзеле асацыяцыі. Міністр нагадаў, што мэта дзейнасці асацыяцыі — садзеянне кансалідацыі намаганняў па развіцці і папулярызацыі фізічнай культуры і відаў спорту ўстаноў не толькі вышэйшай, але і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. “Зараз у нас 110 каледжаў і 127 уста­ноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У найбліжэйшай перспектыве пасля пэўнай аптымізацыі большасць з іх набудзе статус прафесійных каледжаў, якія павінны ўвайсці ў асацыяцыю. У сувязі з гэтым трэба выбудаваць адзіную сістэму работы”, — сказаў І.Карпенка. Таксама неабходна ўзмацніць ролю асацыяцыі пры правядзенні рэспубліканскіх і міжуніверсітэцкіх студэнцкіх спаборніцтваў, магчыма — пашырыць іх колькасць і ўвесці новыя формы. БАСС павінна наладзіць цеснае ўзаемадзеянне са структурнымі падраздзяленнямі ўстаноў вышэйшай адукацыі і каледжаў па арганізацыі спартыўнай і спартыўна-масавай работы сярод навучэнцаў, прычым будаваць яго на прынцыпах роўнасці і ўзаемадапамогі ў прыняцці і рэалізацыі рашэнняў.

— Сёння цяжка ўявіць без фізічнай культуры вучэбную пра­граму любой установы адукацыі незалежна ад узроўню, — выказаў меркаванне кіраўнік ведамства. — У нас ёсць неабходныя спартыўныя залы, стадыёны і збудаванні, і гэты рэсурс задзейнічаны. Мы актыўна супрацоўнічаем з Міністэрствам спорту і турызму, якое з’яўляецца адным з заснавальнікаў БАСС. Заключаны адпаведныя дамоўленасці і закладзены неабходныя нарматыўна-прававыя асновы, што дазваляе ўзаемна выкарыстоўваць нашы базы для падрыхтоўкі спартсменаў, заняткаў фізкультурай, правядзення спартыўна-масавых спаборніцтваў. Разам з тым мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць ініцыятывы ў напрамку развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы для заняткаў фізкультурай і спортам. Напрыклад, у планах на найбліжэйшую перспектыву — стварэнне сучаснага стадыёна на базе ўніверсітэта імя А.А.Куляшова ў Магілёве; выдатны спарткомплекс адкрыты і працуе ў Віцебску на базе ВДУ імя П.М.Машэрава побач з Цэнтрам па скачках на батуце. Пастаўлена задача задзейні­чаць у мэтах развіцця фізкультуры і спорту сярод студэнцкай і навучэнскай моладзі тэрыторыю санаторыя-прафілакторыя БНТУ на Мінскім моры і выкарыстоўваць яе ў тым ліку для правядзення збораў па лініі БАСС. Гэтую пляцоўку мы будзем ствараць сумеснымі намаганнямі разам з установамі вышэйшай адукацыі. Ключавы момант — выніковая работа.

Ігар Карпенка ўнёс прапанову аб правядзенні штогадовага конкурсу на лепшую арганізацыю студэнцкага спорту і семінара па абмене вопытам у гэтай галіне. Таксама неабходна вызначыць месца Асацыяцыі школьнага спорту ў сістэме адукацыі і парадак яе ўзаемадзеяння з БАСС, увесці ў склад выканкама асацыяцыі прадстаўнікоў студэнцкай моладзі. Па выніках сходу міністр даў даручэнне аб падрыхтоўцы калегіі Мінадукацыі па пытаннях развіцця фізічнай культуры і спорту, іх выкладання ў сістэме прафесійнай адукацыі.

Як пракаменціраваў Аляксандр Багдановіч, удзел у асацыя­цыі пашырае магчымасці ўстаноў адукацыі і дазваляе маладым людзям адчуць узаемасувязь з міжнародным спартыўным студэнцкім рухам, удзельнічаць у кіраванні БАСС і правядзенні спартыўных, спартыўна-масавых мерапрыемстваў пад яе эгідай. Цяжка пераацаніць значэнне студэнцкага і навучэнскага спорту для прапаганды і прасоўвання спартыўнай культуры, каштоўнасцей здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі, фарміравання рэзерву спорту найвышэйшых дасягненняў. Таму работа асацыяцыі будзе нацэлена на далейшае развіццё студэнцкага спорту, заахвочванне студэнтаў-спартсменаў і іх трэнераў за дасягнутыя вынікі, удасканаленне прававых і арганізацыйных асноў работы асацыяцыі і прававога рэгулявання ў сферы фізічнай культуры і спорту, актывізацыю міжнароднай дзейнасці праз рэалізацыю падпісаных пагадненняў з нацыянальнымі студэнцкімі спартыўнымі саюзамі і забеспячэнне ўступлення БАСС у члены Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU) і Еўрапейскай асацыяцыі студэнцкага спорту (EUSA).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.