У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца… Знаёмімся з самабытным куточкам Палесся

- 14:15Родная земля

У праўдзівасці слоў, якія ўпрыгожваюць арыгінальны валун на ўездзе ў Лельчыцы, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пераканаўся падчас нядаўняга падарожжа.

Кожнае падарожжа на Палессе для мяне незабыўнае, асаб­лівае. Не толькі таму, што гэта мой родны край, малая радзіма, зямля маіх продкаў, якая заўсёды натхняе, надае сілы, дазваляе адпа­чыць ад штодзённай мітусні. Палессе здзіўляе любога, хто вырашыў прайсціся яго шляхамі-дарогамі. Лельчыцкі раён не выключэнне. Адметная прырода, унікальная гістарычная спадчына, шчырыя, гасцінныя людзі…

Уладзімір Адамавіч Грыб, начальнік аддзела адукацыі Лельчыцкага райвыканкама:

— Наш край адметны не толькі гістарычнай, але і прыроднай спадчынай. Гэта ў першую чаргу маляўнічыя мясціны на берагах звілістай Убарці, цар-дуб і каменны крыж каля вёскі Данілевічы, радовішча граніту ў Глушкавічах. Яшчэ раён славіцца нематэрыяльнай спадчынай, напрыклад, абрадам гукання вясны “Чырачка” ў вёсцы Тонеж. Усе гэтыя славутасці актыўна вывуча­юць, а ў абрадах актыўна ўдзельнічаюць нашы настаўнікі і вучні.

Напрыклад, настаўніца гісторыі лельчыцкай сярэдняй школы № 1 Наталля Гаўрылавец распрацавала некалькі экскурсійных маршрутаў па малой радзіме, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гэтай установы адукацыі Вікторыя Некрашэвіч прапануе праплыць воднымі шляхамі, азнаёміцца з маляўнічымі берагамі Убарці.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Прыбалавіцкай сярэдняй школы Святлана Акуліч даследуе гісторыю Свята-Пакроўскай царквы. А намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Глушкавіцкай сярэдняй школы Алена Міхалкова правядзе цікавую экскурсію па гранітных кар’ерах. Упэўнены, кожны, хто наведаецца ў наш раён, палюбіць яго, абавязкова захоча вярнуцца.

Дубы над вадою

Калі гаварыць аб прыродных славутасцях краю, то ў першую чаргу варта адзна­чыць дубы. Здавалася б, што тут асаб­лівага. Дубы ўпрыгожваюць поймы не толькі лельчыцкай Убарці, але і Гарыні, Прыпяці, Пцічы ў суседніх Столінскім, Жыткавіцкім, Петрыкаўскім раёнах. Гэта праўда, аднак калі на беразе маёй роднай Гарыні зрэдку ўбачыш разгалістага волата, які ўзвышаецца над самай вадой, то для Убарці гэта звычайная з’ява. А яшчэ шмат дубоў тут проста ля­жаць у вадзе або на дне ракі.

Вось як патлумачыла гэтую з’яву намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце лельчыцкай сярэдняй школы № 1 Вікторыя Некрашэвіч:

— Убарць не надта шырокая, звілістая і падчас паводкі часта мяняе сваё рэчышча. Тады берагі падмываюцца, дубы не вытрымліва­юць націску вады і падаюць. Шмат такіх дрэў можна сустрэць на нашай рацэ падчас сплаву на байдарках.

Па словах Вікторыі Адамаўны, воднае падарожжа — самы захапляльны спосаб спазнаць прыгажосць Лельчыцкага краю. Па­чаць байдарачны маршрут можна ад вёскі Баравое, дзе знаходзіцца маляўнічае месца Белыя Берагі. ­Убарць там найбольш звілістая, утварае сваім рэчышчам своеасаблівыя водныя падковы.

— Працягласць воднага маршруту ад вёскі Баравое да Лельчыц прыкладна 20 км. Такую адлег­ласць пераадолее нават турыст-пачатковец. Мы з калегамі неаднойчы там сплаўляліся і з радасцю паўторым гэта на летніх канікулах, — дадала Вікторыя Адамаўна.

Педагог запэўніла, што кожнага, хто захоча прайсці водны маршрут па маляўнічай Убарці, чакае шмат яркіх уражанняў, станоўчых эмоцый.

У вас будзе магчымасць праплыць па звілістым рэчышчы пад разгалістымі волатамі. Дубровы будуць павольна змяняцца барамі, густымі зарасцямі кустоў (сапраўднымі джунглямі), і ўсю гэтую прыгажосць будзе дапаўняць птушынае рознагалоссе. Праўда, у некаторых месцах, дзе рака абмялела, давядзецца пераносіць байдаркі на руках. Але ж куды ў паходзе без цяжкасцей! Яны напаўняюць яго прыгодамі, робяць яшчэ больш незабыўным.

Данілевіцкі волат

Такімі ж незабыўнымі для настаўніцы гісторыі 1-й лельчыцкай школы Наталлі Гаўрылавец з’яўляюцца паходы да цар-дуба — самага знакамітага і найстарэйшага волата Лельчыцкага краю. Знаходзіцца дрэва ў ваколіцах вёскі Данілевічы.

— Упершыню да яго наведалася са сваімі выхаванцамі, калі працавала яшчэ ў Дуброўскай сярэдняй школе. Гэта было амаль 30 гадоў назад, але той паход помніцца ў дробязях. Перад нашай паездкай прайшоў моцны дождж і ў лесе ўтварыліся вялізныя лужыны, таму дзяцей даводзілася пераносіць на плячах. Калі вярталіся дадому, спытала ў вучняў, ці спадабалася паездка. Усе дружна сказалі “так”, але адзін хлопчык прызнаўся, што не. Аказваецца, я не дазволіла яму ісці па лужыне басанож, — з усмешкай згадала Наталля Міхайлаўна.

Наталля Гаўрылавец разам з вучнямі 8 класа Мацвеем Акулічам і Кірылам Таргонем знаёміць з цікавым прадметам школьнай краязнаўчай экспазіцыі

Пасля таго паходу было яшчэ некалькі. І пра кожны настаўніца можа падоўгу расказваць у дробязях, у тым ліку пра апошні, мінулагодні.

— Нягледзячы на тое, што сіноптыкі абяцалі дождж, паездку ўсё ж вырашылі не адмяняць, бо дзеці з нецярпеннем яе чакалі. Частку шляху мы праехалі на аўтобусе, а прыкладна два кіламетры ішлі пехатой. Гэта была восень. А што можа быць прыгажэйшым за восеньскі лес, яго чыстае паветра! Усе ішлі і атрымлівалі асалоду, любаваліся стройнымі бярозкамі, якія толькі пачалі мяняць сваё зялёнае лісце на залацістае ўбранне. А маленькія ліпкі ціха шапацелі на ветры, і здавалася, што яны сустракаюць нас цёплымі апладысментамі. Дзе-нідзе трапляліся баравікі, паказваючы свае карычневыя капялюшыкі, а маслякі ся­дзелі цэлымі сем’ямі. Нават варона, якая некалькі разоў каркнула нам услед, здавалася, вітала лю­дзей. Незабыўным момантам была і сустрэча зайца, які, заўважыўшы нас, спалохана перабег дарогу. І вось удалечыні ўбачылі цар-дуб — вялізнае, высокае дрэва, каля якога, нібы сыны, растуць меншыя дубы, — захоплена і вобразна расказвала настаўніца.

Па яе словах, данілевіцкі цар-дуб з 1963 года з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Колькі яму гадоў, дакладна невядома. Адны гавораць, што не менш за шэсць стагоддзяў, іншыя сцвярджаюць, што ён значна маладзейшы. Як бы там ні было, гэта самы стары дуб на тэрыторыі Лельчыцкага раёна і самы высокі. Яго галіны ўзносяцца ў неба аж на 32 метры.

— Кара дуба пакрыта глыбокімі зморшчынамі, у якіх птушкі ўюць гнёзды, а ў ніжняй частцы ствала знаходзіцца вялікае дупло, аблюбаванае янотам-паласкуном. Дзеці здзіўлена гаварылі, які ж вялізны дуб, а потым некалькі з іх узяліся за рукі і абнялі дрэва. І тут, нібы Божае благаславенне, пачаў накрапваць дождж. Але для далейшага адпачынку ён не стаў перашкодай. Бацькі развялі вогнішча, на якім дзеці смажылі сала, а ў тлушч, які сцякаў, шчодра абмаквалі хлеб. Такога смачнага абеду, як прызнаваліся дзеці, у іх яшчэ ніколі не было, — паведаміла настаўніца.

Наталля Міхайлаўна пераканана, што вучні запомняць і веліч разгалістага ляснога волата, і зайца, якога сустрэлі па дарозе, і, канечне, смажанае на вогнішчы сала. Вось з такіх момантаў, дзіцячых успамінаў, якія застаюцца з намі на ўсё жыццё, і фарміруецца любоў да малой радзімы.

— У мяне таксама шмат падобных прыкладаў, — працягнула настаўніца. — Памятаю, як з мамай хадзілі грэбці сена і па дарозе на пагорку ўбачылі лісянят. Яны ляжалі на пясочку і грэліся на сонцы. Я і цяпер, калі заплюшчу вочы, бачу тых лісянят. Сама родам з вёскі Слабодка, і наш агарод выходзіў да ракі. Кожную вясну падчас паводкі па ім можна было плаваць на чоўнах. Нягле­дзячы на свавольствы Убарці, вельмі люблю нашу раку, яна цесна звязана з маім жыццём, як і іншых жыхароў Лельчыцкага раёна. У школьныя гады любіла назіраць за крыгаходам, як трэс­каецца ле­дзяное покрыва і льдзіны плывуць па Убарці. У такія моманты судакранання з прыродай роднага краю і спазнаецца каштоўнасць малой радзімы, зямлі, дзе ты нарадзіўся.

Пра паходжанне назвы “цар-дуб” Наталля Міхайлаўна паведаміла наступнае. Аказваецца, так дрэва сталі называць пасля таго, як Мікалай ІІ адрокся ад прастола. У час Вялікай Айчыннай вайны акупанты хацелі зрэзаць дуб і адвезці ў Германію, але партызаны Сідара Арцёмавіча Каўпака не далі ім здзей­сніць злачынства, нават завязаўся бой — і дрэва было выратавана. Дакладна вядома, што сам партызанскі камандзір з таварышамі любіў абедаць пад гэтым дубам.

Не толькі разгалістым волатам славяцца Данілевічы. Ёсць і каменная дзяўчынка — незвычайны камень, падобны ці то на крыж, ці то на тулава чалавека. Мясцовыя жыхары з павагай ставяцца да каменя, лі­чаць яго своеасаблівым абярэгам.

Краязнаўчая дзейнасць Наталлі Гаўрылавец разнастайная. Педагог актыўна вывучае з вучнямі не толькі прыродную спадчыну, але і мясцовыя легенды і паданні, тапаніміку, абрады, кіруе музейным пакоем, папаўняе яго экспазіцыю, неаднаразова займала прызавыя месцы на краязнаўчых конкурсах. Невыпадкова ў 2017 годзе яна атрымала званне выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прыемна, што вынікамі сваіх даследаванняў Наталля Міхайлаўна дзеліцца на старонках “Настаўніцкай газеты”.

Прыбалавіцкая святыня

З некаторымі адметнасцямі роднага краю знаёміла чытачоў нашай газеты і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Прыбалавіцкай сярэдняй школы Святлана Міхайлаўна Акуліч. Таму заві­таць у госці да пазаштатнага аўтара, ужывую пачуць аповед пра гісторыю яе родных мясцін і ў першую чаргу помніка архітэктуры XVIII стагоддзя Свята-Пакроўскай царквы было для мяне справай журналісцкага гонару.

Вывучаць гісторыю роднага краю Святлане Акуліч дапамагаюць вучаніца 8 класа Мілана Акуліч і вучаніца 9 класа Карына Акуліч

— Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — самы старадаўні храм у Лельчыцкім раёне. Ён захаваўся ў першапачатковым выгля­дзе. І ў гэтым заслуга вернікаў. Яны баранілі царкву, калі трэба — адбудоўвалі. Больш чым два стагоддзі розныя пакаленні жыхароў Прыбалавіч дапамагалі прыходу, з радасцю ішлі на набажэнствы, хрысцілі сваіх дзяцей, бралі шлюб, хавалі старых. І заўсёды шчыра верылі. Гэтая вера ў Бога жыве ў нас, прыбалаўцаў, і па сённяшні дзень, — паведаміла Святлана Міхайлаўна.

У жыцці храма было шмат выпрабаванняў. Ён неаднойчы мог быць знішчаны, згарэць у полымі, але, дзякуючы вернікам, быў выратаваны.

У 1988 го­дзе ў храме аднавіліся богаслужэнні. Вяскоўцы зрабілі рамонт на ўласныя сродкі. Жадаючых папрацаваць было шмат, хоць у летні час хапала работы і ў агародзе.

— Канструкцыя царквы і па сённяшні дзень застаецца даволі трывалай. Вырабленая з дубовых бярвенняў, апрацаваная спецыяльным растворам, яна практычна не кранутая часам. Насуперак нягодам і дзякуючы маім землякам, Свята-­Пакроўская царква да гэтага часу захавалася як архітэктурны помнік XVIII стагоддзя і прастаіць яшчэ не адно стагоддзе, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.

Па словах настаўніцы, самыя трагічныя старонкі гісторыі храма звязаны з перыядам Вялікай Айчыннай вайны. 28 снежня 1942 года — трагічны дзень. Карнікі прыехалі на машынах, пачалі зганяць людзей у цэнтр вёскі. Таго, хто не хацеў ісці, забівалі на месцы, не звярталі ўвагі ні на малых, ні на старых. Загналі ўсіх у магазін і спалілі. Побач у храме акупанты зрабілі склад зброі, а адзін залез на царкву з кулямётам і нікому не даваў уцячы з агню. Але Хіваня Калесная, у якой пяцёра дзяцей згарэлі, засталася жывой. 52 мірныя жыхары былі спалены ў драўляным будынку магазіна, вялікае полымя магло перакінуцца і на царкву, аднак гэтага не адбылося. Суседнія клёны абгарэлі, а царква ўцалела.

Забітых пазней пахавалі на месцы страшнай трагедыі. Сёння побач з храмам узвышаецца абеліск,  які даглядаюць настаўнікі і вучні. І канечне, яны дапамага­юць добраўпарадкоўваць тэрыторыю храма.

— З айцом Уладзімірам у нас самыя цёплыя адносіны. Цесна супрацоўнічаем і з прыходам. Ды што тут гаварыць, мы і самі — настаўнікі, вучні — з’яўляемся прыхаджанамі храма. Супрацоўніцтва з царквой — справа карысная і правільная, таму што патрыятызм і духоўнасць — нераздзельныя паняцці. Запрашаем айца Уладзіміра на класныя гадзіны, урокі мужнасці. Ён з задавальненнем прыхо­дзіць, расказвае вучням пра маральнасць, любоў да Радзімы, значэнне царкоўных свят, важ­насць евангельскіх ісцін у жыцці кожнага чалавека. На прыходскае свята дзеці дапамагаюць весці службу, мы з калегамі ўпрыгожваем храм.

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — наша архітэктурная жамчужына, якую мы павінны берагчы і перадаць унукам, праўнукам. Храм намолены многімі пакаленнямі нашых землякоў. У гэтай царкве маліліся мае продкі, тут мяне хрысцілі, хрысцілі маіх дзяцей і маіх дзвюх унучак. Упэўнена, так бу­дуць рабіць і мае нашчадкі, — падзялілася Святлана Міхайлаўна.

Незвычайны краявід

Вы хацелі б убачыць унікальную прыроду Скандынавіі або Карэліі, вялізныя каменныя глыбы, якія рас­туць з самай зямлі? Калі так, то вам не абавязкова ­ехаць на поўнач. Часцінка Скандынавіі знаходзіцца ў нас у Беларусі, на самым яе поўдні — у Лельчыцкім раёне каля аграгарадка Глушкавічы.

Менавіта тут працуе шчэбзавод “Глушкевічы”. Прамысловая здабыча граніту пачала весціся яшчэ ў савецкія часы. Потым на пэўны перыяд гэтая работа ў некаторых кар’ерах спынілася, яны былі закінутыя і хутка запоўніліся вадой. Такім чынам утварыліся не характэрныя для Беларусі скандынаўскія пейзажы. Калі ж здабыча каменю аднавілася, ваду адпампавалі — і цяпер на дне кар’ера працуе тэхніка. Краявіды ўсё роўна ўражваюць, яны не горшыя, чым у Мікашэвічах.

Алена Міхалкова праводзіць экскурсію на тэрыторыі шчэбзавода

— Глушкавіцкія радовішчы граніту былі вядомы з даўніх часоў. Па архіўных звестках, яшчэ ў XVIII стагоддзі ў наваколлі сённяшняга завода знаходзілася возера Каменнае, на беразе якога была наладжана вытворчасць мукамольных камянёў (жорнаў). Захаваліся нават сярэднявечныя могілкі, якія датуюцца ­XIII—XIV стагоддзем, з каменнымі крыжамі, высечанымі з мясцовага граніту. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут актыўна праводзілася геалагічная разведка. Калі даведаліся пра вялікія залежы граніту, то ў 1969 годзе быў адкрыты кар’ер па здабычы прыроднага каменю з каменна-драбільным участкам, а з 1975 года працуе шчэбневы завод. Сёння з нашага каменю робяць мармуровую плітку, помнікі, нават мэблю. А яшчэ глушкавіцкім гранітам абліцаваны сцены некаторых станцый мінскага метрапалітэна, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Глушкавіцкай сярэдняй школы Алена Леанідаўна Міхалкова.

Адрозненне глушкавіцкага граніту, напрыклад, ад мікашэвіцкага не толькі ў колеры (тут ён шэра-чорны, а ў Мікашэвічах мае адценні чырвонага), але і ў яго трываласці, глушкавіцкі — больш моцны. Пад кіраўніцтвам былой настаўніцы біялогіі Святлана Рыгораўны Коваль і хіміі Марыі Уладзіміраўны Коваль былі напісаны даследчыя работы, у якіх педагогі падрабязна прааналізавалі хімічны склад мясцовага каменю, яго якасці. Зноў жа ў адрозненне ад Мікашэвіч, дзе над залежамі граніту некалькі дзясяткаў метраў грунту, у Глушкавічах граніт выступае на паверхню зямлі.

— Са шчэбзаводам у нас наладжаны сяброўскія адносіны. Падчас канікул мы возім дзяцей на экскурсіі, прафарыентацыйныя заняткі, віншуем бацькоў, якія там працуюць, са святамі. Летам на базе прадпрыемства дзейнічае студатрад з ліку старшакласнікаў. Хлопцы працуюць падсобнымі рабочымі на ўчастку распілоўвання блочнага каменю. Часта туды прыязджаюць студэнты, уладкоўваюцца на работу, праходзяць практыку. Дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце, нашы выпускнікі звязваюць сваё жыццё з горназдабываючай справай. Так, у мінулым годзе наш выпускнік Станіслаў Коваль паступіў у БНТУ. Што і гаварыць, дырэктарам шчэбзавода з’яўляецца выпускнік Глушкавіцкай школы Раман Кірылавіч Міхалкоў. Шчэбзавод дапамагае школе ў арганізацыі экскурсій, спартыўных спаборніцтваў, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Сяргееўна Міхалкова.

Хоць глушкавіцкі шчэбзавод не настолькі турыстычна раскручаны, як мікашэвіцкі “Граніт”, аднак сюды, безумоўна, варта прыехаць аматарам прамысловага турызму. Тут абсталяваны аглядныя пляцоўкі, можна паназіраць за працай БЕЛАЗаў, завітаць у драбільны цэх, абавязкова прытрымліваючыся ўсіх мер бяспекі і загадзя дамовіўшыся з кіраўніцтвам прадпрыемства пра экскурсію. А якія назвы кар’ераў — “Надзея”, “Сялянская ніва”… Рамантыка, ды і толькі! Ваша экскурсія будзе цікавай і незабыўнай.

Да новай сустрэчы!

А яшчэ вы абавязкова захочаце вярнуцца, прычым не толькі ў Глушкавічы. Асабіста я з задавальненнем бы наведаўся ў Прыбалавічы, каб зноў некалькі хвілін пастаяць ва ўтульным старадаўнім храме, памаліцца каля яго святынь. І канечне, ужо вызначыў новыя пункты свайго наступнага падарожжа па Лельчыцкім раёне. Гэта Белыя Берагі з іх дубамі над самай Убарцю, а таксама разгалісты волат і каменны крыж у ваколіцах Данілевіч.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва педагогаў