У цэнтры ўвагі — стварэнне агульнай адукацыйнай прасторы

- 12:00Актуально, Апошнія запісы

Сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства асветы і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі стала фінальным і самым значным пунктам трохдзённай сумеснай работы беларускіх і расійскіх экспертаў у сферы адукацыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка, міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў.

На сумесным пасяджэнні разглядаліся пытанні забеспячэння функцыянавання агульнай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, а таксама мерапрыемствы па рэалізацыі ўзгодненай маладзёжнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве.

“Беларусь і Расія зацікаўлены ў адзінай адукацыйнай прасторы”, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка перад пачаткам калегіі. — Сёння на абмеркаванне вынесены тры асноўныя пытанні. Галоўная ж тэма — далейшае прасоўванне а­дзінай адукацыйнай прасторы Саюз­най дзяржавы, уніфікацыя падыходаў ва ўмовах пандэміі, а таксама ўніфікацыя падыходаў уступнай кампаніі. Я не думаю, што сёння мы зможам поўнасцю адказаць на гэтае пытанне. Але ўніфікацыя ўжо ёсць.

Сёння грамадзяне Расіі, у адпаведнасці з нашымі нарматыўнымі дакументамі, могуць здаць ЦТ і паступіць на бюджэт у беларускія ВНУ. Грамадзяне Беларусі могуць, адпаведна, здаць АДЭ і гэтак жа паступіць у расійскія ВНУ. У гэтым ужо ёсць пэўная ўніфікацыя і адзіныя падыходы. Але зразумела, што пытанне магчымага збліжэння ЦТ і АДЭ патрабуе сур’ёзнай, больш дэталёвай прапрацоўкі”, — сказаў Ігар Карпенка.

Міністр падкрэсліў, што гэтае пытанне няпростае. “Гэта розныя па форме і змесце экзамены. У нас ёсць нацыянальны кантэнт, і мы не можам яго выключыць. У прыватнасці, беларуская мова і гісторыя Беларусі. Таму гэтае пытанне абмяркоўваецца, — адзначыў ён. — Мы таксама вялі размову аб магчымасці пашырэння прыёму нашых грамадзян на навучанне ў Расію і магчымасці выдзялення дадатковых квот Урадам Расійскай Федэрацыі менавіта па тых спецыяльнасцях, па якіх у нас падрыхтоўка не вядзецца. Напрыклад, некаторыя спецыяльнасці ў галіне ядзернай энергетыкі, космасу”.

Як адзначыў намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Віктар Сірэнка, профільныя міністэрствы дзвюх краін працуюць дастаткова прадукцыйна. “Для нас важна, што ёсць здаровая цікавасц­ь да адукацыйнага асяроддзя Беларусі, дзе працуюць два філіялы расійскіх універсітэтаў. Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерый Фалькоў азнаёміўся з гэтай базай, з праграмамі, якія ажыццяўляюцца, наогул з дзейнасцю гэтых універсітэтаў”, — сказаў намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы.

Па яго словах, расійскі бок выказаў жаданне наведаць Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве, які з’яўляецца адзіным універсітэтам у краіне, дзе праводзіцца навучанне студэнтаў па расійскіх і беларускіх праграмах. Па лініі Саюзнай дзяржавы, Пасткама было праведзена абнаўленне гэтага ўніверсітэта. Ён ужо ў новых сценах, з новымі лабараторыямі і напрамкамі дзейнасці. “Хочацца таксама ўспомніць Форум універсітэтаў інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы, які праходзіць на базе БНТУ. У наступным годзе ён будзе юбілейным, дзясятым. Да гэтага форуму праяўляюць цікавасц­ь у тым ліку іншыя краіны і іншыя ВНУ”, — паведаміў намеснік дзяржсакратара.

Важным напрамкам сумеснай дзейнасці з’яўляецца развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Больш за 89 расійскіх рэгіёнаў актыўна супрацоўнічаюць з нашай краінай у сферы адукацыі.

Рэалізуецца міжведамасная праграма мерапрыемстваў па ўмацаванні міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння і павышэнні акадэмічнай мабільнасці навучэнцаў, навуковых і навукова-педагагічных работнікаў адукацыйных арганізацый вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі.

Існуючая ў цяперашні час нарматыўная прававая база ў цэлым забяспечвае роўныя магчымасці для навучэнцаў дзвюх краін на даступную і якасную адукацыю на ў­зроўнях агульнай сярэдняй адукацыі.

Сумесна з расійскім бокам сфарміраваны новы склад сумеснай беларуска-расійскай групы па пытаннях развіцця сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей Беларусі і Расіі. Разглядаюцца пытанні стварэння эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ў навучэнцаў надпрафесійных кампетэнцый (soft skills); прымянення сеткавых механізмаў пры рэалізацыі адукацыйных праграм сярэдняй прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; арганізацыі ранняй прафарыентацыі (прафесійнай падрыхтоўкі) школьнікаў.

Віктар Сірэнка таксама адзначыў, што пандэмія, канечне, унесла свае карэктывы ў планы дзвюх краін. “Злёт турыстаў, злёт натуралістаў, алімпіяда Саюзнай дзяржавы не могуць праходзіць дыстанцыйна. Мы спадзяёмся, што ўсё ж такі новы год дазволіць нам выканаць тыя задачы, якія мы перад сабой паставілі. Пры дыстанцыйных зносінах усё-такі не хапае чалавечнасці. Душэўнасць праз экран перадаць цяжэй”, — дадаў ён.

***

Мяркуючы па эмоцыях і працоўным настроі, якія панавалі ў канферэнц-зале “Прэзідэнт-атэля”, дзе праходзіла сумесная калегія, гэта сапраўды так.

Міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка ў сваім выступленні адзначыў, што, нягледзячы на эпідэмічную сітуацыю, узаемадзеянне міністэрстваў Расіі і Беларусі ў сферы адукацыі не страціла сваёй дынамікі. “Арыенцірамі сумеснай работы выступаюць прыярытэтныя кірункі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады. А ў цэнтры нашай увагі — стварэнне агульнай адукацыйнай прасторы і рэалізацыя маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы.

Ведамствамі дзвюх краін былі прыкладзены максімальныя намаганні па фарміраванні механізма сумеснай акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі. У выніку падпісана адпаведнае пагадненне і створаны прававыя ўмовы для правядзення такой дзейнасці.

У найбліжэйшы час у Рэспубліцы Беларусь плануецца стварэнне Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі. У сувязі з гэтым мы зацікаўлены ў вывучэнні вопыту функцыянавання Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі, а таксама ў супрацоўніцтве з Расійскай акадэміяй адукацыі і Вышэйшай школай эканомікі па навучанні нацыянальных экспертаў у галіне ацэнкі якасці адукацыі. Таксама лічым мэтазгодным распрацаваць дарожную карту па абмене вопытам у сферы кіравання якасцю адукацыі.

Важным і эфектыўным кірункам работы па збліжэнні сістэм адукацыі з’яўляецца сумесная распрацоўка вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Ужо распрацаваны вучэбна-метадычны дапаможнік “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”, які з’яўляецца першым у серыі дапаможнікаў пад агульнай назвай “Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі”.

Не раз падкрэслівалася важнасць захавання агульнай гістарычнай памяці і павышэння ў моладзі грамадзянскай адказнасці за сучаснасць і будучыню нашых краін. У сувязі з гэтым важна актывізаваць сумесную дзейнасць па распрацоўцы праекта Саюзнай дзяржавы, які тычыцца функцыянавання Полацкага кадэцкага корпуса, у якім бы разам вучыліся дзеці з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Рэалізацыя гэтага праекта будзе спрыяць фарміраванню не толькі ведаў і ўменняў, але і высокіх маральна-псіхалагічных якасцей”, — адзначыў Ігар Карпенка.

“Беларусь і Расія маюць агульныя падыходы ў пытаннях адукацыі, — падкрэсліў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерый Фалькоў. — У нас абсалютна агульнае разуменне адукацыі. Я наведваў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, завод “Палітэхнік”. Прыярытэтам дзейнасці аднаго з вядучых беларускіх універсітэтаў з’яўляецца інавацыйны складнік, усё тое, што звязана з перадачай ідэй, іх увасабленнем у тэхналогіі, камерцыялізацыяй, вывадам іх на рынак.

Уласна, такія ж задачы перад сабой ставяць і расійскія ўніверсітэты. Прасцей кажучы, адукацыя не проста сама па сабе каштоўнасц­ь і самамэта. Універсітэты павінны рабіць значны ўклад у развіццё эканомікі, і ў гэтым у беларускіх і расійскіх універсітэтаў аднолькавае разуменне”.

Па словах Валерыя Фалькова, важна ўсё гэта агульнае захаваць, каб ствараць магчымасці для акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, для сумеснай рэалізацыі праектаў у інтарэсах дзвюх краін. “Калі ўзяць навуку, то па шэрагу праектаў расійскія навукоўцы зацікаўлены прыехаць у Беларусь, каб вывучаць унікальныя помнікі гісторыі, архітэктуры, праводзіць археалагічныя раскопкі.

Калі ўзяць Расію, то яна можа даць унікальныя магчымасці правядзення, дапусцім, марскіх экспедыцый, даследаванняў у ядзернай фізіцы — тое, у чым зацікаўлены студэнты, маладыя навукоўцы, аспіранты і выкладчыкі вядучых беларускіх ВНУ. Таму трэба працаваць крок за крокам, паслядоўна, улічваючы інтарэсы абедзвюх краін”, — адзначыў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі.

***

Міністр асветы Расіі Сяргей Краўцоў выступіў з ініцыятывай стварэння Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі. Сяргей Сяргеевіч падключыўся да работы сумеснай калегіі ў рэжыме анлайн.

“Вывядзенню ўзаемадзеяння адукацыйных ведамстваў на сістэмны ўзровень магло б паслужыць стварэнне Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі ў мэтах развіцця школьных абменаў, стажыровак выкладчыкаў на базе школ-партнёраў, фарміравання сумесных адукацыйных праграм з прыцягненнем вядучых ВНУ педагагічнага профілю Расіі і Беларусі. У якасці апорнай арганізацыі прапаную вызначыць Міжнародны цэнтр адукацыі “Інтэрдам” імя Стасавай”, — прапанаваў Сяргей Краўцоў.

Пра развіццё агульнай інклюзіўнай прасторы гаварыў намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай. Тэма актуальная для абедзвюх краін, таму сумесная работа над арганізацыйным, вучэбна-метадычным складнікам будзе карыснай як для беларускага боку, так і для расійскага. Надзённым з’яўляецца пытанне стварэння адзінай лічбавай прасторы. Пандэмія падштурхнула спецыялістаў Расіі і Беларусі рухацца ў гэтым кірунку хутчэй, а калі намаганні аб’яднаць, то эфект падвоіцца.

Са сваім калегам пагадзіўся намеснік міністра асветы Расіі Віктар Басюк, які ў сваю чаргу засяродзіўся на якасці школьнай адукацыі, якая немагчыма без засваення кампетэнцый ХХІ стагоддзя, эфектыўнай дыягностыкі школьных ведаў, развіцця педагагічнай і вучнёўскай мабільнасці. Актуальнай застаецца самаадукацыя настаўнікаў. А лічбавізацыя адукацыі патрабуе авалодання новымі ведамі і практыкамі. Стварэнне агульнай адукацыйнай прасторы дазволіць педагогам пашырыць свой педагагічны кругагляд.

Спектр пытанняў сумеснай калегіі быў даволі шырокім. Гаварылі пра развіццё прафесійнай адукацыі ва ўмовах лічбавізацыі грамадства і эканомікі, пра ўзаемадзеянне ў галіне дадатковай адукацыі, арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей і моладзі. Асобна вялася гаворка пра перспектывы навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы, пра прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі.

Дарэчы, па словах старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шуміліна, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі ўпершыню ўручаць у красавіку 2021 года. Іх атрымаюць тры навуковыя калектывы.

У выніку ўдзельнікі сумеснага пасяджэння калегій прынялі вялікі план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі да канца 2021 года паміж профільнымі ведамствамі дзвюх краін.

Былі падпісаны пратакол сумеснага пасяджэння калегій профільных ведамстваў, пратакол 6-га пасяджэння камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, план мерапрыемстваў у сферы маладзёжнай палітыкі на 2021 год, а таксама 14 дагавораў паміж вышэйшымі ўстановамі адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Фэдэрацыі.

Сярод іх — Рэспубліканск­і інстытут прафесійнай адукацыі (Беларусь) і Інстытут развіцця прафесійнага адукацыі (Расія), БДУІР і “МІРЭА — Расійскі тэхналагічны ўніверсітэт”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.