У творчасці меж не бывае

Скончыўся V Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”. Нягледзячы на вялікую колькасць станоўчых эмоцый, сумна. Па-першае, ад таго, што новыя знаёмыя раз’ехаліся па сваіх гарадах і будуць працягваць зносіны толькі праз інтэрнэт. Па-другое, наступны фестываль-конкурс чакаць цяпер цэлы год. Паспрабуем разам перабіць сум добрымі ўспамінамі.

Сябруйце!

Сёлета на фестываль-конкурс прыехала звыш 3 тысяч чалавек. Гэта творчая моладзь не толькі з усіх куточкаў Беларусі, але і з Азербайджана, Казахстана, Малдовы і Расіі. Многія ўпершыню сустрэліся на ўрачыстым адкрыцці конкурсу, якое прайшло 4 лістапада ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнікаў і гасцей вітаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай: “Для Беларусі гэты конкурс стаў яркай падзеяй, якая ўпрыгожвае сабой калейдаскоп культурнага жыцця краіны. Я шчыра рады, што геаграфія конкурсу пашыраецца з году ў год. Як заўважылі вядучыя, пераможа наймацнейшы. Але, дарагія ўдзельнікі, вы ўсе ўжо і так пераможцы”. Аляксандр Ула­дзіміравіч адзначыў, што гэтыя дні, якія пройдуць у творчай сяброўскай атмасферы, абавязкова дапамогуць удзель­нікам у прафесіі. Нават калі яна не будзе звязана з мастацкай дзейнасцю, моладзь сама зможа прыўнесці ў яе нешта творчае.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі На­дзея Васільчанка пажадала ўсім поспехаў і нагадала, што конкурс азначае не толькі спаборніцтва. “Я думаю, адна з галоўных мэт конкурсу — гэта знаёмства і будучае сяброўства ўдзельнікаў паміж сабой. Сябруйце! У гэтым залог міру і дастатку ва ўсім свеце”, — падзялілася Надзея Васільеўна. Сваё “вітаю” на мове танцаў, песень і музыкі сказалі прысутным і прадстаўнікі замежных дэлегацый.

Зараджаныя цёплымі словамі і энергіяй выступоўцаў, прадстаўнікі розных краін, народаў і ўзростаў у адзін голас выканалі песню “Свет без вайны”. Каму, як не дзецям, спяваць словы “Жили чтоб не врозь, небо чтоб без слёз, в мире без войны, предательства и вины”? Рукі самі падымаліся ўгору, а ў некаторых ад пранізлівых слоў нават выступілі слёзы.

Дзень першы

Урачыстасць змянілася хваляваннем — пачалася конкурсная праграма. Яна складалася з пяці намінацый: “Харэаграфія” (народна-сцэнічны, народны стылізаваны, эстрадны танец, сучасная харэаграфія), “Вакальны жанр” (народны, акадэмічны, эстрадны), “Інструментальны жанр” (салісты, дуэты, квартэты, ансамблі), “Мастацкае слова” і “Тэатр моды”. Першапраходцамі сталі тыя, хто выступаў у вакальным і інструментальным жанрах. Са сцэны даносіліся песні пра вальс, любоў да музыкі, песні розных народаў свету і нават французскія оперы. Хваляванне на тварах выканаўцаў было незаўважнае, а вось іх настаўнікі маглі не хаваць эмоцый.

Іна Кажадуб, кіраўнік узорнага ансамбля народнай песні “Васілінка” сярэдняй школы № 6 Салігорска, прыехала на фестываль-конкурс з трыма вучнямі: Аксана Шкраба і Лада Церашкевіч спявалі рускія народныя песні, а Арцём Салянскі — “Песню бабыля” на беларускай мове. “Мы ўжо не першы раз удзельнічаем у гэтым конкурсе. Рыхтавалі музычныя творы, якія пакажуць лепшыя вакальныя даныя дзяцей. Відаць, што ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў расце з кожным годам”. Вучаніцы Іны Васільеўны занялі 3-е месца ў сваіх узроставых катэгорыях. “Перамога — гэта вельмі карпатлівая работа, — гаворыць кіраўнік. — Па-першае, з педагогам. Дзеці прыходзяць зусім маленькімі. Спачатку мы вывучаем азы, а потым можна вылучыць тых, у каго найбольш яркія вакальныя даныя, і тады з імі пачынаць мэтанакіравана працаваць”.

Давялося мне пазнаёміцца з яшчэ адным цудоўным, апантаным сваёй працай педагогам — Аленай Мілеўскай. Алена Леанардаўна выкладае ў Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Паказаць бязмежнасць таленту яна прыехала з Настассяй Яраш і Дзіянай Мілеўскай, якія спявалі беларускую і рускую народныя песні. Абе­дзве дзяўчыны атрымалі дыпломы: Настасся — ІІ ступені, а Дзіяна — І ступені. “Мне ў занятках дапамагае, што я сама раней займалася з таленавітымі педагогамі, — расказвае Алена Мілеўская. — Да таго ж зараз спяваю ў народным ансамблі “Гудскі гармонік”. Мне падабаюцца народныя песні, бо дзякуючы ім людзі разнявольваюцца, становяцца больш радаснымі. І галоўнае, такім чынам падтрымліваецца культура”.

Такую любоў да народных песень я пачула і ў словах кіраўніка ўзорнага ансамбля народнай песні “Святкі” Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска Марыны Рудкоўскай. Яна займаецца з яго ўдзельнікамі ўжо 19 гадоў. Вынікі працы заўважныя не толькі ў шчырых усмешках і абдымках ад вучняў, але і ў сухіх фактах — два першыя месцы на фестывалі-конкурсе ў гэтым годзе. “Да нас прыходзяць сапраўдныя патрыёты. Яны спяваюць народныя песні і не саромеюцца. Калі мы былі ў Расіі, то дзеці падыходзілі да нас і прасілі выканаць беларускія песні”.

Дзіяна Мілеўская (Ліда, Гродзен­ская вобласць):

“Хоць я сама люблю поп-музыку, лічу, што трэба спяваць народныя песні, каб падтрымліваць традыцыйную культуру”.

Дамініка Кот (Мінск):

“Страху ніякага няма. Нам вельмі падабаецца выступаць і бачыць здольнасці іншых удзельнікаў”.

Дар’я Гарох (Іванава, Брэсцкая вобласць):

“Музыка — гэта большая частка майго жыцця. Калі я іграю, то адчуваю свабоду, што гэта маё, што мне гэта падабаецца”.

Вераніка Балянкова (Жлобін, Гомельская вобласць):

“Бальныя танцы — гэта як жыццё. Калі ты прыйшоў, то наўрад ці адтуль сыдзеш, бо гэта вельмі захапляюча”.

Эрыка Санкевіч (Мінск):

“У танец я ўкладваю ўсю сябе, бо кожны дзень у мяне трэніроўкі па дзве гадзіны, мне гэта падабаецца”.

З кім бы я ні знаёмілася і ні размаўляла, яны потым станавіліся прызёрамі. Тры прыклады ўверсе, а вось яшчэ адзін — ансамбль “Росквіт” сярэдняй школы № 115 Мінска, якім кіруе Юлія Дударава. У яе калектыве толькі хлопчыкі, іграюць яны на цымбалах. Выконваюць звычайна беларускія п’есы, але ёсць месца і для эстрадных кампазіцый. На конкурс ансамбль прыехаў з творам “Касіў Ясь канюшыну” і стаў пераможцам.

“Напэўна, з-за таго, што я вельмі захопленая натура, — дзеліцца Юлія Дударава, — я зараджаю хлопцаў сваёй энергіяй, і яны таксама мяне падтрымліваюць у творчых пачынаннях. Думаю, наш сакрэт поспеху такі: мы захапляемся тым, чым займаемся. Нейкае сёмае пачуццё, напэўна, падказвае, як выбраць правільны шлях, правільны рэпертуар”.

Дзень другі

5 лістапада адной пляцоўкі для фестывалю-конкурсу стала мала. У сталічным ДК “МАЗ” танцавалі і дэманстравалі ўборы, а ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі паказвалі майстэрства ў мастацкім слове.

Харэаграфія стала для мяне асабліва захапляючай. Па-першае, таму што там былі чатыры паднамінацыі, а гэта значыць танцы розных напрамкаў, тэхнік і музыкі. Па-другое, таму што харэаграфія была шматнацыянальнай. Выступоўцы з Расіі, Малдовы, Казахстана і Азербайджана паказвалі менавіта свае народныя танцы. Было цікава разгля­даць іх гарнітуры, па рухах спрабаваць зразумець, якія словы зараз гу­чаць у песні і, канечне, станавіцца бліжэй да культуры іншых народаў.

Узорны дзіцячы калектыў “Харэаграфічная студыя “Вікторыя” назбірала цэлы букет узнагарод: два першыя, два другія і два трэція месцы. І гэта ня­дзіўна. Калектыў існуе ўжо 25 гадоў, у ім займаюцца 120 дзяцей. З такім падмуркам і такой гісто­рыяй відавочна, што яго ўдзельнікі накіраваны толькі на перамогу.

“Мы прывіваем любоў да танца, пачынаючы з дзіцячага, — расказвае кіраўнік узорнага калектыву Маргарыта Баброўская. — Канечне, выкарыстоўваем элементы народнага, каб было цікава, нейкія прадметы, напрыклад, балалайку, баян. Дзецям падабаюцца выезды на такія вялікія мерапрыем­ствы. Гэта стымул працаваць над сабой”.

Пра стымул працаваць я чула амаль ад кожнага кіраўніка, і тут нічога не зробіш — гэта ісціна.

Не развітваемся

Апошні дзень. Нават надвор’е ў сераду, 6 лістапада, сумавала разам з удзельнікамі Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж”. І хаця яны пабывалі на вялікім гала-канцэрце, атрымалі свае ўзнагароды, усе разумелі, што хутка прыйдзецца развітвацца з новымі сябрамі і Мінскам, вяртацца дадому. Дзіўна: часам пражывеш месяц і не заўважыш, як ён праляцеў, а бывае, пройдуць два дні, але эмоцый атрымаеш на цэлы год. Не развітваемся, праз год вернемся за новымі ўражаннямі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.