У цесным узаемадзеянні з сям’ёй

- 10:36Планёрка ў рэгіёне

Лічаныя дзянькі застаюцца да заканчэння навучальнага года. Якім ён быў для ўстаноў адукацыі Клімавіччыны, чым запомніўся, якія цікавыя праекты і творчыя справы рэалізоўвалі педагогі і навучэнцы, расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Клімавіцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці Наталля Яўгенаўна ГЛУШАКОВА:

— Сёлетні навучальны год вызначаўся юбілеем двух цудоўных беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Акрамя таго, бягучы год аб’яўлены Годам навукі. Гэта не магло не паўплываць на арганізацыю адукацыйнага працэсу ў нашым раёне. Ён быў насычаны не толькі вучэбнай дзейнасцю, але і рознымі мерапрыемствамі, як традыцыйнымі, так і прымеркаванымі да юбілейных дат і гістарычных падзей. Гэта мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове і культуры “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына”, літаратурна-музычныя кампазіцыі “Мелодыю мовы славянскай я чую…”, “Гучы, родная мова!”, “І не знікаць паэтам вечна” (прысвечаная 125-годдзю М.Багдановіча), конкурсы чытальнікаў вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, завочнае падарожжа “Горад мой, любоў мая!” і інш.

У раёне ажыццяўляецца мэтанакіраваная сістэмная работа па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця. У гэтым напрамку неабходна адзначыць работу калектыву Барсукоўскага дзіцячага сада — базавай школы. Сёлета каманда гэтай установы заняла 1-е месца на занальным злёце-конкурсе юных інспектараў руху і 2-е месца ў абласным этапе названага конкурсу.

У межах абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Палошкаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа ў намінацыі “Здароўе — гэта здорава”.

Заканчваецца работа над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі асноў эканамічных ведаў, прадпрымальнасці і фінансавай дасведчанасці”, які рэалізоўваўся ў Ціманаўскай сярэдняй школе. Вынікі работы падведзены на метадычным фестывалі “Інавацыі ў адукацыі Магілёўскай вобласці”.

— Якіх поспехаў дасягнулі педагогі і вучні за апошні час?

— Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці аддзела адукацыі і метадычнай службы — арганізацыя работы з навучэнцамі па падрыхтоўцы да алімпіяд і ЦТ. Практычна ўсе выпускнікі, якія будуць паступаць ва УВА, ахоплены факультатывамі па падрыхтоўцы да ЦТ. З вакансіі гадзін школьнага кампанента сельскіх школ арганізаваны міжшкольныя факультатывы па матэматыцы, рускай мове, хіміі, біялогіі для навучэнцаў 10 і 11 класаў раёна.

Выпускнікі прымаюць удзел ва ўсіх этапах рэпетыцыйнага тэсціравання з наступным аналізам дапушчаных памылак. У выніку праведзенай работы павялічылася колькасць 100-бальнікаў з 2 да 7 за апошнія два гады (з іх два навучэнцы набралі 100 балаў па 2 прадметах).

Некалькі слоў аб нашым гонары — нашых дзецях. Уладзіслаў Пруднікаў, выпускнік Ціманаўскай сярэдняй школы, набраў 100 балаў па двух прадметах — беларускай мове і фізіцы. Уладзіслаў таксама стварыў сайт VProshloe, які стаў папулярны ў карыстальнікаў.

Яшчэ адной нашай зорачкай з’яўляецца Вікторыя Сцепанюк, выпускніца сярэдняй школы № 3 Клімавіч. Летась Вікторыя прыняла ўдзел у адборачным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. У заключным этапе алімпіяды, які праходзіў у Гомелі, стала абсалютнай пераможцай. Вікторыя прымала ўдзел і ў Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, дзе была ўдастоена дыплома І ступені.

Перамогі навучэнцаў не былі б магчымы без творчых педагогаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі раёна: Таццяны Пятроўны Калошка, Ларысы Пятроўны Чэпля, Міхаіла Аляксандравіча Мяльнова, Наталлі Мікалаеўны Пруднікавай, Тамары Рыгораўны Дулуб, якая па выніках 2016 года прызнана лепшай па прафесіі Магілёўскай вобласці, удастоена першай прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта.

У напрамку развіцця даследчай актыўнасці навучэнцаў працуюць педагогі Клімавіцкай раённай гімназіі — настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Уладзіміраўна Красналобава і настаўнік біялогіі Уладзімір Паўлавіч Кананчук. У апошнія два гады ў скарбонцы педагогаў 5 дыпломаў заключнага этапу конкурсу.

Сёлета нашы навучэнцы прымаюць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Году навукі. Так, падзячным пісьмом ад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўзнагароджана настаўніца фізікі і матэматыкі Палошкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аляксандра Сяргееўна Маргунова за вялікі ўклад у развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. Навучэнка 10 класа аўтар прэзентацыі “Фізіка і паэзія” Ксенія Волас узнагароджана граматай Беларуска-Расійскага ўніверсітэта за дасягненне высокіх вынікаў у конкурсе прэзентацый навучэнцаў “Навука і яе творцы”. У межах III Магілёўскага фестывалю навукі пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Клімавіцкай раённай гімназіі Таццяны Васільеўны Карэлінай у Міжнароднай канферэнцыі (конкурсе) даследчых работ навучэнцаў “Гульні розуму” дыпломам ІІІ ступені былі ўзнагароджаны дзевяцікласнікі Хрысціна і Мікіта Сяргеенка з праектам “Садавіна і агародніна як альтэрнатыўныя крыніцы энергіі”. Яны ўзнагароджаны таксама за перамогу ў намінацыі “За арыгінальнае прадстаўленне фізічнага эксперымента”. Навучэнец 7 класа Ціхан Напрэенка прызнаны лепшым у намінацыі “За прагназаванне тэхналагічных тэндэнцый будучыні”.

Навучэнец Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ігар Новікаў на IV Рэспубліканскім агляд-конкурсе “Лідар года — 2016” быў узнагароджаны дыпломам за арыгінальны падыход да вобраза лідара.

— Наталля Яўгенаўна, якія асаблівасці мае профільнае навучанне ў раёне?

— На падставе выяўленых запытаў адкрыты профільныя групы ў гарадскіх сярэдніх школах, гімназіі і Ціманаўскай сярэдняй школе, што склала 50 працэнтаў ад усіх устаноў адукацыі, у якіх магчыма арганізацыя профільнага навучання. У асноўным профільнае навучанне ажыццяўляецца па 2-й мадэлі (у раённай гімназіі) і па 3-й мадэлі ў астатніх школах. У сярэдняй школе № 3 арганізавана работа факультатыўнага курса “Увядзенне ў педагагічную спецыяльнасць”. Пры выбары прадметаў навучэнцы аддаюць перавагу матэматыцы, фізіцы, рускай, беларускай і англійскай мовам. Плануецца адкрыццё профіляў па хіміі і біялогіі.

— Як наладжана ўзаемадзеянне школы з сям’ёй?

— Работа па ўзаемадзеянні з сям’ёй разнастайная і шматгранная. Добра зарэкамендавалі сябе сучасныя формы работы: інтэрнэт-кансультацыі, прымяненне мультымедыйных тэхналогій. Наяўнасць інтэрнэт-сайта прадастаўляе бацькам магчымасць віртуальна атрымаць інфармацыю аб жыцці ўстановы адукацыі, графіках работы розных спецыялістаў (псіхолага, педагога сацыяльнага), мерапрыемствах (акцыях, святах, спаборніцтвах і г.д.). Бацькі заўсёды могуць атрымаць рэкамендацыі аб метадах выхавання і методыках навучання дзяцей, карысныя парады. Таксама бацькі могуць азнаёміцца з рубрыкамі сайта “У дапамогу бацькам”, “Вучням”, “Дакументы і нарматыўныя акты”, “У дапамогу паступаючым” і г.д.

Эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння з сям’ёй з’яўляюцца работа бацькоўскага камітэта і папячыцельскага савета, бацькоўскія сходы, індывідуальная работа з бацькамі і падлеткамі, дзейнасць СППС, сумесная работа педагогаў, педагогаў дадатковай адукацыі, бацькоў і навучэнцаў.

— Якія праблемы хвалююць педагогаў раёна сёння?

— Нашых педагогаў, мабыць, як і многіх калег, хвалююць пытанні павышэння якасці адукацыі, а менавіта то, як пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне з улікам 4 тэста, бо апошнія два гады па выніках тэсціравання Клімавіцкі раён — лепшы на Магілёўшчыне. Хвалююць праблемы напаўняльнасці класаў, а таксама тое, што прынясе нам пілотны праект па фінансаванні ўстаноў адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.