У цэнтры ўвагі — усебаковае развіццё дзіцяці

Установы дадатковай адукацыі Магілёўшчыны адчынілі свае дзверы перад навучэнцамі і іх бацькамі. У рамках традыцыйнага рэспубліканскага Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі паўсюдна праходзілі разнастайныя інфармацыйна-­рэкламныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы.

— У Магілёўскай вобласці мэтанакіравана падыходзяць да арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў. Ключавую ролю тут адыгрываюць установы дадатковай адукацыі. Іх у рэгіёне 36, і ў кожнай для наведвальнікаў пастараліся арганізаваць штосьці арыгінальнае і цікавае. Акцэнт у рэкламнай кампаніі быў зроблены на інфармаванні навучэнцаў, бацькоўскай грамадскасці і ўсіх зацікаўленых структур аб адукацыйных магчымасцях аб’яднанняў па інтарэсах, — паведаміла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.В.Клімянкова.

Падрыхтоўка да правядзення Тыдня дадатковай адукацыі пачалася яшчэ ў канцы жніўня. У апошнія дні канікул на адной з цэнтральных плошчаў Магілёва прайшло агульнагарадское дзіцячае свята, падчас якога была прэзентавана дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, культуры, спорту. Ярка і маляўніча былі прадстаўлены фізкультурна-­спартыўныя, эколага­-біялагічныя, дэкаратыўна-­прыкладныя, турыстычна­-краязнаўчыя, тэхнічныя, мастацкія аб’яднанні па інтарэсах. Маштабны вернісаж наглядна дэманстраваў: для кожнага юнага магілёўца ў горадзе знойдзецца занятак па душы.

Самыя разнастайныя віды дзейнасці прапануе сёння Абласны цэнтр творчасці. АЦТ — гэта сучасная ўстанова, педагагічны калектыў якой імкнецца да раскрыцця талентаў і здольнасцей кожнага дзіцяці. Сёння ў цэнтры звыш 600 разнастайных аб’яднанняў па інтарэсах. Падчас свята кожны жадаючы мог наведаць майстар-­класы па пачатковым авіямадэляванні, суднамадэляванні і выяўленчай дзейнасці, інтэрактыўную зону юных эколагаў і біёлагаў “Знаёмся, даследуй, спазнавай!”, пляцоўку Школы ранняга развіцця “Прыступкі”. Дзеці маглі не толькі прыняць удзел ва ўсіх прапанаваных актыўнасцях, але і запісацца ў гурткі, якія ім спадабаліся.

— Усе нашы аб’яднанні па інтарэсах карыстаюцца вялікім попытам сярод магілёўскіх школьнікаў. Штогод цэнтр наведваюць каля 8 тысяч навучэнцаў. Мы імкнёмся ўлічваць інтарэсы і запыты ўсіх дзяцей. Пералік напрамкаў дзейнасці штогод абнаўляецца, таму занятак па інтарэсах у нас можа знайсці кожнае дзіця, — паведаміла метадыст Абласнога цэнтра творчасці Н.П.Ластачка.

Паспрабаваць сябе ў ролі турыстаў удзельнікі свята маглі каля стэнда Цэнтра турызму і края­знаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна­выхаваўчай рабоце Т.В.Раманава, сёння ва ўстанове хлопцаў і дзяўчат прымаюць на навучанне па шасці напрамках дзейнасці: турызм, спартыўнае арыен­таванне, скалалажанне, мастацкая творчасць, края­знаўства, вакал.

— Усяго ў новым навучальным годзе ў нас будзе дзейнічаць 47 аб’яднанняў па інтарэсах. Усе яны дастаткова папулярныя сярод дзяцей. Мы не адчуваем недахопу ў навучэнцах. Найбольш запатрабаваныя турызм і спартыўнае арыентаванне. Напэўна таму, што, наведваючы гэтыя гурткі, дзеці вучацца знахо­дзіць выхад з экстрэмальных сітуацый, вучацца камунікатыўнасці, набываюць важныя сацыяльныя навыкі, — расказала Тамара Васільеўна.

Хлопчыкаў і дзяўчынак, зацікаўленых экалогіяй, заўсёды чакаюць у Эколага­біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі Магілёва. Сёлета цэнтр запрашае навучэнцаў у аб’яднанні па інтарэсах “У свеце прыгожага”, “Дэндралогія з асновамі экалогіі”, “Здравушка”, “Хатняе кветкаводства” і многія іншыя.

— Наведваючы нашы аб’яднанні, дзеці вучацца працаваць з прыродным матэрыялам, вырабляць пано, калажы, фларыстычныя скульптуры. Акрамя гэтага, мы прыцягваем іх да ўдзелу ў розных экалагічных акцыях, накіраваных на ахову прыроды. Да работы па выхаванні ў дзяцей беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя мы актыўна далучаем і бацькоў, арганізоўваючы сямейныя святы і іншыя мерапрыемствы, — расказала метадыст эколага­біялагічнага цэнтра М.Я.Лонская.

Прэзентацыйныя мерапрыемствы ва ўстановах дадатковай адукацыі працягнуцца ў першыя тыдні верасня, у рамках адпаведнай агульнарэспубліканскай акцыі. Фестывалі, майстар­класы, экскурсіі, круглыя сталы, выставы, конкурсы, спартыўныя святы, забаўляльныя праграмы… Да прэзентацыі сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі Магілёўшчыны падышлі вельмі творча.

Напрыклад, у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, падрыхтавалі рэкламны аўтобус “Планета Kids”.

— Маляўнічы аўтобус прывязе рэкламу аб нашым Цэнтры ў самыя ажыўленыя раёны горада. Сёлета ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска будуць функцыянаваць 389 аб’яднанняў па інтарэсах. Пра кожнае з іх у рэкламным аўтобусе можна атрымаць максімальна падрабязную інфармацыю і прама на месцы аформіць і ўсе неабходныя дакументы для залічэння ў гурткі. Такім крэатыўным спосабам наш педагагічны калектыў імкнецца прыцягнуць на навучанне ў Цэнтр як мага больш актыўных і творчых юных бабруйчан, — патлумачыла загадчык аддзела тэхнічнай творчасці Цэнтра Т.А.Кізатава.

Трэба адзначыць, што ўсе мерапрыемствы, арганізаваныя ў рамках агульнарэспубліканскага Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі, праходзілі на Магілёўшчыне па тэматычных блоках. Таму дзеці і іх бацькі маглі наведаць мерапрыемства, цікавае непасрэдна ім.

У шырокім пераліку інфармацыйна­забаўляльных праграм асаблівую ўвагу ўдзялілі арганізацыі тэматычных мерапрыемстваў “Радзіма ў сэрцы кожнага”. Так, у Цэнтры дзіцячай творчасці Мсціслава правялі гульню­прэзентацыю “Астравок малой радзімы — Мсціслаў”. У Касцюковіцкім раённым цэнтры дзіцячай творчасці наладзілі работу майстэрні, галоўныя мэты якой — папулярызацыя сярод падрастаючага пакалення беларус­кіх мастацкіх рамёстваў, знаёмства з мясцовымі народнымі ўмельцамі. У раённым цэнтры дзіцячай творчасці Дрыбіна ўсіх жадаючых запрашалі на майстар­клас “Шапавальства — спрадвечна дрыбінскае рамяство”.

Прэзентацыйныя мерапрыемствы праходзілі не толькі ў гарадах і райцэнтрах, але і ў аграгарадках, вёсках. Яны былі накіраваны на тое, каб сельскія школы станавіліся цэнтрамі дзіцячай творчасці і каардынавалі сувязі з установамі дадатковай адукацыі. Упор быў зроблены і на ўдасканаленне ўзаема­дзеяння з ведамствамі, зацікаўленымі ў арганізацыі карыснага вольнага часу навучэнцаў. Прайшлі круглыя сталы з прадстаўнікамі службаў МНС, ДАІ, УУС, устаноў культуры, спорту, прафсаюзаў. Адбыўся шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на кансалідацыю навучальных устаноў з бацькоўскай грамадскасцю. Важна, што ва ўстановах быў прадугледжаны шырокі спектр форм работы з педагогамі. Для павышэння іх прафесійнага ўзроўню былі праведзены метадычныя і семінарскія заняткі, інструктыўныя нарады.

Мерапрыемствы рэспубліканскага Тыдня дадатковай адукацыі паказалі, што на Магілёўшчыне навучальныя ўстановы гэтага профілю эфектыўна функцыянуюць, задавальняючы ўсе запыты навучэнцаў і бацькоў. Пры гэтым прыярытэт дзейнасці для педагогаў дадатковай адукацыі застаецца ня­зменным: у цэнтры ўвагі, як і раней, — усебаковае развіццё асобы дзіцяці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.