У цеснай звязцы з сям’ёй

- 11:03Планёрка ў рэгіёне

Сёння госць нашай “Суботняй планёркі” — начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Магілёўскай вобласці Алена Сяргееўна Лісіца. Пра тое, як развіваецца сістэма адукацыі горада, якія адметнасці мае і чым ганарыцца, — наша гутарка з ёй.

— Алена Сяргееўна, трэцяя чвэрць навучальнага года ў самым разгары. Якія цікавыя праекты, творчыя мерапрыемствы праводзяцца ва ўстановах адукацыі горада?

— Ва ўстановах адукацыі нашага горада рэалізоўваюцца праекты самай рознай накіраванасці. Гэта і “Здаровы клас”, і “Школа — тэрыторыя здароўя”, і “Складнікі здароўя”, накіраваныя на ўмацаванне і захаванне інтэ­лектуальнага, фізічнага і псіхічнага здароўя вучняў, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. Самай актульнай тэмай у цяперашні час з’яўляецца 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У сувязі з гэтым ва ўстановах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя знамянальнай даце. З гэтага навучальнага года ў нашым горадзе стартавала інтэлектуальная гульня  “Што? Дзе? Калі?” і ўжо ў трэцяй чвэрці пройдзе вясновая серыя гульняў і фінал.

Педагогі горада актыўна працуюць у інавацыйных праектах. Напрыклад, тры ўстановы дашкольнай адукацыі ўключыліся ў інавацыйную дзейнасць па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў за апошні час горад ганарыцца?

— У Бабруйску шмат таленавітых педагогаў і дзяцей. Толькі ў 2019 годзе нашы навучэнцы ўзнагароджаны больш як 850 дыпломамі розных ступеней па выніках удзелу ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Выніковасць удзелу ў такіх мерапрыемствах, бясспрэчна, натхняе навучэнцаў на новыя ініцыятывы і ўключэнне ў праекты і даследаванні.

У абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 182 навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі горада, па выніках якога заваявана 102 дыпломы. Найбольшую колькасць дыпломаў прывезлі школьнікі па хіміі, матэматыцы, гісторыі, геаграфіі, інфарматыцы, беларускай мове, фізіцы, рускай мове, біялогіі, французскай мове.

У горадзе актыўна развіваюцца інтэлектуальныя конкурсы. Каманда “Тытаны” сярэдняй школы № 27 па выніках рэспубліканскага Кубка НЦМТДіМ “Зіма-2020” па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў атрымала кубак пераможцы турніру, дыплом I ступені ў гульні “Што? Дзе? Калі?”ва ўзроставай катэгорыі “Юніёры” і дыплом II ступені ў “Сваёй гульні”.

У нас ажыццяўляецца і  даследчая дзейнасць. Сёлета ў лютым на заключным этапе рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару (канферэнцый) тром навучэнцам Бабруйска ўдалося прадэманстраваць свае знаходкі і адкрыцці, даследчыцкія здольнасці, інтэлект і заваяваць дыпломы II ступені ў секцыях “Літаратуразнаўства” і “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць”.

Узорны канцэртны хор “Крынічка” сярэдняй школы № 6 адзначаны дыпломам I ступені па выніках абласнога тура Рэспубліканскага конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам!”. Ёлка-трансформер Magic заваявала дыплом I ступені на заключным этапе конкурсу “Тэхнаёлка”.

У канцы лістапада 2019 года ў Пінску стартаваў праект “Кубак па адукацыйнай робататэхніцы”. Гэты праект, дзе спорт і інтэлект і­дуць побач, арганізаваны асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Ён адкрывае новыя магчымасці для юных талентаў. На чацвёртым турніры кубка выхаванцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска занялі 1-е месца, абышоўшы 79 каманд з усёй Беларусі і прадэманстраваўшы час праходжання трасы — 7, 66 секунды. Гэты прарыў адкрыў новыя магчымасці для самарэалізацыі навучэнцаў і даказаў, што цэнтр заўсёды на хвалі часу і новых адукацыйных тэндэнцый.

2—3 сакавіка 2020 года ў канферэнц-цэнтры сталічнага атэля Marriott адбыўся фінал IX сезона Рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Навучэнец Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Павел Шаўцоў пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Яўгена Смірнова з праектам “Вучэбны трэнажор “Юны ратавальнік” стаў пераможцам у намінацыі “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць. Абарона ад надзвычайных сітуацый”.

Дасягненні вучняў цесна пераплятаюцца з дасягненнямі настаўнікаў. Педагогі Бабруйска — неаднаразовыя пераможцы розных этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Не менш актыўная жыццёвая пазіцыя і ў тых, хто толькі пачынае сваю педагагічную дзейнасць.

Так, пераможцамі заключнага этапу IV Абласнога фестывалю маладых педагогаў “Прызванне — педагог” сталі тры педагогі нашага горада. Сімвал фестывалю “Залатое пяро” ўручылі Дзмітрыю Аляксандравічу Рагаўцову, настаўніку сярэдняй школы № 31. Пераможцай абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі” стала Юлія Валер’еўна Прохарава, педагог дадатковай адукацыі аб’яднання па інтарэсах “Каларыт” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

І гэта толькі частка нашых дасягненняў.

— Алена Сяргееўна, як сёлета арганізавана профільнае навучанне? Ці ёсць у вас класы прафесійнай накіраванасці?

— Ахоп профільным навучаннем складае больш за 55%  навучэнцаў (1134 чалавекі), дапрофільнай падрыхтоўкай ахоплены больш за 670 навучэнцаў 5—9 класаў: яны вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. У бягучым навучальным годзе адкрыты 12 класаў прафесійнай накіраванасці (4 педагагічныя класы (групы), 8 класаў, арыентаваных на атрыманне спецыяльнасцей дзяржаўных органаў гарантавання нацыянальнай бяспекі і інш.). У горадзе створаны ўмовы для  ажыццяўлення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. У мэтах фарміравання спартыўнага рэзерву, развіцця спартыўнай адоранасці навучэнцаў у 6 установах адукацыі дзейнічае 8 спецыялізаваных па спорце класаў (па 9 відах).

— Ці існуе ў горадзе праблема забяспечанасці дашкольнікаў месцамі ва ўстановах адукацыі крокавай даступнасці?

— У  Бабруйску дзейнічае 61 установа дашкольнай адукацыі. Паказчык забяспечанасці месцамі складае больш за 100%. Практыкуецца адкрыццё санаторных груп, груп з кругласутачным рэжымам работы. Запыты бацькоў па забеспячэнні месцамі ў такіх групах задаволены цалкам. Адна з новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі на платнай аснове — групы кароткачасовага знаходжання (мацярынскія школы і адаптацыйныя групы) — карыстаецца вялікім попытам сярод бацькоў. Запатрабаваныя паслугі інтэлектуальнай, спартыўнай, мастацкай накіраванасці, вывучэнне замежнай мовы.

— Як у горадзе арганізавана ўзаема­дзеянне з бацькамі?

— Стала добрай традыцыяй правядзенне гарадскіх бацькоўскіх сходаў з удзелам кіраўніцтва горада, прадстаўнікоў розных ведамстваў (двойчы на год), на якіх асвятляюцца найбольш актуальныя і важныя пытанні, што хвалююць бацькоўскую грамадскасць.

Ва ўстановах адукацыі горада дзейнічаюць бацькоўскія ўніверсітэты, клубы, праводзяцца кансультацыі для бацькоў. Законныя прадстаўнікі навучэнцаў актыўна ўключаюцца ў мерапрыемствы шостага школьнага дня. На базе гімназіі № 1 ужо не першы год праводзіцца канферэнцыя татаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.