У цэнтры ўвагі — узаемадзеянне школы і сям’і

- 11:46Навіны рэгіёнаў

Без сумеснай работы сям’і і школы нельга выхаваць асобу, якая мае ўласную пазіцыю, умее выбіраць прыярытэты, вызначаць значнасць сваіх учынкаў, знаходзіць сэнс у жыцці. Гэта добра разумеюць педагогі Ганцавіччыны.

На базе сярэдняй школы № 3 Ганцавіч прайшоў раённы семінар педагогаў-псіхолагаў, прысвечаны супрацоўніцтву замяшчальных сем’яў і школы ў выхаванні дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Гэтая тэма была выбрана невыпадкова: ва ўстанове адукацыі вучацца дзеці з прыёмных, апякунскіх і замяшчальных сем’яў, а таксама з дома сямейнага тыпу.

Падзяліцца цікавым вопытам у выхаванні дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, прыйшлі прыёмныя мамы і таты. Іх уважліва слухалі педагогі-псіхолагі, класныя кіраўнікі, іншыя бацькі.

Удзельнікі семінара далучыліся да акцыі “Навошта патрэбна сям’я?”, наведалі музейны пакой адукацыі Ганцавіччыны, трэнінгавыя заняткі для бацькоў з элементамі арт-тэрапіі “Формула добрых адносін у сям’і, ці Шчаслівая сям’я” і трэнінг для вучняў “Праблемы ўзаемаадносін сярод равеснікаў. Сіла слова”, а таксама падчас круглага стала, прысвечанага ўзаемадзеянню школы і замяшчальных сем’яў, абмеркавалі актуальныя праблемы выхавання і развіцця дзяцей.

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.