У творчым пошуку, з увагай да асобы вучня

Чалавек, у якім спалучаецца вялікая працавітасць, любоў да сваёй прафесіі, імкненне да творчасці. Педагог, які ўмела выкарыстоўвае свой багаты вопыт і веды для таго, каб раскрываць патэнцыял і здольнасці сваіх вучняў. Так адгукаецца кіраўніцтва сярэдняй школы № 1 Чэрыкава аб настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ганне Віктараўне Сюбаевай. І гэтая характарыстыка цалкам адпавядае рэчаіснасці. Галоўным у сваёй педагагічнай дзейнасці Ганна Віктараўна заўсёды ставіць творчы пошук і асобу кожнага вучня. Гэтым прынцыпам яна кіруецца з самага пачатку свайго настаўніцкага шляху.

— Настаўніцкую прафесію выбірала свядома. Вельмі паўплывалі на гэта мае школьныя педагогі. Я і цяпер з удзячнасцю ўспамінаю ўрокі сваіх настаўнікаў Лі­дзіі Аляксандраўны Каплуновай, Ірыны Васільеўны Лісічкінай, Васіля Стэфанавіча Максіменкі. Кожны з іх у пэўнай ступені сваім прыкладам прывёў мяне да выбару прафесіі, — падзялілася ўспамінамі Г.В.Сюбаева.

За настаўніцкім дыпломам Ганна Віктараўна пайшла на філфак сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Пасля заканчэння ўніверсітэта маладым спецыялістам адправілася ў Чэрыкаўскі раён.

— Гэты выбар таксама быў мэтанакіраваным. Чэрыкаўшчына — мая малая радзіма. Маладым педагогам я прыйшла працаваць у сваю родную школу і была вельмі гэтаму рада. Тут я знайшла неабходную падтрымку, такую важную ў педагагічным станаўленні, — адзначыла Ганна Віктараўна.

У першай школе райцэнтра Г.В.Сюбаева выкладае ўжо амаль дваццаць гадоў. За гэты час яна цалкам адбылася як педагог, выпрацавала сваю сістэму паспяховага навучання. На яе думку, урок будзе эфектыўным толькі ў тым выпадку, калі педагогу ўдалося арганізаваць навучэнцаў, зацікавіць іх прадметам і матэрыялам, які вывучаецца.

— Павышаную ўвагу заўсёды ўдзяляю развіццю ўменняў вучняў самастойна здабываць веды. Менавіта гэта дае магчы­масць эфектыўна і вынікова будаваць працэс навучання на сучасным узроўні. На занятках паспяхова выкарыстоўваю тэхналогіі калектыўнага ўзаеманавучання і развіццёвага навучання. Гэтыя методыкі таксама спрыяюць фарміраванню ў вучняў ініцыятывы, творчасці і самастойнага пошуку. Даволі часта выкарыстоўваю на сваіх уроках асяроддзе праграмавання Scratch, — расказала Ганна Віктараўна.

Дарэчы, акрамя ўрокаў рускай мовы і літаратуры, Г.В.Сюбаева выкладае навучэнцам вучэбны прадмет “Мастацтва (айчын­ная і сусветная мастацкая культура)”. Вядзе таксама факультатыў “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”. Усе заняткі настаўніца стараецца будаваць па прынцыпе метапрадметнасці.

— Сваёй галоўнай задачай я бачу не толькі прадастаўленне вучням пэўнага багажу ведаў, але і далучэнне дзяцей да багацця мастацкай літаратуры, іх ідэйна-маральнае выхаванне і выхаванне эстэтычнага густу. Усё гэта ажыццяўляю праз спалучэнне розных відаў арганізацыі вучэбнай дзейнасці, вырашэнне праблемных сітуацый, стварэнне творчых праектаў. Важна, што навучэнцы актыўна адгукаюцца і з задавальненнем удзельнічаюць у рэалізацыі розных творчых ініцыятыў, — паведаміла Ганна Віктараўна.

Паводле яе слоў, з асаблівым энтузіязмам вучні ўключыліся ў работу над праектам “Бацькаўшчыны голас — голас лепшай музы: спадчына Вялікай Айчыннай вайны, гісторыя роднага краю ў фарміраванні грамадзянскай ідэнтычнасці”. Хлопцы і дзяўчаты самастойна шукаюць цікавую інфармацыю аб памятных і адметных месцах роднага краю, традыцыях сваёй малой радзімы, цікавых гістарычных фактах, звязаных з Чэрыкаўшчынай.

— Распрацоўка ўсіх матэрыялаў ажыццяўлялася ў рамках рэалізацыі ў школе інавацыйных праектаў “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў” і “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”, кіраўніком якіх я выступаю. Канкрэтна ідэя па стварэнні праекта “Бацькаўшчыны голас — голас лепшай музы” належала вучню Аляксандру Панкову. Усе сабраныя матэрыялы мы прадстаўляем у адпаведнай тэматычнай групе папулярнай маладзёжнай сацыяльнай сеткі. Напаўненнем кантэнту цалкам займаюцца вучні. Я ажыццяўляю толькі агульнае кіраўніцтва. Унікальнасць праекта заключаецца ў стварэнні бесперапыннай сістэмы патрыятычнага выхавання навучэнцаў сродкамі турызму і краязнаўства на аснове культурных каштоўнасцей роднага краю, далучэння дзяцей да практычнай дзейнасці па аднаўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі, культуры і прыроды горада. Гэтая наша сумесная з навучэнцамі работа была адзначана дыпломам XVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, — расказала Г.В.Сюбаева.

Адметна, што гэта далёка не адзіная перамога навучэнцаў Ганны Віктараўны. Раскрыццё здольнасцей дзяцей, падтрымка іх ідэй і ініцыятыў — у ліку прыярытэтаў яе педагагічнай дзейнасці. Таму вучні пастаянна радуюць настаўніцу вучэбнымі і творчымі поспехамі. Яны рэгулярна ўваходзяць у лік пераможцаў розных прэстыжных рэгіянальных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Яшчэ адзін прыярытэт у рабоце для Г.В.Сюбаевай — бесперапынны прафесійны рост. Сёння яна вопытны педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Але, нягледзячы на гэта, Ганна Віктараўна працягвае ўдасканальваць узровень свайго прафесійнага майстэрства. Пастаянна ўдзель­нічае ў розных навукова-метадычных канферэнцыях, фестывалях, семінарах, дзе не толькі пераймае вопыт калег, але і дзеліцца асабістымі эфектыўнымі педагагічнымі напрацоўкамі. Летась Г.В.Сюбаева выступіла аўтарам распрацоўкі чатырох урокаў для 7 класа па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” для рэспубліканскай платформы па дыстанцыйным навучанні, каардынавала работу калег з устаноў адукацыі раёна ў гэтым кірунку.

Плённая дзейнасць Ганны Віктараўны не аднойчы была адзначана. У яе працоўнай скарбонцы шматлікія дыпломы прафесійных конкурсаў, ганаровыя граматы мясцовых выканаўчых улад.

— Усё гэта для мяне важна, але больш радуюць усё ж дасягненні маіх вучняў. Іх поспехі — галоўная матывацыя да далейшага асабістага і прафесійнага развіцця. Іх падзяка — натхненне да таго, каб рабіць свае ўрокі яшчэ больш творчымі і эфектыўнымі, — заўважыла Г.В.Сюбаева.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Г.В.Сюбаевай.