— Імклівае развіццё сучаснага грамадства ўносіць карэктывы ва ўсе сферы чалавечай жыццядзейнасці, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Людміла Фёдараўна Паўлоўская. — Інфармацыйныя тэхналогіі і навукова-тэхнічныя адкрыцці стымулююць чалавека да пастаяннага самаўдасканалення і бесперапыннай адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Ад гэтага залежыць паспяховасць у сучасным грамадстве, сацыяльная і прафесійная запатрабаванасць.
Перад установамі адукацыі стаіць задача па падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў, здольных упэўнена арыентавацца ў сучасных тэхналогіях, арганізоўваць вытворчы працэс, дасягаць вынікаў, уступаць у сацыяльныя адносіны і актыўна адаптавацца на рынку працы. Профільнае навучанне дапамагае старшакласнікам раскрыць інтэлектуальны патэнцыял, выбраць прафесію ў адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі і запытамі эканомікі. Вялікую ролю адыгрываюць дапрофільная падрыхтоўка і прафарыентацыйная работа.
— Асаблівае значэнне ў гэтым адведзена ўзаемадзеянню школы, устаноў дадатковай адукацыі, ПТНУ, ССНУ і УВА, — адзначае Л.Ф.Паўлоўская. — Асноўная мэта такога ўзаемадзеяння — стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы на аснове гарманічнай узаемасувязі адукацыйных стандартаў розных структур, інтэграцыя адукацыйнага працэсу з соцыумам, рэгіянальная накіраванасць адукацыі. Дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне, заснаваныя на сеткавым узаемадзеянні сацыяльных парт-нёраў, ствараюць спрыяльныя ўмовы для прафесійнага і сацыяльнага самавызначэння вучняў, што дазваляе паспяхова рыхтаваць іх да выбару любога тыпу і ўзроўню далейшай адукацыі.
Педагогі школы імкнуцца максімальна рэалізаваць прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання дзяцей. З гэтай мэтай установа цесна ўзаемадзейнічае з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч, Ляхавіцкім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, Ляхавіцкай дзіцячай школай мастацтваў, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай Ляхавіцкага раёна, Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам, БарДУ і БДПУ імя Максіма Танка.
— Штогод у верасні на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праходзіць тыдзень дадатковай адукацыі пад дэвізам “Няма чым заняцца — прыходзьце да нас”, — расказвае Л.Ф.Паўлоўская. — У выніку на працягу многіх гадоў шмат вучняў займаюцца ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч, раённым Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Важна, што заняткі ў гэтых установах вызначылі далейшую прафесійную дзейнасць многіх выпускнікоў. Так, 24% педагогаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч — былыя вучні нашай школы. Акрамя таго, педагогі школы і ўстаноў дадатковай адукацыі цесна супрацоўнічаюць у правядзенні сумесных майстар-класаў і бацькоўскіх сходаў, арганізацыі метадычнай работы і дзейнасці рэсурснага цэнтра па абслуговай працы.
Амаль палова вучняў наведвае секцыі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Ляхавіцкага раёна. Дзякуючы заняткам у гэтай установе, 5 выпускнікоў школы працягнулі адукацыю ў вучылішчах алімпійскага рэзерву.
З 2014/2015 навучальнага года ў школе дзейнічаюць спецыялізаваныя спартыўныя класы па лёгкай атлетыцы, дзюдо, футболе і гандболе. Выхаванцы гэтых класаў неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, удзельнічалі ў міжнародных сустрэчах. Вучоба ў спартыўных класах — добры падмурак для атрымання ў далейшым спартыўнай адукацыі ў спецыялізаваных установах.
Больш за 40 гадоў доўжыцца супрацоўніцтва школы з Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам. Гэта абумоўлена не толькі блізкім суседствам устаноў, але і патрэбамі рэгіёна ў кадрах сельскагаспадарчага профілю. Школьнікі ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах з навучэнцамі каледжа, сустракаюцца з перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці раёна і ветэранамі працы. Штогод 5—7% дзевяцікласнікаў становяцца навучэнцамі каледжа.
— З 2014/2015 навучальнага года наша школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай па рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”, — гаворыць Л.Ф.Паўлоўская. — Мэта праекта — стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння вучняў і фарміраванне пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі праз арганізацыю мэтанакіраванага ўзаемадзеяння школы з ССНУ і УВА, бацькамі і соцыумам. У рамках праекта наладжана цеснае супрацоўніцтва з БарДУ і БДПУ імя Максіма Танка. Так, выкладчыкі БарДУ дапамагаюць арганізоўваць сістэмную работу з высокаматываванымі вучнямі па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд, ажыццяўляюць падрыхтоўку школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання, забяспечваюць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў профільных груп. Студэнты УВА праводзяць прафарыентацыйныя семінары-прэзентацыі для школьнікаў.
З мінулага навучальнага года ў школе на базе 10 класа дзейнічае педагагічная група. Абавязковай умовай навучання ў ёй з’яўляецца вывучэнне на працягу 2 гадоў факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, пасля якога выпускніку неабходна мець партфоліа. З 2016/2017 навучальнага года ў школе пачаў працаваць педагагічны 10 клас.
На канікулах у рамках інавацыйнага праекта ва ўстанове функцыянуе педагагічны атрад “Мара”. Удзельнікі атрада праходзяць абавязковыя пробы-выпрабаванні, якія мадэлююць сітуацыі педагагічнай дзейнасці. Гэта садзейнічае фарміраванню першапачатковых прафесійных уменняў і ўяўленняў пра сябе як суб’екта гэтай дзейнасці.
— Мэтанакіраваная работа па дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы, у тым ліку інавацыйная дзейнасць, прыносіць станоўчыя вынікі, — адзначае Л.Ф.Паўлоўская. — Так, калі ў 2015 годзе на спецыяльнасці педагагічнага профілю паступілі 3 выпускнікі, то сёлета — 11.
Вялікую дапамогу ў паспяховай рэалізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі вучняў аказваюць спецыялісты СППС школы і цэнтра “Прафарыенцір” БрДУ імя А.С.Пушкіна. Гэтая дапамога тычыцца псіхолага-педагагічнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Сумесная дзейнасць СППС і цэнтра ажыццяўляецца ў форме субяседаванняў аб прафесійных намерах, камп’ютарнай дыягностыкі, кансультацый псіхолагаў і прафарыентацыйных мерапрыемстваў.
— Вызначальным фактарам у эфектыўнай рабоце з дзецьмі з’яўляецца прафесійная кампетэнтнасць педагогаў, якая ўдасканальваецца падчас пасяджэнняў вучэбна-метадычных аб’яднанняў, круглых сталоў, канферэнцый, семінараў, вэбінараў, курсаў павышэння кваліфікацыі і самаадукацыйнай дзейнасці, — заўважае Л.Ф.Паўлоўская. — У мінулым навучальным годзе педагогі ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі “Правядзенне прафарыентацыйнай работы ў рэгіёне: узаемадзеянне дзяржаўных і недзяржаўных структур з мэтай выканання дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў”, е-mail-канферэнцыі “Роля класнага кіраўніка ў забеспячэнні профільнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, рэспубліканскім вэбінары “Метадычнае суправаджэнне дзейнасці профільных класаў педагагічнай накіраванасці” і інш.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.